Читать книгу На дняпроўскім лузе - Міхась Сліва - Страница 36
Усмешка Джаконды
Скарачэнне штатаў
Оглавление– Так, – бадзёра пачаў дырэктар, – сёння мы павінны разгледзець тэрміновае i вельмі важнае пытанне: падабраць кандыдатуры для плануемага скарачэння штатаў. У каго будуць прапановы?
– Я лічу, што падыходзіць Семчанка, – узяў слова Іван Іванавіч, намеснік дырэктара, які прыйшоў у інстытут нядаўна. – Які з яго вучоны! Больш дваццаці год працуе над кандыдацкай, а вынікаў – нуль…
– Наадварот! – перапыніў яго дырэктар. – Яму уласціва творчае гарэнне, апантанасць, нарэшце вернасць мэце!
– Семчанка – стрыечны брат дырэктара, – шапнуў Івану Іванавічу вучоны сакратар.
– У такім разе давайце пазбавімся ад Алены Паўлаўны – старшага рэферэнта па інфармацыі, – увайшоў у азарт Іван Іванавіч. – Усё роўна ад яе ніякай карысці, толькі плёткі разносіць…
– Э, не, даражэнькі! – падскочыў дырэктар. – Без навукова-тэхнічнай інфармацыі нам i кроку не зрабіць наперад!
– Гэта ж сястра жонкі дырэктара, – шапнуў Івану Іванавічу вучоны сакратар.
– А можа, мне ўзяць на свае плечы большы цяжар, – прапанаваў раптам дырэктар, намякаючы на скарачэнне свайго намесніка.
– Xiбa вы забыліся, як Іван Іванавіч трапіў да нас? – шапнуў дырэктару вучоны сакратар.
– А ўвогуле, таварышы, спяшацца не будзем, – спыніў нараду дырэктар, – магчыма, i на гэты раз неяк абыдзецца.