Читать книгу Рай даўно перанаселены (зборнік) - Алена Брава, Алена Браво - Страница 27

Менада і яе сатыры
Частка другая
Фігура, якая адсутнічае
11

Оглавление

Яна сама адшукала лякарства ад сваёй Вялікай Дэпрэсіі. Зразумела – новае Вялікае Каханне. На гэты раз – да дырэктара камерцыйнага цэнтра, дзе яна працуе, якога ўсе называюць Дарагуша. Маларослы, з вусікамі нітачкай ды рэдкімі валасамі, зачасанымі набок, ён аніколькі не падобны да Быка. Прынамсі, ён не брутальны і нават ласкавы; гэтая ахвяра Эдыпава комплексу сама пакутуе на хранічную язву самаацэнкі. Яго каханне (з бляшанкай таннае кавы ў дадатак) пераходзячым партыйным сцягам перамяшчаецца з кабінета ў кабінет фірмы, поўнай адзінокіх кабет, гатовых ад пачуццёвага голаду кінуцца на кожнага. Тэмы яго размоў з выбранніцамі сэрца абмяжоўваюцца скаргамі: на жонку, кіраўніцтва завода і нават на сабаку – зразумела, пародзістага, які вінаваты перад Дарагушай у тым, што з-за нейкіх парушэнняў рэпрадукцыйнага здароўя не можа апладняць сваіх пародзістых нявест. Праз некаторы час «сцяг» пераходзіць да іншай супрацоўніцы, а пакінутая, у якой ад ныцця шэфа ўжо ўтварыўся брудна-шэры налёт у мазгах, як на сценках кубка пасля дрэннай кавы, уздыхае з палёгкай. Гэта, між іншым, не замінае ёй узначаліць кампанію супраць чарговай «сцяганосьбіткі», лёс якой таксама прадвызначаны: праз некаторы час прымкнуць да лагера «пераможаных».

…Праз канкрэтную рэальнасць дрэва, падаючага ліста (шкар-пэткі, што валяецца на падлозе) – да рэальнасці Вечнага Духу! Не, не на нябёсах, не ў адрачэнні, а тут, на Зямлі! А калі адбудзецца новае каханне – што ж, як кажуць на Усходзе, я не адштурхоўваю тое, што прыходзіць і не затрымліваю тое, што сыходзіць. Ён сыходзіць, падзякаваўшы, як пасля ежы. Дзеля яго Юлі давялося пакінуць інтэрнат шклозавода і зняць часовую хаціну на ўскраіне горада: жанаты дырэктар баіцца агалоскі. Хісткае збудаванне, больш падобнае да хлеўчука, ацяпляецца пячуркай, але зімой у Юлі зуб на зуб не трапляе: куты прамярзаюць, са шчылін пад дзвярыма свішча вецер ды намятае снегу. Затое цяпер яна можа бесперашкодна сустракацца з каханкам. Ён з сумам глядзіць на яе вачамі колеру таннае кавы.

«Я адчуваю сабе непаўнавартасным, бо ў мяне брудныя валасы», – кранальна-шчыра паведамляе ён ёй.

«Дык памыйцеся!» – наіўна прапануе яна. Ён цяжка ўздыхае:

«Гэта не так проста, дарагуша. Свой дом – не кватэра з усімі выгодамі».

Праз некаторы час ён атрымлівае кватэру, але працягвае хадзіць на працу з перхаццю на пінжаку.

«Я адчуваю сабе непаўнавартасным, бо мала зарабляю», – скардзіцца ён.

«Дык падзарабляйце дзе-небудзь яшчэ!» – дае яна неабдума-ную параду.

Ён дакорліва глядзіць на яе:

«Гэта не так проста, дарагуша…»

Гэты тып знаёмы ёй да дробязяў. Яна пазнае яго ў любым на-тоўпе і адразу ж кідаецца яму насустрач: менавіта такі дасць ёй магчымасць паўдзельнічаць у спаборніцтве па выцісканні вады з каменя і давядзенні жвіру да кропкі кіпення. Яна шкадуе яго: ён ходзіць у памятай кашулі, зашмальцаваных нагавіцах. Шчыра кажучы, ён выклікае гідлівасць. Дый што добрае можа выйсці са згвалтаванай жалезам маткі? Ён сам распавёў Юлі, што яго маці, фабрычная рабочая, зрабіла да яго дванаццаць абортаў. Вычыш-чаць яе ўлонне ў трынаццаты раз медыкі не ўзяліся. Нарадзіўшы (нягледзячы на гарэлку з перцам) у лютым, маці паклала кволае немаўля далей ад печкі, ля разбітага ды заткнутага рыззём акна: далібог, памрэ. Праз два дні, пашкадаваўшы, пераклала ў калыску. Сынок рос, стараўся як мага радзей трапляць на вочы бацьку, якога баяўся да ванітаў і называў на «Вы», а ўрокі, што даваліся яму з вялікай цяжкасцю, рабіў у шапцы-вушанцы, каб не чуць мацярынска-бацькоўскіх жудасных сварак. Так-сяк вывучыўшыся, хутка сцяміў (змалку быў кемлівы), што трэба дагаджаць моцным і таптаць слабых, і за разумнасць быў заахвочаны нядрэннай пасадай. Ён прывык баяцца мужчын і жаласным выглядам кранаць спагадлівыя жаночыя сэрцы. Такія вартыя жалю тыпы звычайна самі не ведаюць літасці – асабліва да тых, каго «любяць». Маці Дарагуша пяшчотна любіў, што не перашкодзіла яму здаць яе паміраць у псіхушку. Шчыра любіў ён і сабаку, нават уласнаручна прыстрэліў, калі той захварэў. Хутка чарга дойдзе і да Юлі. Сцюдзёны скразняк з таго лютаўскага акна гоніцца за Дарагушам усё жыццё. Ён прагне цяпла, жвавым сперматазоідам сутаргава ўкручваючыся ў жаночае ўлонне. Укруціўшыся, хутка пачынае адчуваць холад і, упырснуўшы сваё гадзючае семя, імчыцца прэч ад апаганенага ім улоння на пошукі новага.

Зразумела, яна спрабуе яго адагрэць сваім Вялікім Каханнем. Як жа выглядае штотыднёвы набор іх тэлефонных дыялогаў? (Звоніць увесь час яна – з аўтамата на рагу).


Панядзелак:

«Я плачу аб табе, каханне маё… аб тваёй самотнай старасці з абыякавай да цябе жонкай… Я буду мыць табе кашулі і шкарпэткі штодзень, і толькі рукамі – нават калі ты знойдзеш грошы на пральную машыну! Гэта будуць найрадаснейшыя хвіліны майго жыцця!»

«Я не супраць, дарагуша!»


Аўторак:

«Які я шчаслівы, што ты ў мяне ёсць… (Цяжкі ўздых). Як я прагну быць заўжды з табою…»

«Дык чаму, чаму мы дагэтуль не разам?!»

«Яшчэ крыху пачакай, дарагуша…»


Серада:

«Толькі калі ты думаеш пра мяне, я – ёсць, існую… Адбітак у тваіх вачах – гэта я і ёсць… Калі ты глядзіш з захапленнем, я – каралева! Як я сябе тады люблю, як ганаруся сабой! Лячу па горадзе, нібы птушка, хочацца пець: Ён мяне выбраў, мяне! Калі ж вочы твае раўнадушныя, я – нішто, горш за чарвяка расціснутага, ветрам гнанага смецця…»

(Юлечка не хлусіць: яна становіцца матэрыяльным целам, толькі калі чарговы «Ён» кахае яе, у астатні час яна проста фантом. Яна набывае цялеснасць, толькі калі каханы зробіць ласку пакарыстацца гэтым трохі звялым жаночым целам; што да яе душы, яна застаецца незапатрабаванай. Гэты працэс падобны раз’яднанню гогалеўскай Кацярыны на душу і цела, якое спачывае каменным сном, нібыта ў дамавіне, пакуль Чараўнік гутарыць з яе эфірным двайніком. Толькі ў Юлі, гаротніцы, усё наадварот…)

Маўчанне ў адказ: Дарагуша нецярпліва пазірае на талерку з хатнімі пяльменямі, прыгатаванымі жонкай.


