Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 6

Менада і яе сатыры
Частка першая
Выдатніца
5

Оглавление

Вось яна ідзе дадому са школы. Позняя восень, як п’яная расхлістаная дворнічыха, корпаецца ў дварах, змятаючы брудныя папяровыя кветкі ды затаптаныя кумачовыя банты ў калюжыны (горад толькі што адсвяткаваў чарговую гадавіну рэвалюцыі). Дом, у якім жыве Юля, стаіць на скрыжаванні дзвюх вуліц – Стаханаўскай і Сацыялістычнай. Першая з іх у сямідзясятыя была заасфальтаваная, і неўзабаве бародавачнай нарасцю тут узнялася прысадзістая цагляная будыніна. Некалькі кватэр аддалі пера-давікам хімкамбіната, да якіх належала і маці выдатніцы, Галіна Іларыёнаўна. Астатнія занялі працаўнікі шклозавода, які пастаўляў амаль ужо фальклорныя гранёныя шклянкі ў афраазіяцкі свет (зрэшты, гранёнчыкаў выраблялася столькі, што з іх можна было да смерці ўпаіць саракаградусным напоем камунізму і «бра-тоў» з Лацінскае Амерыкі, а мо нават і пінгвінаў з Паўднёвага полюса).

…Юля ўваходзіць у шклозаводскі парк. Некалі смараг-дава-зялёны, парк гіне ад атрутных выкідаў: кроны сосен зрабіліся пярэста-рыжыя і ўзімку нагадваюць аблезлыя лісіныя шапкі, густа прысыпаныя нафталінам. Нават шэрыя гарадскія птушкі, што даўно замянілі тут вавёрак, ад ёлкага заводскага дыму здаюцца брудна-рыжымі. Летняя эстрада даўно не ра-мантавалася, дошкі згнілі, фарба на лаўках аблупілася. Паблізу ад эстрады знаходзіцца напаўразбураны фантан, пабудаваны яшчэ ў сталінскую эпоху: на пастаменце ў сярэдзіне круглай яміны, якая калісьці запаўнялася вадою, басаногая дзяўчына ў лёгкай сукні і вянку з плюшча танцуе ў атачэнні двух мужчын з флейтамі. Скульптура істотна пацярпела ад дажджоў, снегу ды мясцовай шпаны, і цяпер цяжка дакладна вызначыць, што менавіта меў на ўвазе аўтар: танец менады з сатырамі або німфу, якая спакушае фаўнаў. (Настаўніца гісторыі, зрэшты, сцвярджае, што ніякія гэта не міфічныя істоты, а прадстаўнікі братніх закаўказскіх рэспублік). У танцоркі адбіта вуха і кончык носа. Яе позірк скіраваны на мужчынскую фігуру, якая ад-сутнічае: ад «героя» засталіся адно ніжняя палова цела ды вы-кручаныя ў танцы ногі. Другому танцору пашанцавала больш: у яго адбіта толькі галава (зрэшты, яна яму без патрэбы). На дне яміны – мешаніна з бітых бутэлек ды смецця: тут, на каменным борціку, звычайна ўладкоўваюцца аматары распіць пляшку-другую. Сляды разбурэння не перашкаджаюць Юлі па дарозе са школы нерухомець у гэтым цудоўным кутку і доўга аб чымсьці марыць.

…Неўзабаве выдатніца пакідае парк. Ногі гразнуць то ў пяску, то ў рэдкім глеі, калі Юля крочыць па Стаханаўскай вуліцы міма аднапавярховых драўляных баракаў, што будаваліся «горкаўскім метадам» – пасля працы і па выхадных (мясцовыя жыхары называюць яго «горкім»). Усю цэнтральную частку вуліцы займае вялізная лужына, берагі якой штогод падсыпаюць самі жыхары баракаў, інакш увесь гэты раён, пэўна, знік бы пад вадой, як Кіцеж. (Аднойчы ў час веснавой адлігі Юля, паслізнуўшыся на насыпе, звалілася ў брудную ледзяную ваду разам з партфелем і балалай-кай, калі вярталася cа свайго першага ў жыцці ўрока ў музычнай школе. Балалайку ўратаваць не ўдалося. На тым і скончыліся яе заняткі музыкай – на вялікі жаль, бо малады выкладчык-балалаечнік, чые доўгія валасы ды блакітныя вочы і паўплывалі на выбар музычнага інструмента, авалодаў думкамі выдатніцы не на жарт).

Перасоўваючыся ў межах свайго цеснага сусвету (дзве вулі-цы – сістэма каардынат, дом на скрыжаванні – кропка адліку), Юля непазбежна рухаецца ў дурную бясконцасць. Але вось яна і дома. Выдатніца з цяжкасцю распранаецца ў вузкім калідорчыку, дзе рознакаліберныя рэчы месцяцца адна да адной усутыч, як на складзе камісіёнкі. У Галіны Іларыёнаўны даволі дзіўнае ўяўленне пра ўтульнасць. Здаўна тут «прапісаліся»: няспраўная лядоўня «Саратаў», прадушаная канапа без ножкі, дзіцячы гаршчок з інвен-тарным нумарам ясляў-сада «Сонейка». Над пуфікам з мэблевага гарнітура невядомай маркі вісіць, як пакалечанае крыло, анучны каляндар з сімволікай «Алімпіяды-80». Развітанне з любым з тых цудоўных набыткаў («Міленькія штучкі!» – кажа пра іх Галіна Іла-рыёнаўна) для маці падобна адсячэнню ўласнай рукі альбо нагі. Айчыннае барахло суседнічае з рэчамі «вытанчанымі»: на дзвярах сарціра бесперапынна эпатуе публіку хлопчык, які спраўляе малую патрэбу, на кухні смелым, амаль дысідэнцкім намёкам выглядаюць назбіраныя па знаёмых пустыя бляшанкі з-пад закар-доннага піва.

Юля разаграе порцыю супу, зваранага маці на тыдзень (у каструлі, як адзінокая субмарына, плавае сіняя курыная нага), налівае чаю ў дзіцячы металічны кубачак і ўсаджваецца за пісьмовы стол. На стале – партрэт Армана Жана дзю Плесі кардынала дэ Рышэлье, выразаны з рамана Дзюма і любоўна ўстаўлены ў рамку: у самотнага і гордага кардынала, што ўвесь час адбіваецца ад мушынага клану мушкецёраў, яна была закаханая ў дзіцячым садку. Побач месціцца прайгравальнік грампластынак, над ім модная навінка – чорна-белы фотаздымак Уладзіміра Высоцкага, абдымаючага замежную русалку Марыну Уладзі. Здымак, набыты Галінай Іларыёнаўнай ў фарцоўшчыка за два рублі пяцьдзясят капеек, мусіць дэманстраваць, што гаспадыня кватэры – надзвычай дасведчаная ў культурных рэаліях персона. Але найгалоўнейшае сведчанне яе «інтэлігентнасці» – на кніжных паліцах.

Кнігі для хатняе бібліятэкі маці падбірала не столькі пад колер шпалераў (яны ўсё ж калі-нікалі пераклейваліся), колькі ў тон раскошнай югаслаўскай «сценкі», дзеля якой Галіне Іла-рыёнаўне давялося перацягаць загадчыцы мэблевага магазіна не адну ўпакоўку пральнага парашка «Пунсовы ветразь». Мэбля глядзелася ў кватэры, як брыльянтавы пярсцёнак на паедзенай экзэмай руцэ. Каб неяк прыручыць гэтую імпартную прыгажосць, ад якой балелі вочы, як напачатку прастуды, Галіна Іларыёнаўна вырашыла запоўніць паліцы кнігамі. «Пунсовы ветразь» цяпер самаўпэўнена пракладаў шлях праз мёртвы штыль кніжнага ма-газіна, скіроўваючыся акурат да кабінета загадчыцы. Так дома ў Юлі з’явіліся творы Цвейга (карычневы пераплёт), важкі двух-томнік «Аповесцяў пра каханне» (вокладка з віньеткай) – у ім школьніца з прыроджаным пачуццём трагічнага адшукала «Грана-тавы бранзалет» Купрына і «Кветкі запозненыя» Чэхава, – ды томік Фітцджэральда (колеру антрацыт) з «Вялікім Гэтсбі». Усе гэтыя тамы, што нясуць у сабе такую дозу месяцовага яду рамантызму, якая здольна атруціць на ўсё жыццё і менш успрымальны арганізм, выдатніца адзін за адным цішком перацягвае ў свой пісьмовы стол…

Маці тым часам выхваляецца перад таварышкамі па службе сваёй разумніцай-дачкой, якая марыць адно пра залаты медаль ды прэстыжны інстытут. Галіна Іларыёнаўна абсалютна не ў стане ўявіць, што тыя сотні тысяч кубаметраў выкідаў, якімі ў планавым парадку забруджвае паветра горада яе прадпрыемства, – нішто ў параўнанні з наркатычным газам, што ўдзень і ўночы, як у тры змены працуючы завод, выдатніца прапускае праз сябе.

У тым узросце, калі душа больш падатлівая, чым воск, лёгка прыняць за жыццё, якога не ведаеш, яго літаратурныя адбіткі. Тым больш, калі навакольная рэчаіснасць нагадвае халтурны спектакль хранічна п’янага правінцыйнага рэжысёра, пастаўлены да чарговага партз’езда. Між іншым, кнігі, здольныя прышчапіць буйны парастак Юлінай сентыментальнасці да разгалістага дрэва грамадзянскасці, якая культывавалася ў тую пару ўсімі добрапрыстойнымі садаводамі ад літаратуры, дзяўчынка праглынае, гідліва зажмурыўшыся, як абавязковую яечню на сняданак. Тыя трывалыя, як крамлёўскія цагліны, тамы з серыі «Школьная бібліятэка», пераважна ў барвовых вокладках (катэгорыя трагічнага ў іх увянчана дазволенымі лаўрамі сацыяльнай патэтыкі), без энтузіязму штурмуюць Юліны аднакласнікі. Яе ж душа ўзворвае ніву пачуццёвага.

…«Мы можам ніколі не сустрэцца больш. Але калі табе рап-там спатрэбіцца маё жыццё – прыйдзі і вазьмі…» Як у салодкім трызненні, яна патанае ў вобразах пазамінулай эпохі. Асабліва ўразіў яе «Ліст незнаёмкі» Цвейга – гісторыя маладой жанчыны, якая яшчэ школьніцай на ўсё жыццё пакахала «белетрыста Р.» і аддалася яму, а потым стала прастытуткай, каб утрымліваць дзіця, якое нарадзіла ад яго. Самым па-мазахісцку вытанчаным у сюжэце выяўлялася тое, што пры кожнай наступнай сустрэчы гэты надзіва няўважлівы спадар Р. лічыў, што перад ім зусім новая жанчына, і ніводнага разу так і не пазнаў сваю верную Незнаёмку. Як кальцыевая шкарлупіна над курыным зародкам, над Юляй цвярдзее абалонка страху так і не стаць Незнаёмкай для свайго «белетрыста Р.» Ёй ужо шаснаццаць! Дзе ж яно, яе Вялікае Кахан-не? Навокал адно шэрасць, таго і глядзі, жыццё прамільгне сярод убогіх дэкарацый, паміж Стаханаўскай і Сацыялістычнай! Быццам бы нейкі далёкі сваяк пасылае ёй штогод да дня народзінаў аднолькавыя віншавальныя паштоўкі з абавязковымі ўмоўнымі ружамі, – без колеру і паху, нібыта кветкі на паштоўцы, з’яўляюц-ца немаведама адкуль гады яе юнацтва (атрымай і распішыся!), надзіва падобныя, няйнакш, наштампаваныя ў тыпаграфіі Паліт-выдату. Адкуль жа ў жыцця такая безліч безгустоўных паштовак?

І калі яны нарэшце скончацца?

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх