Читать книгу Брыгадны генерал (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 7

Брыгадны генерал
Апавяданне
V

Оглавление

Вясной, адпачыўшы ў Трускаўцы на Львоўшчыне і распіхаўшы па розных украінскіх і замежных банках заробленыя на поўдні сціплыя па цяперашнім часе капіталы, Стах Бахановіч на радаўніцу нарэшце прыехаў у родны горад на Дняпры з сваімі падначаленымі: людзьмі ветлівымі, але з надзвычай мужнымі і рашучымі тварамі, прыстойна апранутых у цывільную вопратку.

Вестка аб тым, што ўчора ў горад прыехаў Стах Бахановіч з Каўказа, дзе грукоча вайна і дзе ён «нібыта стаў генералам», з раніцы абегла горад, і месцічы нецярпліва чакалі, калі зямляк выйдзе з дому. Шматлікія мінакі ўжо ў першай палове дня тусаваліся каля хаты бацькоў Бахановіча на Пралетарскай.

У гэты дзень зранку ён паехаў да будынку тутэйшай улады і перш пайшоў да старшыні райвыканкама Івана Раманавіча Мандрыка. Той, убачыўшы загарэлага Стаха ў светлым касцюме з фіялетавым гальштукам на блакітнай кашулі, густоўна пастрыжанага, з пахам замежнай парфумы, з прысутным яму мужным аблічам, узняўся з-за стала насустрач.

– Прывітанне табе, шаноўны гаспадар раёна! Паважаны Ян Раманавіч! – на каўказскі манер ветліва і разам з тым цвёрда загаварыў Бахановіч. – Прыемна цябе бачыць у крэсле галавы горада і раёна! Добрыя ў нас з табой былі настаўнікі.

– У сваю чаргу, вітаю цябе, Стах! Шчыра вітаю! – Гаспадар раёна звыкла азначыў на сваім твары узнёсласьць, нават радасьць, і стрымана выказваў павагу госцю. Іван Раманавіч быў, як кожны беларус асцярожным, недаверлівым, і ведаў, што трэба кожны свой крок узважваць і даводзіць, тым, хто сядзіць вышэй. Ён адчуваў няўпэўненасьць, бо не разумеў, як сябе паводзіць.

«Хто ён такі? Адкуль узяўся гэты амбітны чалавек у такі складаны і небяспечны гістарычны час? Хто ён цяпер? Адкуль набыў гэткую самаўпэўненасьць і валадарнасьць? Зрабіць Стаху самую найлепшую сустрэчу з працаўнікамі горада і раёна, а потым частаваць ў тутэйшым рэстаране «Днепр»? Ці даць загад, каб гэтага каўказскага бандзюка тэрмінова арыштавалі разам з ягонай хеўрай?»

Таму Іван Раманавіч Мандрык схітрыў:

– Прабач, дружа, тэрмінова выклікаюць на селектарнае паседжанне. Давай сустрэнемся пазьней.

– Пазьней, дык пазьней, Ян. Запрашаю цябе на 18.00 на вечарыну ў вузкім коле сваіх людзей. А покуль прымі ад мяне невялікі прэзент, ад сяброў-будаўнікоў, што мацавалі мір на перадавых межах далёкіх краёў.

І ўручыў старшыні райвыканкама Мандрыку літы залаты рог і паглядную кардонную скрынку з паўтузінам пляшак дагестанскага каньяку.

Бахановіч адкланяўся і нетаропка пайшоў па горадзе пехам: яму было цікава паглядзець на горад, у якім ён нарадзіўся, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва. Насустрач па зялёнай, квітучай каштанамі вуліцы імя канцлера Сапегі ішлі месцічы, іншы раз сустракаліся знаёмыя, яны віталіся з ім, але некалькі добра вядомых яму людзей, здалёк убачыўшы яго, хутка перайшлі на другі бок, каб не здароўкацца. У думках ён падзякаваў ім за гэта, бо тым самым яны папярэдзілі яго, як ставіцца тутэйшая ўлада да яго асобы. Бахановіч зразумеў, што Ян Мандрык на вечарыну не прыедзе, і, мабыць, да яго прышлюць нейкага наглядальніка з былых сяброў ці знаёмых. Значыць, пэўныя колы ведаюць пра яго і цяпер зьбіраюць звесткі, каб потым там, на версе, вызначыць, што з ім рабіць.

Ён адагнаў ад сябе гэтыя не вельмі прыемныя думкі, каб вярнуцца ў шчаслівыя і трагічныя ўспаміны сваёй маладосьці.

…Некалі, тут, ён сустрэў сваю каханую, калісьці яны гулялі па гэтых вечаровых вуліцах, тут прайшло юнацтва і шчаслівая маладосьць, нарадзіліся іхнія дзеці…

…Купіўшы кветак на рынку, Стах паехаў на Белагорскія могілкі, і там на высокім беразе доўга сядзеў каля магілы Наталі, выціраючы слёзы і ўглядаючыся ў бязмежную зеляніну дняпроўскіх паплавоў, дзе-нідзе прасечаную дзівоснаю сінню разліва…

У абед нарэшце ён пад’ехаў да бацькоўскай хаты. Каля дому яго чакала святочная сустрэча, арганізаваная ягоным увішным памочнікам па даручэннях Піткевічам. Каля блакітных веснічак бацька Пятрок і маці Алёна, па святочнаму апранутыя, стаялі з запрошанымі суседзямі, сваякамі, выпадковыя мінакі тоўпіліся ля плоту.

Памочнік адчыніў дзверцы легкавіка, з іх вылез загарэлы, святочны Стах Бахановіч. Музыкі грымнулі прывітальны марш, тутэйшы кіраўнік аркестра Барыс Зарэцкі ўзнёсла махаў дырыжорскай палачкай. Ад урачыстай музыкі і нечаканай сустрэчы захваляваліся і заплакалі прысутныя.

Нават выпадковы мінак – Міша Злацін, з некаторага часу прынцыпова непітушчы абарыген з Вільні,[12] што крочыў з рынку па Пралетарскай дадому і, убачыўшы натоўп, падумаў, што некага будуць хаваць, – нават гэты артадокс савецкага ладу жыцця расчулена зашморгаў носам.

– Родныя мае бацька і маці, вось я праз дзесяць год вярнуўся дадому, жывы і здаровы! Дайце я вас пацалую.

Стах Бахановіч пацалаваў маці, потым бацьку, а затым пайшоў па колу ціснуць рукі суседзям, суседкам, маладзіцам. Маладзіц ён пяшчотна гладзіў па плячах і шчыра цалаваў у абедзьве шчакі, а некаторых ў самыя пякучыя і трапяткія вусны. Расцалаваўшы ўсіх і моцна ўсхваляваўшы маладых кабет, ён узважана загаманіў:

– Помню, помню! Усіх помню! У цяжкія моманты, у далёкіх краёх заўсёды помніў усіх сваіх землякоў-быхаўцаў.

Як бывае ў любой тусоўцы між палкімі і рамантычнымі, што загараюцца ад першых ўзнёслых слоў, тут прысутнічалі тыя самыя тутэйшыя сціплыя быхаўцы, што ніколі не ловяцца на аніякія самыя ліслівыя словы, якія нікому не верылі і раней, і тым больш не вераць у цяперашні час. Мабыць, яшчэ з старадаўніх часоў, калі маскалі ашукалі тутэйшых падчас трэцяй аблогі Быхаўскай крэпасці,[13] вось з тых часоў узнік і захаваўся да сённяшняга часу гэты недавер.

Перабудова вялікай дзяржавы, а потым уласныя грошы, што прапалі на ашчадных кніжках, умацавала іх скептыцызм. Вось і цяпер некаторыя прысутныя мужчыны, з тых, хто пільна ўзіраўся і шмат бачыў, мінакі, суседзі і нават сваякі, недаверліва пазіралі на Стаха. Хвёдар Рудкоўскі – тутэйшы рыбак-браканьер, кантрабандыст, аб нечым шаптаўся з асцярожным Міхасём Злаціным. Адсутнасьць генеральскай формы найбольш уздзейнічала на свядомасьць месцічаў, гэта быў той козыр, які дазваляў валадарыць меркаванню ўпёртых сабілаўскіх[14] скептыкаў, як Хвёдар і Міхась.

– Паднабіў кішэню на поўдні, гэта зразумела, – пярэчыў Рудкоўскі стоячы ў купцы мінакоў і недаверліва ўзіраючыся ў Стаха.

– Але які ён генерал? Мог купіць штаны з лампасамі на каўказскім рынку, дзе можна ўсё купіць. Гэта яшчэ не значыць, што стаў генералам.

– Так то яно так, але зімой па «Свабодзе» варожыя галасы нешта казалі пра брыгаднага генерала Бахановіча, – ціха шаптаў асцярожны Злацін у вуха Рудкоўскаму.

Да Стаха падбег рухавы і загарэлы, у белай кашулі і сініх джынсах, Піткевіч.

– Пятровіч, у дзве гадзіны будуць накрыты сталы. Каго запрашаць?

– Усіх. Я чалавек просты. Мае суседзі і суседкі, усе быхаўцы – мае браты і сёстры! – гучна прамовіў Стах, і нават цьвярозы сусед Арцём адчуў прыемную лагодную хвалю зычлівасьці і дабрыні ў сваіх пралетарскіх грудзях. Бахановіч пайшоў у хату перапрануцца і выйшаў з хаты ў звычайных белых, з кужэльнай тканіны, портках і крэмавай кашулі.

Узрушаны народ праз паўгадзіны рушыў у двор, да трох накрытых белымі абрусамі сталоў з пляшкамі вінаў, каньяку і гарэлкі, з талеркамі нарэзанай вяндліны, з салатамі аліў’е, заліўнымі языкамі з тутэйшага рэстарана «Дняпро».

Правая рука Стаха ва ўсіх справах на Каўказе, загарэлы Уладзь Церашонак узняў келіх з віном і прамовіў:

– Хачу прапанаваць прысутным узняць свае чаркі за бацьку і маці таленавітага і знакамітага Стаха Бахановіча, што, не шкадуючы жыцця і сваіх сіл, мацаваў мір у далёкіх краёх і краінах. Дзякуючы свайму розуму, таленту кіраўніка, Стах Бахановіч не праліў ніводнай кроплі чалавечай крыві. За гэта дзякуй ягонаму бацьку Петраку і ягонай маці Алёне…

Прысутныя з пашанай слухалі, а потым весела кульнулі свае чаркі. Недаверлівы Хвёдар Рудкоўскі піў гарэлку, непітушчы ўжо больш за дзесяць год Міша Злацін на гэты раз не здолеў утрымацца ад спакусы выпіць марачнага каньяку…

Памочнік па даручэннях Піткевіч валодаў адным, невядомым тут умельствам, за што яго і трымаў пры сабе Стах Бахановіч. Разліваючы напоі ў чаркі, ён заўсёды наліваў гасцям моцныя і дарагія каньякі ці гарэлку, а генералу толькі безалкагольны напой. Часцяком назаўтра, праспаўшыяся, госці пачыналі дзівіцца:

– От халера, – ўздыхаў раніцой апухлы ад бадуна расейскі прадпрымальнік, уладальнік нафтавых свідравін ці оптавы гандляр зброяй, другому такому ж госцю, гандляру каляровымі металамі, – здэцца ж пілі чарка ў чарку. Я сёння чуць жывы, а яму хоць бы хны.

Бахановіч яшчэ ў вясну свайго жыцця ўсвядоміў, што спажыць усе каньячна-гарэлачныя вырабы не пад сілу звычайнаму чалавеку. Гэта быў той чыннік, які размяжоўваў людзей на дзьве якасна розныя групоўкі: на тых, хто жыў уласным розумам і дасягаў жадаемай якасьці жыцця, і тых, хто даваў нырца ніжэй плінтуса аж да самага дна. Здольнасьць Піткевіча была ўнікальнай і адчыняла неверагодныя магчымасьці для кемлівых людзей.

Частуючы гасцей, Стах Бахановіч настойліва ўглядаўся ў іх твары, рухі, размовы, смех, у гэтую сучасную тканіну гістарычнага часу, утвораную тутэйшымі, каб адчуць і вызначыць, як быць далей, у якім накірунку рухацца, зьехаць за мяжу ці застацца тут, на радзіме. Ён імкнуўся рабіць такія хады ў жыцці, якім ніхто не мог перашкодзіць. Зараз ён выпрацоўваў алгарытмы сваіх наступных дзеянняў, нешта прымушала быць пільным, крыху насцярожвала яго: ягоны школьны таварыш, а цяпер галава раёна Ян Мандрык так і не прыехаў у госці і нават не патэлефанаваў яму за цэлы дзень…

І ці дазволіць яму тутэйшая ўлада, павязаная дамовамі сяброўства з паўночным суседам, жыць спакойна? Заўсёды знойдуцца людзі, што захочуць праз пераслед сепаратысцкага брыгаднага генерала рабіць сваю кар’еру.

…Суседзі, сябры і нават сваякі гарэлку і каньякі піць пілі, частаваліся прысмакамі, але спачатку ці то сарамліва, ці то асцярожна маўчалі.

…Нібыта ён, Стах Бахановіч, адзначыў сябе чорнай меткай у вачах местачковага асцярожнага грамадства. Правінцыйная свядомасьць тутэйшых людзей, марудныя дзеянні, празмерная асцярожнасьць дазваляла яму лёгка бачыць чужыя адмоўныя пачуцці і разумець іхнія звадныя думкі… Тутэйшыя землякі зараз вярталі яго назад, да свайго звыклага местачковага ўзроўню, у ранейшы статус брыгадзіра ці прараба шабашнікаў. Тым самым зніжалі напрацаваны патэнцыял.

Так, яму трэба шукаць новыя накірункі жыцця, якія захавалі б ягоную годнасць і былі такімі цікавымі і жывымі, як на Каўказе…

Праз гадзіну пацяплелых і лагодных стасункаў суседзі, сваякі і мінакі пачалі разыходзіцца. Хведзя Рудкоўскі і Міша Злацін узрушана дзякавалі за пачастунак і моцна ціснулі руку свайго тутэйшага земляка і цяпер ужо знакамітага быхаўца.

– Чуў, чуў па варожых галасах пра цябе, Стах. Ганаруся, і тады ганарыўся…, – шаптаў яму на вуха разагрэты каньяком асцярожны і разумны Міша Злацін.

– Братэлла, братэлла, калі трэба рыба, звяртайся да мяне ў любы час! Любым часам, днём ці ноччу, – цвердзіў Хведзя Рудкоўскі. Абодва нарэшце вываліліся праз веснічкі на вуліцу і, ўзяўшы адзін аднаго пад рукі, паціху рушылі ў бок Віленскай на Сабілаўку.

12

Вільня – Віленская вуліца ў Старым Быхаве.

13

Аблога Быхаўскай крэпасці пад час 1659 года, калі маскоўцы не выканалі заключанай дамовы з быхаўцамі і «увесь люд у горадзе быў высечаны пад корань». Згодна «Магілёўскай хронікі» Трахіма Сурты і Юры Трубніцкага.

14

Сабілаўка – некалі самы бандыцкі раён горада, дзе жылі продкі высланых за рабаўніцтва з Масковіі.

Брыгадны генерал (зборнік)

Подняться наверх