Чацвер:

«Сэрца маё, гэта я…»

«А? Каго?! Ёлуп, набірай нумар правільна!» – усё зразумела: побач знаходзіцца жонка.


Пятніца:

«Я мушу быць сёння дома: у сына дзень нараджэння. Але мы з табой адсвяткуем Новы год разам… Ну, не крыўдуй!»


Субота:

«Калі б ты ведала… (ве-е-ельмі цяжкі ўздых)… колькі разоў я пра цябе ўзгадваў…»

«Ты гаворыш так, нібыта жыццё ўжо скончылася».

«Яно для нас толькі пачынаецца!»


Нядзеля, «нарэшце адны». Пасля вячэры яны накіроўваюцца ў ложак.

«На які час паставіць будзільнік?» – пытаецца Юля пасля кулінарыі кахання, старанна прыгатаванай ёю па рэцэптах кнігі «Як задаволіць мужчыну».

«Як сабе хочаш, дарагуша. І не тушы святло».

«Ты сыходзіш?!»

«Я не магу зараз застацца…»

Больш ён не аб’яўляецца, а праз месяц прыходзіць да яе па свой альбом эратычнага масажу (а яна амаль што паспела засвоіць і гэты від баявога [у сэнсе барацьбы за Яго] мастацтва!), нерашуча топчацца ў дзвярах. Вядома, яна ўжо чула, што ў яго з’явілася маладзенькая палюбоўніца, якую ён падабраў, як бяздомнае і зусім не пародзістае шчаня, на гарадскім рынку. «Грамадскае-пераходзячае» за добра зашмальцаваныя махры ўчэпіста схапілі ручкі з ярка наманікюранымі пазногцямі, што прызвычаіліся расцягваць перад пакупніцамі калготкі. Касірка цэнтра, з чыіх саслабелых рук гандлярка выхапіла «дрэўка», ахвотна распавяда-ла ўсім жадаючым слухаць, як, скрипя сердцем (менавіта такі выраз ужывала пані), яна выдае мярзотніцы даплаты «за пашырэнне зоны абслугоўвання» (многія са слухачак добра ведаюць, што гэта за «зона») і – падумаць толькі, якое нахабства! – «за інтэнсіўнасць працы»! Сквапны Дарагуша за кошт фірмы быў шчодры, што той Крэз, але такой колькасці бонусаў ніводная з яго фаварытак не ўдастойвалася.

Менавіта славутую «інтэнсіўнасць» абмяркоўваюць цяпер інтэлігентныя менеджэршы, цырымонна трымаючы цыгаркі ва ўніза-ных пярсцёнкамі пальцах.

«Яна называе яго татачкам. Яму, дурню, падабаецца. А пасля ўсяго кажа: «Сёння я выдатніца, вось мой дзённік, татачка, зірні, у ім адны пяцёркі!» Дзённік – гэта яе торба, яна яе адчыненай падае. І ён туды грошы кладзе, няшмат», – распавядае адна.

«Тыя ж яйкі, толькі ў профіль», – адгукаецца другая.

Юля моўчкі слухае. Былая выдатніца ўпершыню шкадуе аб тым, што ніколі раней не ўнікала ў складаны ўзор інтрыг і крыўд, па канве якога вышывалі свой службовы час яе калегі. Ах, калі б яна паклапацілася пра тое раней, дык у момант выканання адказнай місіі «сцяганосьбіткі» напэўна ведала б, што адзіная ва ўстанове кахала Дарагушу бясплатна, вярней, гатова была яшчэ і прыплаціць, каб ён дазволіў ёй сябе кахаць.

«Ды няўжо ж? Няўжо?» – перапытвае яна разгублена.

«Ээх, неадэкватная вы наша…» – з разуменнем пасміхаюцца калегі.

Рай даўно перанаселены (зборнік)

Подняться наверх