Читать книгу Брыгадны генерал (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 9
Брыгадны генерал
Апавяданне
VІІ
ОглавлениеУ другой палове дня, пад вечар, калі сонца пачало хіліцца на захад, пасля размовы з бацькам і маці, Бахановіч выйшаў з хаты. У горадзе стаяла цішыня, толькі было чутна, як па чыгунцы ад вакзала адыйшоў грузавы цягнік і колы вагонаў грукочуць на стыках. Пах квітучага бэзу перамешваўся з свежым вясновым паветрам і крыкамі чаек на птушыным кірмашы, што чуўся з паплавоў Дняпра.
У садзе ў сінім спартовым касцюме сядзеў у альтанцы Уладзь Церашонак, убачыўшы Бахановіча, ён заклапочана запытаў яго:
– Што рабіць будзем, камандзір?
– Думаць будзем, Уладзь. Цябе нешта непакоіць?
Уладзь Церашонак сурёзна адказаў:
– Час не стаіць на месцы, нехта ў гэты самы момант дзейнічае, магчыма, небяспечна для нас.
Уладзь адчуваў нейкую несвядомую трывогу, і Стах разумеў яго, але прамовіў спакойна:
– Створым фірму і пачнём працаваць на ўласную краіну. Трэба абжываць сваю жыццёвую прастору, покуль яе не абжылі чужынцы. Зоймемся вандроўкамі. Рачныя турыстычныя вадаплавы будуць хадзіць з Баркалабава—Быхава да Гомеля і далей да Пінска, а таксама да Кіева, Запарожжа, Херсона. Уяўляеш, узяць знаёмую прыгожую жанчыну і ўлетку на белым цеплаходзе па Барысфену,[16] па Прыпяці, альбо да Чорнага мора. Гэта табе не чужая Турцыя і не занюханы Егіпет. Праграма ажывіць цэлыя рэгіёны краіны, створыць рабочыя месцы. А якія мясціны! «Беларусія радная, Україна залатая…»
– Ці дасць нам тутэйшае чынавенства магчымасьць разгарнуцца?
– Калі мы, Уладзь, на поўдні разгарнуліся, то тут мы таксама не прападзём. Тутэйшыя таксама любяць грошы… Будзем плаціць направа і налева… Зробім візіты ў райвыканкам, міліцыю, падатковую службу, КДБ, злётаем у Магілёў, у сталіцу. Падключым сяброў з Украйны… Навошта нам перціся ў Чэхію ці Польшу, мы і тут раскруцімся… Возьмем крэдыты. Заробленыя грошы покуль не будзем чапаць, няхай паляжаць у банках. Дзеля страхоўкі купім покуль што кватэры ў Менску.
– Так, Стах. Ты зьняў з маёй душы цяжкі камень трывогі. Дарэчы, па тэлескрынцы паведамілі, што на поўдні ідуць моцныя баі. І як гэта ты змікіціў, і так спрытна тады мы з’ехалі? Я цябе пасля і пачаў успрымаць, як сапраўднага генерала. У нас у брыгадзе былі Бадаеўскія віжы?
– Віжы, дзе іх няма? Віжы ў нас былі і Бадаеўскія, і з супрацьлеглага боку. Вунь Руслан з Тамбова, як я мяркую, быў шпегам ФСБ. І мабыць, Віця Мухабой таксама віжуе па даручэнні свайго Згуртавання вайскоўцаў-афіцэраў, – лагодна прамовіў апошнія словы Бахановіч і засяроджана дадаў: – Добра пачаставаўшы Віктара, мы выказалі яму павагу і ператварылі яго з патэнцыйнага ворага ў шчырага свайго сябра.
Ён азірнуў наваколле уважлівым позіркам асобы, што ўпэўнена адчувае сябе ў цяперашняй таўканіне гістарычнага часу, разумее новыя законы і алгарытмы і ўмее імі карыстацца.
…Знадворку гаспадарыла такое знаёмае і чароўнае блакітнае травеньскае неба… Зеляніна свежай травы буйна прабівалася ўздоўж плоту, яблыні квітнелі бела—ружовымі кветакамі. Бліскучы ў сонечных промнях шпак на шпакоўні высвістываў свае вясновыя мелодыі…
Нічога не сведчыла аб існаванні нейкіх прыкмет небяспекі. Стах, пільна ўглядаючыся ў чароўнае асяродзе, у роздуме прадоўжыў:
– А віжы – гэта абавязковы чыннік сучаснасьці, без іх аніякая ўлада існаваць не можа. Калі ты не ўяўляеш пагрозы для ўлады і нават зьяўляешся для яе карысным, то аніякія шпегі нас моцна непакоіць не павінны.
– Валік Піткевіч мне казаў, што нібыта бачыў каля Шмалабы[17] на Дорахава некага вельмі падобнага да Руслана. Ён крутануўся у завулак за ім, а той як скрозь зямлю праваліўся.
– Бачыў, кажаш? – насцярожыўся Бахановіч. – Значыць, фэсбэшнікі ўжо тут! Трэба тэрмінова прымаць меры. Дарэчы, Зміцер Цыбульскі інфармаваў зараз па тэлефоне, што заўтра ў нас прыём у прэм’ер-міністра па пытаннях перадачы нашых каўказскіх нафтавых свідравін дзяржаўнаму холдынгу… Нам трэба пратрымацца толькі гэтую ноч. Заўтра мы ўжо будзем пад дзяржаўнай аховай. Бо рана ці позна да нас могуць заявіцца расейскія госці!
– Расейскія фэсбэшнікі? На тэрыторыі суверэннай дзяржавы іхняя тэрарыстычная акцыя? Гэта ж чорт ведама што, міжнародны скандал?
– Гэта для цябе, Уладзь, тэрыторыя суверэннай дзяржавы! А для іх – тэрыторыя расейскай імперыі, часова набыўшая суверэнітэт. Яны нават ідэалагічную налепку прыдумалі: «экономически несостоятельные государства». Што тут казаць, разбурыўшы Савецкі Саюз, «москоўскае сообшчество» рушыла не наперад, а назад, у сярэдневечча! Яны могуць сёння ноччу захапіць нас у палон, а астатніх зьнішчыць. Потым зваляць на помсту генерала Бадаева?!…
Стах крыху засяроджана падумаў і потым рашуча зацвердзіў Церашонку.
– Абвясьці хлопцам дзейства па плану нумар «3Б—Эвакуацыя». Неабходна трыццаць легкавікоў з Быхава і Магілёва, прыкладна ў 19.00 гадзін. Акрамя таго ….
Бахановіч звыкла аддаваў загады, ягоныя падначаленыя хутка, без мітусні, выконывалі іх, а ён у думках ужо рыхтаваўся да вызначальнай сустрэчы з выканаўчай уладай дзяржавы. Узбагачаны за папярэдні дзень новымі ідэямі і звесткамі, Стах Бахановіч адчуваў сябе чалавекам, што знаходзіцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час, і ператвараўся ў сучаснага прадбачлівага і чэпкага жыхара сваёй незалежнай і суверэннай краіны…
Верасень 2009–кастрычнік 2010 г. Магілёў—Мінск
16
Барысфен – старажытная назва Дняпра.
17
Шмалаба – сталоўка-піўная на вул. Дорахава ў Быхаве ў ХХ стагодзі.