Читать книгу Брыгадны генерал (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 8
Брыгадны генерал
Апавяданне
VІ
ОглавлениеВіктар Мухабой, мабыць, знарок прыйшоў праз поўгадзіны пасля таго, як апошні госьць сыйшоў з сядзібы Бахановічаў, і цяпер збянтэжана затрымаўся каля брамкі, у зелянкавым казачым мундуры з палкоўніцкімі пагонамі, з ардэнамі-крыжыкамі на шырокай грудзіне, у штанах з сінімі лампасамі… Ён пільна ўзіраўся чэпкім афіцэрскім позіркам на былога таварыша маладосьці.
Да яго падышоў густоўна апрануты ў цывільную вопратку Стах Бахановіч. З шырокім загарэлым тварам, валадарны мужчына, што далёка глядзіць і ясна бачыць, ўмее кіраваць гуртамі людзей, весьці іх за сабой і дасягаць станоўчых вынікаў. Мухабой адразу адчуў, што перад ім вядучы, які істотна адрозніваецца ад дзяржаўнага і вайсковага чынавенства, што прывыкла і ўмела толькі выконваць загады. Паціскаючы далонь Стаху, ён расчулена, каб неяк схаваць сваю разгубленасьць, неўпапад прамовіў:
– Нібы ўчора ўсё было, Стах. Як усё памчала ўперад! А помніш, як наша сярэдняя школа № 2 увесь час абыгравала ў футбол вашу школу № 1?
У словах падпалкоўніка Мухабоя прысутнічала туга аб прамінулым, калі ён быў запатрабаваны жыццём, і сучаснасьць належала ім, тады маладым і прыгожым афіцэрам.
– Заходзь, дружа, заходзь, – лагодна прамовіў Бахановіч, але пазіраў стрымана і як здалося Віктару Мухабою, нават адхілена, як на чужога.
Сапраўды, Стаха здзівіла і, чамусьці непрыемна, казачае аблічча былога паўабаронцы юнацкай футбольнай каманды. Гэты казачы мундур з палкоўніцкімі пагонамі, азызлы твар з рыжымі абвіслымі вусамі – сведчылі, што чалавек безнадзейна адстаў ад сучаснасьці і зараз чапляўся за прыкметы мінуўшчыны, каб з дапамогай састарэлых атрыбутаў захаваць нейкую годнасьць у вачах правінцыйнага грамадства.
– Так, так, Стах. Дзівосныя, чароўныя дні, як хутка прамчалі-прабеглі яны…, – збянтэжана мармытаў Віктар Мухабой.
Запозненага госця запрасілі да абноўленага стала. Бахановіч сам частаваўся гарбатай з лекавых траў, да позняга госця звяртаўся стрымана, хаця і надзвычай прыхільна, і зараз цёпла і проста прамовіў:
– Мы тут, Віктар, ужо секанулі, і ты выпі. За юнацтва.… Як ваенны чалавек, Віктар Мухабой цікавіўся сучаснымі ваеннымі канфліктамі, і пасля першай чаркі запытаўся ў Бахановіча.
– Як там, на поўдні?
Цень змроку паклаўся на загарэлы твар Стаха, ён зірнуў на Віктара пранізлівым позіркам і стрымана зазначыў:
– Кепска. Учарашнія грамадзяне краіны праліваюць сваю кроў за чужыя інтарэсы.
– Скажы, Стах, людзі кажуць, што ты стаў генералам? Як часта бывае ў людзей выхаваных ў савецка-расейскай ментальнасьці, Віктар Мухабой перайшоў мяжу стасункаў між мужчынамі. Бахановіч гэта адразу адчуў, бо шмат год пражыў на Каўказе, дзе ўзважваюць кожнае сваё і чужое слова, не пераступаюць меру адносін і пільна вартуюць уласную годнасць.
– На Каўказе стаць генералам проста. Купіў сабе штаны з лампасамі ды мундур з генеральскімі пагонамі – і ўжо генерал.
Віктар Мухабой не вытрымаў вясёлага і ўсмешлівага позірку, збянтэжана адвёў свае вочы ў бок. Яму здалося, што Стах здагадваецца пра даручэнне ваенкама Юрчанкі. Яму муляў на грудзіне мініятурны магнітафон, які ён уключыў перад самымі веснічкамі. Запіс размовы мог быць вырашальным для лёсу Бахановіча, але казацкі палкоўнік гэта не вельмі ясна разумеў. Віктар Мухабой думаў, што гэта, як заўсёды, быў звычайны збор звестак пра асобу, без чаго, як ён разумеў, любое сучаснае грамадства не магло ўстойліва існаваць…
Уважліва разглядаючы палкоўніка, Стах спакойна дадаў, адразу пацэліўшы ў самае сэрца Мухабоя.
– Хочаш, Віктор, я табе падарую генеральскія штаны з лампасамі?
– Ты што? Гэта ж стаць самазванцам?
– Тады трэба ехаць туды, дзе грукоча вайна, там можна хутка стаць сапраўдным генералам?
– Каб была магчымасьць, я падумаў бы … і паехаў бы…
Бахановіч пазіраў на Мухабоя з журбой, ён усё разумеў у жыцці новаспечанага казака і зараз ягоныя адчуванні-думкі рухаліся ў накірунку, што яму рабіць з гэтым савецкім вайскоўцам-казаком, каб не сапсаваць з ім стасункі ў будучыні.
«…Зараз Мухабой, канечне, нейтральны чалавек, хістаецца на самай мяжы жыцця, шукае, да каго далучыцца, каму сесьці на хвост. «Казакі» – гэта тыя самыя «брыгады», гуртаванне ўсіх тых, хто не знайшоў сябе ў сучасных варунках, і якіх можна ў далейшым скарыстаць у патрэбны момант у якасьці масоўкі нейкай палітычнай сілай. Калі сёння Віктара Мухабоя не падтрымаць, ён стане ў шэрагі яго ворагаў і, мабыць, ворагаў суверэннай краіны. Калі працягнуць руку – ён будзе сябрам…»
У гэты момант з хаты паклікалі да тэлефона «каго-небудзь». Выраз «каго-небудзь» быў знакавым словам, гэтага тэлефанавання яны чакалі сёння другую палову дня. Бахановіч кіўнуў галавой Уладзю Церашонку, каб ён прайшоў да тэлефона. Той рушыў у хату, дзе працяглы час з некім гаварыў.
Бахановіч, знешне рахманы, разглядаў Мухабоя і лагодна падтрымліваў гаворку:
– Мы, наогул, еўрапейцы! Адрозніваемся ад заходніх азіятаў тым, што ў нас «штаны з лампасамі» не стаяць на першым месцы.
– У чым тады сэнс жыцця, Стах?
– Некалі тутэйшая бабця Марыя адказала на пытанне Лабановіча[15] аб сэнсе: «Жыццё само па сабе каштоўнасьць!»
– Ты, Стах, нешта блытаеш? Абарона Айчыны на першым месцы ў сапраўднага мужчыны. Так заўсёды было, ёсьць і будзе!
Віктар Мухабой зараз адчуў сябе вайскоўцам-прафесіяналам у вачах прысутных, што ўважліва слухалі іхнюю гаворку.
– Калі, Віця, за сваю Айчыну – гэта так! А калі праліваць кроў за інтарэсы свежасьпечаных алігархаў? – Бахановіч перавёў позірк у блізкую будычыню і дадаў:
– Дарэчы, і ў нас, Віця, мабыць, могуць пачаць прызыў дабраахвотнікаў сярод афіцэраў запасу? Дабраахвотнікам зразу прысвояць чарговы чын. Ты станеш сапраўдным палкоўнікам, а потым цябе накіруюць у камандзіроўку ў зону чужых вайсковых канфліктаў. Магчымасьць атрымаць узнагароды, зарабіць грошы і нават стаць генералам…? Га? – нетаропка і неяк пераканаўча мякка ён спакушаў падпалкоўніка.
– Стах, я ваенны чалавек. Усё жыццё рыхтаваўся ваяваць. Сэнс вайскоўца – у вайне!
– Эх, Віця… Дарэчы, я чуў, што некаторыя былыя вайскоўцы пайшлі ў сьвятары?
Віктар Мухабой кіўнуў галавой, уздыхнуў і паказаў Піткевічу, каб той наліў у парожнюю чарку. Потым з маркотай зазначыў:
– А другая частка пайшла ў бізнес, зараз спрэс ездзяць на інамарках. У цябе машына якой маркі?
– Мерсэдэс, ты ж, мабыць бачыў. А некаторыя рушылі ў кадэты, казакі? У Беларусі казакі? Трызненні сівой кабылы. Га, Віктар?
– Што ты, Стах, прапануеш? І куды вы самі дзенецеся?
– Прышлі новыя часы, Віктар! Сёння ўсё вырашаюць грошы! За грошы можна стаць «князем», «генералам», мець высокія дзяржаўныя ўзнагароды, зрабіцца кандыдатам ці доктарам навук, стаць уплывовым пісьменнікам.
– У чым жа праблема, Стах?
– У тым, каб не ехаць па грошы ў Нямеччыну, ЗША ці Маскву, а зарабляць іх дома.
– Як?
– Трэба мець уласны дзеявод. Не працаваць на чужыя праекты: ісці святаром у царкву альбо казаком ці рабіцца уладальнікам дробнай крамы? Ну які з баявога афіцера поп? І што тыя казакі будуць рабіць у нас?
– Вам прасцей, у вас, мабыць, ёсьць грошы? Першапачатковы капітал! Вы можаце ўкласьці яго ў нейкую справу…
– Трэба не распыляць свае грошы, а зарабляць іх, – проста заўважыў Бахановіч.
– Багатымі не могуць быць усе! Рэсурсаў не хопіць… І што нам, мне рабіць? – казак-палкоўнік круціў у руцэ чарку, глядзеў па баках цвярозым і цяжкім позіркам чалавека, які страціў падмурак пад нагамі. У экстрэмальных стрэсавых варунках мужчына, выхаваны ў рускай сыстэме жыццёвых звычак, звычайна шукае выйсце ў гарэлцы. Мухабой змрочна пазіраў перад сабой і затым папрасіў Піткевіча:
– Калі ласка, налі ўсім. За наш шчыры, даверлівы савецкі народ! За Вялікую Дзяржаўную Ідэю!..Мужнасьці ў нас заўсёды хопіць. Галоўнае – атрымаць Загад! За Вярхоўнага глаўнакамандуючага! За Вялікую і Адзіную …
– Віктар, ты нібыта знаходзішся ў бітве пад Масквой ці пад Сталінградам. Разуй вочы, гэтыя лозунгі састарэлі. Сёння галоўны лозунг: жыві сам і дай жыць іншым! Сучасны загад жыцця: будзь шчаслівым і плённым!
Падпалкоўнік-пенсіянер і казацкі палкоўнік Віктар Мухабой разгублена маўчаў. Між тым Стах разважліва і з спагадай працягваў тлумачыць яму сучасныя варункі жыцця.
– У мяне ёсьць грошы, у цябе прыгожая і каханая жонка, у Церашонка ёсьць і грошы, і жонка. Але заўсёды кожнаму нечага не хапае. Нам трэба аб’яднаць нашы намаганні. Працаваць на сябе, а не быць выканаўцамі чужых маразматычных мрояў…
У гэты момант, пасля размовы па тэлефоне, вярнуўся заклапочаны, але ў надзвычай добрым настроі Уладзь Церашонак. Ён весела кіўнуў Бахановічу і адказаў:
– Усё ў парадку. Зміцер просіць цябе на два словы.
Бахановіч пайшоў да тэлефона, але ў хуткім часе вярнуўся назад таксама ў добрым настроі, з унушальным пакункам ў руках. Урачыста і валадарна ён уручыў пакунак Віктару, пры гэтым зазначыўшы:
– Хачу падарыць табе, Віктар, тое-сёе з гор Каўказа: чорнай ікоркі для мазгоў, дагестанскага каньячку, асятрыны, і парадныя неадзяваныя генеральскія штаны з чырвонымі лампасамі. Ты, Віктар, савецкі афіцер! А савецкія афіцеры ніколі не былі клоўнамі!
Нягледзячы на добры падпітак, Віктар Мухабой пачырванеў. Ён сам адчуваў, але яшчэ ясна не разумеў, што казацкая вопратка ў ХХІ стагодзі ў еўрапейскай Беларусі ператварала яго ў клоўна. Зараз шчырыя і ясна прамоўленыя словы Стаха нібы знялі цагліну з ягонага сэрца.
– Сам некалі ў юнацтве трызніў аб спартовай футбольнай форме. Ты, Віктар, яшчэ малады, і мы, дружа, шчасце павінны шукаць на сваёй жыццёвай тэрыторыі.
– Што ты, Стах? Табе самому непатрэбныя гэтыя штаны? – збянтэжана мармытаў Віктар Мухабой і не мог адарваць зачараванага позірку ад пакунка…
– Мне генеральскія штаны па статусу не паложаны, я чалавек цывільны, а ты вайсковы, у цябе маладая і, як я чуў, прыгожая жонка. Увечары апранеш генеральскія майткі, а жанчын, сам ведаеш, штаны з лампасамі вельмі ўзбуджаюць … Дарэчы, я зьбіраюся тутака заняцца сучасным бізнесам і меў спадзяванне на цябе: дысціплінаванага, валявога, крэатыўнага афіцэра. Але «казакі» – гэта, дружа, не наша сыстэма каардынат. Гэта, Віця, чужая імперская варожая для ліцвінаў палітыка! А сапраўдны, сярэдняй рукі бізнэсмэн, «палітыкай» не займаецца…
Стах паспытаў з кубачка гарачай кавы і, узіраючыся ў таварыша юнацтва, каб вызначыць якое ўражанне той атрымлівае ад ягоных слоў, запытаў:
– Тысячу баксаў у месяц «казакі» табе кладуць у кішэню?
– Што ты, што ты, Стах, якую тысячу? Толькі вопратку. Ну і яшчэ тое-сёе, маральная падтрымка, камандыроўкі па расейскіх рэгіёнах…
…Праз поўгадзіны, выпіўшы за сталом добра згатаванай кавы, у добрым настроі, расчулены і ўзрушаны Віктар Мухабой ручкаўся з Стахам і зусім цвяроза дзячыў:
– Таварыш генерал, Стах, я цябе не падвяду! Дзякуй, дружа, ты быццам шоры зняў у мяне з вачэй, – і ён хітаў галавой, нібы той конь на лузе, што адмахваецца ад аваднёў.
– Валя, падвязі, калі ласка, дадому майго сябра Віктара.
– Адзін момант, – рухавы і ветлівы Піткевіч запрасіў госця да бліскучай чорнай іншамаркі. Віктар Мухабой, моцна трымаючы рукамі пакунак з генеральскімі падарункамі, сеў у легкавік. Потым госць узрушаны высунуў галаву з вакна мерсэдэса і шчаслівым цвярозым голасам праспяваў: – Любімый горад может спать спакойна…!
15
Бабця Марыя і Лабановіч – героі трылогіі «На ростанях» Якуба Коласа.