Читать книгу Брыгадны генерал (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 4
Брыгадны генерал
Апавяданне
ІІ
ОглавлениеНаогул сучасныя генералы падзяляюцца на дзве супрацьлеглыя суполкі. Адны з іх – гэта паяднаныя повезямі непарушнай лучнасьці генералы мірнага часу, тыя, хто скончыў акадэмію генеральнага штабу і па ўсіх дзяржаўных і міжнародных статутах цяпер мелі права насіць штаны з лампасамі. У мірныя часы зьявілася таксама процьма розных генералаў-не-вайскоўцаў: адзін некалі добра іграў у хакей да сарака год і адначасова рос у чынах, другі кіраваў сімфанічным аркестрам і спрытна махаў палачкай, і абодва ў патрэбным узросце пасталі ў высокіх вайсковых чынах. Рэальная логіка іншы раз прыводзіць людзей да алагічных зьяў, амаль вар’яцтва…
…Акрамя ўсяго, генералы мірнага часу павінны ўмець кіраваць буйнымі вайсковымі злучэннямі, умець выконваць запланаваныя генштабам мерапрыемствы, кантраляваць сітуацыю над тэрыторыяй, а ў нядаўна прамінулыя часы павіны былі ўмець падаіць вайсковаю казну, падсілкаваць вышэйстаячых вайсковых чыноўнікаў, а ў цяперашні час, мабыць, спісаць, а потым уцюрыць замежнаму пакупніку за вялікія грошы, як навейшую стратэгічную распрацоўку, якую-небудзь састарэлую зенітную сыстэму. І вельмі важная галіна іхняй дзейнасьці – уменне праводзіць вайсковыя манёўры і парады! Калі генерал не ўмее праводзіць манёўры і парады, тады яго лёс – гібець дзе-небудзь у тундры ці ў гарнізонах Крайняй Поўначы. Такім чынам, у мірны час паркетныя генералы квітнелі і адчувалі сябе на сваім месцы. Падчас нядаўніх рэгіянальных войн генералы мірнага часу ў большасьці былі няздольнымі да пераможных вайсковых дзеянняў з сепаратыстамі і таму ў хуткім часе зрабіліся непатрэбнымі. На некаторых з іх, каб неяк патлумачыць затрачаныя дзяржаўныя сродкі, звалілі ўсе вайсковыя памылкі, хібы, страты і паразы першых регіянальных вайсковых канфліктаў…
Зрэшты, у прамінулых размаітых і стракатых грамадскіх супрацьстаяннях, што потым хутка перараслі ва ўзброеныя канфлікты, сапраўдныя ваенныя кіраўнікі выходзілі з самых глыбінь народных мас, з розных «бацькаў» – бацька Махно, камбрыг Катоўскі, камдзіў Чапаеў, камандарм Будзённы, Олека Дундзіч, бацька Мінай, у новыя часы: генерал Радка Младзіч і Радаван Караджыч, Шаміль Басаеў і Салман Радуеў…
Па зместу гэткія людзі самой прыродай былі створаны для вайны. У мірны час яны пакутавалі ў рахманым марудным жыцці, іншы раз траплялі за краты, і толькі пры ваенных канфліктах і разборках уласцівая ім амбітнасьць і ваяўнічасьць дазваляла сцвердзіць і адчуць сябе на сваім месцы ў новых гістарычных варунках.
Гістарычны час спарадзіў новыя крыніцы зьяўлення ваеных лідэраў – «брыгадзіраў», ад якіх пайшлі так званыя «брыгадныя генералы». Брыгадныя генералы – гэта вайсковыя кіраўнікі рознакаляровай масы пасіянарных лайдакоў, што вырашылі дасягнуць жыццёвай кар’еры ваенным шляхам, валодалі fighting instinct,[4] імкнуліся гвалтоўным шляхам завалодаць уладай у той ці іншай мясцовасьці. У застойныя часы яны былі чабанамі ці брыгадзірамі шабашнікаў, крымінальнымі аўтарытэтамі ці сакратарамі камсамольскіх суполак і ніколі не дасягнулі б вышынь парадных генералаў. У іх была толькі адзіная моцная вартасьць – гэта магутны fighting instinct. У гэтым «брыгадзіры» перасягалі паркетных генералаў і пад час ваенных разборак спачатку перамагалі вайсковыя групоўкі сваімі маленькімі рознашэрснымі гуртамі.
Зазвычай сапраўднаму «брыгаднаму генералу» ня трэба было ніякіх ваенных навук, бо ён вучыўся сам кожнае імгненне і зразу бачыў у жыцці тое, што «паркетны генерал» доўга і ўпарта завучваў у сваіх акадэміях. «Брыгадны генерал» мацаваўся жывой рэчаіснасцю, адчуваў хаду, рытм і рух падзей, прымаў адэкватныя рашэнні, якія найлепшым чынам адпавядалі патрэбе часу. Іншым разам брыгадныя генералы дзеля вырашэння тых ці іншых тактычных і нават стратэгічных ваенных пытанняў – замест вайсковых узброеных груповак з сістэмамі «Град», бамбаваннем, артпадрыхтоўкамі, танкавымі клінамі – удала карысталіся кейсамі, напіханымі тугімі пачкамі амерыканскіх даляраў, інфармацыйным замбаваннем, хітрамудрымі правакацыямі, псіхалагічнымі запалохваннямі і палітычнымі маніпуляцыямі. Гэткія вайсковыя прыёмы не выкладаліся ні ў воднай акадэміі генеральнага штабу.
У тыя, цяпер ужо гістарычныя часы, паркетныя генералы, паверыўшы ў свае вайсковыя высілкі, пад заказ тамтэйшых і замежных палітычных лялькаводаў распачалі ваенныя канфлікты на сваіх ўласных тэрыторыях. Гэтак было вельмі зручна ваяваць, прамаўляць загады па тэлефонах з службовага габінэта, п’ючы каву, пазіраючы на стрункія ножкі сакратаркі і гартаючы «Камерсантъ» ці «Маскоўскі камсамолец», а ўвечары бавячы час у рэстаране з будучымі алігархамі ці па-вайсковаму рашуча атакуючы штонікі маладой моднай мадэлькі Ксеніі ці Анджэлы…
Вайна на сваёй тэрыторыі з удзелам уласных вайскоўцаў і грамадзян дазваляла адпаведна кантраляваць усе вайсковыя дзеянні, рабіць вайну перманентнай, расцягваць у часе ці пры неабходнасьці нават прыпыняць, каб праз некі час ізноў узнаўляць. Гэткая вайна цалкам залежала ад дзяржаўнай бюракратыі і была яе заўсёднай патаемнай марай, бо дазваляла вырашаць любыя пытанні, перш за ўсё фінансавыя, эканамічныя, ідэалагічныя, дзяржаўныя, і дазваляла цалкам трымаць уладу ў сваіх руках…
Дзеля ажыцяўлення вайсковых аперацый (не блытаць з хірургічнымі) тогачасным палітыкам дастаткова было найбольш адмарожаных і пасіянарных камандзіраў брыгад, злучэнняў, бандгруп і сепаратысцкіх згуртаванняў як з тога, так і з другога боку, абазначыць, як «брыгадных генералаў». Гэта гучала і рабіла ўражанне на міжнародную супольнасьць.
«Брыгадныя генералы» такім чынам паўсталі новым разгалінаванем вайскоўцаў, што адваявалі сабе месца ў навейшай ваеннай гісторыі. Дастаткова было назьбіраць некалькі соцень асоб рознага ваяўнічага зброду і ўсталяваць кантроль на некалькі селішчаў, – дзе мясцовыя жыхары: жанчыны, дзеці, дзяды і бабулі, і сталыя мужчыны, што макіяжылі пад дзядоў, узгадаваўшы сабе шыкоўныя чорныя, рыжыя і сівыя бароды, – як можна было абвесьціць сябе брыгадным генералам.
4
Ваены інстынкт.