Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 9

Менада і яе сатыры
Частка першая
Выдатніца
8

Оглавление

Убачыць Ягоны твар. У ружовым штучным футры, у кішэні якога зліпся ў камяк салодкі арахіс – яе ўлюбёны ласунак – яна стаіць пад Яго вокнамі. Жоўтыя прастакутнікі вокнаў (зімой у судзе рана запальваюць святло) падобныя да раскладзенага пасьянса, вынік якога, на жаль, прадвызначаны. Асмялеўшы, яна падымаецца па лесвіцы ў залу судовых пасяджэнняў. У калідорах савецка-партыйнае Феміды, наскрозь прадзьмутых скразнякамі капеечных сварак ды скончаных лёсаў, увесь час тоўпяцца нейкія азызлыя мужыкі ў расхлістаных ватоўках ды ўвішныя маладзічкі ў паношаных «дзюмісязонных» паліто. У гэтым натоўпе, што патыхае часнаком ды курывам, Юлю не пазнае нават начальніца канцылярыі. Не заўважае яе і Ён – у поўнай адпаведнасці з класічным сюжэтам.

…Сёння ў судзе разглядаецца справа прызыўніка, які ў дзень праводзінаў у шэрагі «несокрушимой и легендарной» вырашыў пакатаць сяброў і, будучы нападпітку, скраў грузавік і выпадкова наехаў на жанчыну на дзявятым месяцы цяжарнасці. Плод, вагой у тры кілаграмы пяцьсот грамаў, мужчынскага полу, па заключэнні экспертаў, загінуў ад асфіксіі ў целе смяротна траўміраванай маці. Шлейка баваўнянага фартуха Юлі трапеча на левым плячы, як матылёк-махаон, – так моцна калоціцца ў яе сэрца. Прызыўнік замест ташкенцкай «вучэбкі» ды закіду адной спякотнай ноччу ў паўднёва-азіяцкую краіну атрымае дзевяць гадоў строгага рэ-жыму, і невядома яшчэ, што лепей. Дзесяцікласніца, якая сядзіць у апошнім радзе (галоснасць – вядомы прынцып савецкага правасуддзя, і справа слухаецца адкрыта), таксама зняволеная, але пажыццёва. Яна сама сабе і вязень, і вязніца. Свой пухлы дэр-мацінавы партфель выдатніца прыціскае да форменнай сукенкі, каб схаваць латку на прыполе. Яна ганарыцца невыпадковым супадзеннем картаграфіі латак: менавіта так прыкрывала старую зацыраваную сукенку закаханая ў белетрыста Р. школьніца, калі падымалася па лесвіцы дома, дзе жыў Ён. Юля скапіравала гэты жэст, яна ўяўляе сябе цвейгаўскай Незнаёмкай, патаемна закаханай; як тая маладая жанчына, яна мае намер (зразумела, калі скончыць школу) нарадзіць ад Яго дзіцёнка (зразумела, хлопчыка). Бацька ніколі пра сына не даведаецца. Дзяўчынка вычытала ў даведніку для цяжарных, што трэба загадзя рыхтаваць сябе да кармлення грудзьмі, і ўжо ўшыла ў свой станік нулявога памеру кавалачкі махровага ручніка, каб скура на смочках загрубела. Але гэтага, на яе думку, недастаткова (выдатніца калі штосьці робіць, дык без хітрыкаў): прымаючы ванну, яна не забывае выконваць работу над памылкамі і да чырвані націрае мачалкай смочкі. Цяпер скура на іх ужо дакладна не патрэскаецца, калі незаконны нашчадак суддзі пажадае атрымаць сваю законную порцыю малака. Яна наперад прадумала ўвесь план шчаслівага завяршэння цяжарнасці (яна заўжды ўсё прадумвае наперад), а п’яных прызыўнікоў ды іншыя нечаканасці лёсу прадугледзець немагчыма. Дзяўчынка здагадваецца, што пры ажыццяўленні подзвіга самаахвярнасці ёй спатрэбяцца грошы, і, ухваляючы сябе за практычнасць, адкладвае ад школьных сняданкаў ды абедаў: у скарбонцы з выявай Кіева-Пячэрскай Лаўры (сувенір ёй падарылі як пераможцы алімпіяды па англійскай мове) паўнюсенька зэканомленых медзякоў. Зрэшты, калі грошай не хопіць, яна магла б заняцца прастытуцыяй, як Незнаёмка. На жаль, яна нарадзілася ў краіне, дзе прастытуцыя, нічога не паробіш, забароненая. Вось і стварай трагічны раман свайго жыц-ця ў такіх неспрыяльных умовах! Што ж, тады яна будзе эканоміць на самым неабходным: гэта не так выкшталцона, як гандля-ваць сваім целам, але больш-менш упісваецца ў рамантычны стандарт. Пакуль іншыя школьніцы рыхтуюцца да экзаменаў, Юля, уважліва падлічваючы вочкі, вяжа бясконцыя шалікі будучаму плоду незаконнага кахання (гэта адзінае, што яна ўмее вязаць), выклікаючы сваёй «гаспадарлівасцю» бурнае адабрэнне суседак-пенсіянерак. Яна так старанна выцягвае вочкі, нібыта спрабуе ваўнянай ніткай злучыць вытанчаную тканіну сваёй астэнічнай мары з грубай ды нездаровай тканкай жыцця, якое горача дыхае Юлечцы ў патыліцу, расцякаючыся па стадыёнах і першамайскіх дэманстрацыях з партрэтамі правадыроў…

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх