Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 14

Менада і яе сатыры
Частка першая
Выдатніца
13

Оглавление

Вялізная шафа для адзення з вадзяніста-зялёным люстэркам займае палову пакойчыка з вокнамі на могілкі. Глядзецца ў люстэрка страшна, як у багну, зацягнутую цінай: можа закружыцца галава. Шкло паедзена трупнымі плямамі гніючага тут часу. Гаспадыня кватэры (цяжка вызначыць, колькі ёй год) штодня працірае люстэрка, але ад гэтага яно не становіцца праўдзівей. Калі Юля, спяшаючыся на лекцыі, мімаходзь пазірае ў яго, стаячая вада прад’яўляе ёй вобраз бессмяротнасці, бо там, дзе час спы-ніўся, смерці няма. Гадзіннік у пакоі заўжды стаіць. На кухні, дзе пахне прагорклым алеем, узвышаецца старажытны буфет, калісьці зроблены, відавочна, на заказ: незлічоныя скрыні захоўваюць струхлелы папяровы пыл, медныя шышачкі аблезлі ды пазелянелі. Буфет нагадвае карабель, які эпоху таму пыхліва разрэзваў прасторы Калхіды, ведаў чарнавокую прыгажуню Медэю і ве-раломнага Ясона. Цяпер трум выкінутага на бераг ветэрана пашкоджаны мышамі. Мука альбо цукар, якія Юля пакідае на дзіравым днішчы грандыёзнага старца, знікаюць бясследна: няйначай, пакручастыя хады з мышыных нор вядуць напрасткі ў царства Аіда. Крэслы і табурэткі з ножкамі, зламанымі ў нейкіх дагістарычных баталіях, намёртва прыраслі да вызначаных мес-цаў, і ад спробы зрушыць іх хаця б на сантыметр можна чакаць землятрусу ці сыходжання лавіны. Да настольнага люстэрка, што даўно страціла сваю адзіную нагу, прыладжана цэлая сістэма вя-ровачак ды падпорак, каб прымусіць яго стаяць. Калі на Восьмае сакавіка Юля са стыпендыі робіць спробу падарыць гаспадыні навюсенькае, тая маша рукамі з такім непадробным жахам, што ад нахабнага прыблуды даводзіцца неадкладна пазбавіцца.

Уночы выдатніцу часта будзіць рыпенне маснічын. Чуйны дом напаўняеца ціхім лепятаннем, як квітнеючы майскі сад; нават калі проста павярнуцца ў ложку на другі бок, дзіўныя гукі, уздыхі – усхліпы сыплюцца адусюль, як пялёсткі з неасцярожна закранутай яблыневай галінкі. Зранку гаспадыня кватэры ляжыць на ложку з вільготным рушніком на ілбе. Аднойчы Юля спытала, ці не баліць у яе галава, на што тая жаласна паведаміла, што аднакурснік выдатніцы, які заходзіў напярэдадні, мабыць, падсыпаў на парог загаворанага на смерць могільнікавага пяску.

…Як сястрыца Алёнка над вірам, Юля схіляецца над старым люстэркам, са дна якога адчужана ўсплывае яе юны твар. З тою ж руплівасцю, з якой не так даўно размалёўвала контурную карту Еўропы, яна фарбуе сабе павекі. Мноства кніжных гераінь віруюць над ёю, нахабна выцясняючы з уласнага цела. Прадпрымальныя душы нябожчыкаў ірвуцца пражыць за яе жыццё, якое яна так мала любіць. Прагна шныраць яны над юнымі дзяўчатамі, вышукваючы сярод іх тую, што захварэла на смутак, каб улезці ў яе душу і назаўжды атруціць сваёй тугою ды безнадзейным каханнем, а потым, нацешыўшыся, звесці новаспечаную сястру разам з сабою ў магілу.

Юля між тым малюе сабе новыя вусны – памадай ярка-чырвонага колеру. На пазногцях у яе кроў закатаваных піянераў-герояў – акурат як у дырэктаркі англійскай спецшколы. Паслі-ніўшы чорны аловак, яна старанна падводзіць павекі, мажа лоб і шчокі крэмам тону «загар», хаця на вуліцы зіма – першая яе зіма ўдалечыні ад дома. Сон, які яна бачыла гэтай ноччу, дапамог ёй прыняць рашэнне. Яна забывае пра тое, што, калі спіш у непасрэднай блізкасці да могілак, наўрад ці варта давяраць сваім снам. Сёння пасля лекцый электрычка адвязе яе ў родны горад.

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх