Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 19

Менада і яе сатыры
Частка другая
Фігура, якая адсутнічае
3
Самка, атручаная інтэлектам

Оглавление

На жаль, сустрэнуцца. Вось толькі жыць ды радавацца гэтай «фіялцы» ёй не дадзена. Яна будзе прадзірацца скрозь свой раман, як лагернік скрозь калючы дрот. Штосьці прымушае яе пастаянна ўваскрашаць перанесены ў дзяцінстве боль. Яна намагаецца скласці вобраз свайго «я», але нейкага самага галоўнага малюнка не хапае, і пазл не атрымліваецца. Тое, чаго не стае, яна спадзяецца знайсці ў томіках усходняй філасофіі, якія замянілі падручнікі марксізму ў кніжных крамах. Ды і дзе яшчэ былой выдатніцы шукаць адказы на пытанні, як не ў кнігах? Але чытанне не дапамагае ёй запоўніць балючую пустату ўнутры. Без кахання яна зусім не ўяўляе, што рабіць з сабою, вось якая бяда. Дагэтуль ніводны мужчына не зрабіў яе шчаслівай, бо ніводны не дапамог ёй паверыць у тое, што яна вартая шчасця. Для ўсіх яна падобна на невядомага паходжання лекавы прэпарат, што самотна ляжыць на шкляной палічцы аптэкі побач з прэзерватывамі ды таблеткамі слабіцельнага, – прэпарат, марсіянскую інструкцыю якога не могуць расшыфраваць самі аптэкары.

Гэтай псіхааналітычнай Адысеі не будзе канца: мораплаўца ніколі не дасягне Ітакі. Уласцівая ёй звычка да самакапання ператварае яе існаванне ў яшчэ больш пякельную пакуту. Пекла ж змайстравана па прынцыпе мноства колаў, самаўдасканаленне таксама падобна да кола і, пэўна, з’яўляецца адным з яго, пекла, шляхоў, самым вытанчаным, як кітайскае катаванне. Слаба-сільным Атлантам яна ледзьве трымае свой Сусвет, які вось-вось распаўзецца па швах, у прарэхах заношанай да дзірак прасторы мільгаціць штосьці лішняе, што нахабна парушае дасканаласць прыдуманых ёю вобразаў, і трэба з уздыхам распачынаць штодзённую працу па цыраванні сюжэта, галоўнай гераіняй якога яна сама сябе ўсведамляе. Шкада, што за гэтым заняткам незаўважана мінаюць дні яе жыцця, напэўна, усё ж адзінага, што б там ні казалі на гэты конт брахманы. Няўжо «Бхагавад-Гіта» падманула, і наступствы кармы не спальваюцца ў агні абсалютнага ведання? Калі фатальная няздзейсненасць яе мары пра глыток вады, якую яна намагаецца выціснуць з каменя (вада з-пад крана яе ніяк не задавальняе), носіць кармічны характар, няўжо атрыманых з кніг ведаў недастаткова, каб гэтую карму змяніць? Трэба яшчэ раз пераправерыць усё, зрабіць работу над памылкамі! Раз ужо яна тая аблудная авечка, дзеля якой бог хадзіў па гарах і, нарэшце, знайшоў. Раз ужо яна бутля, раскаркаваная для Ісціны не дзе-небудзь, а ў кропцы Шахасравы. Ваяўніца святла, яна адчувае магутны супраціў уласнага цёмнага ўлоння. Па шчасці, у яе зараз адпачынак, можна без перашкод усесціся за кнігі, каб выправіць сітуацыю.

А пад вокнамі між тым праносяцца, размерана дыхаючы, маладыя мужчыны ў красоўках ды спартыўных трусах. Калі б раптам у каго-небудзь з гэтых прыхільнікаў здаровага ладу жыцця ўзнікла любоўнае сэрцабіццё, яны б імгненна кінуліся падлічваць пульс, з пагардай думае яна. Недалёка рэчка, па беразе бегае басанож дзяўчо з чырвона-белым пляжным мячом. Аднак Юлечка абсалютна пазбаўленая здольнасці нанізваць пацеркі быцця на нітку паўсядзённасці, яна не заўважае іх, рассыпаных пад нагамі, і абыякава ўтоптвае ў бруд. Свет рэчаў увесь час выслізгвае з яе млявых рук, як чырвона-белы пляжны мяч, і яна вымушана зноў і зноў вяртацца да сваіх кніжных медытацый. Яна ўпарта, як калісьці ў школе над малазразумелай алгебрай, б’ецца над важнай праблемай: «гарманізуе» сваю псіхіку, каб пазбавіцца ад адзіноты і навучыцца мець зносіны з мужчынамі, што якраз смяюцца зараз там, на вуліцы. Яна зашморгвае фіранкі, каб ніводны прамень сонца не пранік у яе келлю, і затыкае вушы ватай, каб не чуць іх дурнога рогату. Вочы яе замкнутыя на сем замкоў тугі. Яна ўпэўнена: толькі як след папрацаваўшы, яна атрымае ад жыцця заслужаную адзнаку «выдатна».

Задарма ёй нічога не патрэбна!

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх