Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 15

Менада і яе сатыры
Частка першая
Выдатніца
14

Оглавление

Я хачу ўявіць гэтую сцэну ў падрабязнасцях, убачыць даўжэз-ны калідор раённага суда з пафарбаванымі ў казённы шэры колер сценамі, залу для пасяджэнняў. Зрэшты, зала пакуль пустая, а наш герой, па ўсёй верагоднасці, знаходзіцца ў сваім кабінеце, пера-бірае на стале паперы: праз паўгадзіны мусіць пачацца працэс. На днях ён меў недвухсэнсоўную гутарку з сакратаром райкама партыі, чый зяць сёння зойме месца на лаве падсудных. Збіў, ідыёт, на вясковай дарозе паштарку і знік з месца здарэння. Жанчына памёрла, вось што ўскладняе справу. Сказаў бы цесцю ў той жа дзень – гісторыю б замялі. Маўчаў, ёлуп, думаў, ніхто не бачыў. А тут, як на ліха, – двое сведкаў. Што ж, цяпер давядзецца папацець…

Штосьці адцягвае ўвагу маладога, перспектыўнага суддзі ад вывучэння матэрыялаў справы. Ага, так і ёсць: у кабінеце выразна адчуваецца пах урыны. Ну вядома ж, прыбіральшчыца зноў адчы-ніла фортку! Каналізацыя на ніжнім паверсе няспраўная, і ўвесь смурод плыве сюды. Калі сакратар райкама не схлусіў, хутка, вельмі хутка не ля парашы ён будзе сядзець, а зусім на іншых паверхах… Суддзя адкідваецца на спінку крэсла і звыкла кудлаціць валасы на патыліцы, ад чаго яны ўстаюць тырчма. Не, як усё ж такі пашанцавала, што смаркач нічога не сказаў цесцю! І што справа трапіла менавіта да яго. Гэта шанц, які бывае раз у жыцці…

Нехта ледзь чутна шкрабецца ў дзверы. Уваходзіць дзяўчына ў нязграбным ружовым футры – між іншым, без запрашэння.

«На аліменты падаваць, ці што? – раздражнёна думае ён. – Не, занадта маладая…»

Дзявуля адразу ж апускаецца ў крэсла, нібыта зусім знясілілася, камячыць ў далонях рукавіцы. З акна зноў цягне мярзотным пахам, але цяпер, каб закрыць фортку, давялося б праціскацца паміж на-ведвальніцай і прыстаўным сталом. Яму становіцца няёмка перад дамай. Голасам вельмі занятага чалавека ён цікавіцца, якая ў яе да яго справа. Яна ўзнімае на яго вочы колеру няспелага агрэсту, па-вучнёўску абведзеныя чорным алоўкам, і ледзь чутна вымаўляе:

«Я хачу ад вас дзіцёнка».

«Што-о?! – ад здзіўлення ён губляе асадку. – Хіба мы… знаёмыя?»

Гэтак жа ціха яна паведамляе, што ў час школьнай практыкі друкавала на машынцы вынесеныя Ім прысуды. З таго часу яна кахае Яго. Кахае страсна. Назаўжды. Гэтыя словы яна вымаўляе з павялічанай сур’ёзнасцю, утаропіўшыся ў мутнае шкло графіна. Суддзя ўсёй пяцярнёй кудлаціць валасы на патыліцы. Успомніць яе ён не можа, як ні намагаецца. Зрэшты, якая розніца? Ён разглядае яе ўжо з цікавасцю. Трэба ж! Такая маладзенькая, прыгожанькая – і закахалася ў яго! Ён выпроствае плечы, выпінае грудзі. Працэс працягнецца гадзіны тры… сказаць, каб пачакала ў кабінеце? Праў-да, тут смярдзіць мачой. Нічога, пацерпіць.

«Бацюхна! – яго тон становіцца загадкавым. – Скажу шчыра: я вельмі крануты…»

Звоніць тэлефон.

«Я спадзяюся, мы пра ўсё дамовіліся?» – шамаціць голас у слухаўцы.

«Зраблю ўсё магчымае», – бадзёра адказвае ён.

