Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 32

Менада і яе сатыры
Частка другая
Фігура, якая адсутнічае
16

Оглавление

Не толькі Юлін матрыманіяльны танец абарочваецца скокамі на магіле. Кабет горада вабіць мара набыць на рынку жыцця (або вырваць у канкурэнткі) маленькі партатыўны Сусвет, у якім можна несупынна круціцца ўвішнай планетай вакол адзінага Сонца – Яго. Гэтага досыць, каб «адчуваць сябе жывой». Недзе (магчыма, у іншых Сусветах) экзістэнцыяльныя сэнсы растуць, нібыта грыбы пасля дожджычка, але тутэйшыя жанчыны ведаюць толькі адно «прызначэнне». Былая калега Юлі, настаўніца літаратуры, ужо некалькі год піша лісты ў месцы пазбаўлення волі, паўзоны крымінальнай жыве на яе прадуктовых пасылках, бедная літаратарка лічыць, што МПВ – гэта нешта накшталт камеры захоўвання ці банкаўскага сейфа, дзе яе кандыдат застанецца «цэлым і непашкоджаным» на працягу ўсяго тэрміну свайго заключэння. Нядаўна гаротніца атрымала ад актуальнага жаніха эпісталу наступнага зместу: «Ты че, радная, афонарела место в пасылке книжками займать? На хера мне книжки? Прислала бы лутше сигаретоф и чаю!» А вось яшчэ вясёлы выпадак: дзве досыць прыстойныя спадарыні, адна – урач, другая – дэпутат мясцовага саўдэпа, не могуць падзяліць паміж сабой занюханага сантэхніка ЖЭСа – гэты ЖЭСаўскі Казанова то ў адной на канапе паляжыць, то ў другой хатніх пельменяў паесць. Дык гэтыя дзве інтэлігентныя пані нядаўна змяцелілі адна адну (у якасці баявога снарада выкарыстоўваўся прас, ды не абы які, а фірмы «Філіпс»), ды так, што выкліканыя міліцыянеры доўга чухалі патыліцы. Абедзве кралі, мабыць, змалку засвоілі: за шчасце трэба змагацца, дзіва што! Дарэчы, шлюбны паядынак адбываўся на кватэры адной з прэтэндэнтак, прычым – увага! – аспрэчваемы самец знаходзіўся тут жа, у суседнім пакоі, куды ён далікатненька знік, прадаставіўшы жанчынам самастойна высвятляць адносіны.

…Яны будуць накіроўвацца на пошукі кахання, пакуль не састарацца. У большасці людзей з узростам вырастае арагавелы мазоль на тым месцы, якое ў юнацтве было святлоадчувальным. У Юлі гэтае месцейка па-ранейшаму мяккае, як цемечка ў немаўляці. Кожныя Каляды яна спяшаецца туды, дзе ў святочна ўпрыгожанай вітрыне крамы зіхаціць чароўны цуд, што ўразіў яе яшчэ дзяўчынкай. Помніцца, тады яна знерухомела ў нямым захапленні, а потым плакала і патрабавала купіць, і ёй растлумачылі, што «гэта» не прадаецца, рэкламны трук адміністрацыі магазіна, прызначаны якраз для таго, каб яна выбрала для сябе што-небудзь іншае на гэтым свяце жыцця. Усе людзі, калі становяцца дарослымі, прыслухоўваюцца да разумнай парады, але толькі не Юля. Штогод яна накіроўваецца да вітрыны, дзе блішчыць ды пераліваецца прамяністымі агнямі рэкламны трук Госпада Бога: Вялікае Ра-мантычнае Каханне. Ці ёй супраціўляцца цуду? Яе маці глядзела ўверх, на далёкую зорку, і чакала. Юлечка ўзнімаецца на дыбачкі ды слабымі рукамі імкнецца дацягнуцца да халоднай зоркі, якую сама прыдумала. Яно заўжды з ёю, яе прагорклае ды запляснелае дзіцячае каханне. Яна ўважліва параўноўвае яго з арыгіналам – тым, у вітрыне.

Што ж, калі змахнуць наліплыя арахісавыя крошкі, будзе зусім падобна.

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх