Читать книгу Брыгадны генерал (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 14

Пад зорным небам Айчыны
Апавяданне
V

Оглавление

Перажыўшы свае пакуты і трывогі ў марознай начы сярод пустэчы зімніх раўнін, а потым дасягнуўшы амаль катарсіса, Веня ўжо дома старана асэнсоўваў свае пачуцці і думкі і занатоўваў іх у свой дзённік. Ён нечакана зразумеў, што некалькі дзён адзіноты сярод зімніх прастораў значылі для яго амаль тое самае, што для Амундсена вандроўка на Паўднёвы Полюс. І ў тым і ў другім выпадку яны наблізіліся да мяжы жыцця-смерці. Значыць, можна набыць так патрэбны яму жыццёвы досвед за вельмі кароткі час, толькі трэба канцэнтраваць свае пачуцці і намаганні на вузкім месцы сваёй жыццядзейнасьці.

Чатыры дні да заканчэння вакацый Веня наведваў Быхаўскі дом культуры, паблізу якога знаходзілася хата ягонага бацькі. У суботу і нядзелю на маладзёвых тусоўках, пераадольваючы і ламаючы свай страх і няўпэўненасьць, ён танчыў з самага пачатку да самага канца танцаў, выбіраючы самых прыгожых і густоўных дзяўчат. Акрамя таго, усе гэтыя дні ён наведваў аматарскія гурткі, якія працавалі ў ДК: драматычны, сучасных танцаў, класічных і нават спеваў…

Аднойчы, седзячы ў зале, ён пачуў, як Макрацоў, рэжысёр аматарскага драматычнага тэатра, падчас рэпетыцыі загрымеў на акторку, якая засцілала абрусам святочны стол:

– Не веру! Так гаспадыні не засцілаюць стол. У цябе, Тоня, атрымліваецца, як у дзяўчыны, якая робіць гэта ўпершыню. Твае рэфлексы і маторныя рэакцыі не напрацаваныя, ты робіш гэта не ўмеючы, баючыся. А па сцэнару твая гераіня вельмі кемлівая, спрытная, прыстасаваная да жыцця дзяўчына. Яна ўсё робіць умеючы.

Звяртаючыся да актораў, Макрацоў далей зазначыў, а Веня сутаргава, у спешцы, занатоўваў на паперыну ўсё, прамоўленае рэжысёрам:

– Актор, Тоня, дарэчы, як і чалавек, павінен умець рабіць усё. І рукамі рабіць, і казаць. Тады актор можа здзейсьніць любую ролю: і дырэктара, і пралетара, і прамоўцу на мітынгу ці на дні нараджэння. Добры актор можа нават у жыцці спраўдзіць ролю кіраўніка дзяржавы. Вось гэта прафесіянал! Трэба кідацца на ўсялякую работу – гэта найлепшы мацунак для актора, праца рук праграмуе мозг, робіць яго адэкватным для жыцця і для сцэны. Дзеля дасканаласьці, Тоня, засцілай абрус кожны дзень сто разоў. І на наступнай рэпетыцыі ты будзеш рабіць гэта як прафесіянал…

Для Вені гэта быў адказ на ўсе ягоныя жыццёвыя пытанні. Усе астатнія дні ён удумліва выконваў усю хатняю працу з самага ранку да позняга вечара, так што маці неяк пахваліла яго перад бацькам.

Па заканчэнні вакацый Веня вярнуўся на вучобу, ужо істотна перамяніўшы накірунак свайго самаразвіцця. Ён заўважыў таксама, што шматлікая дробная хатняя праца рэзка зніжала ягоную сарамлівасьць і павялічвала ягоную жыцейскую кемлівасьць і прыстасаванасьць.

Праз тыдзень, сустрэўшы Веню ў доўгіх калідорах педінстытута, цёмнавокая Алёна Косцень з вясёлай усмешкай сказала яму, што іхні вандроўны гурт збіраецца адсветкаваць у бліжэйшую суботу вечарыну ў рэстаране «Спадарожнік».

– Там будзе і Ліпа, – шматзначна дадала Алёна і зірнула на яго з папрокам. Веня зразумеў яе і неяк лёгка, без хвалявання, адказаў:

– Я вельмі рады, але за Бакуніч заўсёды хвост з 5–7 кавалераў—аднакурснікаў.

– А ты, Веня, не будзь уломкам, – умяшаўся ў размову Міша Стасевіч, што быў разам з Алёнай. – Думаеш, мне лёгка было прабіцца ў артысты? Сам сябе згвалтаваў, покуль вылез з тым вершам на сцэну. Нібы ў наступ памчаў на варожы дзот. Нават хіміятэрапіяй займаўся, таблеткі валяр’янкі глытаў.

Алёна засьмяялася і зазначыла на развітанне:

– Вось так, вучыся ў Мішы. Збор у рэстаране ў 19 гадзін. І з цябе тост, ты герой-вандроўнік, то будзь гатоў.

У суботу Веня старанна рыхтаваўся да вечарыны, скрупулёзна асэнсоўваў дзеявод паводзін. Пяцікурснік Зміцер Кулеш, што жыў разам у пакоі гуртажытка, стрыманы, засяроджаны студэнт, даведаўшыся пра вечарыну і назіраючы, як Веня рыхтуецца, прамовіў:

– У першы свой выхад у свет, Веня, важна звярнуць на сябе ўвагу. Засьведчыць, што ты існуеш у рэчаіснасьці!

Ён азірнуў маладзёна дасведчаным вокам і дадаў:

– Вазьмі маю сіняю безрукаўку. Так. Добра. Белая кашуля, цёмнасіняя безрукаўка. Чорныя штаны і чорныя бліскучыя чаравікі. Выдатна выглядаеш, як малады Ясенін ці Янка Купала.

– Можа, гальштук пачапіць? – прапанаваў Вова Ігнацюк, што зайшоў да іх пазычыць прас.

Зьміцер рашуча запярэчыў:

– Ні ў якім разе, тады разбурым паэтычны вобраз і зробім з яго маладога камсамольскага бюракрата. Так, давай зараз паглядзім верхняю вопратку. Твая шапка-аблавушка, Веня, нікуды не годная. Возьмеш мой скураны зімовы брыль і мой белы пухнаты шалік. Тваё чорнае паліто? Не самы лепшы варыянт, даволі сціпла, але з густам.

Прамовіўшы апошнія словы, ён разглядаў Веню, што стаяў пасярод пакоя ў чорным паліто, у белым файным шаліку, некалі падараваным Зьміцеру каханкай. У чорным скураным брылі, стрункі, прыгожы, Веня сапраўды выглядаў як выбітны і таленавіты малады паэт. Зьміцер зірнуў на гадзіннік на сваёй руцэ і працягваў:

– Цяпер падумай, Веня, што ты хочаш мець ад вечарыны? Запомні назаўсёды: ты шляхецкага паходжання, як і я, але выхаванне мы атрымалі рабоча-сялянскае. Таму рэфлексы ў нас сялянскія, як разняволімся выпіўшы, то душа нараспашку, абдымацца, цалавацца, а іншы раз і наесьціся да свінячага віску, а потым бывае і па фэйсу адзін аднаму. А мужчыне, каб спраўдзіць сябе, заўсёды – запомні гэта – трэба трымаць адлегласьць ад смердаў! Ніякага панібрацтва!

Веня засяроджана слухаў і матаў, як кажуць, на вус. Ён ужо зразумеў, што не часта выбітныя людзі, якія самі па сабе рэдкасьць, даюць каштоўныя парады.

Брыгадны генерал (зборнік)

Подняться наверх