Читать книгу Дыплом на царства - Аркадзь Ліцьвін - Страница 10

Частка I. Кур’ер Вялікага княства
Тры гасудары для Масковіі

Оглавление

Місія каралеўскіх высланнікаў прыбыла ў лагер пад Тушынам 16 лістапада 1609 года. – Не дзіва, што яны адхапілі такі кавалак Масковіі, – галава пасольства Станіслаў Стадніцкі*, пшэмыскі кашталян, павёў рукою, аглядаючы тушынскі лагер. – Ладнае, пане—браце, мястэчка! Калі тут усе пад зброяй…, – ён вымоўна абарваў сказ.

Камендант васьмісот коннікаў эскорту кіўнуў, пацвярджаючы заўвагу. Не прызнаваўся, што крыху трывожыцца, як вярнуцца жывому і цэламу ад гэтай хеўры. У Найяснейшага пана ўсяго войска ў разы менш, чым тут у царыка. А пара ўцёкам не спрыяе, снежань на носе.

– Тут, кажуць, нашых шмат. Можа з імі неяк дамовіцца?

– Але ж і непрыяцелі караля менавіта сюды збегліся, – засмяяўся кашталян. – З імі як?

Больш дасведчаны ў сітуацыі, не палохаўся. Войска царыка моцнае тым, што засталося яшчэ ад Першага Дзьмітрыя. Апанавала ўсё апроч Смаленска, Пскова і Вялікага Ноўгарада, дзе і думныя баяры трымаліся Шуйскага, але ад пэўнага часу поспехі пайшлі на спад і глум. Усё большую моц і самастойнасць мелі людзі гетмана Ражынскага. І цёмны люд на вачах траціў веру ў добрага цара.

– Дзе ж яны трымаюць свайго манарха? – рагатнуў пан кашталян, спрабуючы ўгадаць між скопішча разнастайных будынкаў найбольш прадстаўнічы і не мог. – Урэшце нам найперш патрэбны пан Ражынскі і «патрыярх» Філарэт.

У размовах з патрыярхам, правінцыйнымі баярамі, з казакамі, умовы вуніі не выклікалі асаблівых спрэчак. Параіўшыся з бліжэйшымі памочнікамі, кашталян вырашыў не наведваць царыка з царыцаю, якія даўно пачуваліся палоннымі сваіх «падданых» з Рэчы Паспалітай. Пакуль ішлі перамовы, царык сядзеў не так пад аховай як пад каравулам у сваім «цераме» і біўся думкай, ці не пра яго грэшную галаву дамаўляюцца? Не раз упрошваў князя Ражынскага падзяліцца навінамі, але дабіўся таго, што лепш было не чуць. – Хіба забыўся, што гетманы Рэчы Паспалітай маюць права на замежныя дачыненні? А табе што да таго, навошта да мяне камісары прыехалі? – прахрыпеў у п'яным ачмурэнні. – Ці ж я, гетман Ражынскі, мушу кожнаму спавядацца ў сваіх задумах? Чорт ма ведае, хто ты сам? Досыць мы крыві за цябе пралілі, а карысці ні на мезены палец!

Ражынскі сунуў расцапежаную далонь пад нос «гасудару» і паказаў меру той карысці.

– Будзеш дурыць галаву, то ўрэжу кіем і буду мець спакой, – прыгразіў «царскі» гетман.

Кемнаму даволі. Не чакаць жа, пакуль выдадуць каралеўскім паслам. Дзе ён возьме чатыры ці, як іншыя патрабуюць, сем мільёнаў для гэтай узброенай хеўры. Калі кароль паабяцае, прададуць яго, не таргуючыся. У тую ж ноч, з 6на7(27) снежня. царык, пераапрануты селянінам, на возе з дрывамі з'ехаў да Калугі, пакінуўшы царыцу. Назаўтра ў тушынскім лагеры страляніна і вэрхал: дзе цар? Людзі пана Тышкевіча, перакананыя, што Ражынскі альбо забіў царыка, альбо ўвязніў, сыпанулі кулямі па шатрах князя—гетмана. Гетманавы людзі абоз не аддалі, але мусілі адступіць. Па ўсяму лагеру пачалі дзяліцца: адны за царыкам, іншыя да караля, астатнія на самапас. Калі казакі Зарудзкага не паддаліся ўгаворам ісці да караля, атаман паспрабаваў вярнуць паслушэнства сілай. Конніца Ражынскага падтрымала Зарудзкага і нязгодныя з правадырамі ўслалі сваімі целамі шлях да Калугі. А царык рассылаў адозвы, што Ражынскі з Салтыковым пасягалі на яго жыццё і патрабаваў адхіліць князя ад гетманства. Апошнім спадзяваннем імпостара быў Ян Пётр Сапега. Але перамовы не спыніліся.

– Давайце пакуль што не будзем пра грошы, – прапанаваў Стадніцкі. Баяры разумелі, што, трындзячы пра грошы, няўзнак зайшлі ў тупік без выйсця. Хіба толькі назад. Стадніцкі стараўся ўратаваць, што мажліва ў новай сітуацыі: дамовіцца з тымі, хто не пайшоў да Калугі. – Вы, ваша свяцейшаства, – Стадніцкі пашанотна пахіліўся перад Філарэтам Раманавым. – Вы, шаноўныя паны баярства, – вынайшаў адмысловы зварот кашталян, – вы ўсе дасведчаныя жыццём людзі і адзіна вам падуладна сённяшняя сітуацыя. Найлепшым, калі не адзіным выйсцем былі б перамовы з самім каралём Жыгімонтам. Найяснейшы пан выключна зычліва ставіцца да такога кроку. Імпостар у караля выклікае натуральную агіду, а пасольства імянітых будзе вітаць з усёй сардэчнасцю.

Імянітыя слухалі па рознаму. Адны з непранікнёным выразам твару, іншыя спагадліва ківалі высокімі шапкамі, так, што бароды ўпіраліся ў грудзі.

– Я лічыў бы давераную мне каралём задачу выкананай, калі б яго свяцейшаства блаславіў такое пасольства, а можа з ласкі сваёй і далучыўся, – Стадніцкі склаў чарговы, яшчэ ніжэйшы, паклон Філарэту.

Патрыярх, які ўзяў на сябе старшынства над тушынскім урадам, не ўстаяў перад такім пахлебствам і блаславіў задуму.

– Я думаю мая адсутнасць тут зараз была б непажаданай. Таму Міхаіл Салтыкоў—Марозаў, – патрыярх павёў рукою, – думныя баяры Пляшчэеў* ды Малчанаў* годна выканаюць наша даручэнне.

– Натуральна, возьмем з сабою пару соцень людзей, – мякка але настойліва падказаў Салтыкоў.

– Бласлаўляю! – прамовіў Філарэт. – Рыхтуйцеся з Богам!

Вялікае баярскае пасольства, амаль дзве з паловай сотні асоб, на чале з прыхільнымі каралевічу Міхаілам і Іванам Салтыковымі, Малчанавым, Львом Пляшчэевым, Юрыем Хварасцінскім*, Васілём Рубец—Масальскім* прыбыло пад Смаленск тады, калі кароль падумваў пра адступленне і замірэнне. Аўдыенцыю атрымала акурат апошнім днём студзеня. Былы гадуноўскі ваявода, затым набліжаны першага царэвіча і нарэшце думны баярын чарговага “цара” Міхаіл Глебавіч Салтыкоў першы цалаваў руку каралю і пачаў прамову. Пасля ягоны сын Іван біў чалом ад патрыярха Філарэта і ўсяго духавенства. Наступны прамоўца зрабіў тое ж ад дваранаў. Стары Салтыкоў выклаў прапанову маскоўскага трону каралевічу Уладыславу.

– Калі кароль пойдзе на Маскву, – пераконваў пасол, – усе ад Васіля Шуйскага адступяцца. Уся зямля прыме каралевіча на царства ахвотна і без крыві.

Леў Сапега ўхвальна пахіліў галаву, кароль захоўваў непранікнёны выраз твару. Была істотная перашкода, якую нельга абыйсці і цяжка адолець. Са слязьмі на вачах прасіў пасол захаваць веру і абрады.

– Вашай міласць, – пасол пакланіўся Жыгімонту, – з усёй павагай мушу паведаміць: без праліцця крыві стаць нашым гасударом не зможаце. Вельмі мала хто згодны на караля іншай веры. Яшчэ раз мушу нагадаць, што мы патрабуем хрышчэння каралевіча на праваслаўе, прыняцця ім кароны з рук патрыярха і ніякага пашырэння каталіцтва.

Вялікі канцлер Леў Сапега ад імя караля запэўніў, што Жыгімонт ІІІ рады прымаць іх ахвоту і зычлівасць. Веры парушаць не думае, а цэрквы будзе бараніць і памнажаць. Хоць каранаваны місыянер не падзяляў выказаных канцлерам ад яго імя пастулатаў, усю ноч з нядзелі на панядзелак, 1лютага, білі званы і грымелі салюты.

Канцлеру патрабавалася ўсё майстэрства, каб не даць сарвацца перамовам. Ад першага дня пайшло і не спынялася таптанне вакол веравызнання будучага цара Масковіі. Паслы патрабавалі яснага адказу, бо мелі падставы меркаваць, што кароль хітруе. Дарадцамі ў яго не толькі разважлівы і разумны Леў Сапега.

– Пакуль заўчасна каралевічу выпраўляцца на Маскву, – Леў Сапега даў зразумець, што і сам падзяляе гэту думку караля. – Не здолее з—за маладога веку супакоіць і кіраваць разарванай краінай. Як толькі краіна суцішыцца, Міласцівы пан не будзе адмаўляць. Калі будзе на тое воля Божая і згода ўсёй зямлі, каралевіч прыбудзе неадкладна і ўшануе ўсе дамоўленасці.

– Што ж, гэта разумна, – пагадзіліся паслы. – Мы таксама прагнем спакою і міру. Спадзяемся і ў гэтым на дапамогу Яго Вялікасці караля.

Размова пра дапамогу ішла лягчэй для абодвух бакоў.

– Найяснейшы пан не раз даводзіў да шырокага ведама, што прыйшоў не на згубу гэтай дзяржавы, а на супакаенне. І не самахоць, а запрошаны думнымі баярамі, – нагадваў вялікі канцлер. – Рэч Паспалітая прагне спакою на ўсходніх межах і карыснага абодвум бакам гандлю. Зыходзячы з гэтага, кароль не браў з сабою артылерыі, ваеных прыладаў ды і людзей павёў няшмат. Аднак з улікам новай сітуацыі, пасылае па гарматы і людзей, каб, узмацніўшыся, ісці на Маскву.

Маскавіты пацвердзілі, што на выказанае прыстане ўся Масква, улучна з тымі, хто пры Шуйскім. Леў Сапега быў дастаткова абазнаны, каб паверыць у такую магчымасць. Баяры баяліся і тыраніі Васіля Шуйскага і “казацкага цара” Дзьмітрыя. Усё ж наследны каралевіч, хай і перахрышчаны з лацінства, не ў прыклад лягчэй успрымаецца.

Пасля двутыднёвых перамоваў пагадзіліся, што цар Уладыслаў пяройдзе на праваслаўе, карануецца па праваслаўнаму абраду і будзе кіраваць разам з Баярскай думай ды свяшчэнным саборам. Ва ўсім астатнім захаваецца ранейшы лад з наданнем дваранству правоў, падобных шляхоцкім у Рэчы Паспалітай. 14 лютага 1610 года падпісалі трактат, па якому каралевіч прызнаваўся царом Масковіі. Баяры на дамову прысягнулі, а Жыгімонт пайшоў на хітрасць, устрымаўся. Быў перакананы, што гетман Жулкеўскі пераможа з наяўнымі сіламі, а яму прыпадзе трыюмфаваць у Смаленску, атрымаць ключы ад Крамля, ды запанаваць у заваяванай краіне. На паставу караля паўплывалі весткі, што царык, ратуючы жыццё, уцёк з Тушына да Калугі. На думку Льва Сапегі абставіны не спрыялі каралеўскім задумам.

– Найяснейшы пане, – канцлер паспрабаваў астудзіць каралеўскі запал, – уцёкі тушынскага “цара”нясуць нам больш шкоды, чым карысці.

Габрыэль Война*, падканцлер Вялікага Княства і адкрыты нядобразычлівец Сапегі, аж ускінуўся.

– Што гэта яснепан кажа! Навіна выключна шчаслівая і варожыць хуткі наш поспех.

– Ці не зычыце, яснавяльможны пане, большага шанцавання імпостару, чым свайму каралю?

– з прыхаванай з’едлівасцю запытаўся пан Баболя*, першы па лісьлівасьці трэці ўдзельнік кароткага дыспуту.

Вялікі падкаморы каронны Анджэй Боболя захіхікаў, нібыта зводзячы сказанае да жарту. Вялікі канцлер не лічыў патрэбным азывацца на гэты сабачы брэх, ясны па намерах і неўразумелы па словах. Але кароль, які мог у знерваванні даць гэтаму шаптуну і падпявалу па пысе, разумеў прыхаваны сэнс сапегавых словаў.

– Дыспазыцыя ад моманту ўцёкаў “царыка” вызваліла цара Васіля Шуйскага ад неабходнасці азірацца на пагрозу Маскве ад тушынскага войска, – настойліва тлумачыў Леў Сапега. – Калі частка гэтага войска пяройдзе да Шуйскага, ён, узмацніўшыся, можа рушыць на дапамогу Смаленску. На маю думку, належыць учыніць пэўныя захады супраць такой магчымасці.

Апанэнтаў перастала цягнуць на смешыкі. Ведалі, што для Міласцівага пана значыць захоп Смаленска. А войска ў яго няшмат.

– Маеш рацыю, яснепан, – падумаўшы, неахвотна прызнаў кароль. – Як бы нам самых вартасных з Тушына, калі не перацягнуць, то хоць бы ўстрымаць ад выступу супраць нас. Займіся гэтым неадкладна, бо час бяжыць.

Кароль усведамляў, каго паслухаюцца ліцьвіны ў Крамлі і Тушыне, ці дзе іх яшчэ чэрці панеслі. Не Баболю ж да іх слаць.

У Тушыне войска Яна Пятра Сапегі захавала рэшткі ваярскага парадку, хоць па чутках усвяцкі стараста меў немалыя клопаты. Выперты ад Троіца—Сергіева манастыра Скопіным апошнім тыднем студзеня пайшоў да Дмітрава, але націск маскавітаў на пачатку сакавіка змусіў пакінуць горад. Нечаканая смерць князя Ражынскага ў красавіку падказала Яну Пятру калужскі напрамак. Балазе царыца Марына яшчэ ў канцы лютага прыбегла з Тушына да сапежанскага лагеру і магла паспрыяць атрыманню Сапегам гетманства ў войску самазванца. Гэткі крок не пасварыў бы старасту з каралём, бо Жыгімонт дзеля сваіх мэтаў шукаў збліжэння з царыкам. Генеральнае кола калужскага войска абрала Яна Пятра гетманам 25 чэрвеня.

Але вялікі канцлер Леў Сапега не спадзяваўся значнага паляпшэння сітуацыі. Памятаючы, што ўсе лісты пераказваюцца каралеве, піша да жонкі: «Але я сумняваюся, каб што з таго было. Бо і мы не маем з чым і з кім туды ісці, вельмі нас малая жменька. І нашы людзі, што пры царыку, паведамляюць пра цяжкасці: шмат хочуць грошай, якіх няма, а яны без грошай нічога добрага не хочуць учыніць.” Ведаў, што не разгалошвае таямніцы. Нават недасведчанаму ясна, што наяўнымі сіламі кампаніі не выйграць, калі засяродзіцца на захопе Смаленска. А каралева Канстанцыя настойвала на аблозе Смаленска і яго захопе. Сам канцлер, адзін з ініцыятараў выправы і яе накірунку на Смаленск, прызнаваў рацыю гетману Жулкеўскаму. Спеліў кволую надзею, што каралева зразумее: пры наяўных сілах і абставінах патрабуюцца змены намераў.

«І так баюся, што толькі іх небаракаў на большыя яткі выдадзем: альбо Шуйскі, альбо той імпостар іх памардуе», – пяро спраўна слізгала па аркушы, выкладаючы замест сямейных дачыненняў дзяржаўныя клопаты. – «Гэтыя недастаткі, слабасць наша, усяму перашкодзіць і папсуе ўсё. Хоць тое кожны з нас сваім вокам бачыць, што аказіі вялікія надаюцца і лёгка было да атрымання таго панства, калі б было чым падтрымаць…»

Шкода было змарнаваных магчымасцей, але нельга і адступацца, не выкарыстаўшы тых, што засталіся. Наперадзе перамовы аб замірэнні і трэба мець да іх свае козыры. Усё сведчыць, што будучыня цара Васіля Шуйскага вымалёўваецца даволі змрочна. Тушынцы выкарысталі яго колішнюю задуму прапанаваць каралевічу Уладыславу маскоўскі сталец, каб пазбавіцца ад самога Шуйскага. Дваранства больш не спадзявалася сваімі сіламі абмежаваць царскую ўладу. Усё больш пашыралася марная надзея дабіцца правоў праз вунію з Рэчай Паспалітай. Але і баярам кандыдатура каралевіча Уладыслава прыпала да сэрца. Галава думы князь Фёдар Мсціслаўскі, Філарэт Раманаў, галава тушынскага ўраду, спадзяваліся падпарадкаваць маладога цара сваёй волі. Раманаў рызыкнуў выправіцца да караля, але быў вернуты ў Маскву войскам.

Кароль не даслаў тушынцам абяцанай дапамогі. Магчыма і не збіраўся выконваць дамову, балазе ўрад Філарэта Раманава разваліўся назаўтра пасля яе падпісання. Салтыкоў і іншыя паслы засталіся ў каралеўскім лагеры, невядома ў якой, але не пачэснай ролі.

Ад гэтага моманту на Масковіі кожны мог прыхіліцца да таго гасудара, які яму больш падабаўся: законны сядзеў на Маскве, “воровской” у Калузе, а трэці, каралевіч Уладыслаў Жыгімонтавіч, недзе далёка.

Большасць мясцовых тушынцаў выправілася да Масквы альбо Калугі. Працяглы торг Скопіна са шведамі ў Аляксандраўскай слабадзе не ўратаваў Карэлу. Нягледзячы на супраціў жыхароў, крэпасць прызначылі аддаць шведам.

На другім тыдні сакавіка Міхаіл Васільевіч Скопін—Шуйскі ў суправаджэнні шведаў уехаў у Маскву як трыюмфатар. Аблога мінавала і маскавіты віталі героя лепш чым ягонага дзядзьку, цара Васіля. Няўрымслівы Пракопій Ляпуноў клікаў яго на цараванне. Узлёт пляменніка вельмі не падабаўся зайздросніку Дзьмітрыю Шуйскаму, які толькі сябе бачыў галоўным ваяводам, калі не прымяраў употай на сваю фанабэрыстую галаву шапку Манамаха.

А тут і герой памёр, як шапталі, атручаны жонкаю царскага брата. Цар Васіль адразу ж паслаў брата Дзьмітрыя з сарака тысячамі маскоўскага войска і васьмю тысячамі ад Дэлагардзі разграміць войска царыка і адагнаць караля Жыгімонта ад Смаленска. Цар Васіль усё яшчэ баяўся, ці не дапамагае кароль царыку, каб помсціць за смерць палякаў пры забіцці першага самазванца.

На пачатак сваёй кампаніі Дзмітрый выправіў некалькі сот немцаў захапіць ці хоць бы аблажыць Белую.

А войска польнага гетмана Кароны Станіслава Жулкеўскага, дванаццаць харугваў гусарыі ды дзве казацкія, разам больш чым паўтары тысячы коней і шэсць соцень пяхоты, паволі цягнула насустрач маскоўскаму. Не расчодрыўся кароль, але была надзея сабраць тое—сёе па захопленых гарадках ды далучыць атрады, што біліся з маскавітамі на паграніччы, пакуль кароль не сцягнуў іх пад Смаленск.

– Прыкінем, пане—браце, што нам Міласцівы пан пакінуў, – гетман хмыкнуў у вусы і зірнуў на ад'ютанта, які прымасціўся на пярэдняй лаве карэты.

– Да паслуг, яснепане! – адгукнуўся афіцэр, выцягваючы з торбы патрэбную паперу. – Так што маем вашу харугву ў сто семдзесят коней.

– Ну сваіх я і сам палічыў, – засмяяўся Жулкеўскі. – Чытай пра іншых.

– Князь Парыцкі* вядзе сто трыццаць, рускі ваявода Даніловіч* сотню. Пан Струсь* дзвесце.

– Ну, у гэтага таварыства на схвал! – заўважыў гетман з ноткаю зайздрасці. Хмяльніцкі стараста Мікалай Струсь і сам быў ваяр пашукаць падобнага!

– Панове Мікалай Малынскі*, Алізараў*, староста брацлаўскі Валенты Каліноўскі* па сто коней у кожнага, тое ж і ў казацкай харугве пана Фалібога*. А ў пана Балабанава* сто трыццаць. – Збіраецца табун патроху, як лічыш? – усміхнуўся гетман.

– Не ў кожнага табуна такі стаенны! – дазволіў сабе жарт афіцэр. – Затопчам непрыяцеля.

Ведаў на якую цяжкую справу выправіў гетмана кароль. Хацелася і начальніка і сябе падтрымаць вясёлым словам. Гетман адказаў сумнай усмешкай.

– Але ж гэта не ўсё?

– Так, – кіўнуў ад'ютант. – Яшчэ маем харугвы Стадніцкага, Казаноўскага, Фірлея*, Скуміна*, Спадвілоўскага*, князя Кшыштафа Збараскага*. У кожнага як на дамову, па сто коней, – усміхнуўся афіцэр.

– Ну, пан Кшыштаф, як вялікі каронны канюшы, мог бы і болей прывесці, – прамовіў з дакорам гетман. – Але нічога сабе гурма.

Гетман і без напаміну ведаў склад падначаленых харугваў, але перабіраючы па адной, уяўляў якім чынам і ў які момант бітвы іх выкарыстае. Паўставалі перад яго вачыма шчэццю даўгіх коп'яў, перад якімі не ўстоіць ніякая пяхота. Але ж наяўная кавалерыя не змяце варожага войска адным налётам. А сваёй пяхоты, лічы, што няма.

Звесткі, нібыта Дзьмітры Шуйскі, збірае значныя сілы пад Калугай, пацвердзіліся: апроч уласнага войска мелі маскавіты восем тысяч наймітаў—чужаземцаў. Ачысціць абшар ад раскіданых атрадаў Рэчы Паспалітай ім будзе не цяжка, а маючы спакойны тыл, дапамогуць Смаленску. Было разумна не чакаць, калі падыдуць астраханскія ды казанскія татары, і нанесці ўдар першымі. Гетман вырушыў 6 чэрвеня.

Гэтым мог бы заняцца каралеўскі ўлюбенец Якуб Патоцкі, яму войска кароль напэўна не пашкадаваў бы. Але прыгажун спаслаўся на слабое здароўе, нібы ў Жулкеўскага яно волатаўскае. Развёў хітрун кірмашны торг, узнагароды яму патрэбны, смаленскую славу з каралём падзяліць! Нібы да гэтага быў у крыўдзе! Але ж каб толькі сабе, а то і набліжаным сваім хоча каралеўскай ласкай прыслужыцца. Ну і што? Давялося Міласціваму пану клікаць Жулкеўскага, хоць і лічыць кароль, што гетману ў галаве не бітвы пераможныя, а хітрыкі палітычныя.

Злаваў Міласцівага пана стары ваяка. Ад самага пачатку быў непрыхільны паходу, дзьмуў у адну дуду з ліцьвінскай шляхтай. Тая не хацела яшчэ адной вайны ля сваіх межаў у дадатак да інфлянцкай, увесь цяжар якой па ранейшаму несла Вялікае Княства і яго гетман Хадкевіч.

– Адным скокам хочаш, яснепан, на Маскву? – каралеўскі папрок не варажыў нічога добрага. – Цара прэч і каралевіча на Крэмль!

Магло здавацца, што не за каралеўскага сына стараецца гетман, а за якога свайго суродзіча.

– Калі ўжо такія поспехі Шуйскага пачаліся, – даводзіў Жулкеўскі,– а нашы справы сцесненыя і ўвогуле сумнеўныя, варта шукаць honestus receptus, якое годнае выйсце.

Шуйскія нібыта няблага ўмацаваліся яшчэ на пачатку года. “Тушынскі вор” не даймаў, яго войска было ў разбродзе і захапілася рабункам. Поспехі Скопіна—Шуйскага варажылі спакой Масковіі і хуткае пазбаўленне ад прыблудаў.

– Вось і звядзі іх на нішто, тыя поспехі, – незадаволена прамовіў Жыгімонт.

Кароль вырашыў апярэдзіць захады маскавітаў. Першымі днямі сакавіка запалаў тушынскі гарадок. Пакрыквалі, ці не людзі Ражынскага пазабаўляліся, адыходзячы да свайго караля. Услед за тымі рушылі насустрач каралю Жыгімонту пан Аляксандр Збароўскі, а з ім ротмістры Андрэй Млоцкі, Сымон Капычынскі, Бабоўскі, Мархоўскі, Бонк Лянцкаронскі, Весялоўскі, Рудзіньскі, з кожным некалькі сот гусараў. Казацкія роты: Рудніцкі, Катоўскі, Ашанскі. Ліцьвіны, караняжы, татары. Нават тушынскія маскавіты, са значнейшых баяраў, павярнуліся да караля. Усё ж некалькі гусарскіх харугваў, Камінскага, Будзілы, Стравінскага, Таляфуса засталіся, затое казакоў не злічыць. Ну, але гэта не запарожцы, нават данцоў няшмат. Як на тое ні зірнуць, пан Ян Пётр Сапега таксама застаўся пры імпостару. Тут бы Шуйскім не драмаць ды прышлэпнуць царыкава войска. Але пакуль шведы ўцішыліся ды вырушылі, было позна гнацца.

Тым часам у сэнатарскім асяроддзі Рэчы Паспалітай выспела думка аб годным выйсці з клапатлівай сітуацыі. Але, нажаль, са спазненнем. Далей Мажайска пасланца з лістом ад сэнатараў да думных баяраў маскавіты не пусцілі.

– Не чакае гасудар аніякіх паслоў, пакуль каралеўская армія знаходзіцца на землях Масковіі, – перадалі каралеўскаму каморніку Сьлізьню і прапанавалі паварочваць аглоблі.

Кароль не падзяляў задумы гетмана аб дынастычнай вуніі і паразуменні народаў, але не замінаў яму пакуль што кіравацца сваімі марамі. Больш непакоіла бура, што ўсхадзілася ў Вільні, калі весткі пра саступкі караля схізматыкам дайшлі да папскага нунцыя. Высокаму пасланцу Святога прастолу захоп Масковіі здаваўся не больш як працяглым шпацырам. Далучыць маскавітаў да святой каталіцкай веры зойме няшмат часу. Чаму ж так шлямазарна прыкладаюцца да справы каралеўскія ваяводы? Ці не з—за таго і кароль пахіснуўся ў папярэдніх намерах? Ледзь супакоілі нунцыя тлумачэннямі, дзеля чаго ды што кажацца і як будзе выконвацца.

А гетман Жулкеўскі падчас кароткай хвіліны самотнасці міжволі прыкідваў, пераможа ці загіне раней, чым кароль возьме Смаленск. Як перамагчы, ані Міласцівы пан, ані яго святарскае атачэнне, параіць былі не здольны, але і гінуць не варта. І ваярамі сваімі марна ахвяраваць не ў яго звычаі. Толькі яны, вось гэтыя маладзёны, што запаўняюць шацёр, зарука перамогі. Гетман пахмурным поглядам павёў па ад’ютантах і рэгімэнтарах.

– Людзей да ўсіх разаслалі?

– Па загаду, яснепане, – адгукнуўся ад’ютант, выступіўшы з гурмы афіцэраў. – З наказам сцягвацца да Шуйска.

Гетман кіўнуў, але не адвёў вачэй, чакаючы працягу.

– Ад пана вяліжскага старасты ганец. Белы амаль абложаны. Ледзь праслізнуў.

– Чаму я пра гэта толькі зараз чую? – набурмушыўся гетман.

– Гэтай хвілінай вярнуўся, яснепане, – паспешна патлумачыў афіцэр. – Ані кроплі не замарудзіў.

Усе прысутныя ведалі ўедлівасць гетмана ў справах выведу і сувязі з раскіданымі атрадамі.

– А можа, яснавяльможны пане?… – пачаў нехта з гурта рэгіментараў і быў спынены ўладным тонам Жулкеўскага.

– Не можа! – абсек ён магчымае пытанне. – Я павінен спачатку ўсё ведаць. Калі масква нападзе знянацку, то пры нашых сілах нечакана для самой сябе задасць нам паразу.

Ніхто не рызыкнуў выказвацца. Гэта рыса: лічыць сваю думку адзіна правільнай, не пытаўшы іншых, моцна шкодзіла гетману. Але дасведчаныя афіцэры верылі ў яго ваярскі талент і шчаслівую зорку, ведалі, што адказнасць за паразу гетман не завагаецца ўзяць на сябе. Хто яшчэ рызыкнуў бы вырушыць супраць войска Шуйскага з такой жменькай.

– Будзем спадзявацца, палкоўнік Гасеўскі здабудзецца на які фартэль, каб вырвацца, – прамовіў як сам сабе гетман. – Усё ж мае тысячу запарожцаў і сваіх некалькі сот.

У Белым, за паўтары сотні вёрстаў на паўночны ўсход ад Смаленска вяліжскі стараста, палкоўнік Гасеўскі, ён жа рэферэндар літоўскі, трымаў замак надзейна. Меў мала ежы, і няшмат зброі, затое досыць непрыяцеля: князі Хаванскі* ды Баратынскі* разам з іншаземцамі шведа Эдварда Горна шчыльна запіралі ўсе дарогі да сваіх.

Калі заняцца атрадам Гасеўскага, між маскоўскім войскам і Смаленскам застанецца толькі полк Марціна Казаноўскага* ў восем соцень пад Вязьмай ды семсот жаўнераў ротмістра Самуэля Дунікоўскага* ў Царовым Займішчы. Паспрабуй гэтым спыніць дзесяткі тысяч Шуйскага! А што тады з Найяснейшым панам і ягоным войскам?

– Да Казаноўскага, яснепане, – паслужліва пахіліўся ад’ютант, – павінен далучыцца полк пана Збароўскага. Мае пад сабою паўтары тысячы.

– Кінуў свайго “царыка”? – зазначыў гетман. – Што ж, неблагі нарыбак, хоць і клапатлівы ў паводзінах.

Малады Аляксандр Збароўскі, сын смяртэльнага ворага гетмана, мог стаць клапатлівым набыткам. Шаснаццацігадовым юнаком атрымаў рану, баронячы бацьку, якога ўрэшце схапіў не хто іншы, як непрыяцель крыві Збароўскіх, Жулкеўскі. Але і гэтага крыжа гетману не пазбегнуць.

– А пра маскавітаў што новага?

– Калі мы набліжаліся да Белай, частка адыйшла да Ржэва і перайшла Волгу. Чужаземцы Горна адыходзілі бліжэй і далучыліся да галоўных сіл. А зараз авангард кіруецца на Царова Займішча. Грыгоры Валуеў* ды князь Фёдар Елецкі* вядуць тысяч пяць ці восем. Ёсць і чужаземцы.

– Пяць, гэта, пане—браце, не восем! – ушчыпліва заўважыў гетман. – Хто над чужаземцамі?

– Дакладней пакуль не ведаем, але неўзабаве даведаемся.

Гетман узняў строгі погляд на афіцэра.

– Глядзіце, каб не тады, як нам на каршэнь уссядуць, – пагрозліва папярэдзіў афіцэра.

Палатніна на ўваходзе варухнулася і адзін з афіцэраў выйшаў на заклік. Амаль адразу вярнуўся.

– Яснавяльможны пане, ганец з тэрміновымі навінамі. Настойвае на аўдыенцыі.

Падабаўся чалавеку дворскі жаргон.

– Скуль ён?

– Кажа, з Тушына.

– Кліч неадкладна, – загадаў Жулкеўскі і вымоўна зірнуў на ад’ютанта.

Рэгімэнтары па аднаму пачалі пакідаць шацёр. Калі з—пад Масквы аб’явіўся нечаканы кур’ер, то дзеля нечага спешнага. Вельмі верагодна, што ў справах не гэтулькі вайсковых, як палітычных. Гетманы Рэчы Паспалітай мелі прэрагатывы не толькі міністраў вайны, але і замежных дачыненняў, і Жулкеўскі ўмеў імі карыстацца.

Дыплом на царства

Подняться наверх