Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 12

Менада і яе сатыры
Частка першая
Выдатніца
11

Оглавление

Спякотнае лета восемдзесят трэцяга, праспект Кастрычніка. Ля металічнай бочкі на колах – даўжэзная чарга па піва, патыхаючая потам і ўчарашнім гарэлачным духам. За кіёскам «Саюздруку» (у вітрыне яшчэ выстаўлены цалінна-батальныя мемуары памёрлага генсека) літры піва, прайшоўшы прызначаны ім кругазварот вадкасці ў прыродзе, жыццярадасна арашаюць пыльны штыкетнік з намаляванымі на ім сімваламі самасці абодвух палоў. Выпускніца англійскай спецшколы глядзіцца тут даволі недарэчна. Моцна прыталеная сукенка з будуарнага выгляду ружай на плячы ды ярка-чырвоныя басаножкі на вялізных каблуках даюць вобраз дзяўчынкі, якая ў адсутнасць дарослых улезла ў чужыя апранахі. На горле ў яе павязаны шалік – яна хварэе на хранічную ангіну, а зараз ёй ніяк нельга прастудзіцца: яна беражэ сябе для Яго дзіцяці. Яе цела цяпер не зусім цела, а рытуальны сасуд, вымытая перад ахвярапрынашэннем дараносіца. Хутка яна адкрые Яму сваю тайну, і тады, тады… З-за кіёска, зашпіль-ваючы на хаду прарэху, выходзіць гарылападобная асобіна пароды хама сапіенс і, гучна адрыгваючы, зноў становіцца ў чаргу па піва.

Тут, ля кіёска – баявы фарпост Юлінага кахання. Акурат на-супраць бочкі з півам знаходзіцца будынак суда, адкуль Ён выхо-дзіць у канцы працоўнага дня. Не, гэта не вольная трактоўка школьнага спектакля пра прыгоды Дон-Кіхота, што ўчыняе чарговую серыю запланаваных у гонар Дульсінеі вар’яцтваў. Юля, гэты самотны рыцар у спадніцы, паводзіць сябе абсалютна сур’ёзна, выдатніца ніколі не жартуе. З вялікай руплівасцю яна сачыняе раман, даўно напісаны іншымі. Яна скончыла школу – цяпер можна і нарадзіць, чаму ж не? А раптам менавіта сёння, спыніўшыся папіць піва ля бочкі, Ён яе заўважыць, як белетрыст Р. заўважыў Незнаёмку, што вось такім жа чынам «дзяжурыла» ля пад’езда каханага?

Суддзю, між іншым, завуць Сямён Сямёнавіч, як блазнаватага героя класікі савецкай кінакамедыі – «Брыльянтавай рукі». Дый як яшчэ могуць зваць чалавека, які ўжо цэлы год запар праходзіць міма, іншым разам нават купляе газету ў кіёску і не бачыць скіра-ваных на яго з абажаннем прыгожых агрэстава-зялёных вачэй? Шчыра спадзяюся, што ён так і не заўважыць адзінокую постаць, якая кожны дзень тырчыць тут (замест таго, каб рыхтавацца да паступлення ў ВНУ, дурнічка), а яшчэ лепш – зменіць маршрут. Зрэшты, я магу не турбавацца: у любым выпадку «Ён» не звярне на яе аніякай увагі.

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх