Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 28
Менада і яе сатыры
Частка другая
Фігура, якая адсутнічае
12
Сон гераіні
ОглавлениеЯна дрэнна спіць на сваёй рыпучай канапе, прачынаецца, успамінае пра яго, сэрца сціскаецца ад жалю («Бедны, бедны… Якія хцівыя жанчыны былі з ім побач…»), і зноў накатвае шэрая каламуць сну. Вось яна сядзіць ля магілкі, грудок зусім замёрз, бо на вуліцы зіма… З-пад дзвярэй балкона, ля якіх на падлозе скур-чылася дзяўчынка, цягне холадам… Дык хто ж яна: дзяўчынка? Жанчына? І хто тады ляжыць у магіле? Снег усё падае ды падае, вось ужо на грудзе выраслі бялявыя кветкі, і яна не можа не любавацца іх вытанчанай празрыстасцю. На ёй школьная сукенка з латкамі, якіх яна саромеецца нават у сне, побач – пухлы партфель выдатніцы. Раптам з’яўляецца Матэматык, ён спрабуе схіліць яе пакінуць гэтае месца і пайсці разам з ім. Куды? Яе гэта не цікавіць. Яна адмаўляецца. Пераскокваючы на бягу праз скакалку, набліжаецца дзяўчынка ў летняе сукенцы, сандалях на босую нагу і з блакітным бантам. Гэта яе дачка, двойчы выскрабеная ў абартарыі трактарнага завода. Малеча штосьці шукае ў снезе, парушаючы дасканалы парадак вытанчаных кветак, нарэшце, выцягвае з груда голую ляльку з выкалатымі вачыма ды выкручанымі рукамі і збягае са сваёй знаходкай. На грудзе паспяваюць вырасці новыя снежныя зараснікі, калі з’яўляецца Ён. Хто менавіта? Твару не бачна, замест яго – снежная маска. Не, Ён ідзе не да яе і нават не ў яе бок, але Юля ўсё роўна кідаецца следам за Ім – да іржавага касцяка аўтобуса без колаў і з выбітым шклом, які чарнее пасярод снежнае пустэчы. У салоне багата людзей, яны жартуюць і смяюцца, сярод іх – прыгожая жанчына з каляскай, у якой спіць дзіцянё. Юля з болем назірае, як Ён бярэ немаўля на рукі: яе зноў апярэдзілі! Раптам з’яўляецца чалавек у форме кантралёра і патрабуе прад’явіць білеты: самалёт адпраўляецца… Самалёт!? З іржавых бакавін аўтобуса сапраўды вырастае штосьці накшталт срэбнаватых крылаў. Чалавек у форме між тым падыходзіць да Юлі. Яна пачынае ліхаманкава шукаць ў кішэнях, але выцягвае адно жменю пакамечаных аўтобусных талонаў. Пад дакорлівым позіркам кантралёра яна, згараючы ад сораму, саслізгвае на абледзянелыя прыступкі трапа, не можа ўтрымаць раўнавагу, падае, стукаецца аб штосьці цвёрдае… Твар у яе цяпер акрываўлены. А снег ідзе ды ідзе, нічога не бачна навокал, акрамя суцэльнай яго масы. Куды ісці? Цяпер яна нават не знойдзе сваёй магілкі…