Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 17

Менада і яе сатыры
Частка другая
Фігура, якая адсутнічае
1

Оглавление

Прайшло ўжо два гады пасля інстытута, а Юля мала змянілася. Тыя ж вугальна-чорныя «стрэлкі», наведзеныя з вучнёўскай руплівасцю, ды памада колеру піянерскага гальштука надаюць яе далікатнаму тварыку вульгарны выраз. Валасы яна цяпер не забірае ў вузел, як раней, а распускае па плячах, што робіць яе падобнай да разбэшчанай русалкі. Пасля размеркавання яна вярнулася – хто б мог падумаць! – у родную школу, у тыя ж пыльныя, паедзеныя моллю дэкарацыі. Усё так жа ў сталоўцы па святах ссоўваюць мэблю, і пакой ператвараецца ў актавую залу з безгустоўнымі зоркамі з фольгі, развешанымі па сценах, ды надакучлівымі плакатамі; усё з тым жа навязлівым пафасам дэкламуюцца на сцэне вершы, і ўсё так жа мутна жаўцеюць за-дымленыя заводам-«шэфам» шыбы ў вокнах…

На працы яна ўмудраецца ніводнага разу не выявіць прыха-ванага ў ёй вар’яцтва. Як рыба ў бліскучую луску, яна апранута ў сваё фальшывае бездакорнае «я». Настаўніца англійскай мовы – пасада не вельмі вялікая, але і не малая. Пасада ды прыкід – вось тое галоўнае, што служыць тут для раздзялення свету на сваіх і чужых, чыстых і нячыстых. Яе калегі-кабеты звыкла кучкуюцца адпаведна вартасці апранутага на іх барахла, і яна не выходзіць за рамкі сваёй вартаснай ацэнкі – не самай высокай, але і не самай нізкай. Яна прыйшла і пакіне гэты свет Незнаёмкай, нераспазнанай – гэтая думка напаўняе Юлю горкай весялосцю.

Па звычцы прыроджанай выдатніцы, яна піша дасканалыя пла-ны ўрокаў і ўважліва правярае сшыткі. Але сапраўднае яе жыццё, нікому не вядомае, выяўляецца хіба што ў прасветленай усмешцы на вуснах, калі маладая настаўніца піша на дошцы англійскія дзеясловы або выслухоўвае адказы вучняў. Яе ўсмешка адраса-ваная зусім не дзецям. Раніцай яна па-ранейшаму спяшаецца ў школу па рэдкай гліне Стаханаўскай вуліцы міма драўляных баракаў, міма лужыны, што трывала забяспечвае стабільны статыстычны працэнт у графе «ўтапленне» (мясцовыя алкашы, паўзком вяртаючыся ўначы дахаты, здараецца, развітваюцца тут з жыццём, захлынаючыся гліністай жыжкай). Спяшаецца ў якасці настаўніцы, «англічанкі» – толькі і ўсяго. Рушыць у дурную бясконцасць па зададзенай з дзяцінства сістэме каардынат.

Праходзячы міма спарахнелага ганка барака, міма дзяцей, што гуляюць сярод смецця, былая выдатніца не апускае галаву, а калі ёй насустрач тряпляецца істота ў гумовых ботах на босую нагу, са шчарбатай бессэнсоўнай ухмылкай алкагалічкі, не адводзіць вачэй. Тлумачэнне таму простае: усё гэта – персанажы іншага аўтара, і да яе рамана не маюць аніякіх адносін. Не, яна, канешне, шкадуе няшчасных, што марнуюць свае жыцці ў такіх убогіх сцэнарах. Але хто ім перашкаджаў сачыніць іншыя? Што да Юлі, яе трагедыя павінна быць прыгожай – у адрозненне ад бруднай прыземленай пакуты, якая пануе навокал. Слухаючы па вечарах «Месяцовую санату» у выкананні Гілельса (гладкі чорны дыск нагадвае прасціну пры выключаным святле – ложак засцелены, усё падрыхтавана для кахання), яна перакідваецца марамі ў сваё незвычайнае, узнёслае будучае…