«Магчымае любы дурань зробіць, а ты зрабі немагчымае», – па-хамску вякае слухаўка. Ён хоча з гонарам адказаць штосьці пра закон, які давераны яго сумленню, быццам цнатлівая дзяўчына, але ля вуха ўжо раздаюцца гудкі. Ён глядзіць на наведвальніцу: сядзіць, апусціўшы галаву, і, здаецца, вось-вось зарыдае. Непаўна-летняя і, верагодна, нявінніца… будуць праблемы… Яго парыў імгненна асцюджаецца.

«На жаль, бацюхна, – працягвае ён зусім іншым тонам – дзя-вулю трэба выправадзіць да пачатку працэса, – я звязаны іншай повяззю! – жэстам рымскага патрыцыя ён узнімае правую руку і растапырвае пальцы, дэманструючы заручальны пярсцёнак. Ка-лісьці, у час сваёй працы маладым, перспектыўным адвакатам ён лёгка ўпадаў у патэтычны тон. – Вы яшчэ такая маладая і такая… хм, цнатлівая! Вы яшчэ сустрэнеце сваё вялікае і светлае пачуццё!»

Яна пазірае на яго зацкавана.

«Цнатлівасць – гэта дар, які належыць уручыць адзінаму вы-бранніку!» – завяршае ён павучальна. Апладзіраваць, на жаль, няма каму: дзяўчына, ледзь не змахнуўшы са стала графін, ужо выбегла з кабінета…

Перад тым, як сесці ў апошнюю электрычку на Мінск, яна паспее забегчы дадому, адкрыць скарбонку з выявай Кіева-Пячэрскай Лаўры і вытрэсці адтуль усе свае зберажэнні. Яна купіць на гэтыя грошы віна і адправіцца ў інтэрнат Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, да сваіх новых знаёмых. Пасля застолля яна, размазваючы па шчоках слёзы, будзе паліць у ліфтавым пакоі, пакутуючы ад непапраўнасці памылкі. Як жа яна забылася! Незнаёмка, прапаноўваючы сваё цела белетрысту Р., ні слоўца не сказала пра каханне! Наадварот – схавалася пад маскай распус-ніцы. Д’ябальская цнатлівасць! Вось што перашкодзіла ёй сёння, думае выдатніца, узгадваючы сказаную Ім фразу. Інакш Ён не прагнаў бы яе… Яна ўлічыць гэта, і ў наступны раз прыйдзе да Яго вопытнай.

Адзін з хлопцаў, таксама на добрым падпітку, выйдзе папаліць – матэматык ці фізік, ёй усё роўна. Яна скажа: «Пойдзем?» І яны адправяцца да яго. Сусед хлопца, студэнт з Афрыкі, які прыме яе за маладзенькую саўковую прастытутку (ёй усё ж удалося ўпісацца ў сюжэт!), саступіць парачцы сваю канапу, засланую раскошным пакрывалам, і з падбадзёрваючым рогатам сыдзе «пагуляць», не забыўшы шапнуць Юлі на вуха, што яна да яго таксама «welcome». Матэматыка чакае шок: сустрэць у гэтай напаўп’янай дзеўцы з размазанай слязьмі касметыкай цнатлівіцу ён, вядома ж, не чакаў. Яна стаічна выцерпіць балючую працэдуру, якая нагадае ёй наведванне стаматолага, не больш. Ніколі яна не раскажа ні-кому падрабязнасці гэтага афрыканскага ахвярапрынашэння: як бегала ў ванны пакой замываць заплямленае крывёю пакрывала з негрыцянскае канапы, як перапалоханы Матэматык ёй дапа-магаў – пакрывала аказалася нейкім рытуальным і дасталося афрыканцу ад продкаў. І напэўна нікому не раскажа яна пра тое, што праз тыдзень зноў наведала Матэматыка: каб ужо надзейна, з гарантыяй. Бо яна была прыроджаная выдатніца і заўжды выконвала праверачную работу!

Аддаць усё, выкласціся дарэшты, каб атрымаць кроплю любові ці, прынамсі, хвіліннае ўвагі, у якой не адмаўляюць і насякомаму, што выпадкова апынулася на нашай скуры. Гэтак яна будзе рабіць заўжды. Але нават тая драбніца, аб якой яна дбае, ёй не дастанецца. Калі Юля, божая кароўка, вясною прыляціць у суд за сваёй узна-гародай, высветліцца, што Сямён Сямёнавіч працуе недзе «ў абласных структурах».

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх