Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 11

Менада і яе сатыры
Частка першая
Выдатніца
10

Оглавление

Ці чытала тыя кнігі ў дзяцінстве яе маці, Галіна Іларыёнаўна? Мяркую, ёй былі больш даспадобы іншыя заняткі. Да таго ж – вайна. Апошняе, што запомніла пра сваю радзіму – маленькую вёску пад Мінскам – тоўсценькая дзяўчынка, зверавата пазі-раючая з чорна-белага фотаздымка: вялізны пацук прагна пажы-рае чалавечыя адкіды. Больш яна ніколі не вернецца туды, дзе нарадзілася, бо сама вёска, спаленая дарэшты, перастане існаваць. Адзінае, што ў яе засталося ад даваеннага жыцця, – белае тру-сінае футра, у эвакуацыі яго змяняюць на мяшэчак мукі. Маці казала ёй, што ў жыцці паслухмяных дзяўчынак абавязкова адбываюцца цуды, асабліва пад Каляды. Праўда, на калядных паштоўках ад сваякоў, што раўніва зберагала дачка, не было анёлаў, затое меліся Дзед Мароз з ідэалагічна вывераным чырвоным носам ды чырвонаармейцы ў шлемах, анёлы па сумяш-чальніцтве. А зоркі калі і былі, дык выключна крамлёўскія, па чут-ках, не менш цудатворныя. На маленькай чыгуначнай станцыі, дзе яна правяла гады вайны, найвялікшым цудам былі карамелькі, якія маці, што працавала на ваенным заводзе, прывозіла з горада. Увечары дзяўчынка выходзіла на панадворак, чакала маці ды глядзела на неба. У ясным марозным паветры стаяла Зорка. Як знак надзеі ды веры, як гарантыя таго, што ўсё не дарэмна, а цуд абавязкова будзе.

Вайна скончылася, бацька прыехаў за імі; яны цягаліся па прыгранічных гарнізонах, жылі ў казахскіх мазанках з зямлянай падлогай, у складзеных з плоскага прыбалтыйскага каменя халу-пах. Бацька піў па-чорнаму, хапаўся за зброю, выганяў іх з маці на начную вуліцу, і дзяўчынка звыкла шукала ў небе сваю Зорку. У яе ўсё будзе інакш, чым у бацькоў… Бо ёй абяцалі цуд: цуд Кахання! Прыехаўшы ў Мінск паступаць у тэхнікум, яна ўпершыню ўбачыла тэлефон…

Вядома, яна працягвае спадзявацца. Усё жыццё маладой дзяўчыны пабудавана на чаканні, дзіва што! Пасля тэхнікума яе размяркоўваюць у правінцыйны горад, на завод бытавой хіміі. Ёй прапануюць папрацаваць у цэху, і яна з радасцю згаджаецца: там столькі цікавага! Яна сядзіць у шкляной будцы і шчоўкае кругляшамі драўляных лічыльнікаў. У цэху маецца галёрка – недаразвіты другі паверх, накшталт балкона, дзе захоўваецца ўсякі хлам, туды час ад часу паднімаецца па жалезнай лесвічцы разам з начальнікам цэха то адна, то другая маладая рабочая. Там, пад прыкрыццём расцягнутага ўздоўж балкона лозунга «МЫ ПРЫЙДЗЕМ ДА ПЕРАМОГІ КАМУНІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ!» дзяўчаты стараннай працай зарабляюць у начальніка і яго намеснікаў адгулы. Ёй падабаецца начальнік – ён такі высокі, мажны. Аднойчы настае і яе чарга прагуляцца на галёрку. Яна так мала шануе сваё цела, што з радасцю дазваляе ператварыць яго ў канвеер, больш старажытны, чым заводскія станкі. Ёй здаецца шчасцем ужо тое, што начальнік зрабіў ласку яе заўважыць. Яна раптам набывае нейкую каштоўнасць ва ўласных вачах!

Потым яна зацяжарала і нейкі час спадзявалася, што віноўнік ажэніцца з ёю. Але ён неўзабаве звольніўся, а яе перавялі ў аддзел. Сюды яна вярнулася, здаўшы дзіцятка ў яслі на круглыя суткі.

Яна яшчэ маладая і працягвае спадзявацца на шчасце. Дзіцятка, дзяўчынка, ужо вучыцца чытаць, лежачы ў сваёй улюбёнай схо-ванцы – на дыванку паміж матчыным ложкам і дзвярамі балкона, у той час як новыя і новыя мужчыны прыходзяць, каб пакарыстацца целам яе маці. Некаторыя з іх хутка згінуць у алкагольным віры, другія – у турме, трэція проста знікнуць: вакол столькі жанчын, якія чакаюць цуду, і ўсіх трэба паспець ашчаслівіць! У любым выпадку, ніводны з іх не затрымаецца тут надоўга. Хутка ў жыцці перадавой работніцы хімкамбіната застануцца адно бязрадасная праца, хваробы дзіцяці ды тлумныя сходы ў «чырвоным кутку». На саракагоддзе адміністрацыя і прафкам падораць ёй чыгунны бюст Правадыра, цяжкі ды пусты ў сярэдзіне, як перакулены гаршчок. Чамусьці адзінокім працаўніцам заўжды дораць бескарысныя падарункі, не ў прыклад іх замужнім калегам, якія атрымліваюць ад прафкама то набор каструлек, то какетлівыя фіранкі для кухні. Што зробіш, у правінцыйным гарадку жанчына, якая не мае мужчыны, ператвараецца ў касавы апарат, штодня выбіваючы кошт хлеба ды гарэлкі, бо іншых спосабаў заняць сябе тут няма. Канечне, можна яшчэ патруляваць вуліцы ўвечары з чырвонай павязкай на рукаве, што яна пэўны час і рабіла – з патаемнай мэтай пабрацца шлюбам з малайцаватым дружыннікам. Аднак на яе не спакусіўся нават ніводны парушальнік грамадскага парадку.

Тая, што была калісьці дзяўчынкай, нічога не можа зразумець. Гарэла ж, гарэла калісьці Калядная Зорка над беднай вёскай! Ёй дакладна абяцалі цуд Кахання! Жанчыны заўжды чакаюць цуду, які прынясе ім мужчына ў загрубелых ад працоўных пяцігодак далонях. Так тут павялося! Значыць, усё падман? Усё-усё? Пры-ходзячы з працы, яна падоўгу ляжыць на ложку тварам да сцяны, спрабуе піць, б’е дачку. Пустата ўнутры яе пагражае разрасціся, зліцца з пустатой вонкі, яе вось-вось раздушыць, як жабу, паміж дзвюма хімерычнымі плоскасцямі. Ёй становіцца страшна. Яна зусім безабаронная перад пустатой, што адчуваецца ёю як фігура, якая адсутнічае. Ці трэба ўдакладняць, што гэтая фігура – мужчынская? Без кахання яе падпільноўваюць адзінота, старасць і смерць. Яна глушыць сябе алкаголем, каб пра гэта не думаць, усе вечары ды выхадныя валяецца на разабраным ложку, спіць не распранаючыся, амаль не есць. На галаву ёй звешваюцца са сцен шэрыя, з наліплай тынкоўкай, палотнішчы шпалераў, як сцягі разбітай арміі, чый палкаводзец у палоне. У нейкі момант яна нават жадае скончыць жыццё самагубствам. Потым скараецца. Разам з таварышкамі пачынае цягаць з камбіната дэфіцытныя парашкі. Купляе ў крэдыт югаслаўскую сценку. Сценка – паказчык сацыяльнага прэстыжу, да таго ж, цяпер у яе ёсць мэта ў жыцці: запоўніць паліцы кнігамі ды крышталёвымі цацкамі.

Зрэшты, ёй ніколі не дасягнуць таго, што здолелі іншыя спрытныя сцервы, якія могуць траціць, акрамя ўласнага, яшчэ і заробак мужа. У свой час яны не задзіралі галовы да зорак. У адрозненне ад дурнічак, што марылі пра каханне, яны з пялюшак засвоілі: на мужчыну трэба хадзіць з халоднай галавой, браць хітрасцю і трымаць усё жыццё на кароткім павадку. Ах, вунь яно што! Злосць і зайздрасць душаць былую дзяўчынку. Калі б яна раней зразумела тыя няхітрыя правілы жыццёвай гульні, яна сама стала б зоркай! Пабралася б шлюбам з генералам! І ўжо ж, будзьце спакойныя, не нарадзіла б гэтую байстручку. Дачка між тым чытае Цвейга і вучыцца спадзявацца, чакаць і скарацца. Гэты затоены звярок атрымаўся больш упартым, чым маці: з бясконцай цярплівасцю будзе яна змагацца за наканаваны ёй цуд, за калядную зорку з піўным жывоцікам і перхаццю на пінжаку.

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх