Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 22

Менада і яе сатыры
Частка другая
Фігура, якая адсутнічае
6

Оглавление

Я ўсё намагаюся разгадаць механізм гэтай патрэбы здзіраць запечаную скурачку з ран, якія ледзьве загаіліся, гэтага раман-тычнага мазахізму. Калі яна не закаханая, яна вязне ў ціне тугі ды неспатоленых жаданняў, нязграбнымі ўзмахамі плаўнікоў уздымае глей успамінаў, б’ецца рыбінкай у ільдзяных прасцінах. Але варта з’явіцца над паверхняю вады Рыбаку, як яна адчувае наймацнейшую патрэбу быць злоўленай. Яна марыць пра тое, як рыбалоўны кручок, які яна з замілаваннем праглыне, на гэты раз не стане разрываць ёй вантробы, як тое бывала раней, калі Рыбак выцягваў свой кручок назад, каб кінуць яе, напаўжывую, туды, дзе пакорліва чакаюць свайго лёсу жанчыны, якія раней трапіліся на яго прынаду. Не, на гэты раз усё зменіцца, фантазіруе яна, яе нарэшце ацэняць, заўважаць, што яна не падобна да іншых, і кручок у яе чэраве чароўным чынам ператворыцца ў боскае семя – ну проста як у чэраве Дзевы Марыі! Яна вынасіць і народзіць кананізаваны плод кахання. Як яна будзе абагаўляць тое дзіця! Аднак звычайны плод, з крыві ды клетак слізістай, мусіць быць выдалены.

Мне лёгка ўявіць, як сырым сакавіцкім вечарам яна апранае паношанае ружовае футра, у кішэні якога зліплася ў камяк салодкая арахісавая крыха. Вось яна стаіць пад вокнамі Быка, як калісьці стаяла пад вокнамі суддзі. Падыдзем бліжэй. Зараз яна заклапочана тым, што ўзводзіць унутры сябе музей (лямпы ў строгіх аблямоўках, ахоўнікі з рацыямі, служачая ў форме, шыльдачкі з надпісам «Рукамі не кранаць!» – усё як належыць), дзе ад гэтага часу будзе выстаўлены найкаштоўнейшы мастацкі твор – Ён. Адзіная наведвальніца будзе любавацца мужчынам здалёк, як цудоўным палатном, яна абавязкова гэтаму навучыцца. Ці ведаеш, родны, шэпча яна, звяртаючыся да акон (малюнак на зашморгнутых фіранках уяўляецца ёй свяшчэннымі таямнічымі пісьмёнамі чужога жыцця), мне досыць толькі майго кахання, кахаеш ты ці не – не мае значэння. Ад таго, што я – закаханая, свет напаўняецца вялікім сэнсам! І ні за якія даброты я не аддам гэтае шчасце: ведаць, што ты ёсць, ты дыхаеш, ходзіш, размаў-ляеш (чэша галаву, пазяхае, пераключае тэлеканал – гэтым ён якраз заняты) не ў іншым Сусвеце. Галоўнае – я цябе сустрэла! І няхай ты па волі лёсу дзесьці цяпер знаходзішся (у кухні, адчыняе лядоўню – шукае, што б з’есці), гэта неістотна. Цуд у тым, што мы адначасова ўвасобіліся на гэтай планеце! Ты для мяне – нябесная музыка сфер («музыка сфер» назірае за работай самагоннага апарата, які ў якасці пасага перавезла ў яго апартаменты буфетчыца: усё ідзе як след, варыва шматабяцальна бурболіць). Маё каханне зрабіла мяне царыцай! Яна стаіць у старэнькім штучным футры, якому няма зносу, а навокал шуміць чалавечы лес, ганарліва прагульваюцца пад руку парачкі. Жанчыны з драпежнымі ўсмешкамі апрануты, акрамя даўгіх норкавых футраў, у мужчынскія пажадныя позіркі. У школе тыя лэдзі наўрад ці плакалі над класічнымі навеламі, ва ўсялякім выпадку, не падобна на тое, каб чытанне нанесла істотны ўрон іх прыроджанай сцярвознасці, якая так высока цэніцца мужчынамі. Але што Юлечцы да іх! Паўсядзённасць – не яе доля. Чорны хлеб звычайшчыны. Народжаны лятаць не можа поўзаць. Зверху льецца ненатуральнае святло, нібыта ў кардонных нябёсах якраз над яе вязаным капялюшыкам прарэзана дзірка, куды гераіня, па задумцы рэжысёра, у фінале ўзнясецца жыўцом пры дапамозе прыхаванага пад’ёмнага механізма. Тым часам хтосьці наверсе, над сцэнай, уключае халодны душ. Ледзь не зачапіўшы Юлечку крылом, над ёю праносіцца нейкая птушка, відавочна, прыняўшы дрыжачую постаць, якая цярпліва стаіць пад дажджом, за абляцелае маленькае дрэўца. Жыві, маё каханне, вольна ды шчасліва, тваю хваробу яшчэ не позна залячыць ін’екцыямі абавязку, таблеткамі забыцця (штосьці заклініла ў гэтай д’ябальскай штуковіне, і ён апёк правую руку; брыдкасловячы, падстаўляе далонь пад струмень халоднай вады – напэўна будуць пухіры, і як цяпер вітацца з начальствам?), у мяне ж нож расстання назаўжды застанецца пад лапаткай. Жанчына з нажом пад лапаткай выцірае слёзы шчасця зацыраванай рукавіцай. Няшчасныя стварэнні навокал весела шчабечуць. Ёй іх шкада. Няхай яе сэрца цяпер баліць – гэта самае сапраўднае сведчанне таго, што яно жывое! А ў некаторых сэрца мёртвае ад нараджэння, і яны нават пра тое не здагадваюцца. Яна і зараз стала б пылам пад Яго нагой, гноем, які спатрэбіўся б Яму для дачнага гародчыка, чарвяком, калі б Яму закарцела адправіцца на рыбалку. Аддаўшы Яму нешта бескарыснае ды нікчэмнае – сваё жыццё – яна б ведала, што лепшага прымянення яму няма. Яна ахвяравала б свае вочы, калі б ён раптам аслеп. Яна з радасцю загінула б дзеля Яго. Адзінае, на што яна не здольная, – гэта жыць з Ім. Што ж, няхай памятае пра яе, але трымаецца на адлегласці. Яго голаса па тэлефоне досыць, каб яна разыграла задуманы ёю сцэнар, атрымала кволы праменьчык кахання – яна не патрабуе, як тыя хцівыя жанчыны, усё Сонца цалкам. Дык няхай жа Ён будзе на вышыні і дасць ёй раскошную магчымасць пакутаваць, інакш ёй давядзецца выправіцца на пошукі новага кáта.

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх