Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 35

Менада і яе сатыры
Частка другая
Фігура, якая адсутнічае
19

Оглавление

Дзе яна знаходзіла гэтых гогалеўскіх персанажаў? З-пад якіх балотных купін вылазіў гэты вывадак чарцей, гэты шабаш, што не знікаў ад крыку пеўня? Яна здагадваецца, што гэта зноў не той чалавек, але яна рэдка слухае свой розум: няхай гаворыць сэрца, менавіта так. Яна хацела кахаць, як цвейгаўская Незнаёмка, і свайго дабілася: яна так і засталася нераспазнанай для ўсіх тых увішных кар’ерыстаў, спадчынных алкаголікаў, інфантыльных мамачкіных сынкоў – так ужо атрымалася, што яе творчы размах разгарнуўся на нягодным матэрыяле правінцыйнага горада. Пігмаліён, што стварыў Галатэю ўсё ж такі з мармуру, то бок з высакароднага рэчыва, не здолеў бы супернічаць з Юлечкай. Зрэшты, свой раман яна піша крывёю, не журавінавым сокам.

Як жа гэта адбываецца? Ды ўсё па тым жа, да скрыгату зубоўнага знаёмым мне сцэнары. Самае дзіўнае, што гэтыя яе каханні-вяртанні-расстанні як бы начыста адмаўляюць папярэдні вопыт. Штораз яна пачынае ўсё з пачатку, ператвараецца ў старанную школьніцу і праходзіць з чарговым дублёрам той жа цыкл ператварэнняў: з Распусніцы ў Дзяўчынку-Дыванок-ля-Яго-Ног, потым – у Параненае Сэрца і, нарэшце, у Пакінутае Дзіцянё. Ма-тылёк – кукалка – вусень, не мінуючы ніводнай з зададзеных стадый. Кожны раз колішняя выдатніца верыць, што ўжо цяпер дык усё атрымаецца, і яна сустрэне таго, хто дазволіць ёй сціплае шчасце (якое яму зусім нічога не будзе каштаваць) абагаўляць Яго. Але чамусьці ў гэткай дробязі ёй зноў адмаўляюць. Разнастаіла б яна сваю гульню, ці што! На жаль, я, аўтар, бяссільная прымусіць яе зрабіць гэта. Яна даўно выйшла з-пад майго кантролю і кіруецца адно сваёй логікай трызнення, ператвараючы мой расповед у чаргаванне вельмі падобных фрагментаў, кшталту вязання ірландскім узорам. Нечаканае прасвятленне, як у дзэне, – вось чаго чакаем ад яе мы з чытачом. Але пакуль яна настолькі прадказальная, што мне не трэба нават заплюшчваць вочы, каб уявіць яе, скажам, на парозе майго кабінета ў рэдакцыі. На ёй даўгаполае зялёнае паліто маркі «Бергхауз» і добра знаёмыя мне зношаныя боты, якія яна выйграла калісьці ў латэрэю. Яна сядае насупраць, кідае няўважлівы позірк у мой ноўтбук, дзе я ствараю раман пра яе. На экране акурат адкрыта гэта самая старонка.

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх