Читать книгу На дняпроўскім лузе - Міхась Сліва - Страница 30
Усмешка Джаконды
Людзі-суседзі
ОглавлениеШто нi кажыце, а добрыя суседзі – вялікае шчасце. Мне ў гэтым сэнсе надта пашанцавала.
На адной пляцоўцы са мной жыве Антось Гаўрылавіч – добры, сціплы чалавек. Працуе недзе на заводзе. Сям’я вялікая, дружная. У ix кватэры ёсць тэлефон. Таму мы часта там бываем. Асабліва мая цешча. Яе старая сяброўка атрымала кватэру на другім канцы горада, i асноўны сродак зносін паміж iмi – тэлефон. Па паўтары гадзіны праседжвае цешча з трубкай у руках. I нічога, Антось Гаўрылавіч i яго сям’я церпяць, нават i выгляду не падаюць, што мы ix турбуем.
Другі сусед – Сямён Данілавіч. Энергічны, дзелавы, любіць тэхнікy, а дакладней – уласныя «Жыгулі». Ну i мы, зразумела, не абыходзім яго бокам. То на базар цешча з’ездзіць з суседам, то жонка мая на працу пад’едзе, то мне з iм па дарозе…
Трэці сусед наогул золата. Максім Іванавіч выдатны рыбак, грыбнік, ягаднік. Haловіць рыбы – я ўжо тут як тут. I юшкі адведаю, і да юшкі нешта перападзе. Ну, а калі грыбоў ці ягад набярэ, то разам са мною ў Maксімa Іванавіча сядзяць i цешча, i жонка, i абедзве мае дачкі. Наядзімся i да дому яшчэ прынясем. Так што, можна сказаць, дарогу ў лес не ведаючы, мы дароў прыроды на зімy назапашваем нават больш, чым тыя, хто з лесу не вылазіць.
Вось толькі нядаўна пасяліўся ў нашым пад’ездзе Альберт Круцёлкін. Ну i тып, я вам скажу. Такі ўжо нахабны, што далей няма куды. То грошай прыйдзе пазычыць, то спытае колькі часу, бо ў яго, бачыце, гадзіннік сапсаваўся. Відаць, давядзецца мне кватэру мяняць.