Читать книгу Брыгадны генерал (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 6
Брыгадны генерал
Апавяданне
ІV
ОглавлениеМіж тым ягоны начны манеўр да грузінскай ці то азербайджанскай мяжы ўжо вывучалі ў замежных генеральных штабах. Расейскія генералы генштаба з раніцы тоўпіліся каля галоўнай мапы Каўказскага рэгіёну, рухавыя палкоўнікі сінімі алоўкамі крэслілі гострыя стрэлы адыходу брыгады Бахановіча.
– Блестяшчий маневр бригадного генерала! – увесь час чулася з натоўпу генштабістаў.
Пройдуць гады, і ўжо іншыя гераічныя манёўры будуць параўноўваць з гэтым іхнім уцёкам ад вайны:
– Кстати, бросок наших десантников к аэродрому в Приштине[10] в чём-то очень похож на рейд бригадного генерала Бахановича на Кавказе, – будуць прамаўляць праз некалькі гадоў высокія чыны ў расейскім генштабе, і штабісты, стратэгі і маніпулятары глыбокадумна заківаюць сваімі мудрагелістымі галовамі.
Цяпер генералы былі задаволены, і кожны ўжо прыкідваў, як лепш прысабечыць сваю асобу да гэтай станоўчай падзеі пры дакладзе Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму. ФСБ рыхтавала свой разгляд манёўра, Генштаб свой, але абедзьве службы дамовіліся не супярэчыць і рыхтавалі агульны спіс тых, каго трэба было ўзнагародзіць высокім дзяржаўным медалём ці ордэнам. Дэшыфравальшчыкі з пакутай ламалі глузды над патаемным сэнсам тэлеграмы Бадаева. Па меркаванні прафесіяналаў і аналітыкаў – сэнс мелі некалькі версій…
За акіянам, у знакамітым Пентагоне, таксама разглядалі гэты «бліскучы манёўр», але адзнакі былі больш стрыманыя і прагматычныя. «… як і чакалася, брыгада генерала Бахановіча не прыме ўдзелу ў баявых дзеяннях. Генерал Бадаеў не здолеў раззброіць вайсковае злучэнне…».
Вось гэтак, нібыта дробны чалавек, яшчэ нядаўна брыгадзір шабашнікаў, трапіў у базу звестак расейскага генштаба, Пентагона, ЦРУ, ФСБ і нават у даклад Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму. Звычайны памяркоўны ліцвін, ён нават і не ведаў, што пра яго знаюць так высока і вывучаюць так глыбока. Глыбока, бо спецслужбы супрацьлеглых краін ужо збіралі звесткі пра жыццёвы шлях брыгаднага генерала…
…Пераехаўшы грузінскую мяжу, брыгада прыпынілася на кароткі адпачынак, каб пераапрануцца, памыцца, паснедаць і спаліць сваю вайсковую вопратку, здаць зброю памежнай ахове.
Стах Бахановіч стаяў перад зыркім вогнішчам, трымаў у руках зялёны генеральскі мундзір з пагонамі і пасведчаннем брыгаднага генерала…
Сонца яшчэ не выкацілася з-за высачэзных гор, і ўся цясніна была запоўнена таемным сутоннем зімовага світанку… Гэты каўказскі ранак быў такі самы, як у яго дзяцінстве, якое ён пражыў пад зорным небам Бацькаўшчыны, там, дзе былі рэчка і сенажаць, таямнічы лес, дзівосныя вечары, калі сонца хавалася за небакрай і на захадзе палова небасхілу палымнела чырванню…
…І было першае і, магчыма, адзінае ў ягоным жыцці каханне, жывыя і сінія вочы чароўнай дзяўчыны, якая потым стала яго жонкай, а потым, дзесяць год назад, Бог забраў ягоную Наталі да сябе. Стах праглынуў горкі камяк і выцер насавічком вочы…
…Гэты чароўны ранак стварыў Бог, і Бахановіч разумеў тых ваяўнічых каўказцаў, што са зброяй у руках баранілі свой жыццясвет.
Вось цяпер ён быў павінен кінуць сваю генеральскую вопратку ў агонь, каб потым на радзіме не мець лішніх клопатаў. Яму было шкада сваёй шыкоўнай вопраткі, асабліва штаноў з лампасамі. Штаны з лампасамі ўздымалі асобу над натоўпам, рабілі валадарным, надавалі моц і стваралі ў вачах прыгожых жанчын асаблівую прыцягальнасьць.
І гэта разумелі ўсе прысутныя, бо яны былі таксама мужчынамі, і таму яны маўчалі… Вось зараз яны пакідаюць у агонь сваю вайсковую апратку і імгненна ператворацца ў шараговых шабашнікаў…
У рэшце-рэшт грошы канчаткова нічога не вырашалі. Яны не давалі статусу, не ўздымалі асобу над шараговымі людзьмі, урэшце, не былі сэнсам, а толькі сродкам для дасягнення нечага… І вось зараз гэты мундзір, штаны з лампасамі былі якраз гэтым «нечым»… нейкім дасягнутым станам сапраўднага мужчыны… Імідж брыгады не прыніжала нават адмова ад удзелу ў вайне, наадварот, у вачах тутэйшых мачо гэта быў учынак, які тыя разумелі, і паважалі іх выбар. Яны адмовіліся ад удзелу ў чужой вайне – гэта патрабавала мужнасьці, і таму выклікала павагу…
…Урэшце, кінуць сепаратысцкі генеральскі мундзір і штаны з лампасамі ў вогнішча было данінай, ахвярападнашэннем той імперскай моцы, што працягвала жорстка дзейнічаць на постсавецкай тэрыторыіі…
Нечакана Стах Бахановіч зразумеў усю хібу свайго яшчэ не зробленага кроку… Ён паварушыў плячамі, нібы азябнуў ад свежага халаднаватага горнага ранку, і павольна апрануў генеральскі мундзір.
Ён азірнуў роўныя шэрагі брыгады і зычна абвесціў:
– Схілім галовы і памолімся за нашых братоў, што праліваюць сваю кроў за хрыбтамі Паўночнага Каўказа.
І брыгадны генерал Бахановіч, а за ім ўся брыгада, укленчылі на адно калена і схілілі галовы перад мужнасцю тых, хто зараз, там, за каўказскімі хрыбтамі, клалі свае жыцці.
Пасля гэтага стыхійна ўзніклага памінальнага мітынгу, калі брыгада маўкліва пачала загружацца ў камазы і арбоны, Бахановіч стрымана сказаў даўно знаёмаму афіцэру грузінскай памежнай аховы:
– Прабач, Вахтанг, мы складзем зброю ў Тбілісі, да якога нам яшчэ трэба дабрацца. А вайсковую вопратку пакінем сабе на памяць.
Бахановіч забраў у грузінскага афіцэра Вахтанга шчодра праплочаны глейт[11] і, развітваючыся, прыклаў далонь да генеральскай пілоткі. Камандзір памежнага атрада, задаволены, з павагай паціснуў працягнутую яму руку. Ён разумеў генерала: каўказскія мачо маглі пераняць раззброеную брыгаду па дарозе і абрабаваць да ніткі. Каўказ прызнаваў сілу і паважаў мужнасьць.
10
«…в Приштине» – адміністратыўны цэнтр у Сербіі.
11
Глейт – (ахоўная грамата ў ВКЛ), дазвол на праезд па пэўнай тэрыторыі.