Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 21

Менада і яе сатыры
Частка другая
Фігура, якая адсутнічае
5

Оглавление

Ці не лепей дацца ў рукі забойцы, чым у мару палкай жанчыне?

Ф. Ніцшэ, «Так казаў Заратустра»

Быку яна прадбачліва падсоўвае адну са сваіх фальшывых масак – Распусніцу. Цяпер яна заўжды іграе нейкую іншую жанчыну (як Незнаёмка перад белетрыстам Р.). Так патрабуе сюжэт яе рамана. Калісьці ў школе яна раскрывалася ў сачыненнях – і чым гэта скончылася? Калісьці перад суддзёй яна з’явілася такой, якая ёсць, – і дзе вынік? Акрамя таго, яна ўжо здагадалася, што «быкі» марнеюць ад подыху інтэлекту, інстынктам адчуваючы ў ім жар вогнішча, на якім іх калі-небудзь прынясуць у ахвяру. Школьны досвед пайшоў на карысць: больш яна не шакіруе прымітыўныя розумы цытатамі з элітарных пісьменнікаў, не паказвае сваім абагаўляемым нікчэмнасцям, хто яна насамрэч. Яе жаданне пяшчоты такое моцнае, што яна гатова стаць сляпой, глухой ды коснаязыкай, а заадно правесці рэзекцыю розуму, абы толькі быць хоць крыху каханай. Падпольная інтэлектуалка размаўляе з «Імі» на «Іх» мове – бяда ў тым, што ў яе гэта дрэнна атрымліваецца. Не толькі мядзведзю цяжка навучыцца граць на губным гармоніку: матылю не лягчэй імітаваць мядзведжую нязграбнасць.

Можна толькі здзіўляцца, як Бык ні пра што не здагадваецца, бываючы ў гэтым пакойчыку з паліцаю кніг ад падлогі да столі, як ён не разумее, што Распусніца – адно маска ў аматарскім ля-лечным спектаклі, парык, напнуты на палку ад швабры. Зрэшты, ён зносіць з сабою адну кнігу (няўжо ён умее чытаць?!), потым другую… Ён – вось дык справы! – расказвае ёй свой сон: бацька-нябожчык кліча яго да сябе, і менавіта ў яе, Юлі, ён шукае пара-тунку ад сваіх сноў. Вунь яно што: у гэтым моцным целе гняздзіцца страх смерці, гатовы вырвацца вонкі, як спружына з паламанай цацкі. Віват! Яна зрабіла немагчымае: ператварыла здаровую, надзеленую нервовай сістэмай прымата істоту ў псіхастэніка. Вось-вось ён прапануе ёй пабрацца шлюбам – такія толькі так і робяць! Здаецца, яна выпіла яго, а не наадварот: быкі не хар-чуюцца кветкавым пылком. Але як толькі ён гатовы ў яе закахац-ца, у ёй нараджаецца і расце страх: калі ён даведаецца, якая яна насамрэч, ён адразу ж з агідай адвернецца. Паўстаўшы з муж-чынам вочы ў вочы – у шлюбе гэта непазбежна – ёй давядзецца перастаць іграць ролю і апынуцца… а, дарэчы, кім? Дык жа якраз сябе яна і намагаецца схаваць за дзясяткам партатыўных асоб, бо ўпэўнена: ніхто не пакахае яе такую, якая яна ёсць. Матэматык – выпадковасць. Моцна абняўшы сябе рукамі, каб не загаласіць, яна ходзіць па пакоі, па сваёй клетцы, дзе кожная рэч «ведае сваё месца» і не асмельваецца парушыць Яго Вялікасць Парадак: любая кніга з вокладкай, якую ў правінцыйным гарадку знайшлі б дзіўнай, крыкам крычала б пра таямніцу наяўнасці ў яе гаспадыні інтэлекту, які тая імкнецца схаваць, нібыта ганебную хваробу.

Што ж, згодна з вядомым літаратурным сцэнарам, ад Быка цяпер патрабуецца адно: ён павінен кінуць яе, прымусіць пакутаваць. Як гэтага дасягнуць? Колішняя руплівая дзяўчынка, што зімнімі вечарамі цярпліва стаяла пад вокнамі суддзі, ведае на «выдатна», чаго мужчына не церпіць: Вялікага Рамантычнага Кахання. Яна раптам скідвае маску і аддае Быку ўсе лісты, якія пісала яму, не адпраўляючы (а гэта вялікі пачак). Замест Распусніцы перад здзіўленым героем-палюбоўнікам з’яўляецца разум-ненькая ды адукаваная німфа.

«Ты снішся мне з дзіўнай, але ўстойлівай перыядычнасцю – раз у месяц, – даводзіць яна ў першым з гэтых лістоў, адзіным, які небарака-адрасат здолеў адужаць. – Магчыма, каханы, гэта якраз і ёсць перыяд паўраспаду ядра маёй асобы: за такі час яно паспя-вае, быццам у якога-небудзь урана, часткова загінуць, але яшчэ здольнае аднавіцца, і тады ў сне з’яўляешся Ты, каб я не памерла зусім. Наўрад ці Ты ўпэўнены ў існаванні энергіі біяполя (у чым ён дакладна ўпэўнены, дык гэта ў тым, што Райка з роты сувязі ў ложку здабыла сабе званне маёра – менавіта так ён кажа саслужыўцам), дык вось, апошнімі даследаваннямі даказана існаванне нейкіх мікрачасцінак, якія матэрыяльна перадаюць духоўную сувязь блізкіх людзей на адлегласці, але, здаецца, толькі ў межах Зямлі (парушаць гэтыя межы ён яўна не спяшаецца). Так што не дарэмна мне заўжды здавалася, што, калі Ты снішся мне, з Табою ці са мною штосьці адбываецца, і рэакцыя на гэты сусветны жах – пратэст або пакора, скарга або праклён – перадаецца цераз нашыя духоўныя палі, якія толькі ноччу, напэўна, і ажываюць…»

Ён няздольны іграць у прыдуманым ёю сюжэце. Маска «бе-летрыста Р.» цісне простаму савецкаму байцу, як салдацкі бот меншага памеру. Дык жа яшчэ тыдзень таму яна была такою класнаю бабаю, піла прынесены ім самагон і без лішніх размоў магла забацаць досыць якаснае «французскае каханне»! Такой д’ябальскай яе зменлівасці небарака, які і так заблытаўся, не выносіць; ён даўно не можа не адчуваць нейкую недарэчнасць – без шклянкі не зразумееш! – у тым, што прыгожая, разумная (вунь колькі кніжак у хаце!) баба так упарта імкнецца апусціцца перад ім ніцма, растаць, нібыта кавалак бруднага наздраватага ільду. Стаяць на такім галавакружным п’едэстале ён не пры-звычаіўся, з яго хопіць і палкоўніцкіх зорак, пра якія ён марыць. П’яны ў дым (ён, здаецца, ужо баіцца званіць ёй цвярозым), разбаўляючы свае выказванні вершамі Высоцкага, ён называе яе «бабай, з якой і на салдацкім ложку прасторна» («А ёсць, разумееш, бля, сукі, з якімі і на двухспальным цесна»), просіць прабачэння за тое, што «зламаў ёй жысць» (а ёй толькі таго і трэба было – не, які ж ён ўсё-ткі дурненькі!). Яго, Быка, злавілі ў літаратурнае сіло, як шчыгла, але ён гэтага ніколі не зразумее. Недалёка тое імгненне, калі ахвярнае вогнішча пад гэтым укормленым (і – што паробіш! – заколатым) цялём запалае; няшчасны ўзважвае рызыку апынуцца ні на што не здатным і ўпасці з той вышыні, на якую яна ўзнясла яго ў сваіх лістах: яго пачынае мучыць страх імпатэнцыі. Цяпер прыйшла яго чарга прымяраць маску, каб зрабіць на Юлю ўражанне; але для яго тое напружанне настолькі непасільнае, што ён не вытрымлівае і напіваецца ўшчэнт, і ў гэтым стане падчэплівае нейкую вакзальную буфетчыцу з тварам неапахмеленага прапаршчыка. З кватэры той анекдатычнай асобы ён і тэлефануе каханцы, упэўнены ў тым, што Юля, падагрэтая рэўнасцю, стане маліць яго не кідаць яе, як зрабіла б любая з жанчын, з якімі «на салдацкім ложку…і г. д.». Але яна, не мяняючы голасу, бласлаўляе яго на новую жарсць. Толькі пасля таго, як слухаўка надзейна пакладзена на месца, яна дазваляе сабе заплакаць. Выдатна сыграна! Яна сарвала апладысменты ў нябесных гледачоў, а заадно атрымала і свой выйгрыш – боль ды адчай, у строгай адпаведнасці з класічным сюжэтам.

Дык што – паміж імі ўсё скончана? Зусім не. Для яе ўсё толькі пачынаеца. Адсунуўшы палюбоўніка на бяспечную адлегласць, яна без перашкод можа і далей іграць сваю ролю: стаяць пад яго вокнамі, бачыць сны, у якіх ён будзе сніцца ёй воўкам ды ільвом разам – воўкалеў, ваўкалак, ваўкадаў з шэрай поўсцю, насту-паючы ільвінай кіпцястай лапай ёй на грудзі, на сэрца, якое ные ад болю. Усё ўпісваецца ў схему, краіцца па рамантычным шаблоне.

І хто тут, скажыце, калі ласка, ахвяра, а хто – кат?

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх