Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 34

Менада і яе сатыры
Частка другая
Фігура, якая адсутнічае
18

Оглавление

Галіна Іларыёнаўна глядзіць па тэлевізары чарговую зводку навін, і па яе твары расцякаецца блазнаватая ўсмешка. Побач стаіць пустая талерка: у маці фантастычны апетыт і такая ж жыццярадаснасць. Крыніца яе шчасця няхітрая, як савецкая трохрублёўка: вышэйшая справядлівасць нарэшце перамагла па ўсіх пазіцыях, захопніца і агрэсар панесла пакаранне. Бо калі б не Юліна зламыснае нараджэнне – варожая акцыя, спланаваная і ажыццёўленая супраць яе (Галіна Іларыёнаўна, пэўна, усур’ёз у гэта верыць), яна стала б кіназоркай! Ну чым яна горшая за тую Федасееву, што ачмурыла Шукшына? Ці выйшла б замуж за генерала, паехала з ім за мяжу і прыцягнула адтуль, няхай сабе і зарабіўшы выпадзенне маткі, як Тоня з першага пад’езда, пяць, не – дзесяць валізак дабра! Яе кватэра была б як музей, з чучалам глушца ды рознымі там міленькімі штучкамі – не горшымі, чым у гэтай прайдзісветкі Тоні, а яе ж мужык усяго толькі палкоўнік! Яна запоўніла б наборамі тыпу «Мадонна» ўсю югаслаўскую сценку! Але замест гэтага давялося прысвяціць жыццё дачцэ.

Цяпер дачка такая ж адзінокая, няшчасная кабета. Усведам-ленне гэтага напаўняе сэрца маці законнай радасцю адплаты. Яна прагна ловіць кожнае сведчанне няшчасця на твары дачкі, яна спаталяе тым свой голад. Калі ёй патрабуецца набрацца сіл, яна едзе са сваёй добраўпарадкаванай кватэры ва ўбогую хаціну на ўскраі горада, дзе жыве Юля. Зразумела, перад гэтым маці мусіць абавязкова даглядзець навіны па тэлевізары.

На паліцах славутай югаслаўскай сценкі па-ранейшаму стаяць кнігі, з якіх дачка чэрпала ўяўленні пра шчасце. Маці іх, зразумела, не чытае. Яна спусташае адным глытком паўбутлі хатняе наліўкі, выключае тэлевізар і накіроўваецца да аўтобуснага прыпынку. Як заўжды, балесны выгляд дачкі выклікае ў маці задавальненне яе ўласным нязменна добрым здароўем ды цудоўным настроем. Засмучае яе адно: дачка – які жах! – зусім не глядзіць тэлевізар. На думку Галіны Іларыёнаўны, гэты факт неабвержна сведчыць пра псіхічнае расстройства. З перабольшанай клапатлівасцю яна раіць Юлі плюнуць на усіх, асабліва на мужчын, як тое даўно зрабіла яна, маці. Дачка абяцае – зразумела, для таго, каб хутчэй выправадзіць маці. Але зрабіць гэта не так проста. У Галіны Іларыёнаўны з’явілася новае хобі – глядзецца ў люстэрка.

«Праўда, у мяне цудоўны колер твару?» – пытаецца яна, з аса-лодай разглядаючы сябе.

«Так, мама».

«Гэта таму, што я капусту з морквай ем!»

Сёння яна адна навярнула цэлую патэльню.

«У капусце шмат вітамінаў. А ты – ты дрэнна выглядаеш. Вунь і зубы пацямнелі…»

Задаволеная, маці пераходзіць да кніжных паліц. Яе бровы паўзуць уверх у карцінным абурэнні.

«Што гэта? На-бо-каў?! Якая лухта! Я чула ўрывак па тэлевізары… Ніхто яго не чытае, бо не разумее («Гэтую фісгармонію без шклянкі не зразумееш!» – рэхам адгукаецца ў Юлінай памяці). І, дарэчы, чаму ў цябе зусім няма дэтэктываў?! Як жа можна так жыць?! І вось яшчэ. Днямі цёця Тоня з першага пад’езда… ну тая, у якой чучала глушца і муж палкоўнік, памятаеш? – прынесла мне кніжку, як там яе… «Пацалунак монстра». Міленькая штучка! Я табе абавязкова прынясу!»

Юля шчыра здзіўляецца свайму цярпенню. Колькі яна яшчэ здолее трываць? Нарэшце, маці быццам бы сабралася сыходзіць. Юля спрабуе зачыніць за ёй дзверы, але гэта не ўдаецца. У прыступе гуллівай весялосці маці какетліва, нібыта маладая дзяўчына суджанаму, гразіць дачцэ пальчыкам:

«Зноў ты сумуеш? Плюй на ўсіх! На ўсіх! І табе адразу стане добра!»

Дык вось ён, найпрасцейшы рэцэпт душэўнае раўнавагі! Будысты былі б у накауце. Маці прагна ловіць позірк дачкі, каб пацешыцца гідлівасцю, якая адаб’ецца на яе твары, але тая ўпарта разглядвае пляму на падлозе.

«Вось ты не глядзіш тэлевізар, нічога не ведаеш, – спяшаецца сказаць маці, бо дачка зноў спрабуе зачыніць за ёю дзверы. – Учора ў Польшчы абрынуўся дом, загінулі семдзесят пяць чалавек! А на мінулым тыдні была катастрофа самалёта ў Інданэзіі! Трупы пасажыраў так і не знайшлі!»

Ах, вунь яно што! Да Юлі, нарэшце, даходзіць. Сілы і здароўе маці дае не толькі бядотны стан дачкі: яе шчупальцы захопліваюць увесь свет. Юля ўсё ж зачыняе дзверы, але маці тут жа прасоўваецца назад:

«Толькі дурні не глядзяць тэлевізар! Я калі на камбінаце працавала, дык ніводнага партыйнага сходу не прапусціла, усё баялася, што без мяне штосьці дужа важнае скажуць!»

Цяпер маці на пенсіі, і партыйныя сходы замяніў тэлевізар.

Калі маці ў рэшце рэшт сыходзіць, Юля, гэтая Жана д’Арк раённага маштабу, горка раздумвае над тым, чаму ніякае. Разуменне. Паміж людзьмі. Немагчыма.

І… узыходзіць на чарговае любоўнае вогнішча.

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх