Читать книгу На дняпроўскім лузе - Міхась Сліва - Страница 34
Усмешка Джаконды
Візіт да ўнука
Оглавление– Глядзі ж, не лаві варон, – папярэдзіла мяне жонка, адпраўляючы ў госці. – Ты ж ведаеш, што цяпер жулік на жуліку едзе i жулікам паганяе. А ты, да таго ж, такі рассеяны.
Я яшчэ раз намацаў у кішэні тоўсты кашалёк, у які мы ўціснулі ўсе нашы мільёны. Ехаў я ў Брэст, да ўнука. Прайшло амаль паўгода, як ён з’явіўся на свет, а мне ўсё не выпадала з’ездзіць.
Калі крануўся цягнік, я абвёў позіркам пасажыраў, якія exaлi ca мной у адным купэ. Здаецца, нікога падазронага. Але, як той казаў, беражонага Бог беражэ. Неўпрыкмет дастаў свой кашалёк i сунуў пад прасціну ў сябе пад бокам. Дарога была далёкая, таму я рашыў, не трацячы дарэмна часу, хоць адпачыць ды выспацца ўволю.
Прачнуўся я тады, калі цягнік прыбыў да перона ў Брэсце. Усе пасажыры замітусіліся. Падхапіўся i я, бо правадніца стала бурчаць, што доўга корпаемся, а ёй, бачыце, яшчэ ўборку трэба рабіць у вагоне.
Схапіўшы клункі, я кінуўся да выхаду. На пероне ўбачыў сына з нявесткай i ўнукам у калясцы. Радасці маёй не было канца.
Накіраваліся на кватэру. I тут, разбіраючы свае торбы, я ўспомніў пра грошы! Божухна! Што ж я нарабіў!..
Разам з сынам мы паімчалi на вакзал. Цягнік, на якім я прыехаў, ужо загналі далёка ў тупік. Мы – туды. Знайшлі патрэбны вагон. Ускочылі – а там ужо няма бялізны! Хоць ты валасы на сабе pвi ад роспачы!
Кінуўся да правадніцы, тая як абухом па галаве: «А мы ўжо ўсю бялізну здалі ў пральню».
Я схапіўся за сэрца, а сын, малайчына, не дарэмна ж інжынер-камп’ютаршчык, гаворыць:
– Давай, бацька, у матрацах пашукаем.
Перабралі мы гару матрацаў, i ў адным з ix унутры ляжаў мой кашалёк! Значыць, я па няўважлівасці засунуў яго не пад прасціну, а ў матрац.
А ў гэты час мая жонка пазваніла на кватэру сына, каб даведацца, як я дабраўся. Нявестка ёй i кажа: «Пабеглі нечага на вакзал!»
А жонка перабівае: «Я так i ведала, што згубіць грошы, недарэка!»