Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 25

Менада і яе сатыры
Частка другая
Фігура, якая адсутнічае
9

Оглавление

Дый Галіна Іларыёнаўна памятае, як яе дзіцятка супраціўлялася з’яўленню на свет. Белыя халаты не маглі прымусіць гэтае немаўля пакінуць сваю ўтульную схованку, пакуль шматвопытная акушэрка з прыёмнага пакоя, зазірнуўшы ў радзільную залу пасля начнога дзяжурства і абдаўшы парадзіху пахам зусім не амброзіі, не налягла ўсёй сваёй немаленькай вагой на локаць, якім прыціснула жывот Галіны Іларыёнаўны («Ну што, тваю маць, разляглася тут, карова?!»), – і Юлечка імгненна выскачыла вонкі.

На шчасце, прырода не ведае выпадкаў зваротнага развіцця дарослай істоты ў эмбрыён. Дый маці, думаю, не ўзрадавалася б такой перспектыве. Яна даўно не адгукаецца любоўю на якія б там ні было праявы жыцця. Яе адказам свету стала нянавісць: да равесніц-пенсіянерак, іх азызлых мужыкоў, але асабліва – да маладых жанчын, у якіх, як кажуць, усё яшчэ наперадзе. Гледзячы на сваіх пабляклых таварышак па хімкамбінату, Галіна Іларыёнаўна прыбадзёрылася. Усё жыццё яна каўтала галодную сліну зайздрасці, з нізка апушчанай галавой несла сваю адзіноту, як сорам, – і вось настаў яе час! У маладосці былі мужчыны, яны чагосьці патрабавалі, потым сыходзілі, адзін з іх пакінуў пасля сябе дзіцёнка, потым дзіцёнак чагосьці патрабаваў (па сутнасці, няшмат – каструлю супу на тыдзень ды школьнай формы навыраст); даводзілася хадзіць на завод, сядзець у куце за шафай пад абадраным календаром з вечна юнай заразай-японкай ды шчоўкаць на лічыльніках-кругляшах, скідвацца на юбілеі ды пахаванні, бегаць на сходкі… Там, у гэтым куце, прайшло трыццаць сем год яе жыцця. За гэты час узнікалі ды рушыліся дзяржавы, а ў яе свеце змянілася адно: замест драўляных лічыльнікаў з’явіўся калькулятар. Да наступнай стадыі прагрэсу – камп’ютара – яна не дасядзела: грымнула пенсія.

Стаўшы пенсіянеркай, з кожным днём Галіна Іларыёнаўна нібыта маладзее. Пры гэтым штосьці анамальнае адбываецца з яе мазгамі: яна адчувае сябе ўсё больш шчаслівай. Вось яна набірае нумар былой таварышкі па службе, у якой мужык ляжыць з інсуль-там. Звоніць нібыта падтрымаць, а насамрэч – каб забяспечыць сабе прыток гармонаў радасці, эндарфінаў. Прастадушная сяб-роўка выплаквае ёй сваё гора. Галіна Іларыёнаўна спагадліва вохкае, трыумфуючы. Дык гэта тая сяброўка, якая ў маладосці вось з гэтым самым мужыком на ўласным «Масквічы» ад’язджала кожнае лета на поўдзень, і вярталася з адпачынку папрыгажэлая, з палымнеючымі радасцю вачыма! Тая самая! Але мінулае развеялася, як дым, а зараз, калі ласка, ёсць іншае: калода, якая робіць пад сябе, смурод звярынца. Цяпер у Галіны Іларыёнаўны ўвесь дзень будзе цудоўны настрой. Бачыць, як дрэнна іншым, – вось яна, адзіная надзейная крыніца шчасця ў гэтым свеце, кры-ніца, якая ніколі не вычарпаецца. Для гэтага шчасця заўжды знойдуцца падставы, яго не адбяруць, як мужчына калісьці, сыходзячы, адбіраў у яе сваё цела, а разам з ім – і сэнс жыцця, таму дык і радасць валодання каханкам ніколі не бывала поўнай, яе праядаў чарвяк страху: Галіна Іларыёнаўна баялася страціць мужчыну, яна ўсмоктвалася ў яго, старалася ўвабраць у сябе і там, у патаемнай глыбіні, пахаваць альбо ператварыць у зародак, але мужчына не хацеў быць пахаваным у яе ўлонні, ён уцякаў, заўжды ўцякаў, і яна заставалася адна – як цяпер. Але цяпер у яе, прынамсі, ёсць суцяшэнне: больш спрытныя таварышкі нічога не выйгралі.

У тых, каму яна некалі шалёна зайздросціла, мужыкі п’юць, хварэюць або ўжо ляжаць на могілках, унукі-наркаманы крадуць пенсійныя грошы. У яе няма ўнукаў, затое ёсць тэлевізар. Ён не патрабуе ежы ды лекаў, за ім не трэба выносіць гаршкі ды мыць штаны, ён не запускае клюшню ў яе кашалёк. Галіна Іларыёнаўна вельмі любіць фільмы з ўдзелам артысткі Федасеевай-Шукшыной, на якую, кажуць, яна была падобная ў маладосці. Ёй досыць кампаніі тэлевізара, яна не хоча мець у доме нават сабаку. Жывое заўжды гадзіць. Цяпер яна ненавідзіць жывое, бо калісьці занадта прагла яго, але яе жарсць засталася непадзеленай. Пакрыўджаная, яна парвала сувязі са светам жывых. Не, хвіліначку – засталася дачка. Яна, маці, прысвяціла маладосць гэтай няўдзячнай істоце! Яна і зараз пра яе клапоціцца, нават наведвае ў інтэрнаце, то цыбуліну прынясе, то хвосцік моркаўкі. Ніхто не скажа, што яна дрэнна выканала свой матчын абавязак. Хаця магла б, чаго там мянціць, зрабіць аборт, ніхто б яе не асудзіў. Хто ведае, як склаўся б тады яе лёс? Цалкам мажліва, што яна стала б зоркай, як тая Федасеева-Шукшына!

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх