Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 8

Менада і яе сатыры
Частка першая
Выдатніца
7

Оглавление

Улетку Юля праходзіла вучэбную практыку ў канцылярыі гарадскога суда. Я лёгка магу ўявіць, як яна стукае, збіваючы пальцы, на дагістарычнай «Маскве». Далікатныя пальчыкі выдат-ніцы параспухалі і баляць, яна непрыкметна мажа іх падушачкі сілікатным клеем; цяпер пальцы нібыта здранцвелі – зрэшты, гэта мала дапамагае. Адпрасіцца дамоў, як зрабіла б любая нар-мальная дзяўчына, ёй і ў галаву не прыходзіць. Карэтка машынкі дзіка ўзвывае, як трактар, што забуксаваў у глінішчы, адбіткі літар нагадваюць п’яненькіх трактарыстаў мясцовага калгаса «Маяк камунізму», калі Юля старанна выстуквае прысуд раскрадальніцы сацыялістычнай маёмасці – шматдзетнай маці, якая вынесла з калгаснага сховішча вядро бульбы. У канцылярыі стаіць гвалт, як у жаночай лазні, і такая ж духата. Начальніца штодня даганяе і пераганяе самую сябе ў несупыннай спробе аказацца адначасова ў двух месцах – за сваім сталом і ў суседнім прадмагу, дзе «выкідваюць» то бляшанкі з тушонкай, то дэфіцытныя сасіскі. Аднойчы ў кабінет уваходзіць ён – гадоў трыццаці сямі, шыракаплечы, але з выразным жывоцікам. Народны суддзя. Уздыбленыя наўсторч валасы на патыліцы надаюць яму хлапечы выгляд. «Што, бацюхна, усё цвіцем?» – вітае ён Юлю. Гэтую фразу (ён не вынаходлівы ў сэнсе кампліментаў) яна цяпер будзе чуць штораз, калі ён зойдзе ў канцылярыю. Як яе завуць, ён так і не пацікавіўся. Але яна адчувае хваляванне ўжо ад таго, што ўладальнік аголенага мяча правасуддзя (фрэйдысцкія аналогіі з’яўляюцца без запрашэння) зрабіў ласку яе заўважыць. Яна раптам набывае нейкую каштоўнасць ва ўласных вачах! Выдатніца ўпотай разглядае валаскі, што стаяць тырчма на яго макаўцы, і знаходзіць у тым знак патаемнага дысідэнцтва і прыхаванай гатоўнасці праігнараваць кодэкс, у прыватнасці, шлюбна-сямейны. Бо ён, зразумела, жанаты, аб чым недвухсэнсоўна сведчыць заручальны пярсцёнак на правай руцэ. Нягледзячы на гэта (а мо, і менавіта з тае прычыны) яна піша яму па вечарах палкія лісты, якія хавае сярод старонак раманаў. Практыка скончыцца, але выдатніца будзе прыходзіць у суд усю восень і зіму, як па раскладзе: двойчы на тыдзень.

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх