Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 24

Менада і яе сатыры
Частка другая
Фігура, якая адсутнічае
8
Глядзець праўдзе ў вочы

Оглавление

Яна ляжыць, як выпатрашаны патолагаанатамам труп. Жыццё-якое-яно-ёсць бязлітасна глядзіць ёй у твар вокам халоднага світання, ад гэтага позірку яна скурчваецца і камянее. Каб уратавацца, трэба шыць новую ляльку з ануч ці, прынамсі, стрэсці пыл з ранейшай. Гэта лёгка: Бык, міф пра боскае паходжанне Якога не развеяны (гэткі Зеўс у камуфляжы), нападпітку яшчэ не раз будзе захаджваць да яе ад сваёй буфетчыцы – так сабака на шпацыры, імкнучыся да новых рубяжоў, ніколі не абміне даўно аблюбаваны ім кут. Але ўмоўны рэфлекс нават у свяшчэннай жывёлы паступова слабее. У дарэмным чаканні каханка Юля не паднімаецца з ложка да абеда – не таму, што хоча спаць, а таму, што не бачыць сэнсу прачынацца. Яна ляжыць тварам да сцяны, ляжыць нерухома, як лялька з ануч. Раней яна любіла вязанне; клубок воўны (альбо пража з крапівы, сарванай апоўначы голымі рукамі, усё роўна) у цяжкую хвіліну, гэта даказана, можа стаць ніт-каю Арыядны, якая выратоўвае жанчыну ад сябе самой, – а хіба ёсць больш заблытаны лабірынт на свеце? Але зараз Юлі гэта не дапамагае. Як матчына ўлонне, яе агортвае боль. Нібыта немаўля ў чэраве вагітнай, яна спачывае ў сваім смутку. І я, нарэшце, пачынаю разумець нешта важнае для майго расповеду: бяда ў тым, што мая гераіня не можа глядзець праўдзе ў вочы. У кароткія моманты ацверазення ў Юлі не хапае смеласці зірнуць у твар рэчаіснасці, гэтай Медузе Гаргоне. Зрэшты, у гэтым яна падобная да большасці людзей.

Старажытныя грэкі лічылі, што сам позірк Гаргоны ператварае чалавека ў камень. Але цалкам мажліва, што гэты позірк, наадва-рот, абуджае – прымушае ахвяру ўбачыць жыццё-якое-яно-ёсць, а менавіта гэтага чалавек пазбягае, колькі можа. Людзі зусім не жадаюць ведаць праўду пра сябе, яны не ў стане глядзець на сваё пустое, убогае існаванне, і таму з ахвотаю выдумляюць саміх сябе ды іншых. Зведаўшы ісціну, няшчасны, які дагэтуль больш ці менш салодка спаў, больш не здолее заснуць. Цяпер яму застаецца адно: хутчэй праваліцца ў тупое забыццё без сноў – па сутнасці, стаць каменем. Рэдкія чалавечыя істоты могуць трываць рэчаіснасць, не скамянеўшы. Юлечка да іх не належыць. Ліхаманкава цягнецца яна па новую порцыю любоўнага зелля – інакш манатоннасць існавання ў гарадку проста невыносная.

Вось чаму правінцыя з’яўляецца месцам самага адчайнага дыянісійства. Бога ап’янення шануюць тут вышэй за ўсіх іншых багоў – зямных і нябесных. У той час як мужчыны аддаюць перавагу вінаграднай лазе, жанчыны ператвараюцца ў менад, што ашалелым гуртом бягуць за дарыльшчыкам ілюзій. Абы толькі ўцячы – ах, хаця б на хвілінку! – ад позірку Гаргоны. Ды і чым было б іх жыццё, не расквечвай яны яго гэтай старажытнай гульнёй? Юля ў гэтым натоўпе тых, хто прагне забыцця, – першая. Самнамбулічна задраўшы галаву і заплюшчыўшы вочы, яна танчыць свой экстатычны танец. Напэўна, іншага ёй не дадзена, пакуль смерць сваім манаршым указам не вызваліць яе ад абавязку быць першапраходцам terra incognita яе «я», гэтай Ямерыкі, якую ніводны Калумб чамусьці не спяшаецца даследаваць. Яна імкнецца адкрыць гэты багаты ды квітнеючы мацярык – сябе – у мужчынах, але штораз знаходзіць адно голую камяністую выспу, нікім не населеную. І тады Менада ператвараецца ў Параненае Сэрца, потым у Пакінутае Дзіцянё – маленькую рыбку, што плёскаецца ў каляплодных водах любоўнае пакуты, пакуль яе не падчэпіць на кручок ды не выцягне новы Рыбак. Як казачны герой, уцякаючы ад пачвар, становіцца то воўкам, то шчупаком, мая гераіня прымае розныя абліччы, абы толькі збегчы ад нудоты правінцыйнага жыцця. Падсвядома яна імкнецца вярнуцца ў матчын жывоцік – настолькі няўтульна ёй тут. Калі б псіхааналіз пранік у родныя пенаты, і Юля апынулася на прыёме ў яго дыпламаванага прадстаўніка, доктар, верагодна, пацвердзіў бы маю здагадку, канстатаваўшы: пацыентка драпіруецца ў шчыльны кокан самападману, які імітуе матку.

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх