Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 30

Менада і яе сатыры
Частка другая
Фігура, якая адсутнічае
14

Оглавление

Ёй усё яшчэ мрояцца паўліны на арэлях Крышны ды Радхі. Але надыходзіць момант, калі дарослая дзяўчынка, патушыўшы цыгарэту ў кубку з кавай, не ведае, куды бегчы ад самой сябе.

Што ж, яна вырашае «прайсціся». Ускраіна горада, дзе яна цяпер жыве, дае шырокія магчымасці для шпацыраў. У пачатку кахання Юля звычайна ляціць над зямлёю, нібы птушка, не гледзячы пад ногі; калі ж набліжаецца «канец Цудоўнай Эпохі» (зрэшты, Юля не чытае Бродскага – толькі Цвятаеву), яна, цвярозая ды згорбленая, валачэцца, не маючы моцы падняць пацяжэлую галаву. Сёння якраз такі дзень. Юля балесна спатыкаецца позіркам аб усё, што яшчэ нядаўна было схавана пад снегам, а цяпер бессаромна раскінулася навокал: паперкі ад цукерак ды жуек, затычкі ад пластыкавых бутэлек, пакункі ад чыпсаў, пачакі ад цыгарак…

Юля спрабуе перавесці вочы на штосьці іншае, але ўражанне не нашмат лепшае: бомж корпаецца ў кантэйнеры са смеццем, ля кругласутачнага магазіна «дзяжураць» субтыльныя суб’екты, апранутыя, нібыта акцёры ў авангардным спектаклі, у стракатыя плямы татуіровак-кровападцёкаў ды пінжакі на голае цела. Яна зноў апускае вочы.

…асколкі бутэлек, абломкі мэблі, унітазаў…

…косткі ды чэрапы жывёлін…

Яна ўздрыгвае, спатыкнуўшыся аб пластыкавы пакунак, у якім ляжыць штосьці мягкае ды пругкае, загорнутае ў набрынялую паперу. Юля ўзгадвае, што днямі калегі якраз абмяркоўвалі прачытанае ў мясцовай газеце: жанчына з гэтага мікрараёна нара-дзіла дома, а ўночы выкінула жывое дзіця ў смеццевы кантэйнер, загарнуўшы ў паперу. Калі знаходку выцягнулі, цельца немаўляці было аб’едзена пацукамі. Былая выдатніца ў жаху кідаеца прэч ад пакунка.

Каб забыцца на змрочныя ўражанні, яна вырашае наведаць парк свайго дзяцінства. Але і там яе чакае расчараванне: парку больш няма. Там, дзе раслі сосны з парыжэлымі кронамі, зеўрае катлаван, побач з якім старанна корпаецца бульдозер. Фантан і скульптурная група ператварыліся ў купу абломкаў. Галава менады валяецца сярод будаўнічага смецця. На твары ваблівая ўсмешка…

Пэўны час Юля стаіць ля драўлянага барака, міма якога дзяў-чынкай хадзіла ў школу. Ганак згніў, двор агароджаны замест плота іржавымі спінкамі ад дзіцячых ложкаў, што надае яму выгляд ваенна-палявой радзільні альбо могілак. Пад вокнамі растуць рэдкія дрэвы, Юля, здаецца, адчувае на шчацэ вільготнае дыханне яблыні. Падобная да хтанічнай маці жанчына паліць у двары мінулагодняе лісце. Дым, як сабака, лашчыцца да Юлі, ліжа ёй рукі, і плач падкатваецца да горла: дык няўжо ўсё скончылася – каханне, а з ім, адпаведна, і жыццё? Ці ёсць яно ўвогуле, жыццё пасля кахання? І якое яно? Пытанні ўзнікаюць міжволі. Юля баіцца адказваць на іх.

Азяблая, яна сядае ў аўтобус, які едзе да цэнтра. Тут яе хто-сьці рэзка хапае за плячо. Яна з цяжкасцю пазнае ў атлусцелай цётцы з пасмамі колеру морквы і сырым цестам падбароддзяў сваю аднакласніцу, адну з двайнят Рудаковых, здаецца, Кацю, а можа, Таню, яна заўжды іх блытала, хоць і вырасла з імі ў адным двары. Каця-Таня ахвотна ўладкоўваецца побач. Што ж, пазбегнуць размовы, пэўна, не атрымаецца.

«Да маці едзеш?»

«У той бок, – няпэўна адказвае Юля. – А ты… таксама да маці?»

Па застылым твары Каці-Тані яна разумее, што сказала глупства.

«Мама ўжо шэсць год як памерла», – строга адказвае неапаз-наная.

«Прабач… Дык ты, пэўна, да брата?»

Твар Каці-Тані выцягваецца.

«Лёша тры гады як памёр», – шыпіць яна.

«Прабач…»

Юля змаўкае. Яна так доўга глядзела выключна на неба, што развучылася хадзіць па зямлі: таго і глядзі, наступіць на чарговага нябожчыка. На шчасце, аднакласніца адыходлівая:

«Да Танькі еду… у яе таксама нічога добрага… мужык тры гады як кінуў, самотаю расціць дваіх, жылы з сябе цягне. Мой дык адразу спіўся, знік недзе… Вось ты скажы – чаго ім усім не хапае, га? – цётка, што аказалася Кацяй, зноў трасе Юлю за плячо, і былая выдатніца чуе выразны пах спіртнога. – Скажы, ты ж разум-ная, у школе на адны пяцёркі вучылася!»

Нарэшце Юля з палёгкаю пакідае аўтобус. У цэнтры больш чыста, чым на ўскраіне, тут прагульваюцца пары – ён і яна, яна і дзіцё, другіх нашмат болей, чым першых. Зрэдку трапляюцца цэлыя сямействы. Скончыўся вячэрні сеанс, і з чэрава кіна-тэатра выходзяць рэдкія наведвальнікі. Уперадзе Юлі павольна крочаць маці з дачкой; малая ў час паказу ласавалася марозі-вам – гэта бачна па вялікай шакаладнай пляме на яе паліцечку. Цяпер пляму заўважае і маладая маці. Яна пачынае трэсці дзіця з такой інфернальнай злосцю, што Юля, здаецца, чуе храбусценне пазванкоў. Юлі хочацца хутчэй збегчы адсюль, каб не чуць крыку дзяўчынкі, не бачыць ярка-чырвонага, падобнага на звівістага гада, рота маладзіцы, які вывяргае мацюканне. Гэтае дэжавю занадта моцна б’е па аголеных нервах. Ці даўно і яна была такою малечаю, якую дратавалі за найменшую правіннасць?

На гарадской плошчы п’е піва і забаўляецца моладзь. Дзяўча-ты ў спадніцах па самае няма куды прыціскаюцца да хлопцаў, п’яна і гучна рагочуць. Сярод іх яна заўважае некалькіх сваіх былых вучаніц. Юля робіць яшчэ некалькі кругоў па плошчы і не можа адагнаць думку, што гэтым юным раскаваным асобам яна ўяўляецца змардаванай цыркавой кабылай. Больш пайсці ёй няма куды. Што ж, дома, прынамсі, ёсць сцены, за якімі можна схавацца. У аўтобусе яна думае пра тое, што ўсе жанчыны горада, маладыя і не вельмі, чытаюць яны класіку ці не, хочуць, па сутнасці, аднаго і таго ж…

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх