Читать книгу Брыгадны генерал (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 11
Пад зорным небам Айчыны
Апавяданне
ІІ
ОглавлениеЁн узняў галаву і агледзеўся. У небе вісеў бялявы дыск сонца, па цёмнай стужцы шашы імчаў самазвал з торфакрошкай, чорныя крумкачы каркалі з абсыпанай інеем бярозы. Справа ад шашы збягала слаба прыкатаная санямі і напалову засыпаная снегам прасёлкавая дарога, якая праз метраў дзвесце давала нырца пад чыгуначны мост і хавалася за насыпам. Па чыгунцы павінен быў прайсьці цягнік на Мінск з іхнім студэнцкім зорным лыжным агітгуртом.
Веня змераў позіркам адлегласьць да моста: колькі разоў трэба адпіхнуцца палкамі і зрабіць крокаў, каб прабегчы гэтую дыстанцыю?
Ён павярнуўся, каб разарваць нябачныя повязі з мінулым, зрабіцца сваім у гэтым бязлюдным, халодным, снежна-белым сусвеце. Пачыналася новая вандроўка, якая істотна адрознівалася ад мінулай. Раней Веня ішоў разам з усімі, і яны неслі з сабой свой космас, сваю гарадскую аўру. Горад разам з маладзёвай суполкай прыходзіў у заснежаныя вёскі. Яны былі вандроўнікамі, якім было мала клопату да законаў быцця, што валадарылі тут. Але цяпер ён з мінака-вандроўніка рабіўся ўдзельнікам гэтага новага для сябе жыцця, бо быў занадта слабы, каб утрымаць у сабе святочны лад гарадскога існавання.
Веня развязаў ірты і кінуў іх на снег, звыкла сагнуўся, каб замацаваць рыштунак на лыжных чаравіках. Потым ён дастаў з кішэні крокі,[19] якія загадзя падрыхтаваў яшчэ ў Менску ў габінеце фізычнай геаграфіі. Дробнае дзеянне, зараз яно памагала ведаць напрамак руху і дазваляла ажыцявіць намер.
Яго шлях ляжаў на паўднёвы захад. Ён павінен быў ісьці амаль на поўдзень і праходзіць кожны дзень 60 км. Гуртам яны рабілі за дзень удвая менш.
Было зімна і рукі адразу зайшліся, але ён не прыпыняўся і варушыў на бягу пальцамі, бо ведаў, што хутка сагрэецца. «Рэкта-Рэкта-Рэкта» – прамаўляў Веня назву вёскі, моцна штурхаючы палкамі і стараючыся як мага хутчэй імчаць па дарозе, што блыталася ўдалечыні ў бела-снежнай прасторы. Ён бег, спяваючы песні і свядома хаваючыся ад слабога, але настойлівага пробліску страху перад сучаснасцю, які ўжо ўзнік глыбока ў ім. Ён бег і імкнуўся не страціць бадзёрасьць і веру, мацуючы сілы ва ўспамінах пра мінулае, усмешках і словах тых, хто быў яму такі дарагі зараз. Цяпер ён зноў спрабаваў зразумець сэнс тых сяброўскіх слоў і ўсмешак. Ён хацеў зразумець, чаму Ліпа, такая яскравая і дзівосная, з усяго суполку звярнула ўвагу на яго, маўклівага і сціплага хлопца? Былі ж сярод усіх іх самастойныя, жвавыя дзецюкі.
Веня ўспомніў, як яна пазнаёмілася з ім у першы дзень вандроўкі. Проста падыйшла на адпачынку да Вені, зірнула прыгожымі вачыма, працягнула руку:
– Ліпа. Частуйцеся цукеркамі. – І прысела побач на заплечнік.
– Дзякуй. Веня. А чаму Ліпа?
– Таму што Алімпіяда.
– Зразумеў. Дзякуй за тлумачэнне.
Ён ня ўмеў дзейнічаць так проста, зразумела, і таму прыгожа.
Цяпер ён успомніў той дзіўны і незвычайны, адзіны ў ягоным жыцці вечар. Яны ставілі канцэрт у вясковым клубе, якраз ішла сцэнка пра недарэкаў актораў-аматараў. – А зараз перад вамі выступіць гурт сапраўды моцных прафесіяналаў-аматараў з невялікім эпізодам «Наша мастацкая самадзейнасьць рыхтуецца да факультэцкіх спаборніцтваў», – абвесціў вядучы Вова Ігнацюк. Сцэнка ішла сваім накірункам, прайшлі момант дэкламацыі, калі Анатоль Кавалевіч з вялікім артыстызмам з дзівоснай мімікай і пантамімай чытаў самаробную вершаванку:
– З неба звесілась вяроўка і завісла ў дварэ… – Анатоль хадзіў вакол уяўляемай вяроўкі, шкроб патыліцу, здзіўлена разводзіў рукамі і прамаўляў далей: «ніякога ў гэным толку, ні табе і ні міне!».
Вясковыя гледачы і нават студэнты з асалодай ад душы рагаталі ў зале. Рыхтаваліся да апошняга акорда «Сьмяротны крыж». Раптам сарамлівы Міша Стасевіч, які меў у сцэнарыі самую невыразную ролю без слоў, моцна збялеў і, заікаючыся, узняў руку:
– Я гэта т-т-таварыш кіраўнік, зараз успомніў в-в-верш, прыдумаў… хачу п-пр-прачытаць…
– Куды прэш? – яго пачалі штурхаць у бакі і прыпыняць акторы па сцэнцы (што наогул не супярэчыла ідэі самога эпізода).
– Парушаеш сцэнар, – ціха шыпеў Вова Ігнацюк, ураўнаважаны высокі студэнт літмуза.
Узнікла мітусня на сцэне. Міша ламіўся, як бульдозер.
– Хачу прачытаць в-в-верш пра каханне. Сам п-п-прыдумаў, – бубніў Міхась.
– Бунт на караблі, – гырчэў Ігнацюк. Але нарэшце махнуў рукой: – Хрэн з табой, чытай.
І абвесціў у залу:
– Таварышы, наш сябар прачытае вершы, якія склаў зараз на сцэне, пэўна, ад магутнага стрэсу і перапуду. Гаворыць, што пра каханне. У нас шмат прыгожых дзяўчат, мабыць, трапіў у сеціва Амура і моцна закахаўся.
Ігнацюк прамовіў апошнія словы і трагічна звесіў галаву, у скрусе развёў рукі. І ціхенька прамовіў Міхасю:
– Ідзі кажы свае вершы, ду-бі-на!
Вясковыя жыхары ізноў узбуджана заёрзалі на стуліках. Зацікаўлена пазіралі на сцэну і студэнты-вандроўнікі, што знаходзіліся ў зале.
Міхась выйшаў з гурта, што рыхтаваўся да «Смяротнага крыжа». Збляднелы, рукі дрыжаць. Усе зацікаўлена маўчалі.
– Верш пра к-к-каханне, – прамовіў Міхась няцвёрдым голасам.
– Люблю … – рахмана і выразна пачаў студэнт. Усе прыціхлі. Міхасю вельмі падабалася Алёна Косцень, і ўсе гэта ведалі. Няўжо Стасевіч зараз прамовіць са сцэны, што любіць Алёну? Веня зірнуў у залу і ўбачыў напружаны прыгожы твар Косцень і зацікаўленых гледачоў.
– …сядзець і с-с-смачна снедаць! Люблю з-за-задумліва глядзець. У думках хуткіх л-лю-люблю мроіць! Люблю і за сталом сядзець. Сядзець ллюблю я ў рэстаране. Сядзець з в-вудою ў ракі! Сядзець на полцы ў цёплай бане. Сядзець падпёршы кулакі! Работа патрабуе руху, і шмат дзе трэба працаваць. Іспыты якасна здаваць. Між тым жыццё бяжыць імкліва! І кожны дзень адны дзела. І разыхожусь я з той марай, што меў я ў сабе здаўна… Цяпер вучусь сядзець за партай. Каб спрытным быць, вучуся добра працаваць! І іншы раз люблю з сяброўкай на рынку бульбай гандляваць.
Міхась чытаў верш з пачуццём, з гумарам, лагодна расцягваючы і акцэнтуючы кожнае слова, і на заканчэнне абвесціў:
– Верш Вовы Ігнацюка: «Я люблю».
Уся зала гледачоў павалілася на стуліках ад рогату. Смяяліся доўга. Воплескі скаланалі сцены вясковага клуба. І гучней усіх смяялася Ліпа. Яна так смяялася, што ўсе, ужо адсьмяяўшыся, пачалі воплескамі выклікаць Міхася на «біс» – так, што яму прыйшлося чытаць верш двойчы. Пасля свайго выступу Стасевіч зрабіўся знакамітым, увайшоў у эліту атрада, а потым, колькі ні чытаў верш на канцэртах, выклікаў шмат смеху сярод студэнтаў, што для недасведчаных было іншы раз незразумелым.
Веню ў той вечар ўразіла Ліпа. Яшчэ паўгадзіны назад, да канцэрта, Ліпа Бакуніч – стрыманая і валадарная, узрушана распавядала з трыбуны жыхарам вёскі аб візіце на Кубу ў складзе дэлегацыіі ВЛКСМ, аб праблемах міру і сацыялізму, аб злавесных змовах імперыялізму. Яскравая, разумная і афіцыйная, яна нагадвала яму маладую марксістку часоў рэвалюцыі, толькі ў новай сучаснай якасьці. А зараз смяялася пяшчотная, жывая дзяўчына, прывабная і натуральная ў сваёй шчырасьці.
Як заўсёды, пасля канцэрта былі танцы. Веня ня ўмеў прыгожа танчыць. А Ліпа запрашала ўсіх і танчыла з усімі. Запрасіла на вальс пажылога старшыню сельсавета. Той, мажны мужчына, нечакана для прысутных паказаў сябе спрытным танцорам. Лёгка і прыгожа пайшоў з Ліпай па кругу, чым выклікаў гонар мясцовых жыхароў. Потым яна танчыла з камандзірам гурта, выкладчыкам фізвыхавання Сцяпанам Акімавічам, той таксама не падвёў.
Мясцовыя бітламаны-валасацікі, потныя і нячэсаныя, занепакоіліся і пачалі з пярэдніх шэрагоў прасоўвацца да выхаду. Бакуніч паспела перахапіць аднаго з іх і пачала адбіваць перад ім чачотку, але той замахаў рукамі і пад рогат прысутных даў нырца ў натоўп да дзвярэй. Валасацікі-бітламаны, здавалася, атрымалі канчатковую паразу, але ў гэты момант з натоўпу выйшаў хіповы хлопец у чорным кажушку і з цыгарэтай у зубах. Пад бадзёрыя воклічы сваіх сяброў:
– Пакажы, Мікола, як мы можам!
Ён аддаў недапалак і кажушок бліжэйшаму з ватагі і пачаў драбацець нагамі ў падлогу і раскідваць рукі ў бокі. Бакуніч лебедзем плыла вакол хлопца. Той танчыў не надта, але штосьці смелае, мужчынскае праступала ў яго танцы, падобнае на сялянскую ўпартасьць яго дзядоў. Ён вымушаў паважаць яго танец. У рашучыя імгненні Мікола кідаўся ўпрысядкі, а потым пад воплескі сяброў і вяскоўцаў схапіў Ліпу і спрытна прытуліў да сябе, крутнуў з ёй польку і скончыў танец.
Задаволеныя мясцовыя маладзёны ганарліва паглядалі па баках і ціснулі Міколаву руку. Гонар мясцовай моладзі быў выратаваны. Веня ў гэтыя імгненні таемна, у глыбіні душы, зайздросціў Міколе, яго рашучасьці: той здолеў паказаць свой мужчынскі характар, пераламаў сваю вясковую сціпласьць.
Потым яна запрасіла яго, Веню, ёй не перашкаджала ягоная сарамлівасьць. Яны павольна і няўлоўна ляцелі ў прасторы сярод зорак, поўні, сяброў-таварышаў. Гэта было як чароўны сон, як летуценне… але гэта было. Ён не адчуваў зямнога прыцяжэння, усё стала безважкім, час знік. Яны былі ўдваіх: Ён і Яна, і больш нікога… А потым нечакана танец скончыўся…
– Скончыўся вельмі хутка, – прашаптаў Веня і ачуняў: ён хвіліну глядзеў перад сабой, не пазнаючы рэчаіснасьці.
19
Крокі – схема напрамку руху з назвамі насельных пунктаў.