Читать книгу Дыплом на царства - Аркадзь Ліцьвін - Страница 9

Частка I. Кур’ер Вялікага княства
Смерць Міная

Оглавление

Але назаўтра найперш падумалася не пра Юдыцкага. Ледзь золак устрывожаны паручнік аклікнуў Бражыну праз адчыненыя дзверы.

– Пайшлі. Нашага Міная знайшлі з нажом у спіне.

– Нежывы?! – але падсвядома адчуў бессэнсоўнасць пытання.

– Панесла яго халера поначы! – замест адказу прамовіў паручнік.

Яны пайшлі пустою вулкаю. Двое хлапцоў з дзяружкай за пару крокаў услед.

– Цікаўскі быў. А навокал такія закалоты. Усё марыў выведнікам быць ці ганцом, як ты. Можа таму і трапіў у бяду.

Абодвум прыхільнасць Міная да сапежанскага ганца, гатовасць прыслужыць чым—кольвечы, бачылася менавіта так. Але Бражына адчуваў страту вастрэй. Мінай высачыў Юдыцкага са Сцяпанам. Дапамог ухапіць нітку пакуль невядомага але злавеснага клубка. І вось такі канец.

– Стаў для некага нежаданым сведкам, – няпэўна выказаўся Малей.

Уводзіць паручніка ў іх з Мінаем таямніцу Бражына лічыў заўчасным. Але ці не вінаваты ў гібелі хлапца? Сцярог яго і не ўсцярогся сам. І дзе зараз Юдыцкі са сваім грумам—супольнікам. Міжволі думалася пра іх датычнасць да здарэння. Ці можа тыя шведы?

Падсцераглі Міная зусім непадалёку ад рэзідэнцыі. Як зваліўся тварам наперад, так і ляжаў. Але памёр не адразу. Пазнаць было, што спрабаваў паўзці. Слядоў рабунку нябачна, па кішэнях не лазілі, цела не краналі. Паручнік апусціўся на калена і ледзь крануў нож, нібы баючыся прынесці боль забітаму. – Не ярыжкі, – кіўнуў Бражыну. – Рабаўнікі нажа не пакінулі б.

Хлопцы раскінулі дзяружку і ўжо хацелі перакладваць цела, але Бражына спыніў іх.

– Пачакайце, – папрасіў, прысядаючы побач з целам. – Нешта тут не так. – Біў са знаўствам, – паказаў паручнік Бражыну. – Але чаму нож пакінуў? Майстэрскі выраб, – прыцмокнуў са знаўствам. – Відаць, нехта спудзіў.

Ганец здзівіў Малея ўпэўненым тонам.

– Шведская сталь, і мае адметнасць, па якой можна дайсці да ўладальніка. А пакінуты наўмысна. Можа спроба адвесці падазрэнне, а можа папярэджанне ўладальніку… Гэта ж мой нож… Бражына адным рыўком выхапіў нож з раны. Старанна выцер лязо аб крысо мінаевага каптана і паказаў паручніку. Малей утрапёна зірнуў на ганца.

– Каб не ведаў, хто ты насамрэч, чорт ведае, што падумалася б! – прамовіў ледзь не шэптам. – Але ж хто мог бы супраць цябе сведчыць? Выходзіць, папярэджваюць! Каб спужаўся і не даходзіў, чым хлопец зацікавіўся? Менавіта, каб ты, а не хто іншы не высвятляў, што ды як.

Бражыну нават здалося, што паручнік пачынае сумнявацца, ці то Бражына спаў на суседнім пасланні. – Можа і на такое спадзяваліся? – прамовіў Бражына ў задуменні. Не зводзіў вачэй з купкі пяску пад рукою забітага. Магло здацца, што згроб яе, канаючы, апошнімі рухамі, але нешта адмаўляла такое простае тлумачэнне. Асцярожна, наколькі давалася, падняў і адвёў спруцянелую руку. – Зірні, браце, і скажы, што гэта? – Бражына асцярожна, каб не парушыць, паказаў пальцам.

Паручнік прыгледзеўся і ўхвальна зірнуў на ганца.

– Сказаў бы, што гэта…адбітак рукі, левай?

Ганец уздыхнуў з палёгкай: не памыліўся.

– Але прыгледзься…Палічы пальцы… – Мезенага бракуе! – выдыхнуў паручнік. – Падказка! Бедны хлопец… Не стаў Мінай ахвярай збіраў на цёмнай вулцы. Палёг у бязглуздай і ўсеабдымнай вайне, што ішла па нямераных абшарах Масковіі. За што загінуў, за каго, і сказаць цяжка, але не здаваўся ў сваю апошнюю гадзіну, змагаўся, каб нечага дапяць, перадаць сваім. Можа, каб адпомсцілі, а можа засцерагчы перад небяспекаю.

– Што рабіць будзем? – запытаўся паручнік.

Чамусьці звязваў усе падзеі не з сабою, а з Бражынам, дзеля якога тут апынуўся і якім павінен апекавацца. – Першае: знішчым след, – адказаў той.

– А другое, – дадаў, памаўчаўшы, паручнік, – як на мой розум, трэба табе, браце, вымятацца адсюль як найхутчэй. Едзьма сёння ж. Міная мы ўжо не вернем, але я не ўсцерагу, каб ты не пайшоў за ім. Мне пан галаву скруціць, – закончыў спалохана. – Не патраплю я ва ўсім гэтым… Бражына панура выслухаў Малеевы скаргі. Толькі зараз спахапіўся, што трымае нож у руках. Сунуў пад вопратку за пояс.

– Разумна раіш, – кіўнуў, уздыхнуўшы. – Але паеду сам—адзін. Так менш заўважна. Паперы мушу данесці кожнаму паасобку. Каб не змовіліся і былі гатовы да апошняга «пералёту», як будзе на тое пара і загад, – хмыкнуў нявесела. – Што да небяспекі, то sed pereundi mille figurae, ёсць тысяча спосабаў загінуць, а ў Тушыне напэўна ні Юдыцкага ні ягонага Сцяпана ўжо няма.

Сапраўды, ні Гнядка, ні сцяпанавага Сіўкі, ні таго шкрэбала ў стайні не знайшлі. – Пан Юдыцкі яшчэ за дня ад'ехаў, – патлумачыў стары стаенны. – Казаў хутка не чакаць. А Сцяпан ягоны ноччу прыбег і некуды папёрся. Заўсёды так, як пан з'едзе.

Бражына кінуў на паручніка вымоўны погляд. Выходзіла і Сцяпан цікаваў за Мінаем, але ці заўважыў самога ганца ля зямлянкі? Ці ведаюць Хёк з Юдыцкім, што іх хаўрус раскрыты? Шмат што ад гэтага залежыць для самотнага кур'ера.

– Прачытай, браце, за мяне малітву над Мінаем. Не дам рады супакоіць сябе, што не спрычыніўся да яго гібелі, – папрасіў ужо з сядла. – Калі і так, ці то ж наўмысна? – уздыхнуў Малей, паціскаючы яму руку. – Будзь і ты асцярожны, пане—браце! Bene vixit qui bene latuit, як некалі казалі.

– Той добра пражыў сваё жыццё, хто добра хаваўся? Паспрабуем! – ганец даў буланцы шпоры.

Дыплом на царства

Подняться наверх