Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 33

Менада і яе сатыры
Частка другая
Фігура, якая адсутнічае
17

Оглавление

Як у многіх чыста жаночых сем’ях горада, у сям’і Галіны Іларыёнаўны мужчына лічыўся чымсьці накшталт экзатычнай птушкі: прыляцеў – адляцеў. Адным спрытным умеліцам удавала-ся на больш ці менш доўгі тэрмін затрымаць шчаслівы цуд, за-гнаўшы яго ў клетку, якая называлася «ячэйкаю грамадства». Іншыя, як ні намагаліся, як ні расстаўлялі сіло, вымушаны былі задаволіцца адно некалькімі яркімі пер’ямі. Няшчасце было стойкім, як родавы праклён, і перадавалася ў спадчыну. Іншым разам яно выяўлялася ў адчайным выкліку прыгажосці: пакінутыя кабеты злосна вытраўлялі са свайго ўжытку ўсё, што несла адбітак жаноцкасці. Зрэшты, тое, што прадавалася ў айчынных крамах, было нібыта спецыяльна прызначана для такога кшталту самакатавання.

Падрастаючы, Юля бачыла вакол сябе заношаныя да павуці-ністай празрыстасці нязграбныя халаты, зашмальцаваныя бясфор-менныя тапкі з наліплымі на падэшвы валаскамі, неверагодна брыдкую бялізну. Вычварны розум якога еўнуха мог вынайсці тыя жудасныя даўжэзныя панталоны «з начосам», з тугімі гумкамі, якія люта ўсмоктваліся ў сцёгны ды пакідалі на скуры чырвоныя палосы, як пасля бізуна? Жанчыны краіны, якая на палітычнай карце свету мела колер крыві, рэзалі на кавалкі старыя прасціны і пасля штомесячнага рэгулярнага выкарыстання замочвалі ў славутым пральным парашку «Пунсовы ветразь». Потым гэтыя пунсовыя ветразі нясціплых надзей, што абстрактным малюнкам плям нагадвалі тую ж палітычную карту свету і сведчылі, няйнакш, пра непарушную дэмаграфічную магутнасць дзяржавы, ставіліся на агонь для кіпячэння. Састарэўшы і згубіўшы палюбоўнікаў, Галіна Іларыёнаўна дазваляла сабе хадзіць усе выхадныя нячэсаная, у прапахлых потам начных кашулях. Ніводны мужчына ў свой час не знайшоў у ёй і грама сексапільнасці; зразумела, яна зроду не чула такога слова, а калі б яго вымавіла пры ёй якая-небудзь заходняя «бэ», з вартым савецкай жанчыны і прапаган-дыста марксізму-ленінізму абурэннем яна пакрыла б нягодніцу сумленным рускім матам. Цалкам мажліва, што, нарадзі Галіна Іларыёнаўна хлопца, яна, прынамсі, не дазволіла б сабе ваяўнічай асексуальнасці. Замест сына нарадзілася Юля, і маці, раздражнёна дэфілюючы па сваім жытле ў абвіслых спартовых штанах і па-драным станіку, адчувала хваравітае задавальненне ад таго, што яе выгляд выклікае адно гідоту. Яна наўмысна апраналася так не з-за беднасці, а каб паказаць дачцэ: яна ніколькі не намагаецца зрабіць сябе прывабнай, ёй не да гэтых бабскіх глупстваў! Юлі часам здавалася, што неразбаўленая канцэнтрацыя жаночай плоці ў іх кватэрцы, не маючая нічога агульнага з жаноцкасцю, становіцца задушлівай, як пах газу, і дастаткова адной запалкі, каб адбыўся выбух. У процілегласць яе ўласнаму полу, занадта добра знаёмаму і нячыстаму, таямнічае мужчынскае жыццё ўяўлялася дзяўчынцы чымсьці ўзвышаным ды недаступным, і стаць прыналежнай яму значыла быць узятай на неба жыўцом.

…Зранку маці, спяшаючыся на камбінат, злосна шпурляла на патэльню яйка з кавалкам заляжалай каўбасы, усё гэта раз’юшана плявалася тлушчам на вялікім агні. Напэўна, з-за перасмажанай ежы Юля пакутавала ад болю ў страўніку, але скардзіцца не асмельвалася – ведала, што маці, здзекваючыся, абвінаваціць яе ў спешчанасці. Калі боль рабіўся нясцерпны, яна ішла да ванны і нізка нахілялася над ёю, робячы выгляд, што ўмываецца, – тады станавілася лягчэй. Але тым ранкам у лазенцы ўжо чысціла зубы маці з бруднага пластыкавага кубка, чысціла, як падалося Юлі, цэлую вечнасць, са смакам выдаляючы з пячор між зубамі жы-лістыя яйкі дыназаўраў. Скурчыўшыся ад болю, Юля доўга глядзела на мацярынскі зад, абцягнуты страшнаватымі сінімі рэйтузамі, якія тая апранала дома ды на камуністычныя суботнікі, глядзела да тае пары, пакуль яе не працяло дзіўнае адчуванне: межы яе ўласнага «я» нібыта расталі, і яна ўжо не была ўпэўнена ў тым, кім яна насамрэч з’яўляецца, – мо нават і тою жанчынаю ў абвіслых сініх штанах? Жах, якім апякло нутро ад гэтае думкі, разам выявіў сутнасць яе адносін да «самага блізкага і дарагога чалавека», якога школа прадпісвала «любіць як Радзіму», а шок начыста выбіў самы ўспамін пра боль, які, дарэчы, найлепшым чынам даказваў яе, Юлі, ідэнтычнасць самой сабе: у маці страўнік ніколі не балеў.

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх