Читать книгу Брыгадны генерал (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 12
Пад зорным небам Айчыны
Апавяданне
ІІІ
ОглавлениеПерад ім ляжала дарога, прыбітая санямі і напалову занесеная сьнегам. Непадалёку тырчэў слуп з шыльдай «Рэкта». Моцны мароз чапляў за вушы і шчокі. Ішоў рэдкі сьнег. Нізкае зімовае сонца вісела над небакраем. Мірыяды сняжынак павольна плылі да зямлі.
Веня штурхнуўся лыжнымі палкамі і пакаціў далей. Трэба было бегчы як мага хутчэй, каб паменшыць адлегласьць, што ляжала зараз між ім і тым чароўным маладым жыццём, пра якое ён так не хацеў забыцца.
Паступова рэчаіснасьць пачала выцясьняць памяць аб нядаўнім мінулым. Трэба было пытаць дарогу, адзначаную ў кроках. Ён прамчаў праз доўгую вясковую вуліцу з цемнымі хатамі сярод белых снягоў. Гэта была доўгачаканая Рэкта.
Марудна і прагна ён піў маленькімі глыткамі з вядра ледзяную ваду, узятую з студні. Ужо ў самым канцы вёскі сустрэчны сталы вясковец паказаў дарогу на Ратмілле. Шлях, пракладзены на кроках, быў скіраваны на паўднёвы захад. Але дарогі, якімі ён карыстаўся зараз, часам ішлі на поўдзень ці на захад. Веня бег і па прысыпаных сьнегам дарогах, дзе праехала некалькі саней, і на прыкатаных машынамі да стану лёду. Ён ішоў і цаліком, напрасткі, па глыбокім снезе, і гэта былі самыя марудныя і самыя небяспечныя дарогі. Небяспека была ў страце накірунку, можна было лёгка заблудзіцца ў гэтым сьнежнабелым сусвеце. На кроках былі абазначаны толькі напрамак руху, паміж адзначанымі вёскамі была вялікая адлегласьць, так што рэдкія сустрэчныя не заўсёды ведалі накірунак да наступнай вёскі. Зрэдку яму сустракаліся на дарозе грузавікі альбо трактары з прычэпамі, якія ішлі насустрач ці абганялі яго. Ён бачыў фермы, рэдкіх людзей у вёсках. І ўсе гэтыя людзі, так яму здавалася зараз, займаліся нязначнымі справамі: ехалі на трактары ці машыне, ішлі па вёсцы, завіхаліся на фермах.
Гэтае жыццё было чужым для Вені. Ён не хацеў жыць сярод аднастайнага, бязлюднага, нерухомага і сумнага свету. Ужо палову дня ён хаваўся ад самоты ў мінулым. Але ён нічога не мог змяніць у мінулым, ніводнага слова, ніводнага дзеяння. Ён стаміўся ад асабістага няўмення, сваіх бязглуздзіц, слабасцяў у гэтым блізкім мінулым. І вось цяпер перад ім ляжала прасёлкавая дарога і ён бег па ёй, маленькі, неўпэўнены юнак.
У сярэдзіне дня ён прыпыніўся каля сцірты саломы недалёка ад дарогі, каб папалуднаваць. Зняў ірты, паставіў іх стойма і скінуў заплечнік у разварочаную залацістую салому. Выняў кавалак хлеба з мёрзлай кракаўскай кілбасой. Ён жаваў цвёрдую, як камень каўбасу, мёрзлы хлеб і глядзеў перад сабой на лыжы, на кінуты заплечнік. Сняжынкі павольна сыпаліся на салому. Ён нічога не думаў. Нядаўняе мінулае здавалася даўным-даўно пражытым жыццём.
З’едзеная каўбаса і хлеб вярнулі яму нейкую раўнавагу душы і аптымізму. Трэба было ўставаць з гэтай саломы і імчаць далей. Але ўставаць не хацелася. Ён заплюшчыў вочы і ў думках перанёсся дадому. Цёпла, утульна, смачная ежа, згатаваная матуляй, тэлевізар, кіно, кнігі. Праз некалькі дзён – вяртанне ў інстытут, дзе было яшчэ лепш, чым дома… Ён расплюшчыў вочы і, як у казцы, уяўны свет змяніўся сусветам рэальным. «Не, каб прыйсці туды, у жыццё камфорту і дабрабыту, трэба рухацца як мага хутчэй», – прамармытаў Веня і рашуча ўзняўся, закінуў на спіну заплечнік. Пасля сняданку яго кінула ў дрыжыкі. Ён замацаваў ірты, выйшаў на дарогу і ўбачыў ззаду сябе сані, а ў іх няголенага, у кажусе, мужчыну, і запытаўся ў яго:
– Скажыце, калі ласка, як праехаць на Навасёлкі?
– Тпру, – мужчына быў дзедам, ён нацягнуў лейцы, прыпыніў каня і павярнуўся да Вені, дапытліва разглядаючы, перапытаў: —Чаго?
– Як праехаць на Навасёлкі, не падкажаце? – чырванеючы тварам, так яму здалося, перапытаў Веня.
– А-а-а, – узрадавана працягнуў дзед, – сядай, мілок, падвязу. Я якраз у Навасёлкі еду.
Веня імгненне вагаўся, бо хацеў прайсьці ўсе 120 кіламетраў шляху самастойна. Але радасьць зносін з жывым чалавекам была мацней. Ён зняў лыжы і заваліўся ў сані побач з дзедам. – А далёка да Навасёлак?
– Ды не, кіламетры паўтара. А ты адкуль ідзеш? – з цікавасцю запытаў дзед.
Веня адказаў.
– Далёка. Кілометраў трыццаць адолеў, – з павагай зазначыў дзед. – А куды ідзеш? А чаго не на арбоне? Грошай не хапае, ці што?
– Ды не. Студэнт я. Пасля вандроўкі хачу дадому на лыжах прайсьці, —адказаў Веня.
– А-а, студэнт, – з разуменнем прамовіў дзед. – Гэта вас, студэнтаў, прымушаюць ці па сваёй ахвоце?
Дзед пытаўся і, не чакаючы адказу Вені, гаварыў сам, радуючыся свежаму чалавеку, які будзе яго ўважліва слухаць.
– Маладым быць добра! Я сам помню, некалі быў малады. Эх, і жыгун быў! А ўлюбчывы, проста як порах. Помню цэлы дзень робіш, косіш, а ўвечары да дзевак у Ратмілле за восем кілометраў на гулянку імчыш.
Яны ехалі ў санях, гняды конь пафыркваў, пускаў у бакі з ноздраў два слупы пары і нетаропка бег па прыбітай машынамі дарозе. Дзед захутаўся ў кажух, адной рукой трымаў лейцы, паліў цыгарку і распавядаў пра гісторыю свайго жыцця. Часам сані завальваліся ў каляіну на бок і яны ехалі так нізка, што Веня чуць не выкідываўся з саняў і вымушаны быў трымацца за настылыя на марозе драбіны. Нарэшце ўперадзе паказалася вёска, і Веня, страшна замерзшы, выскачыў з саняў, не даслухаўшы гісторыю жыцця. Ён падзякаваў дзеду, які сцебануў каня па сцягну пугай і паехаў налева праз вёску да фермы. Веня звярнуў праваруч – на новую дарогу да наступнай вёскі.
Сустрэча з дзедам абагрэла яго ўражлівую душу, якая ўжо стамілася ад самоты. Веня не разумеў духоўнага складу вясковага жыхара, але звярнуў увагу на яго прыстасаванасьць да бязлюднага сьнежна-белага асяродзя, дзе гэты бывалы чалавек адчуваў сябе ёмка і ўпэўнена. Дзед быў просты, амаль прымітыўны, як гэта неба, зацягнутае хмарамі, бязлюдная вёска, рып сьнегу пад нагамі, гаўканне сабак і мычанне кароў.
Нейкае незвычайнае ўражанне адклалася ў Веневай душы, і вёска, людзі, бясконцая зімовая дарога і ўвесь гэты вясковы побыт зрабіліся яму бліжэй і нават радней, чым былі яшчэ некалькі гадзін назад.