Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 2

Менада і яе сатыры
Частка першая
Выдатніца
1

Оглавление

У школе яе дакаралі за почырк: занадта вытанчаны, з бутонападобным «т» замест трохногага зэдліка, які належала выводзіць у сшытку, – яе «т», што тая гатовая выбухнуць пупышка, абяцала шалёнае несанкцыянаванае цвіценне, у той час як на школьнай клумбе кветкам прадпісвалася расці не вышэй за сярэд-нюю лінію. Зрэшты, ва ўсім астатнім настаўнікі былі ёю цалкам задаволеныя, чаго нельга сказаць пра аднакласнікаў з дзявятага «Б»: менавіта ў гэты «дружны калектыў» яна, нідзе і ні ў чым не растваральны асадак восьмага «В» (выпускнога класа, які імгненна растаў, нібы цукар, у масе гарадскіх СПТВ), прыйшла са сваім пух-лым дэрмацінавым партфелем першага верасня другога года ад пачатку васьмідзясятых. Хлопцы, зазірнуўшы на перапынку ў яе дзённік, загорнуты ў ахайную вокладку (ні кляксы, ні задумлівага малюнка на палях, падумаць толькі!), высветлілі, што адзнака «добра» з’яўляецца тут рэдкім госцем, а «дрэнна» і ўвогуле не начавала, пасля чаго адразу страцілі да яе ўсякую цікавасць. Дзяўчаты ўважліва агледзелі яе купленую навыраст форменную сукенку з латамі на локцях, пухнатыя каштанавыя валасы, якія яна чамусьці закручвала ў старэчую фігулю на макаўцы (альбо заплятала ў касіцы з белымі бантамі), баваўняныя, з «Дзіцячага свету», калготкі, што збіраліся ў складкі на каленках, як іх ні падцягвай, і з пагардаю адвярнуліся.

Але што там – калготкі! Горш за ўсё быў выраз вачэй новенькай: нейкага натхнёнага суму і самаадданай гатоўнасці выкласціся дарэшты. Вочы, між іншым, былі колеру няспелага агрэсту, з густымі веямі і ружаватымі павекамі, заўжды прыпухлымі, нібыта пасля слёз, а скрозь скуру прасвечвалі блакітныя жылкі, што тая рачная сетка на новенькай контурнай карце па геаграфіі. Але ніхто не спяшаўся скіраваць свае ветразі да гэтага пятнаццацігадовага мацерыка, яшчэ не адкрытага і не нанесенага на карту. Юля – так звалі гаротнічку – з усяе моцы намагалася заслужыць адабрэнне класа: уцерлася ў світу прыгажуні Зоі Мардасавай, не-пераўзыдзенай спецыялісткі ў галіне апранах імпартных дзеў, на перапынках бегала ў шклозаводскую кулінарыю па пірожныя для Зоі ды цыгарэты для Сашы Сомава па мянушцы «Сэм», які, дарэчы, склаў пра бягунню вершык:

Наша Юля лепш за ўсіх скакала,

А ёй паставілі два балы!


Што і казаць, выкладвалася яна занадта.

Некаторыя ўжо чулі, што ў дванаццаць год выдатніца, не ўмеючы плаваць, скочыла з вышкі ў басейн, адкуль яе вылавіў багром настаўнік фізкультуры, – гэты «подзвіг» яна здзейсніла з-за любові да «англічанкі», усім вядомай зануды, якую празвалі Афеліяй за бясконцыя цытаты з Шэкспіра ды газавыя шалікі, што змяіліся за ёю па школьных калідорах разам са шлейфам мятнага лекавага паху.

Падумаць толькі – з-за любові!

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх