Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 29

Менада і яе сатыры
Частка другая
Фігура, якая адсутнічае
13

Оглавление

Бог, адбіраючы жыццё, пасылае смерць. Мужчына не такі міласэрны. Твае маленькія жыцці, узятыя Імі, пахаваны ў тым заснежаным грудзе, кажа яна сабе. Шэрая і паніклая, яна сядзіць у халоднай халупе (дровы скончыліся яшчэ ў лютым, а цяпер красавік), машынальна стрэсваючы попел у кубак з кавай. Ён больш не кахае яе, і ў яе цяпер няма ні цела, ні душы, яна – бясплотны прывід, не больш рэальны, чым гераіні яе ўлюбёных літаратурных твораў, – не, куды ёй да іх! Здаецца, скрозь яе, як скрозь цыгарэтны дым, можна ўбачыць брудны посуд ды плямы на шпалерах. Пакінутае Дзіцянё маўчыць, схаваўшыся ў кокан сваёй безабароннасці. Затое не маўчыць іншы, здрадніцкі голас унутры яе. Ты, дамарослы псіхааналітык, наіўна спрабуеш разгадаць уласныя сны і замахваешся на боскае наканаванне. Ты намагаешся перайначыць свой жыццёвы сцэнар – а навошта? Ты ж не хочаш пражыць сваё жыццё без кахання? Бо чаго яно вартае, жыццё без кахання? Без кахання ты падобная да высахлага рэчышча, па якім ужо не пройдзе ніводны карабель. А калі так, дык будзь паслухмянай дзяўчынкай і не драпайся, чуеш? Ніхто не можа выратаваць кагосьці (няхай нават і самога сябе) насуперак яго жаданню, інакш самі нашыя паратункі былі б падобнымі да згвалтавання. Пазбаўляць сябе ілюзій, адкрываць сабе вочы на манер містыкаў-вар’ятаў, што адразалі павекі, каб сон не перашкаджаў ім аддавацца пошуку Абсалюту, – танная паказуха. Ты ж сама напісала для сябе гэты сюжэт, прыдумала яшчэ ў школе, ці не так? І ты ў ім шчаслівая, шчаслівая!

Так, але… як жа можна быць шчаслівай, штораз скіроўваючыся па пратаптанай сцежцы прадказальных рэакцый, не згаджаецца другі голас. Зрэшты, ён зусім ціхі, яго не пачуюць. Першы голас, між тым, даводзіць сваё: можна і далей ап’яняцца пачуццямі, як віном, трэба ўсяго толькі не заўважаць, што з-пад стракатага рыззя тырчыць палка ад швабры з напнутым на яе парыком, ды лялька з анучак цягне да пачварнага ідала рукі ў ненатуральным жэсце, трэба верыць, што ўвесь гэты пыльны рамантычны рэквізіт і ёсць Каханнем…

І старанна рабіць выгляд, што ты не ведаеш пра заўтрашняе непазбежнае абуджэнне.

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх