Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 7

Менада і яе сатыры
Частка першая
Выдатніца
6

Оглавление

Скончыліся яны ў той дзень, калі над горадам паплыў неда-рэчны пах валяр’янкі. Чаму – недарэчны? Справа ў тым, што на мясцовай фармацэўтычнай фабрычцы настойку валяр’янкі гатавалі выключна ўвечары. Пэўна, дырэктар быў філантропам і жадаў землякам хаця б уночы забыцца напоўніцу на той жудасны ландшафт, у які ператварыла некалі ціхі і зялёны правінцыйны гарадок шпаркае развіццё «планавай эканомікі». Зранку ж гара-джане звычайна дыхалі пахам антыбіётыкаў, ад якога слязіліся вочы ды пяршыла ў горле; у той цудоўны шлейф жыццярадасна ўпляталася астматычная нота плавікавай кіслаты з труб шкло-завода, прыпраўленая тонкім амбрэ сінтэтычных мыйных сродкаў. Але тым ранкам жыхары горада замест звыклай хімічнай амброзіі адчувалі ачмуральны пах супакойлівага настою і паціскалі плячыма ў неўразуменні: няйнакш, штосьці пераблыталася ў гарадскім гадзінніку.

У школьных парадках гэтаксама нешта парушылася. Вось ужо звініць званок на ўрок ваеннай падрыхтоўкі, але ніхто не спяшаецца мянціць пра абарончую моц СССР і раз’юшана тыркаць ме-талічнай указкай у плакаты, на якіх атрутнай кветкай распускаецца воблака атамнага выбуху. І вось у клас, рухаючыся, нібыта на шарнірах, як рабатызаваная статуя Камандора, уваходзіць кіраўнік «ваенкі». Уваходзіць са спазненнем на шэсць хвілін – неве-рагодна! Палкоўнік у адстаўцы не адказвае на «здравияжелаем», не дае каманды «вольна». Стаіць, цяжка дыхаючы, сашчапіўшы рукі за спінай, абвіслыя зморшчыны на барвовым твары трасуцца, як у ратвейлера. Пачалася вайна з ЗША – здагадваецца Юля. Яна нават перастае адчуваць звыклую ранішнюю млявасць. Палкоўнік, робячы натужлівыя глытальныя рухі, паведамляе, што савецкі народ пацярпеў незаменную страту… памёр Гене-ральны сакратар ЦК КПСС, Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР… чатыры разы Герой Савецкага Саюза… і г. д. – безліч тытулаў. Дзіка прароўшы «сміррррна!» (Юля аж здры-ганулася), педагог абвяшчае хвіліну маўчання.

Выдатніца стаіць каля сваёй парты не дыхаючы. Чутно, як паміж рамамі б’ецца нейкая ідэйна хісткая муха, якая своечаcова не заснула. Палкоўнік пільна ўглядаецца ў твары, шукаючы крамолу. Раптам Юля адчувае: з ёю адбываецца нешта жахлівае. Яна зараз засмяецца! У адчаі яна паварочваецца да Тані Савіч, суседкі па парце. Зірнуўшы на скажоны твар выдатніцы, тая пырскае са смеху. Спробы ўшчыкнуць сябе за сцягно не даюць належнага выніку. Між тым, стараста Люда Грыневіч, што прыгожа застыла ў вобразе грамадзянскага смутку, пачынае дзіўна кашляць. Твар Сашы Сомава, які стаіць, выпрастаўшы рукі па швах, са шкляным позіркам (Саша збіраецца ў ваеннае вучылішча, яму патрэбна добрая характарыстыка), паступова чырванее…

«Прэч з класа!»

Жалезная ўказка лупіць па парце выдатніцы. Божа, які жах! Яна падхоплівае партфель.

«Заўтра прыйдзеш з бацькамі!!» – равуць ёй у спіну трубы Страшнага Суда.

Юля вылятае ў калідор. Бязглузды смех да спазмаў у жываце, да цемнаты ў вачах распірае яе, ён ірвецца вонкі з усіх пор яе скуры. Як вихри враждебные, яна праносіцца па прыступках уніз, імчыцца міма «чырвонага кутка» з расцягнутым уздоўж сцяны лозунгам «КАМУНІЗМ – НАША МЭТА!», міма настаўніцкай, куды дырэктарка англійскай спецшколы якраз вядзе за распухлае вуха чарговую бунтарку-дзесяцікласніцу, што адважылася парушыць асновы асноў ды пракалоць мочкі вушэй, у якіх – скандал! – красуюцца новенькія завушніцы; міма «шклянкі» піянерскага пакоя, што нагадвае акварыум, у якім плавае ў паўзмроку гіпсавы бюст Правадыра, і дае нырца ў душную цямрэчу гардэроба, на шчасце, не зачыненага. Нарэшце выдатніца можа разрагатацца ўголас…

Дзень смерці Правадыра стане для Юлі адным са шчаслівейшых дзён жыцця. Ніколі – ні раней, ні потым – яна не спазнае такога трыумфу, такога ўсеагульнага захаплення. Калі, перачакаўшы ў гардэробе ўрок ваеннай падрыхтоўкі, яна з’явіцца ў клас, усе будуць старацца паціснуць ёй руку, а непрыступная ганарліўка Зоя Мардасава нават падорыць часопіс «Равеснік» з каляровымі ілюстрацыямі, зрэшты, дрэннай якасці.

А пакуль што, утульна ўладкаваўшыся сярод куртак і паліто класа, Юлечка раздумвае пра ўчынак старасты, якая напісала ліст (зразумела, на англійскай мове) генеральнаму сакратару кампартыі ЗША, поўнаму сляпцу. У лісце паведамлялася пра тое, што яна, Люда Грыневіч з 9 «Б», гатова аддаць яму свае здаровыя вочы, каб паскорыць камуністычную рэвалюцыю ў Амерыцы. Тэкст быў надрукаваны ў «Камсамольскім пражэктары», а потым і ў раённай газеце, і пра ўчынак старасты даведаліся ўсе. Сур’ёзна наморшчыўшы лоб, Юлечка раздумвае, ці вартая перамога камунізму ва ўсім свеце таго, каб ніколі не бачыць дрэў, кветак, не чытаць кніг. (Урэшце, праз месяц стараста была вылучана ў бюро райкама камсамола – і мэта ліста ў Амерыку праяснілася. Але тады, у цемры гардэроба, Юля яшчэ не разглядзела такой яе дальназоркасці).

Ва ўсялякім выпадку, выдатніца таксама з радасцю аддала б свае вочы. Не, не дзеля камуністычнае рэвалюцыі, – а калі б яны спатрэбіліся аднаму чалавеку…

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх