Читать книгу Брыгадны генерал (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 5

Брыгадны генерал
Апавяданне
ІІІ

Оглавление

Стах Бахановіч зрабіўся брыгадным генералам зусім выпадкова. Прынамсі, нядаўна ён быў прарабам будаўнічых брыгад шабашнікаў. Потым пераменлівы лёс закінуў яго ў паўднёвыя рэгіёны, каб памагаць братняму народу ўзнаўляць селішчы і гарады, пацярпелыя ад землятрусу. У выніку хуткіх імклівых дзяржаўных перамен на палітычным ландшафце Стах трапіў (зусім выпадкова) у кагорту мясцовых увішных і пасіянарных людзей, пачаў імкліва набываць аўтарытэт, як прафесіянал сваёй справы, чалавек, які трымае слова, заўсёды даводзіць дамоўленасьці да канца, умее ладзіць нават з гарачымі каўказскімі мачо. Ён вырас і ў сваім асабістым уяўленні, бо калі чалавек у сваіх вачах мае невысокі рэйтынг, то і ў вачах людзей звонку ён таксама нішто.

Спачатку Бахановіч з сваімі людзьмі будаваў шматпавярховыя дамы, затым, калі варункі пачалі мяняцца, ён будаваў катэджы, а потым сховішчы і лёхі. Урэшце яму, як і яго людзям, было ўсё роўна, галоўнае каб заказчык своечасова плаціў грошы.

Непрыкметна для сябе і неяк натуральна, ён абзавёўся ўзброенымі ахоўнікамі, без гэтага ў тыя часы ў тых мясцінах было аніяк. Яшчэ праз год, калі стралковай зброяй пачалі гандляваць на рынках, усе ягоныя будаўнікі панакуплялі аўтаматаў, гранатамётаў і, хаця займаліся будаўніцтвам, але знешне рабілі ўражанне буйнога вайсковага злучэння. Гэтыя гарэзы, гумарысты і проста штукары, калі пераязджалі з будоўлі на будоўлю, ці ў святочны дзень, аперазаныя кулямётнымі стужкамі, імчалі некуды на легкавіках, джыпах, уазах і камазах, гарланілі на тутэйшай трасянцы песні і, канечне, квасілі, а потым распачыналі страляніну ў спякотнае паўднёвае неба.

– Спадарове, не страляць у людзей! Толькі ў неба! – Увесь час утаймоўваў будаўнікоў Бахановіч. – І пры патрэбе не шкадаваць грошай. Каўказ любіць грошы! Плаціць направа і налева. Плаціць і плаціць!

…Гурты, натоўпы, працоўныя і дэкласіраваныя масы заўсёды маюць патрэбу ў лідэрах, імкнуцца мець важакоў. Стах Бахановіч зразумеў гэта і не пярэчыў, калі яго вылучалі на новую кіраўнічую вышыню. Галоўнае было адпавядаць тым несвядомым і свядомым пажаданням гэтых людзей, а таксама мець цвярозыя глузды, трымаць на ўсялякі выпадак шляхі адыходу і асцерагацца чужых падманлівых меркаванняў, якія б нішчылі гэтыя шляхі. Кожная рэвалюцыя мае даволі абмежаваны час волі, калі кожны індывід можа рабіць што хоча. Рана ці позна з’яўляюцца правадыры, якія пачынаюць гэтую вольніцу лайдакоў падпарадкоўваць, мусова зганяць у гурты і суполкі.

Мясцовы аўтарытэт, генерал-маёр Бадаеў, якога вылучыла тутэйшае грамадства кіраваць тэрыторыяй, паклікаў да сябе Бахановіча, і калі той прымчаў з сваёй сотняй узброеных людзей на легкавіках і камазах, і ягоная ахова звыкла заняла самыя лепшыя камяністыя ўзгоркі і гэтак прафесійна ўзяла на прыцэл ахову генерала, што той, калі выйшаў з сваёй зялёнай юрты, задаволена зазначыў:

– Слушна, цябе і вучыць ня трэба. Усё сам ведаеш!

Генерал Бадаеў дакрануўся ківуном да свайго чорнага вуса, палашчыў яго і запытаў, узіраючыся сваімі чорнымі пякучымі вачыма ў сінюю бязмеж вачэй Стаха Бахановіча:

– Даю табе чын брыгаднага генерала! Далучайся да мяне.

– А што трэба будзе рабіць пад вашым крылом? – бадзёра перапытаў загарэлы Бахановіч. Прапанова яму спадабалася, і таму ён зразу ўзяў памяркоўны і нават рахманы тон.

– Тое самае, што і рабіў. Будаваць, будаваць і будаваць. Зарабляць грошы і сілкаваць сваіх джыгітаў. Зараз, бачыш, вайны няма.

– А калі…?

– Тады будзем і кумекаць, калі…

Абодва не дагаворвалі аб будучыні. Бахановіч думаў мо з хвіліну: па ўсіму бачна, што бліжэйшых год-два вайны не будзе. За гэты час можна падзарабіць грошы на нафце, але без падтрымкі тутэйшага Бадаева гэта зараз рабілася немагчымым.

– Так, а форму выдадзіце генеральскую, ды і нейкае ж пасведчанне трэба?

– Усё будзе гатова праз паўгадзіны, – заспакоіў яго Бадаеў. – Зараз пап’ём гарбаты, каньячку, а службоўцы ўсё падрыхтуюць.

Яны сядзелі пад спякотным сонцам за доўгім сталом, за якім мясцовыя кунакі, аўтарытэты і аксакалы з чорнымі і сівымі бародамі пілі зялёную гарбату, пільна пазіралі і ўважліва слухалі. Бадаеў, кульнуўшы з Стахам некалькі чарак дагестанскага каньяку за новага брыгаднага генерала, пачаў даваць Бахановічу ваенныя парады:

– Ніколі не вагайся на вачах падначаленых! І не бойся маскавітаў, нават тых, хто скончыў акадэмію Генштаба. Яны ўмеюць прэсаваць толькі на мапах ці пры суадносінах сіл 10 да 1 на іх карысьць..

Абодва генералы не любілі маскалёў, бо прараба Бахановіча тыя некалькі разоў ашукалі на дзесяткі тысяч замежных адзінак, а Бадаеў сам кідаў маскоўцаў на добрыя дзесяткі і нават, страшна падумаць, сотні мільёнаў і цяпер чакаў немінучага пакарання за свае фінансавыя махінацыі.

Потым Стах прамераў вайсковую генеральскую палявую форму, якая яму не спадабалася – акрамя пагонаў, што ёмка ляжалі на ягоных плячах, – бо не было штаноў з лампасамі. Ён не вытрымаў і запытаў генерал-маёра:

– Прабач, кунак,[5] але я не бачу штаноў з лампасамі.

Бадаеў быў якраз у гэткіх парадных сініх штанах з чырвонымі лампасамі і ў зелянковай лёгкай кашулі з генеральскімі палікамі.[6] Зразу было бачна, што гэта сапраўдны генерал, і Бахановіча нібыта крыху непакоіла думка, што паколькі яму не выдалі гэткіх штаноў, то ён генерал «не настаяшчы».

Генерал-маёр успрыняў словы брыгаднага генерала сурёзна, выклікаў свайго афіцэра па даручэннях і жорстка запытаў яго:

– Дзе генеральскія штаны з лампасамі?

Той, зарослы чорнай шчэццю мажны рослы вайсковец у палявой форме з капітанскімі пагонамі, на поўным сур’ёзе зманіў:

– Гэта палявая форма, лампасы бываюць толькі на параднай. Зараз у нас патрэбнага памеру парадных штаноў няма.

– Які ж генерал без штаноў? – Сурёзна, з прыхаваным гумарам, развёў рукамі Бахановіч, і ўсе тутэйшыя аксакалы і кунакі, што сядзелі за доўгім генеральскім сталом, застаўленым рознымі прысмакамі, раптам зразумелі ўсю шчырую праўду ягоных слоў. Выпраўляючы становішча, генерал Бадаеў пагоршыў сваю памылку:

– Не хвалюйся, кунак, можаш сам замовіць у краўца ці купіць.

– І зрабіцца самазванцам? – лагодна запытаўся, азіраючы тутэйшую тусоўку, Стах Бахановіч. І барадачы, аксакалы і кунакі заківалі чорнымі, рыжымі і сівымі бародамі. Так, так, нетутэйшы брыгадны генерал мае рацыю, бо на Каўказе не любяць самазванцаў і прыхадняў.

Такім чынам, брыгадны генерал атрымаў першую тактычную перамогу над непасрэдным сваім кіраўніком. Ён заклаў глыбока ў падсвядомасьць Бадаева няўпэўненасьць перад дамінуючым інтэлектам Стаха.

Аднойчы, калі брыгадны генерал прывёз чарговы грашовы падатак Бадаеву, той пад добры настрой запрасіў яго на кубачак зялёнай гарбаты, а потым нечакана запытаў:

– Вось ты, кунак, рускі чалавек. Скажы, як пойдуць далей падзеі?

– Кунак, я ліцвін! Калі чытаў уважліва «Хаджы-Мурата» Ільва Талстога, то мог звярнуць увагу, што і 150 год назад, калі маскавіты ваявалі на Каўказе, – Стах азірнуў стол, дзе тутэйшыя аўтарытэты і аксакалы пільна слухалі і ўважліва пазіралі, зазначыў: – у іх быў яшчэ адзін галаўны боль: чарговае паўстанне ліцвінаў на тэрыторыіі Вялікага Княства Літоўскага. Дарэчы, яны павесілі тады нашага правадыра, а мы ў адказ падарвалі іхняга імператара.[7]

Бадаеў і ягоныя аксакалы з павагай зірнулі на брыгаднага генерала. Той глынуў з кубачка зялёнай гарбаты і змрочна дадаў:

– А падзеі? Падзеі пойдуць, як ішлі 150 год назад…

Узняўшыся на новую камандную вышыню, Стах пачаў трымацца адпаведна, як генерал. Той-сёй з блізкіх сяброў выказаў яму сваю крыўду, нібыта ён адрываецца ад грамады. На што ён цьвёрда запярэчыў амбітнаму суразмоўцу, нетутэйшаму Руслану з Тамбова:

– Калі я стаў генералам, то і павінен трымацца як генерал. Інакш суседзі, тутэйшыя аксакалы і кунакі, не зразумеюць. Страціць генеральскі аўтарытэт – азначае страціць усё: будоўлі, заробкі, нафтавыя свідравіны…

Патлумачыўшы свае паводзіны, ён зразумеў, што трэба мацаваць шляхі адыходу, бо шараговыя кацапы не любяць узвышэння сваіх нядаўніх дружбакоў…

Калі б Стах Бахановіч быў сапраўдным ваяром ад нараджэння ці ня меў уласнага розуму, то, напэўна, ён паклаў бы сваю галаву ў паўднёвай правінцыі імперыіі, як паклалі ўсе чабаны-генералы. Але ён быў досыць памяркоўным ліцвінам, які іншы раз выдаваў сябе за хітруна, будучы на самай справе проста разумным чалавекам. Таму калі ў паўднёвым рэгіёне быў мір, ён будаваў дамы, катэджы, лёхі, а ў вольны ад працы час, па даручэнні Бадаева, ездзіў па селішчах, казаў грозныя прамовы, хітаў пальцам на поўнач, іншы раз даваў чаргу з аўтамата ў спякотнае неба і, гаркнуўшы на развітанне «Но пасаран![8]» адязджаў з сваімі барадачамі ў новае селішча.

Але ледзь загулі рухавікі магутных вайсковых злучэнняў пад кіраўніцтвам тады знакамітага Пашкі-мерсэдэса,[9] і дасведчаны брыгадны генерал зразумеў: прыйшоў час «Х». Літаральна адразу ён імітаваў кіпучую дзейнасьць, накіраваў усіх тутэйшых наглядчыкаў, віжоў у розныя кірункі, нібыта для атрымання загадаў мясцовых чабаноў-генералаў, а потым сам таемна сабраў нетутэйшых брыгадзіраў, сяброў і ўсіх тых, з кім даўно працаваў, і абвесціў:

– Мабыць, шаноўнае спадарства, прыйшоў час нам рухацца да родных хат. Пашка-мерсэдэс перайшоў мяжу. Як двое распачынаюць бойку, трэці павінен даваць цягу. Кожны з вас няхай сам выбера свой шлях!

Праз дзесяць хвілін ягонае будаўнічае войска, пакідаўшы ў кодабы самаходаў даўно падрыхтаваныя заплечнікі, хатулі і валізы з назапашаным дабром, і пахаваўшы замежныя грошы ў патаемныя кішэні, калготкі і барсеткі, пасела на камазы, арбоны і паімчалі спачатку ў бок Каспія, а потым нечакана павярнулі на поўдзень, да грузінскай ці то азербайджанскай мяжы.

Справа была ноччу – і халера яго ведае, чыя там была мяжа – дзе, склаўшы зброю ў кучу, ужо як мірныя грамадзяне і вандроўнікі, зьбіраліся ехаць у тамтэйшы аэрапорт, каб выкупіць забраніраваныя квіткі і чакаць загрузкі на замежныя летакі і боінгі.

Ледзь толькі сонца знізу дакранулася да небакраю, прынёсшы людзям новы дзень, як генерал-маёр Бадаеў даведаўся, што брыгадны генерал Бахановіч зліняў з сваёй хеўрай, і спачатку вельмі ўзлаваўся, злосна крычаў на сваіх віжоў і шпегаў:

– Шайтан!…Ох, блін, шайтан!… – Потым, астудзіўшы свой палкі каўказскі тэмперамент, у скрусе, але з павагай і здзіўленнем зазначыў: – Но какой блестяшчий манёвр! Настояшчий был бы генерал! Шайтан его заберы!

Тут яму перадалі тэлеграму з борта летака «Тбілісі – Львоў» ад генерала Бахановіча. «Як я кумекаю. Зпт. Нам трэба дадому. Тчк. Так будзе лепш усім! Тчк. Прараб Бахановіч. Тчк.»

Бадаеў ізноў хацеў узлавацца і разжалаваць брыгаднага генерала, але потым перадумаў. Прараб шкоды яму не нарабіў, трымаў сваё будаўнічае войска за ўласны кошт, напоўніцу дзяліўся прыбыткам ад нафтавых свідравін, браў ад яго толькі камандыровачныя на мітынгі пры выездах у селішчы. Таму хітрун-генерал прадыктаваў на борт боінга нібыта шчырую і разам з тым небяспечную тэлеграму ў адказ, дадаўшы клопату дэшыфравальшчыкам расейскай контрвыведкі: «Брыгадному генералу Бахановічу. Тчк. Вы ўзнагароджаны высокім дзяржаўным ордэнам суверэннай рэспублікі. Тчк. Жадаю поспеху. Тчк. Щаслівага путі. Тчк. Генерал Бадаев. Тчк.»

І хітра ўсміхнуўся сваім думкам, як спрытна ён замуціў падзеі для стратэгаў з расейскага генштаба. «Няхай цяпер думаюць, мяркуюць, аналізуюць, прыдумляюць… Хаця страціць такога кемлівага і разваротлівага прараба шкада. Зарабіў ён на будоўлі і нафтавых свідравінах някепска, але цяпер, шайтан, палічыў за лепшае зліняць…»

Тут генерал Бадаеў моцна задумаўся, ўспомніўшы словы брыгаднага генерала, некалі, прамоўленыя яму: «Падзеі? Падзеі пойдуць, як ішлі 150 год назад.»

На пытанне Бадаева: «Што ж рабіць?» Бахановіч змрочна шапнуў яму на вуха: «Схавацца сярод мёртвых!»

Ужо тады ў глыбіні душы Стах адчуваў, што лепш за ўсё не ўдзельнічаць у чужых войнах, быць генералам мірнага часу, і таму навастрыў свой розум дадому, у сваю суверэнную краіну.

5

Кунак – (цюрк. kunak = госць) Асоба, звязаная з кім-н. абавязкам дружбы, узаемадапамогі.

6

Палікі – пагоны, згодна беларускага слоўніка Байкова-Некрашэвіча ад 1926 года.

7

У 1864 годзе 10 сакавіка ў Вільні быў павешаны правадыр паўстанцаў Кастусь Каліноўскі. 1 сакавіка 1881 года шляхціч з Бабруйска Ігнат Грынявіцкі ўзарваў у Санкт-Пецербурзе расейскага імператара Александра ІІ.

8

Но пасаран (ісп.) – «Яны не пройдуць!» – гераічны вокліч гішпанскіх рэвалюцыянераў у барацьбе з франкістамі пад час грамадзянскай вайны 1937 годзе.

9

Пашка-мерсэдэс – мянушка расейскага міністра абароны Паўла Грачова..

Брыгадны генерал (зборнік)

Подняться наверх