Сённяшні ж яе дзень досыць звычайны. У гэтым нудным ця-перашнім Матэматык ходзіць па пакоі, у якім размясціла маладых Галіна Іларыёнаўна, і пытаецца ў жонкі, дзе яму ўзяць чыстыя шкарпэткі. Шкарпэткі з часам знаходзяцца – на кніжнай паліцы. Уночы маці наўмысна доўга спускае ваду ў клазеце, запальвае святло на кухні, як быццам бы гэтая трыумфальная ілюмінацыя з’яўляецца абавязковай прэлюдыяй да сну. Галіна Іларыёнаўна доўга, як цярплівы паляўнічы, высочвае дзічыну. І аднойчы ёй гэта ўдаецца: пад ціхія ўсхліпы ложка, дзе спяць дачка і зяць, яна пракрадаецца да выключальніка ў калідоры і з пераможным крыкам урубае электрычнасць якраз у тую самую хвіліну. Фіранак на дзвярным шкле спаленкі няма, на жаль.

Раніцай застуканыя на месцы злачынства асуджаны паўстаць перад судом. Займацца «такім паскудствам» у яе доме! Галіна Іларыёнаўна трагічна заломвае рукі. Такога сораму яна, вядома ж, не перанясе. Па кухні плыве дакорлівы пах валяр’янкі. Матэма-тык (сёння сняданак яму ніхто не гатуе) выпраўляецца на працу галодным. Карцінна напаўлежачы на канапе (поза, вартая кісці Кустодзіева) і прыкладаючы да вачэй насоўку, маці саркастычна пытаецца ў дачкі, як тая магла стаць жонкай мужчыны «з такімі плечыкамі». Хударлявы Матэматык сапраўды не можа пахваліцца спартыўнай фігурай: плечы ў яго неразвітыя, як у падлетка, і да таго ж пакатыя. «Мужчына – і без плячэй! – не можа супакоіцца маці. – У твайго бацькі яны былі як у грэнадзёра пяхотнага палка!»

Юля ніколі не бачыла ні свайго бацькі, ні яго грэнадзёрскіх плячэй, якім належала абараняць яе ад жыццёвых нягод. Тым не менш, унутрана яна згодна з мамачкай: Матэматыку далёка да ідэальнага каханка. І няважна, што ён называе жонку «мая пацерачка», сам мые посуд, а па выхадных прыносіць Юлі ў ложак то яблык, то кубачак чаю. Затое ён так непрыгожа жмурыцца, калі забывае ў бібліятэцы акуляры, а ў трыццаць гадоў напэўна палысее, да таго ўжо маюцца перадумовы. Хіба пра такога героя яна марыла? Верагодна, яна ўсё ж развядзеца з ім, інакш ёй ніколі не спраўдзіць свой лёс, не сустрэць сваё Вялікае Каханне!

Ціхі, рахманы Матэматык, на жаль, не мае шанцаў: яго жонцы патрэбна каханне трагічнае ды нешчаслівае, ён жа любіць яе цярпліва і аддана. Гэты шлюб не выратуе нават тое, што пасля дзікага скандала з Галінай Іларыёнаўнай, прычынай якога быў пацук (аб гэтым гутарка наперадзе), Юля з Матэматыкам сыходзяць у інтернат шклозавода. Цяпер у іх ёсць уласны пакойчык, і, у якасці дадатку, – агульная з пяццю дзясяткамі насельнікаў кухня, адкормленыя да неверагодных памераў прусакі, бруд у адзіным на этажы сарціры ды хранічна няспраўная электраправодка. Амаль шторанку дзверы пакойчыка заблакіраваны з калідора непрытомным целам, жаночым ці мужчынскім. Цела пры спробе вярнуць яго да жыцця вывяргае брудны паток лаянкі.

Аднак Юлю ўсё гэта, уласна, не тычыцца – яна занята сачы-неннем рамана свайго жыцця. Гэта вам не кантрольная па літаратуры! І наступнай часткай «нятленкі» значыцца РАЗВОД. Звычайная справа: жонка паведамляе мужыку пра тое, што кахае іншага. Вось яно, збылося: нябёсы падарылі ёй сапраўднае пачуццё! Матэматыку гэтага дастаткова. Ён пакуе валізку і пера-біраецца ў лабараторыю НДІ суседняга горада, дзе працуе. Што ж, цяпер нішто не замінае Юлі аддацца новай жарсці.

Чытач, вам хочацца хутчэй даведацца, хто шчаслівец? Можаце зірнуць на яго выяву, якую Юля гатова разглядваць гадзінамі. Іх разам сфатаграфавалі для газеты, вось і подпіс: герой афганскай вайны расказвае школьнікам пра свае подзвігі. На памятай старонцы мясцовай «раёнкі» (паднясем яе да лямпы) скрозь суцэльную шэрую заплямленасць можна ўбачыць падобнага да племяннога быка вайскоўца, уладальніка квадратных плеч (Галіна Іларыёнаўна была б у захапленні), нізкага ілба, клюшнепадобных рук і нейкіх плоскіх, без глыбіні, нібыта намаляваных вачэй. Запрошаны выступіць перад вучнямі школы, ён акідвае маладую «англічанку» досыць красамоўным позіркам. Верагодна, ён уво-гуле не здольны па-іншаму глядзець на жанчыну фертыльнага ўзросту. Але яна лічыць, што яго позірк прызначаецца толькі ёй, ёй адной, і тут жа гатова ператварыцца ў Дзяўчынку-Дыванок-ля-Яго-Ног. Яе хвалюе ўжо тое, што гэты герой зрабіў ласку яе заўважыць. Яна раптам набывае нейкую каштоўнасць ва ўласных вачах!

…Лёгкай хадой яна спяшаецца ў інтэрнат па дарозе свайго дзяцінства – праз шклозаводскі парк. У прыцемках ёй здаецца, што менада на пастаменце, звернутая да мужчынскай фігуры, якая адсутнічае, ажывае і нават робіць баязлівыя танцавальныя «па». У вокнах дамоў гарыць святло, рухаюцца постаці людзей, нібыта персанажы масоўкі спектакля, у якім яна, Юля, галоўная гераіня. Яна шчасліва ўсміхаецца, назіраючы, як па-новаму рэагуюць на яе мужчыны: пасля сустрэчы з Ім (зноў – «Ён!») у яе з’явіўся ўласны водар. Не, не парфумы – скура стала пахнуць! Доўгі час яна не пахла нічым, як Жан Батыст Грэнуй; верагодна, менавіта па гэтай прычы-не мужыкі перасталі заўважаць у ёй прыкметы полу. А цікава, як у іх усё адбудзецца, калі ён убярэ ў ноздры яе ваблівы, хвалюючы пах? Ці адгукнецца адразу ж? Або вырашыць адтэрмінаваць аса-лоду?

Яе ўсмешка, як заўжды, скіравана ўнутр, а не вонкі. Гэта яе фальшывая абалонка рухаецца цяпер па вуліцы. А яна ўся – у новай жарсці, у марах аб Ім. Толькі пакахаўшы, я пачынаю адчуваць, як б’ецца блакітная жылка на скроні Сусвету! Ад узнёсласці ўласных думак ёй хочацца плакаць. Калі я закаханая, мае маленькія крыльцы ўзносяць мяне вышэй за Бога з Яго вялізнымі крыламі! Ноч падступае, як слёзы да горла. Уранку яна прачынаецца ад уласнага паскоранага сэрцабіцця. Яна не разумее, як суседка па інтэрнаце можа чытаць казкі дзіцёнку ды даглядаць фіялку на падваконні, калі жыццё створана для кахання, дзеля яго аднаго! Менавіта ёй, Юлі, для шчасця ніяк не дастаткова фіялкі на падваконні. Ёй, як бачна, неабходна прымітыўная, без фаўстаўскіх пошукаў, істота: у прынцыпе, тая ж фіялка.

Магчыма, яна нарэшце атрымае асалоду, а не боль ад гэтай кветачкі колеру хакі?

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх