Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 18

Менада і яе сатыры
Частка другая
Фігура, якая адсутнічае
2

Оглавление

Ён з лянотнай грацыяй сытай, упэўненай у сваёй моцы жы-вёлы скідвае «камуфляжку» і паблажліва аглядае яе заканурак у інтэрнаце, дзе чай на дваіх сарамліва накрыты на пустой скрыні ад купленага ў крэдыт тэлевізара «Гарызонт», а стары пацёрты дыван – адзіны атрыманы Юлечкай ад маці «пасаг» – запэцканы плямамі воску яшчэ з часу пахавання прабабулі.

«Ну што, разамнёмся?» – пытаюцца яго цудоўныя вусны.

Яна ў захапленні ад усяго, што б ён ні сказаў. Па сутнасці, яе здзіўляе, што такая прыгажосць яшчэ і размаўляе. Усё ў ім падабаецца ёй: вялізныя ручышчы – абедзве вузкія Юліны далонькі ён гуляючы ўпакоўвае ў свой кулак, яго пах – нейкага адэкалону ў сумесі з танным тытунём. Пах самаўпэўненага самца з цнатлівым розумам, не заклапочанага нічым другасным, які, аднак, выдатна ведае сабе кошт у «галоўным». Зрэшты, акажыся ён і поўнай нікчэмнасцю ў гэтым, з яго пункту гледжання, галоўным, яна кахала б яго нават больш. Зразумела, калі існуе большае каханне!

Пасля Афганістана трапіўшы ў псіхіятрычную лякарню, у хуткім часе ён ужо працаваў ва ўстанове санітарам. Я так і бачу, як гэты Геркулес без лішніх слоў уціхамірвае якога-небудзь няўдалага дэпрэсіўніка-самазабойцу. Юля ловіць яго нешматлікія выказванні так, нібыта іх вымаўляе Дэльфійскі аракул у «Цары Эдыпе». «Адставіць!», «Механічны наркоз хошш?», «Паўтараю для тых, хто ў танку», непазбежнае мацюканне (асабліва ў п’яным выглядзе), – фразы яго лексікону слізгочуць більярднымі шарамі па абсалютна гладкай паверхні яго мазгоў. Адно слоўца – «фісгармонія» (наўрад ці ён ведае, што гэта значыць) – падыходзіць яму на ўсе выпадкі жыцця. Гэта расчульвае знаўцу вытанчанай паэзіі Юлю: так, пэўна, дрэсіроўшчык шымпанзэ з замілаваннем назіраў бы за ўнікальнымі здольнасцямі гадаванца.

Ён бярэ з яе палічкі «Лаліту» і адразу ж ставіць назад: «Гэтую фісгармонію без шклянкі не зразумееш!» Затое ён любіць цытаваць Высоцкага. Яна просіць падарыць ёй што-небудзь – так, дробязь, сувенір, каб узгадваць пра першую сустрэчу. Ён ахвотна выцягвае з кішэні асадку з выявай дзявуль, якія ў перагорнутым выглядзе аказваюцца ў чым нарадзіла іх маці.

«Я вось штосьці ніяк не ўеду, – храбусціць ён яблыкам. – Такі сакавіты бабец – і чаму без мужыка жывеш? – ён сплёўвае агрызак. – Нічога яблычкі. Спонсар твой падагнаў, га? І шмат у цябе…» Ён ужывае непрыстойнае слова, але яна робіць выгляд, што недачула. Адыходзячы, ён грубавата прыціскае яе галаву да сваёй «камуфляжкі»: «Слабыя ў нас з табой тармазы».

Наморшчыўшы лоб, як у школе на кантрольнай, яна спрабуе зразумець з гэтай загадкавай фразы, ці сустрэнуцца яны яшчэ раз.

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх