Читать книгу Брыгадны генерал (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 3
Брыгадны генерал
Апавяданне
I
ОглавлениеЛетнім ранкам вайсковаму пенсіянэру Віктару Мухабою патэлефанавалі з сакратыярата раённай выканаўчай улады і папрасілі яго схадзіць на вечарыну з «нібыта брыгадным генералам» Стахам Бахановічам, што ўчора прыехаў у іхні невялікі ўтульны горад на Дняпры, з якім, дарэчы, ён некалі ганяў у футбол у тутэйшай дзіцячай спартыўнай школе.
Ваенкам Васіль Юрчанка, які адсочваў усе целарухі былых вайскоўцаў і афіцэраў запасу, прамаўляў яму ў слухаўку:
– Ты ягоны спартыўны дружбан, вось пабудзь, паслухай, паглядзі, панюхай, чым дыхае і што гаворыць гэты нібыта «брыгадны генерал». Ён перад былым сябрам юнацтва захоча пафарсіць, а ты вазьмі жонку, яна ў цябе рэдкай якасьці і прыгажосьці, ён падпіты пачне кукарэкаць, форму генеральскую апране, штаны з лампасамі ўзьдзене, табе нават нічога і пытаць не трэба. Толькі падхвальвай, здзіўляйся ды перажывай за простых каўказскіх людзей. А потым нас паінфармуеш, каб ведаць, што з ім рабіць і як паводзіць. Гэта табе, дружа, даручэнне ад Звязу афіцэраў запасу.
І прыцішана дадаў, робячы таямніцу з вядомай ўсім месцічам ганебнай падзеі для некалі вялікай дзяржавы:
– Ён нядаўна прыехаў з Поўдня. Сам ведаеш, адтуль, дзе цяпер грукоча вайна. – І ваенкам паклаў слухаўку.
Стах Бахановіч у свой час тусаваўся запасным ў гарадской юнацкай футбольнай камандзе, што была кумірам тутэйшай маладзёвай тарсіды і дзе гульцом асновы быў паўабаронца Віктар Мухабой. Цяпер ён з цяжкасцю ўспамінаў нічым не прыкметнага хлапчука, што хваравіта ёрзаў на лаве запасных, не выязджаў на гульні ў другія гарады, нават не меў спартовай формы і буцаў. З недаверам Віктар змрочна асэнсоўваў атрыманае паведамленне, як і дзе ягоны шараговы зямляк здолеў, ня маючы аніякай вайсковай адукацыіі, атрымаць генеральскі чын.
Збіраючыся на гэтую важную сустрэчу, падпалкоўнік запасу Віктор Мухабой задумліва разглядаў сябе ў люстэрку, свой пукаты жывот, абцягнуты сінім казачым мундзірам з палкоўніцкімі пагонамі, потым у скрусе запытаў сваю прыгожую жонку, яна была маладзей за яго на дзесяць год:
– Ядзя, – сказаў ён, рашуча ўперыўшы позірк у свой ужо немалады азызлы твар у люстэрку, – Ядзя, на каго я зараз больш усяго падобны: на пердуна ці на паўпердуна?[2]
– На паўпердуна, – упэўнена адказала Ядвіга, паглядаючы сваімі сінімі вачыма на маладым свежым твары саракагадовай жанчыны, у глыбіні якога хавалася журба. На мінулым тыдні супрацоўнік педагагічнай ўстановы, дзе яна працавала, малады і рухавы Анатоль Шмонаў, трэнер па плаванні ў гарадскім басейне, сарамліва чырванеючы, прапанаваў ёй усталяваць больш блізкія стасункі і запрасіў яе на таемнае спатканне на будучым тыдні, якраз сённяшнім днём.
«Вы мяне хвалюеце, Ядвіга. Давайце ўтворым больш блізкія дачыненні!» – мужна і ўзрушана казаў малады мужчына, уперыўшы ў яе напяты, крыху нахабны і юрлівы позірк. У думках, напэўна, ён прамаўляў больш мякка і здалёк. «Усё некалі праміне… і што нам марнаваць свае жаданні?»
Зараз Ядзя асэнсоўвала гэтую прапанову, якая чамусьці моцна ўзрушыла яе ўяўленне. Напэўна, ёй мроілася, як дасціпны малады мужчына, палка і ўсхвалявана закаханы ў яе, будзе заляцацца, а потым абдымаць яе, лашчыць і нарэшце яны… Не! Навошта ёй гэты местачковы забруджаны басейн бурлівых пачуццяў, аб якіх мрояць звычайныя жанчыны? Яна заўсёды марыла ў глыбіні сваёй душы аб акіяне, аб штармах, аб той свабодзе і чысціні, што дае акіян… Не! Яна і цяпер яшчэ мроіць – аб акіяне, дзе яны ўдваіх будуць імчаць пад посвіст свежага ветру ў ветразях, і вялізарныя хвалі падкідваюць іхнюю яхту-карвет на ўзгорках і цяснінах акіяна… Тады навошта ёй гэты малады правінцыйны шпак?[3] Падпалкоўнік запасу Віктар Мухабой, як амаль кожны савецкі афіцер, таксама меў свае мары, ён некалі імкнуўся дасягнуць чыну генерала. У юнацтве ён іншы раз уяўляў, як прыедзе ў свой маленькі местачковы гарадок над Дняпром у генеральскім мундзіры з ад’ютантам-афіцэрам на шыкоўнай «Волзе», і сам гаспадар горада і раёна, які-небудзь тамтэйшы Сяргей Уладзіміравіч Кучынскі, наладзіць сустрэчу тутэйшай грамадскасьці з яго генеральскай асобай. І сябры дзяцінства, юнацтва, маладосьці… адны будуць ганарыцца, іншыя – зайздросціць … Цудоўна быць генералам, нават занюханым генерал-маёрам…, а калі генерал-лейтэнантам… Ба-ба-ба… У гэты момант у падпалкоўніка запасу Віктара Мухабоя закруцілася ў вачох і ён чуць не бразнуўся на падлогу. Па праўдзе кажучы, як амаль кожны чалавек, Віця Мухабой меў у жыцці адну пэўную магчымасьць спраўдзіць сваю мару. (Божа мой, колькі магчымасцяў прамінае кожны шараговы чалавек!) У той час калі Вялікі Саюз нечакана пачаў бурыцца і савецкае афіцэрства не ведала, што рабіць і куды кінуцца, ён прыехаў з далёкага Улан-Удэ, дзе нёс службу, на вакацыі ў свой старажытны Стары Быхаў над Дняпром. Потым выпадкова паехаў у Менск да сваяка ў госці. Папіўшы з шваграм піўка з сушанай чырвонай рыбай, ён пашвэндаўся па сталіцы і нечакана змікіціў, што жыць у гэтым еўрапейскім культурным месцы з талерантнымі і памяркоўнымі грамадзянамі было б добрым завяршэннем ягонай вайсковай кар’еры. У той час паветра беларускай сталіцы, як і ўсёй постсавецкай прасторы, было прасякнута свабодай. Пасіянарныя тубыльцы, начапіўшы бел-чырвона-белыя значкі, з гонарам спраўджвалі сваё гістарычнае жаданне самавызначацца і ўсюды торкалі сваю тутэйшую мову. Падпалкоўнік Віця Мухабой быў далёкі ад сучаснай палітыкі, выхоўваўся ў савецкім гледзішчы, гэта значыць, падпарадкоўваўся Загаду. «Загад! Выкананне загаду – святая рэч у вайсковай справе!» У вызначальны час, час «разбурэння і ператусоўкі» – які бывае толькі адзін раз у жыцці – усё шматлікае савецкае афіцэрства, не атрымаўшы «Загаду», разгубілася, і кожны самастойна пачаў выплываць у жыцці. Ахова Вялікай дзяржавы такім чынам, без вышэйстаячага «Загаду», на той момант зрабілася немагчымай справай. І вось у гэты лёсавызначальны час Віктар Мухабой зрабіў малюпасенькую памылку, ну проста цьфу, драбяза, цьфу, цьфу… Маленькую, але вызначальную памылку! А як блізка быў да генерала! Ба! Ба! Тады ён рушыў у тутэйшае міністэрства абароны – рашучы, цвярозы крок на той момант – і звярнуўся ў аддзел кадраў – замест таго, каб прамовіць: – «Подполковник Виктор Мухобой. Прибыл в ваше распоряжение, товарищ полковник, с Улан-Удэ. К сожалению, языком не владею, но есть желание служить в Западном военном округе. Прошу прощения, в БВО».
А потым, канечне, ля-ля-ля, дзе служыў, агульныя знаёмыя, а потым у рэстаранчык, пакуначак чырвонай сухой рыбкі з армянскім каньяком, так сказаць, прэзент ад вайскоўцаў з Далёкага Усходу, «хоць край далёкі, але нашынскі». Трэба сказаць, у той момант БВА пераўвасаблялася ў Міністэрства Абароны і патрэба ў тутэйшым чынавенстве была вялізарная. Некага трэба было тэрмінова рабіць міністрам абароны, і гэта павінен быў быць мясцовы па нараджэнні афіцэр і, у сваю чаргу, па выхаванні адданы Вялікай дзяржаве. Новаму міністру трэба было зрабіць толькі адно: не даць стыхійна раскрасьці ўсю вайсковую маёмасьць. Начальнік вайсковых кадраў Цвёрдалобаў рабіў неверагодныя высілкі, шукаючы гэткую асобу. Нетутэйшыя вайскоўцы ўсе як адзін зрабіліся надзвычай зладзеяватыя, з’язжаючы з сваіх кватэр на месца жыхарства ў Расею, гэтыя афіцэры адбівалі нават кафлю на кухні і, дзе толькі можна, здымалі дзверы і выдзіралі ванны… Дзівакі! Нават сцібрыць нічога не здолелі па-сапраўднаму каштоўнае! Да прыкладу, які—небудзь стратэгічны бамбавік ці найноўшую сыстэму электронай аховы паветранай прасторы…. А тутэйшыя афіцэры здуру ў гэты момант якраз правялі шэсце па праспекце Францішка Скарыны, да смерці перапудзіўшы ўсіх нетутэйшых і нават тых вайскоўцаў-генералаў, што сядзелі далёка і высока ў самой Маскве. Імгненна па загаду з самага верху беларускім «самасційнікам» было праведзена кесарава сячэнне, ад гэткай паразы яны аслупянелі і да сённяшняга часу знаходзяцца ў здранцвелым стане.
Ну, канечне, Банапарт быў вялікі чалавек! А цяперашнія, ох-хо-хо-хе, гэтыя банапарцікі ды тухачэўскія, далёка ім да разумення сучасных палітычных варункаў. Вялікія часы нараджалі вялікіх людзей і, што крыўдна, потым дробныя, шараговыя, аніякія людцы з наступных пакаленняў пачыналі даваць гістарычную адзнаку грамадскім волатам мінулага.
…У гэты вызначальны пераломны момант, калі амбітныя мужчыны рабілі і робяць шалёную кар’еру, Віця Мухабой, не разабраўшыся ў сапраўднай дыспазыцыі, сунуўся ў адзел кадраў міністэрства абароны, і ўсё ў яго было на мазі: і ласось сушаны падрыхтаваны, і рэстарацыя вызначаная. І палкоўнік Цвёрдалобаў, начальнік кадраў БВА, прабачце Міністэрства Абароны, з надзеяй узрадавана ўзняў на яго свой змучаны позірк, (у яго загарэліся вочы, як толькі ён уявіў, як у Маскве ў Генеральным Штабе ягоныя калегі будуць рагатаць ад прозвішча міністра абароны суверэнай дзяржавы: «Виктор Мухабой! Победитель мух! Ха, ха, ха… Кадровик Твёрдолобов на сваём месте!»). Яшчэ крыху – і Віця быў бы генералам, адну грамульку розуму, міліметар да поспеху… Не хапіла якраз гэтай грамулькі, далажыўся вайсковец не так, як трэба:
– Падпалкоўнік Мухабой, жадаю ўдзельнічаць у будаўніцтве беларускай суверэннай арміі… – І далей панёс розную тутэйшую лабуду, што наслухаўся, швэндаючыся па праспекце ад мясцовых пасіянарных прыдуркаў…
Яму, канечне, паабяцалі ў міністэрстве, узялі як быццам на ўлік, далікатна так паціснулі руку, але ў рэстарацыю не паехалі і рыбку не ўзялі, а потым, канечне, паставілі патрэбны маркер у патрэбным месцы ў сваіх спісах, які сьведчыў, што гэны расейскі афіцер атручаны мясцовым сепаратызмам…
Думкі падпалкоўніка запасу перапыніла жонка Ядзя Сікорская, якая з журбой і цікаўнасцю дзівілася ў люстэрку сваёй паставай у новай, колеру чорнаморскай хвалі, сукенцы, стрункай, моцнай, з хвалюючымі абрысамі, такой цудоўна вытанчанай, ад якой мужчыны спачатку дранцьвелі, а потым з натхненнем торылі новыя жыццёвыя накірункі, – зараз нечакана запярэчыла:
– Ведаеш, мілы, а чаго я папруся на гэтую сустрэчу з тваім спартыўным дублёрам – генералам? Што я, генералаў не бачыла? І што гэта за чын такі – брыгадны генерал? Ён што, кіргіз ці чачэн?
Заўвага была слушная, і Віктар Мухабой пагадзіўся з жонкай Ядзяй Сікорскай. (У свой час будучая жонка па дамоўленасьці з жаніхом захавала сваё шляхецкае прозвішча.) Сапраўды, генерал на самай справе нейкі несапраўдны, «не настаяшчы». Ні ў братняй Расеі, ні ў Беларусі, ды, мабыць, і ва Украйне не было такіх чыноў. І ўсе астатнія генералы з іншых пастсавецкіх рэспублік, па цвёрдым меркаванні падпалкоўніка, былі «не настаяшчымі». Так, бутафорскія арміі з бутафорскімі генераламі.» Усё роўна, калі што, ваяваць прыйдзецца нам, славянам» – цвяроза і рэалістычна думаў ён.
Зараз ён нечакана прамовіў словы, робячы прафілактычную прамыўку жончынай сьвядомасьці:
– Тут да мяне дайшлі звесткі з нашай ветэранскай контравыведкі, што з цябе вачэй не зводзіць тутэйшы валацуга, нехта Толік Шмокін, – падпалкоўнік знарок скрывіў прозвішча Шмонава і засяроджана паглядзеў на жонку. – Ён табе ўжо зрабіў прапанову аб сустрэчы? Сёння, дарэчы, якраз самы спрыяльны момант для адультэру.
– Калі гэта цябе так турбуе, мілы, я магла б пайсьці з табой на сустрэчу з тваім брыгадным генералам і з вашымі вайсковымі пердунамі. Але не пайду!
Ядвіга прамовіла гэтыя словы з некаторай кропляй сарказму і нават грэблівасьці, і адначасова нейкая ўзрушанасьць, узнёсласьць у ёй патухла. Яна зрабілася звычайнай, такой, як заўсёды, і падпалкоўнік Віктар Мухабой, па-вайсковаму пільны, з добра прыхаванай душой прагматыка, зразумеў, што, мабыць, трапіў у цэль. «Дзеля прафілактыкі трэба будзе набіць морду гэтаму шпаку Шмокіну, – помсліва падумаў ён, – а жоначку сёння неабходна шчыра і пяшчотна патаптаць.» Зрабіўшы гэтую выснову, падпалкоўнік пачаў рупліва рыхтавацца да сустрэчы з генералам.
2
«Пярдун і напаловупярдун» – мянушкі перасанажаў з рамана Яраслава Гашака «Бравы салдат Швейк».
3
«Шпак» – (цывільны мужчына) згодна жаргону рускіх вайскоўцаў па раману Купрына «Паядынак».