Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 4

Менада і яе сатыры
Частка першая
Выдатніца
3

Оглавление

Што ж, чытач, сёння я не пацешу цябе сентыментальным распо-ведам. Я бачу маю гераіню застылым камарыкам у беспаветранай прасторы бурштынавай брошкі, станчэлым да павуціністага шкілеціка, абароненым адно празрыстаю, мядова-цягучаю абалонкаю вымыслу, якая з цягам часу робіцца зацвярдзелай, што той цэмент. Яна спачывае ў абдымках прыгожага сну, вырабленага Марфеем, пэўна, на заказ, бо калектыўны сон, які глядзяць з ранку да вечара жыхары гарадка па ўказцы ўвішных марфеяў мясцовага разліву, значна больш грубейшы за яе вытанчанае забыццё. У такім выпадку, па закону люстэркаў, ператвораная мною ў літаратурны персанаж, яна, мажліва, нарэшце набудзе рэальнасць – глебу пад нагамі, якой ёй так не хапала? Там, у сваім жыцці, пабудаваным ёю па законах літаратуры, яна раптам знерухомее і назаўжды застанецца з узнятай над парогам нагой – спынены кадр, бачны яскрава, як за імгненне да выбуху. А ў сюжэце, які зараз будзе разгортвацца на паперы (дакладней – на экране майго ноўтбука «Siemens Nixdorf»), Юлечка возьме ды і ачуецца ад ружова-ледзянцовага сну, выпрастае камарыныя крыльцы і кудысьці там узнясецца…

Не, не выпрастае, не ўзнясецца. І не толькі таму, што промні яе і майго зроку, скіраваныя ў наша агульнае юнацтва скрозь лінзу мінулай эпохі, праламляюцца пад дужа рознымі вугламі, забяспечваючы зусім не аднолькавыя варыянты дыфракцыі (такія вось атрымліваюцца «пошукі страчанага часу»). Галоўнае ж паля-гае ў тым, што Юля сачыняла сваё жыццё, як раман, паклаўшы перад вачыма творы класікаў, што тая краўчыха-самавучка – чужыя лякалы, і пры гэтым мала дбала пра дэкарацыі сцэны, дзе мае адбыцца дзея, а правальную гульню іншых персанажаў і ўвогуле ў разлік ніколі не прымала, з незвычайнай лёгкасцю надзяляючы іх патрэбнымі ёй якасцямі. Яна так і не здолела ўцяміць, што жыццё аплецена сеткай паўсядзёншчыны і, як рака-віна глеем, пакрыта павуцінай звычайнага – тым, што не ўвайшло б у канчатковы тэкст ніводнага рамана. Рамантычны герой ачыш-чаны ад выпадковага і змешчаны ў штучнае асяроддзе, дзе час непраўдападобна ўшчыльнены; быццам праспіртаваны экспанат, ён можа заставацца ў пакоі альбо перамяшчацца ў абмежаванай прасторы, выконваючы зададзеныя аўтарам хімерычныя дзеянні. З жывым чалавекам такога не зробіш; ён заўжды будзе вытыр-кацца з-за межавых рыс фантома і крочыць сваім уласным шляхам, мімаходзь упэўнена трушчачы крохкія, як яечная шкарлупіна, замкі-збудаванні, у якіх вы былі намыліліся пражыць з ім усё жыццё і памерці ў адзін дзень.

Усяго гэтага Юлечка не ведала, дый не жадала ведаць. Што ж, такая недасведчанасць ніколі не застаецца беспакаранай, і аўтар у дадзеным выпадку нічым не можа дапамагчы гераіні, бо абавязаны падпарадкоўвацца ўсё таму ж закону адбіткаў. Зрэшты, літарату-ра і жыццё даўно сталіся люстэркамі, змешчанымі адно насупраць другога, і цяжка вызначыць, які з адбіткаў сапраўдны; выявы, па-мнажаючыся, сыходзяць у бясконцую перспектыву.

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх