Читать книгу На дняпроўскім лузе - Міхась Сліва - Страница 32
Усмешка Джаконды
Камерцыя
Оглавление– Скачы! – яшчэ з парога крыкнула жонка. – Мне далі турысцкую пуцёўку ў Румынію! На дваіх. Хоць ты i не заслугоўваеш, але так i быць, вазьму… Паедзем на чатырнаццаць дзён. А то Соня Андрэйчыкава надта выхвалялася, што ездзіла са cваім, дык добра пагандлявалi.
Пакуль я афармляў дакументы, жонка лётала па крамах, выбірала тавар, які можна прадаць за мяжой, а на выручаныя грошы купіць такое, каб i самім фарсіць, i капейчыну якую агораць.
I вось, нарэшце, мы ў Румыніі!
Я заікнуўся быў наконт таго, каб наведаць музей, дык жонка такога ляманту нарабіла, што мясцовыя ахоўнікі парадку нават устрывожыліся. Давялося ўслед за жонкай цягнуцца на базар. А там тавараў – свет не бачыў! А людзей – яшчэ больш. Ну, не раўнуючы, як у тым Бабруйску! Жонка адразу ж схапіла ў нейкай маладзіцы джынсы. Для мяне.
– Пачакай, – запярэчыў я. – Яны ж надта пацёртыя…
– Нічога ты не разумееш! Кладзі ўсё ў мех – дома разгледзім!
Адным словам, два тыдні правялі мы на базары. Награблі столькі розных трантаў, што на тры добрыя сям’і хапіла б.
– Навошта нам столькі, ды яшчэ паношанае?! – не сцярпеў я, ледзь цягнучы cyмкi да цягніка.
– Купілі – не згубілі! – павучальна сказала жонка.
…Праз некалькі дзён я выйшаў на працу ў джынсах i кашулі, якія купіў у Румыніі. У канцы дня, загадкава ўсміхаючыся, да мяне падышоў наш вадзіцель Васіль Андрэйчыкаў:
– Слухай, Эдзік, ты дзе гэтыя абноўкі набыў?
– У Румыніі. На базары, – задаволена адказаў я.
– Няужо?.. – здзівіўся Васіль. – Гэта ж мае неданошаныя рэчы, жонка прадала на польскім базары.