Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 26

Менада і яе сатыры
Частка другая
Фігура, якая адсутнічае
10

Оглавление

А між тым жыццё, грубае і бесцырымоннае, як п’яная акушэрка, нахабна зазірае Юлі ў твар і выштурхоўвае яе з матчынага ўлоння кніжнага самападману сюды, у гэта камунальнае пекла. І што можа колішняя выдатніца супрацьпаставіць брутальнаму націску быцця, яго дзелавітай заклапочанасці сваім працягам?

Тут якраз падаспела цікавая часіна, якая рассунула межы гарадка. На дзесяцігоддзе заканчэння школы 10 «Б» упершыню сабраўся не ў поўным складзе. Стараста Люда Грыневіч, якая мела намер ахвяраваць свае сумленныя камсамольскія вочы на карысць камуністычнай рэвалюцыі ў ЗША, трансфармавала мару, пабралася шлюбам з амерыканскім дзядзькам, уладальнікам вялікага капіталу, ды з’ехала за акіян. Прыгажуня Зоя Мардасава, якая стала афіцыянткай у тутэйшым начным клубе, таксама не разгубілася, па-свойму выкарыстала шматпартыйны стыль часу: скалаціла вясёлы гурт дзяўчатак, якія выступілі з прапановай багатага спектра інтымных паслуг на шашы Брэст – Масква, а потым перабралася з лепшай часткай «актыву» у Турцыю, дзе бізнэс ішоў больш прыбыткова. Саша Сомаў, скарочаны з арміі, стварыў камерцыйную фірму, прагарэў, і адным пахмурным ранкам яго выцягнулі з зашмаргі ва ўласнай кватэры.

А што ж Юля? Здаецца, яна адна вымаўляе ў гэты змрочны час слова жыць без прыстаўкі. Гэта іншым трэба пера-жыць (дзень), да-жыць (да заробка) і вы-жыць (у рэшце рэшт). Для яе жыць зна-чыць толькі адно: кахаць. А кахаць яна ўмее! Жахі «пераходнага перыяду» няздольныя прывесці яе ў роспач – яны проста не адносяцца да яе love-story. Пэўна, лёс, які строга назірае за тым, каб жыццё нікому не здавалася мёдам, ва ўпор не бачыць Юлю, падманваецца (да часу) гэтай піратэхнічнай шуміхай, бутафорскім агнём і дымам на сцэнічнай пляцоўцы. Магчыма, лёс памылкова лічыць, што і тут папрацавала яго цяжкая рука. Страшна думаць, што калі-небудзь ён спахопіцца, выявіць промах і прымусіць былую выдатніцу прайсці ўвесь курс непрыдуманых выпрабаванняў экстэрнам.

Юля па-ранейшаму жыве ў пакойчыку інтэрната, дзе лядоўня «Саратаў» раве, як трактар, перакрываючы віскат заводскіх дзяўчатак за сцяной, а прусакі вечныя, як сам час. Даношвае тое ж футра, бо постаць яе не мяняецца, дый заробку хапіла б хіба на адзін новы рукаў. У яе русалчыных валасах з’явіліся сівыя пасмачкі, дзіва што – хутка трыццаць! Яе калега, выкладчыца літаратуры, ад’язджаючы на гістарычную радзіму, аддала ёй свае старыя лыжкі, талеркі, патэльні ды тэрмас (з дзіркай), – інакш, напэўна, Юля ела б з далоні. За пяцьдзясят яшчэ савецкіх рублёў яна набыла ў ад’язджаючых рыпучую канапу, на якой дарыць каханне ўсё ж зручней, чым на правіслым да падлогі інтэрнацкім ложку. Дзякуй Богу, хоць пасцельную бялізну не трэба здабываць (прасціны-навалачкі з магазінаў зніклі, а загадзя накупляць, як іншыя прадбачлівыя гараджанкі, яна не здагадалася) – спіць Юля на казённай. Увогуле жыццё крута падаражэла, за бясцэнак ідуць адно ўзнёслае каханне ды таблеткі слабіцельнага – нікому не патрэбныя ў гаспадарцы рэчы. Правінцыялы на кішэчнікі не скардзяцца!

Юля між тым пакінула школу і перайшла ў нованароджаны камерцыйны цэнтр пры мясцовым заводзе, што вырабляе фены. Цяпер яна сядзіць у аддзеле маркетынгу і перакладае нудныя тэхнічныя тэксты, адпраўляе факсы ў замежжа. Плацяць ёй крыху больш, чым у школе, затое менш рэгулярна. Раз-пораз у цэнтры разыгрываюцца фантасмагарычныя латэрэі, у якасці суперпрыза выступаюць то боты, то чайнік, то ручнік (у колькасці 1 шт.). Аднойчы ёй проста-такі неверагодна пашанцавала: яна выйграла боты фірмы «Саламандра», а то б хадзіла, напэўна, басанож. Пад злосна-зайздрослівымі позіркамі калег Юля горда шпацыруе ў абноўцы. Былая аднакласніца і колішняя суседка па парце Таня Савіч, цяпер – касірка прадмага, прадала ёй «па блаце» некалькі кілаграмаў проса, бо крупы з магазінаў знікаюць таксама, нібыта ссыпаюцца ў невядомую чорную дзірку. Знікае, уласна кажучы, усё: ежа, адзенне, абутак. І толькі тэлеканалы вырастаюць, як бурбалкі на калюжынах, мясцовая газета не спраўляецца адво-дзіць ім калонку за калонкай на шкоду «актуальным і апера-тыўным» навінам. Варта рэдактару, эканомячы месца, выкрасліць назву якога-небудзь серыяла, як у рэдакцыі раздаецца шквал угнеўленых званкоў: ніводная гарадская праблема ані гучнае выкрыццё не выклікаюць такога народнага абурэння, як знікненне з праграмы ўлюбёнага серыяла, і разгубленыя журналісты самі сабе здаюцца фантомамі, менш рэальнымі, чым героі чарговага «мыла».

З агідай і страхам жыхары горада неяк перабываюць сваё дзённае жыццё-быццё, а ўвечары заміраюць ля тэлеэкранаў (адначасова, па законе сазлучаных сасудаў, зніжаецца ўжыванне алкаголю на душу насельніцтва). Адна Юля не глядзіць ні «Проста Марыю», ні прыгоды заморскіх прыгажунь ды прыгажуноў з Санта-Барбары. Круглыя суткі круціцца ў яе мазгу серыял уласнай нясумнай меладрамы. Вось толькі слёзы яна пралівае аб сваіх героях сапраўдныя, і адчаю аддаецца шчыра, без хітрыкаў (выдатніцу заўжды вылучала добрасумленнасць). Магчыма, употай яна спадзяецца, што такім чынам здолее разжалобіць нябеснага кіраўніка бесперапыннай ваеннай падрыхтоўкі, у якую ператварылася яе жыццё, бо калі ён прыйдзе да высновы, што яна пакутуе недастаткова, дык і пакарае мацней. Адчыніўшы старыя дзверы (іржавыя петлі з дзяцінства не змазваліся), яна бачыць, што дзяўчынка з паламанай лялькай усё гэтак жа ляжыць на дыванку ля матчынага ложка, а ў скарбонцы з выявай Кіева-Пячэрскай Лаўры паўнюсенька выведзеных з ужытку медзякоў неіснуючай дзяржавы. Незнаёмка, Менада, Параненае Сэрца, Пакінутае Дзіцянё, Дзяўчынка-Дыванок-ля-Яго-Ног – як яшчэ цябе завуць?

Дзверы яе вязніцы, зрэшты, адчыненыя, дастаткова штурхнуць іх мацней, каб атрымаць свабоду. Лютая паўтаральнасць збітага сюжэта, тупая пакорлівасць ролі зададзены ёю ж самой. Так, гэта яе раман! Яна тое разумее, бо мае досыць высокі IQ, і вось што запісвае ў сваім дзённічку пры рамантычнай свечцы (электрык інтэрната тыдзень як у запоі): «Ты сядзіш перад шахматнай дошкай у позе лотаса і з ёгаўскім спакоем назіраеш за перасоўваннямі фігур, якія ажыццяўляе твой супернік – Жыццё. На яго хады, так прынята, ты павінна адказваць. Але ты бяздзейнічаеш, фігуркі гуляюць без правіл, пакуль раптам не складваецца доўгачаканая сітуацыя: белы слон на Е-5. І адразу штосьці шчоўкае ў тваім мазгу, чорная каралева імчыцца насустрач чужому слану, падводзячы пад мат уласнае сэрца, пасля чаго чорныя надоўга выбітыя з гульні. Калі ж яны зноў на дошцы, яны яе не бачаць і бадзяюцца, як самнамбулы… Белыя робяць, што хочуць, чорныя ў роспачы… Раптам – белы слон на Е-5! І ўсё пачынаецца спачатку. Чаму ты не ўмееш гуляць пешкамі ды ладдзямі – толькі галоўнай фігурай адразу?! Зрабі, зрабі ракіроўку! І тады, калі белы слон зноў апынецца на Е-5, чорная каралева будзе а-ба-ро-не-най!»

Што ж, нездарма яна развівала ў школе свой інтэлект, навед-ваючы шахматны гурток. Вось верш, які яна запісала ў дзённіку:

Мой мозг як школьны клас, у якім – нуда:

настаўнік-памяць злуе несупынна,

за партамі катуюцца ўспаміны

пра ўсе мае памылкі (жах!) – шкада,

не граматычныя: бо так, як я,

ніхто не мог у аслупянелым класе

з дакладнасцю прыроднага чуцця

бліскучы сэнс надаць складанай фразе.

…Убачылі. За мною па слядах

нясуцца шкаляры і стогнуць цяжка,

у няшчырых захлынаюцца слязах,

як хітрыя вакзальныя бадзяжкі.

Хапаюцца за крысы паліто:

«Нас безліч тут! Мы ўсе – твае нашчадкі!»

Куды схавацца мне? Як я, ніхто

не памыляўся! Ах, калі б спачатку

пачаць! На скронях крэйда, на руках.

…Дык ці не лепей выкрасліць адразу

жыццё сваё – як той анучкі ўзмах

граматыкай адхіленую фразу?


Але зразумець тое-сёе наконт сябе – яшчэ не значыць перамагчы пачварную схільнасць. Хіба не ведае электрык пра заўтрашняе пахмелле? Ведае, але працягвае перакульваць шклянку за шклянкай. Падзёрты сшытачак перад ёю (на вокладцы ўказана, каму [зразумела – Яму!] перадаць у выпадку раптоўнай смерці аўтаркі) – зусім не дзённік самадрэсіроўкі сябра таварыства ананімных алкаголікаў, у якім адзначаюцца вехі пазбаў-лення ад шкоднай звычкі. Тут сабраны «лісты Незнаёмкі» да акту-альнага «белетрыста Р». Баляванне азначэнняў у найвышэйшай ступені, крыкі жарсці ды болю. Гераіня Цвейга напісала першы і апошні ліст адзінаму мужчыне, а пасля памерла, – але Юлечку гэта не бянтэжыць. Кожны раз яна кахае як упершыню – і, вядома ж, назаўжды! Яна шчыра верыць у гэта.

Вось і зараз яна, паглядаючы на свечку, устаўленую ў рыльца пустой бутэлькі з-пад віна, піша чарговы любоўны ліст, які бездапаможна бялее на бруднай цыраце стала, як незагарэлая скура пад майткамі. На жаль, яна спазнілася пакінуць гэты свет па рамантычных канонах – у сямнаццаць год. Цяпер ёй ужо не ўдасца памерці маладой. Але лепш позна, чым ніколі. Аддаўшы належнае гэтым старонкам, як каштоўным вінам, Ён калі-небудзь ацэніць узнёсласць яе душы (забыла яна, ці што: жыхары правінцыі аддаюць перавагу больш моцным напоям). Жыццёвы шлях ба-чыцца ёй лыжнёй, збочыць з якой нельга, аднойчы выбраўшы напрамак. Пяцёрку па фізкультуры выдатніцы заўжды нацягвалі, на лыжні яна трымаецца хістка, і таму, каб не зашыцца носам у снег, ёй неабходныя лыжныя палкі цытат. Што казала з гэтай нагоды Марына Іванаўна? А Ганна Андрэеўна? Партрэты дзвюх вялікапакутніц кахання, нібыта сямейныя фотаздымкі, упры-гожваюць сцены яе пакойчыка. Яна слухае заезджаныя дыскі модных спявачак, ад якіх даверлівыя душы дзяўчат падзара-джаюцца, як акумулятарныя батарэйкі, рамантычнай тугой, і кожны раз не можа не праслязіцца.

Сумаваць заўжды модна! Гэта так па-жаночы!

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх