Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 20

Менада і яе сатыры
Частка другая
Фігура, якая адсутнічае
4

Оглавление

Аднак ні будыйскія тэксты, ні заклінанні магаў, якія трэба вымаўляць выключна над коранем мандрагоры, перамешаным з высушанымі саламандрамі ды парашком з псіхадэлічных грыбоў, не дапамогуць ёй заваяваць каханне грубага мужчыны Калі-Югі, абарыгена правінцыяльнага гарадка. Тады яна звяртаецца да сучасных сродкаў і купляе на Камароўцы джынсавую сукенку ў жудасных разводах «варанкі», якая ўваходзіць у моду. Сукенка нібы-та выварана ў пякельным смаляным кіпені, нейкі кааператыўны ўмелец прыляпіў да яе лэйбл «Мантана». Шорсткая, як брызент, шырачэнная, памеры на тры большая за Юліну хударлявую постаць, яна надае ёй неверагодна пошлы выгляд. Вульгарнасць абноўкі можа супернічаць хіба што з яе коштам. Дзеля таго, каб паказацца ў ёй свайму Быку, яна цэлы месяц ела толькі шкваркі з чорным хлебам. Абвешаная польскай пластыкавай біжутэрыяй, з пярэстымі, у тон узорам на сукенцы, вытраўленымі пасмамі валасоў, яна скіроўваецца з каханым на раку. Стрэламі з вінтоўкі ён збівае галоўкі гарлачыкаў, што плывуць па цячэнні, – забава, вартая гэтага Геракла. Ля вогнішча ён расказвае ёй пра мядзведзя, якога бачыў аднойчы на паляванні: звяруга намагаўся здабыць гукі з трэскі, нібыта з губнога гармоніка. Як ні напружваецца Бык (акурат як той самы мядзведзь), больш яму няма чым уразіць сваю вучоную сяброўку. Што ж, калі інтэлект – хвароба, гэты мужчынскі экземпляр абсалютна здаровы, у старажытным Вавілоне яго абагаўлялі б нароўні з кракадзіламі. Зацягнуць яе ў палатку ды вызваліць ад вульгарнай сукенкі – лепшае, на што ён здатны.

Але зусім, зусім няма каму садраць з яе галавы той блазенскі каўпак, які яна так недарэчна напнула. Хвіліначку, не адзін каўпак, а з дзясятак, яна цяпер шматгаловая, што тая Лернейская Гідра. Падумаць толькі, яна вынайшла ўнутры сябе процьму розных «я»: Незнаёмка, Менада, Пакінутае Дзіця, Дзяўчынка-Дыванок-ля-Яго-Ног ды яшчэ шмат іншых, у тым ліку – Параненае Сэрца… І як ёй, скажыце, калі ласка, з гэтай плоймай управіцца, асабліва калі міленькая кампанія ўсчыняе крывавую сутычку?! Крыкі ўдзельнікаў бойкі яна прымае за спевы салодкагалосых сірэн кахання: іншых песень ёй проста не даводзілася чуць. Чытач майго веку лёгка ўспомніць эпізод бойкі ў фільме «Вясёлыя рабяты»: звар’яцелыя аркестранты ледзь не пазабівалі адзін аднаго музычнымі інструментамі. Такі ж самадзейны гурт лагернікаў мітусіцца ў Юлінай падсвядомасці без аніякай надзеі прыйсці да згоды і выканаць што-небудзь больш-менш прыстойнае, з чым не сорамна ўлагодзіць турэмнае начальства. Вясёленькі занятак, нічога не скажаш, слухаць стогны, якімі яны напаўняюць вязніцу! Дык ці варта здзіўляцца, што Дырыжор пякельнага калектыўчыку ламае сваю палачку і сыходзіць у абдымкі спадарыні Дэпрэсіі – згаворлівай, хоць і змрочнай пані, з якой ахвотна закладвае за каўнер?

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх