Читать книгу Дыплом на царства - Аркадзь Ліцьвін - Страница 6

Частка I. Кур’ер Вялікага княства
Гетман Ражынскі, апошні Гедымінавіч

Оглавление

– Масква, кажуць, Трэці Рым? – па блазенску запытаўся Малей. – А Тушын – другая Першапрастольная! – павёў рукою і дадаў, нібы з ім спрачаліся. – А што? Ёсць цар з царыцаю, дума баярская, нават патрыярх! У той думе, сам разумееш, па большасці свае, Раманавы, але ж баяры! Князёў наехала: Юр'еў, Сіцкі, Чаркаскія, Траекуравы. Як глянуць, стольнікі, страпчыя, дваране маскоўскія, пад'ячыя, увесь царскі двор – усе да Тушына, усе па пасады.

– Дык жа не адны Раманавы, – заўважыў Бражына.

– Раманавы, – настойліва пацвердзіў паручнік, – толькі па кудзелі. Над думай, праўда, радавіты баярын, Міхайла Салтыкоў*. Князь Дмітрый Трубяцкой* з ім, а так, дзе ні кінь, радня. Лагер блізу манастыра Святога Мікалая, за мілю ад сталіцы, абкружаны з двух бакоў збегам рэк Тушын і Масква, з вялікімі валамі ды пракопамі ад ракі да ракі, выглядаў абароненым мацней за сталіцу. І войска тут было нямала.

– І войска тут нямала. Сваім часам Мікалай Мехавецкі, давераны першага і «герольд» Другога царыка, – як пра добрага знаёмца апавядаў Малей, – пісаў ад яго імя ва ўсе канцы і наймаў, каго дасца. Гусарскаму вершніку клаў семдзесят злотых, казацкаму – пяцьдзесят, – растапырваючы пальцы тлумачыў паручнік. – Не паспеў «уваскрэслы» царэвіч атабарыцца ў Старадубе, як разнеслася, што яго пратэктарамі князі Адам Вішнявецкі* і Ражынскі, Самуэль Тышкевіч* ды іншыя магнаты з Княства і Украіны. Не дзіва, што ахвочыя павалілі гуртамі, бо ў Рэчы Паспалітай ваяроў без службы хапала. Так і назбіралася ў Тушыне адных нашых з палякамі тысяч сорак, аж сем лагераў заклалі. А запарожцаў яшчэ болей. Меў царык пад началам дзве а то і тры сотні тысяч, бо і маскавітаў, незадаволеных царом Васілём Шуйскім, сплылося даволі. Яшчэ ад Старадуба пайшлі за ўваскрэслым царэвічам славутыя атаманы з паўстання Балотнікава: Бяззубцаў*, Мартынаў*, Зарудзкі*.

– А ўсіх жа карміць трэба! – засмяяўся Бражына.

– Пра што і кажу! – усклікнуў Малей. – Дзе тут без закалотаў ды вэрхалаў!

Бражына толькі круціў галавою, дзівячыся. Каго толькі не было ў гэтым мурашніку! Баяры ў цяжкім доўгім адзенні, у высокіх шапках, важныя, самазадаволеныя, з хвастом чэлядзі, куды б ні йшлі. Смуглявыя татары ды башкіры. «Немцы», як звалі ўсіх з Захаду Еўропы. Але Бражыну найперш кідаліся ў вочы свае, фарсістыя шляхцюкі з Княства і Кароны. Той—сёй нават у новых кунтушах, з прыгожымі пёрамі на шапках і пры аздобных карабэлях. Бліскалі нахабнымі вачыма задзірыстыя, злосныя на ўсё і ўсіх лісоўцы.

– Genus fallacissimus, найвераломнейшы народ! – сцішана прамовіў паручнік, паказаўшы на купку такіх зухаў. – Хацелі б хлопцы пад сваім чырвона—чорным штандарам абрабаваць увесь свет, але адчуваюць, што не здолеюць, – дадаў здзекліва, калі не з'едліва. – Ды і куды тое павязеш, не маючы абозу? Таму ў ганарыстасці наперад ды наперад, схапіць грошы ды кляйноты, а што застаецца ззаду – агонь пад дах і па клопаце! Мы гэткія! Нас не руш!

Паручнік несумненна пераказваў думку свайго пана.

– Мабыць ва ўсёй гэтай збераніне не рэгімэнтары а ватажкі, атаманы? – прамовіў Бражына. – Але назбіралася – не чакаў!

– Яснепан Сапега лічыць, што іншага і спадзявацца не варта было. Затое цар—царэвіч Дзьмітры Іванавіч і гэта войска адно аднаму пасуюць, – засмяяўся Малей. – А ўжо з Рэчы Паспалітай ахвочых парабаваць век не злічыш! Думаю, царык і сам не верыць, што захочуць ваяваць у яго абароне.

З наплывам люду неўладкаваны бівак Дзьмітрыя асталёўваўся будынкамі і пачынаў нагадваць паселішча, роўнае якому старому гарадку. Хоць па ўскраінах па ранейшаму гібелі будкі, шалашы і зямлянкі, між невялікіх, але зграбных брусяных ці акоранага бярвення дамкоў выглядалі значнейшыя, пагляднейшыя.

– А што! – тлумачыў паручнік немудрагелісты спосаб тушынскага будаўніцтва. – Нагледзяць у вёсцы хату пазаможней, сям'ю выганяць, зруб сюды перавязуць, вось табе і жытло!

Не хапала хіба толькі царкоўных цыбулін, баярскіх палатаў ды церамоў.

– А гэта харомы «пералётных», – паказаў паручнік, на дабрэнныя прасторныя дамы, сапраўды ў нечым падобныя на палаты.

Заўважыў цікаўны погляд ганца і ўсміхнуўся.

– Баярыну, асабліва з высокага роду, не гожа туліцца абы—дзе. Як пачасцелі іх «пералёты», то і дамкі растуць, як грыбы па дажджы. Вось і патрыярх тут!

– Гермаген? – здзівіўся Бражына. – Ён жа ненавідзіць не толькі лацінства ўвогуле, але і нас і ляхаў?

– Не Герамаген, – засмяяўся паручнік. – Як царыкавы яшчэ ў 1608 годзе Растоў Вялікі рабавалі, то і мітрапаліт растоўскі прыдаўся. Царык вярнуў яму колішні сан і атрымаў уласнага патрыярха, Філарэта. А раней Фёдар Нікітыч Раманаў, быў маскоўскі arbiter elegantiarum, заканадаўца добрага густу.

Крэўная повязь лучыла памерлага Фёдара Іаанавіча толькі са шваграм Фёдарам Раманавым, але распасцерлася шырока: на Раманавых, Фёдара і Аляксандра, на Мсціслаўскага* і найменш на Гадунова, бо паходзіў з подлага роду. Але Гадуноў, як даносілі людзі Андрэя Сапегі, калі і праймаўся гэтым, то не ў страх, а дзеля большай рашучасці. Хітрасцю і розумам дабіўся падтрымкі дваранства і войска, схіліў да сябе просты люд. Раскруціў павальнае шпегаванне і даносы ўсіх на ўсіх. Ад першага дня верасня, пасля каранавання ва Ўспенскім саборы Крамля, цар Барыс мог рабіць з супернікамі, што заманецца. Прыкладам, ганарыўся баярын Багдан Бельскі сваёй барадою, а цар Барыс вазьмі і загадай немцу—лекару вышчыпаць яе па валаску. Што ж дзівіцца, калі пазней той баярын прызнаў уваскрослага царэвіча Дзімітрыя. Як то на Маскве кажацца: долг плацежом красен!

Маскоўскаму фарсуну менш пакут выпала, пастрыглі ў манахі!

– Меў Гадун фантазыю! – усклікнуў Бражына. – А дзе ж Дзьмітрый атабарыўся?

– Ёсць нешта падобнае на палац, пабачыш, а мы акурат даяжджаем.

У рэзідэнцыі Яна Пятра Сапегі месца хапала і людзям і коням.

– Нам сюды, – паказаў паручнік. – У двор пана старасты ніхто няпрошаны не сунецца, – запэўніў ён. – А для чужых усе мы даручэнцы пана Сапегі.

Ганец прызнаў, што ў такім размяшчэнні больш зручнасці, чым недахопаў, і прыход патрэбных людзей не абавязкова звяжуць з яго асобай.

– Мінай! – гукнуў паручнік. – займіся коньмі!

Увішны хлопец падхапіў павады, кінуў на ганца дапытлівы погляд.

– З панам то не сустракаўся, а вось гэтага каняку я недзе бачыў,– крыкнуў упэўнена.

– Запытай яго, можа ўспомніць, – прапанаваў Бражына.

– А няма з чаго смяяцца, – адгукнуўся хлопец крыху пакрыўджана, ведучы коней да судні. – Кожны конь сваю фізію мае. Адметную! Толькі не кожны гэта згледзіць, а я магу. – Але ж гэта і з чалавекам здараецца, – умяшаўся паручнік. – Бачыць то бачыў, а дзе, хоць забі, не ўспомніш!

Ганец махнуў рукою.

– Маю большы клопат: наведаць князя Ражынскага.

Адклад не ў лад і ганец пасля полудня апынуўся ў невялікім дамку блізу тых «пералётных». Бліжэйшая рэчка была б яснавяльможнаму па костачкі, а вось да таго мора, што ў калена, ён і не дапоўз бы. Не вельмі ўцямна прыгледзеўшыся незнаёмаму госцю, прамармытаў: – Ганец? А чым давядзеш? Пра пароль ні з кім не дамаўляўся… Ганец азірнуўся. Служка ці ад'ютант выглядаў на шляхціца, але хто тут не пры шаблі. Усё ж не рашыўся вымаўляць пароль у яго прысутнасці. Ды ці дойдзе той пароль да ачмурэлай мазгаўніцы князя.

– Ліст маю да яснепана, – знайшоўся нарэшце, паказаўшы пакет.

Князь, кінуўшы позірк на пакет, узяўся наліваць у кубак, але больш трапляла на стол.

– Падчашы! – раўнуў на маладзёна і той перахапіў цяжкаваты для п'янай рукі збан.

«Што ж, калі падчашы, то напэўна не хлоп!» – усміхнуўся міжволі Бражына.

Пакуль князь прагна хляптаў квас, «падчашы» на маўклівае пытанне ціха прамовіў: – Спрабуй, вашмосьць, калі ўжо тут. Хіба тыдзень змарнуеш, чакаючы працверазення.

– На гэта часу не адведзена, – гэтак жа ціха адказаў ганец.

– Што гэта ў вас за шуры—муры, як маскавіты кажуць?

Відаць дабратворнае ўздзеянне квасу давала шанец. Князь нават саступіў настойлівай просьбе ганца агледзець пячаткі і зрэзаць іх уласнай рукою. Смела размахваючы невялікім кінжалам, ледзь не парэзаў сабе пальцаў, але неяк з гэтым упораўся і наваліўся грудзьмі на стол, як пасля непасільнай працы.

– Чытай, што там, – загадаў ганцу і той на ўсялякі выпадак адступіў далей ад стала.

Бражына хоцькі—няхоцькі заглыбіўся ў дзяржаўныя таямніцы, час ад часу кідаючы погляды на бліскучае лязо, выстаўленае нібы дзіда ў яго напрамку. «Халера яго ведае, п'янюгу! Раззлуецца на пачутае ды шпаране ў злосці!» Пра тое, ці варта слаць лісты з важнымі паведамленнямі такому чалавеку, і думаць не хацелася. «Гэта ж мог і галавою налажыць, аберагаючы лісты да такой асобы!» Ганец стараўся як найхутчэй скончыць чытанне, але князь раз—пораз спыняў яго з'едлівымі выказваннямі. Як ні дзіўна, самае істотнае хапаў на розум. Відаць усё думана—перадумана, абгаворана з паплечнікамі, штодзень непакоіць войска і яго правадыра, таму і ў ачмурэнні не забываецца.

– Кажаш, кароль кліча на службу? – крычаў князь, нібы гэты ганец і быў тым неразважным і зухвалым каралём. – Пад руку таго карантыша Жулкеўскага? Ён жа польны гетман! І не наш, а каронны! А дзе вялікі? А я тут і польны і вялікі! Князь Раман Нарымунтавіч, апошні нашчадак самога Гедыміна. Скеміў? – князь правёў рукавом па вачах, шмаргануў носам.

Скеміць было не цяжка. Калі пасля пераможнай бітвы пад Гузовам князь прыбыў у Кромы з тысячай конных, царэвіч не мог не ацаніць хаўрусніка. Але толькі з п'янай галавы можна было прызнаць абранне Рамана Нарымунтавіча тутэйшым жаўнерствам на гетмана. Нездарма ж і Ян Сапега ўвесь час не ў згодзе з гэтым князем—гетманам.

– І войска ў мяне тут больш, чым у Жулкеўскага. Нават, калі да яго той упарты Хадкевіч далучыцца, – зарагатаў падвойны гетман. – А ён не захоча!

Шмат супернікаў мроілася князю Ражынскаму, але найбольш непакоіў наступ каралеўскага войска. Калі цар—царэвіч пашле насустрач, што выбраць: кінуць Дзьмітрыя ці бараніць ад караля? Але гэта другое пахне здрадаю, бо пайшоў на Маскву супраць ворагаў царэвіча, і прысягі Жыгімонту 111 не адмаўляў. Вестка пра вайну караля з Масковіяй абурыла большасць тых, хто пайшоў да царыка з Рэчы Паспалітай. Людзі пагулялі б, пагойсалі, нечым разжыліся, а там, Бог бацька, маглі вярнуцца да родных маёнткаў. А перамог бы імпостар, глядзіш, адкрылася б новая магчымасць карміцца. Таму вакол князя Ражынскага згуртавалася большасць, якая была супраць каралеўскай выправы, а пасольства на чале з Мікалаем Мархоцкім выправілася пад Смаленск дамагацца вываду арміі Жыгімонта з маскоўскіх абшараў. Вакол Яна Пятра Сапегі заставаліся тыя, хто быў за перамовы з каралём і незавязванне канфедэрацыі. Але абодва згуртаванні лічылі тушынскага цара—царэвіча непрыдатным да крамлёўскага пасаду і не ўхвалялі намер караля ўскласці шапку Манамаха на ўласны голаў.

– Міласцівы пан псуе нам неблагую гульню! – абурыўся князь, праслухаўшы чарговы кавалак петыцыі. – Калі гэтага шклоўскага ўторкнуць у Крэмль, то кім стане князь Ражынскі? Га?

Запытальны позірк па чарзе спыніўся на ганцы і падчашым. Той, па звычцы, узвёў вочы ўгару, паказваючы, кім можа стаць ягоны п'янюткі пан. Ганец, неабазнаны ў крамлёўскіх мажлівасцях, абмежаваўся поціскам плячэй. Ясна, што шклоўскі цар свайму гетману першаму надасць усе ганоры і пасады мажлівыя пры яго асобе?

– Спыніся! – загадаў князь. – Кажаш, жолд атрымаем з царскага скарбу?

– Так тут абяцана, – пацвердзіў ганец. – Дакладна прачытаў. Князь пільна паўзіраўся ў твар ганца і новая думка яму стрэліла.

– А ты, вашэць, не падумаў, што яго, той скарб, яшчэ ўзяць трэба? – ён ікнуў на ўсю хату і пацягнуўся да кубка.

Ганец мусіў пагадзіцца, што так, трэба яшчэ ўзяць. Князь загуставаў у спрэчцы з каралеўскім давераным чалавекам. Чытанне пераходзіла ў палітычную спрэчку.

– Па ўсім выглядае, пане—браце, – зазначыў князь нібы прамаўляў на сойміку, – Міласцівы пан нам гэта і прапануе? Хіба не так?

Што заставалася каралеўскаму пасланцу? Добра і тое, што хоць данёс каралеўскія прапановы так бы мовіць, de verbo ad verbum? ад слова да слова. Можа і адказ які пісьмовы дасца выціснуць? Але дзе там… – Міласцівы пан толькі і спадзяецца, што на вашу княскую мосьць. Пісаць не любіць, таму проста кажа, што ніхто іншы, на такое не здольны, – рашыўся запэўніць ганец.

Урэшце, хто пазней за гэта спытае? Удабруханы князь кіўкамі галавы ўхваліў разумнасць, што ні кажы, маладога яшчэ ганца. Тым не менш, маладзён больш дбае пра Міласцівага Пана, а ў нас тут свой інтэрас!

– Але ж, пане—браціку, – пацвельваючыся з маладой недасведчанасці ганца, і неабачлівасці караля, расставіў князь слоўную пастку, – калі мы той скарб возьмем, то навошта нам яго некаму аддаваць? Хоць бы і Найяснейшаму пану? Га? Хіба ж самі не здолеем палічыць ды распарадзіцца?

Бяльматыя вочы патрабавальна ўпіліся ў ганца.

– Але ж Міласцівы пан і ў выпадку няўдачы, ці скажам пустога скарбу, ахвяруе са сваёй шкатулы, – напомніў ганец адпаведны пункт.

Князь грэбліва адмахнуўся.

– Ат! Якая там шкатула! Ды і памер жолду, сам жа чытаў, будзе меншы. Што мне на гэта войска скажа? А што нам замінае пасля Масквы злупіць кантрыбуцыю з некалькіх некранутых гарадоў? Га?

Адмаўляць такі шанец ганец не рашыўся. Але трэба падтрымліваць размову, каб давесці чытанне да нейкага канца і шчасліва сыйсці.

– Але ж, яснепане, гэта піша прававіты манарх, – заўважыў ганец. – Можна сказаць уласнаручна, manu propria, – побач каралеўскага імя рызыкнуў лаціны.

І так не ўяўляў, як усё пачутае будзе пераказваць хоць бы вялікаму канцлеру. Пра каронных урадоўцаў і думаць баяўся. Гарачыя думкі князя пра незрабаваныя гарады раптам спынілі свой вір і саступілі думкам пра ганца. Няпэўнай рукою згроб лоўж папер убок і ўтаропіў позірк у твар гэтага нахабнага маладзёна. Бо хіба не нахабства патрабаваць, каб ён, гетман царова войска, бег, як хлапчук, на заклік пад Смаленск, ці яшчэ куды, хоць бы ў тыя гіблыя Інфлянты, хоць бы і па загаду манарха.

– Міласцівы пан, – ікаючы і запінаючыся, прамовіў князь, – зацяўся на Смаленск, бо ад пачатку прагнуў, каб не карантышу Жулкеўскаму, а яму, Найяснейшаму пану, ключы вынеслі! Ну, а я тады з чым бы застаўся?

Князь патрос галавою, нібы адганяючы прыкры прывід каралеўскага трыюмфу.

– О, тады ён будзе хваліцца, што адабраў горад страчаны амаль сто год таму. Так ці не? – патрабавальна выгукнуў да ганца.

– Так, яснепане, так, – пацвердзіў Бражына, здзіўлены нечаканай памятлівасцю князя.

– Але сядзіць кароль з немалым войскам, бо даў, ведаю, Жулкеўскаму толькі жменьку. Але, як гэта мяне вучылі?…Non est ad astra… – князь гучна ікнуў і ўтаропіўся ў маладзёнаў, чакаючы падказкі, – ага, ага, ad astra… mollis… et sera via. Во! Скеміў? Лежачы на баку, вялікім не станеш, хоць ты і кароль. Падчашы ледзь чутна шапнуў: – Хутка здасца, бо ў лаціне не моцны.

Але князь не скончыў стратэгічнага разбору.

– А Жулкеўскі, ведаю, разумна казаў: пайшлі на Маскву, захопім, то Смаленск сам паддасца. Дык не! А зараз Міласцівы пан кліча, каб я яму тыя ключы забяспечыў, бо не хоча з Жулкеўскім славу дзяліць? Ты на гэта мяне падбіваеш?

Князь вырачыў набеглыя крывёю вочы. Бражына падумаў, ці не мроіцца Ражынскаму нехта важны ў яго асобе.

– Я толькі ганец, яснепане, – стрымана нагадаў маладзён. – А што, пане—браце, калі я цябе цару—бацюшку аддам? А там цябе агнём ды жалезам?…

Ачмурэлыя вочы загарэліся цёмным полымем і ганец падумаў, ці не закатуе князь сам сябе вось гэтымі поўнымі збанамі. Нібы на каманду князь ухапіў бліжэйшы і наліў кубак, аж праз край пацякло. – А гэта, яснавяльможны пане, – павольна, каб той усведаміў, што гаворыцца, пачаў Бражына, не адводзячы вачэй, – вам самому дабром не выйдзе.

Спакой даваўся цяжкавата. Мала што ўзбрыдзе з п'яных вачэй пры бязмежнай уладзе. Заўважыў ледзь улоўны цень ухвалы ў княскім паглядзе. А мо' то была толькі цікаўнасць.

– Як яснепан разумее, я тут не сам па сабе. Запавешчана прыбыццё высокіх асобаў з каралеўскімі даручэннямі. А тады кожнаму, як кажуць, па справах яго.

Князь сербануў з кубка, але нешта стрымала яго, каб не выхлептаць падчыстую, адставіў і гучна зарагатаў.

– Бач ты! Кожнаму па справах! Тады думаеш і мне нагарыць за выдачу каралеўскага шпега?

Ізноў прыклаўся да кубка. Ганцу пахаладзела спіна. Як ні мерай, пан гетман мае рацыю, калі прысягнуў цару верную службу.

– Проста я ведаю, – прамовіў Бражына як найспакайней, – што Яснавяльможны пан не адступіўся ад Рэчы Паспалітай і караля, нашага Міласцівага пана. Дагэтуль, насмелюся сказаць, vinum locutum est, прамаўляла віно, не чалавек.

Князь пахіснуўся, хапаючыся за стол. Квас цверазіў але не вяртаў сілы.

– Палітычна прамаўляеш, хлопча! – пахваліў ганца. – Налі яму і сабе, падчашы!

Пацягнуўся рукою да кубка, але грэбліва варухнуў даланёю і двума кулакамі ўпёрся ў стол, каб не зваліцца. Матлянуў галавою падчашаму і той адставіў збан.

– Дапамажы, вашмосьць, калі ласка, – папрасіў, паказаўшы на князя.

Ганец падскочыў і, падхапіўшы князя пад рукі, удвох павялі—пацяглі ў суседні пакой. Хлопец адной рукою хуценька паправіў падушку і князя ўладкавалі на пасланне.

– Прытрымай, вашмосьць, – хлопец ухапіўся за цяжкі жаўнерскі бот. – Часам прымроіць, што яго тарбахваты абіраюць, можна і абцасам у лоб атрымаць. Добра, што ў абутку князь непераборлівы, бо сцягні фацэтны шляхецкі бот з п'янага. Хлопец акурат і падзяліўся гэтай думкай са спагадлівым ганцом.

– Простых халопаў да сябе не дапускае. Князю, кажа, шляхціц мусіць слугаваць, – пажаліўся падчашы. – А тут яшчэ рана ад стралы яму дакучае. Цяжкая, год як ля Масквы собіла, а ўсё смыліць. Кінь бот вунь туды ў кут, калі ласка.

Ганец узяў бот, зірнуў, дзе паставіць, і замёр, як перуном уражаны: у куце скопам ляжалі паперы, пакамечаныя, у скрутку, перагнутыя, з абарванымі пячаткамі.

– Што гэта? – запытаўся, ужо ведаючы адказ.

– А гэта паперы яснавяльможнага. Пісарчук раней парадкаваў, але тыдняў дзесяць таму забілі ў бойцы. Вось пан так і кідае. І адпісаць некаму.

Ганец узяў адну паперыну, другую. Не дай Божа і яго лісты трапяць вось у гэту «канцылярыю»! Сюды ж хто хочаш можа зайсці. Апроч двух вартавых, што па—хлапечы гулялі ў ножыкі невялікім кінжалам, анікога пры кватэры пана гетмана не згледзеў. Адразу ж прапусцілі да князя, пачуўшы, што прывёз пошту.

– Слухай, вашмосьць, – павярнуўся ён да падчашага, калі другі бот стаў у кут. – Ты ж не хочаш шкоды ні каралю ні Айчыне нашай? А найперш князю?

– Вядома, як жа іначай. Іначай гэта здрада. Я б да каралеўскага войска з ахвотаю, але пан не пускае. Ды бацькаў загад… – Разумна кажаш, – пахваліў Бражына. – Таму знайдзі які мех ды складзі ўсё гэта парадкам. А як пан будзе пры розуме, дапытайся, што з усім гэтым рабіць, ці каму аддаць. Можа і спаліць загадае, то сам займіся, каб іншаму каму ў рукі не трапілі.

Хлапчына замаркоціўся. Мабыць, не ўяўляў як гэта будзе дапытвацца ў пана—князя наконт канцылярыі. Магчыма, гэта турбота і падказала яму нечаканую для ганца прапанову.

– Слухай, вашмосьць, а можа твае паперы лепш забраць, чым тут будуць паняверыцца? Пан на іх злаваў. Для караля Ягамосьці, кажаце, важныя, а ў чужых руках небяспечныя.

Ганец задумаўся. Сапраўды, калі б зараз нехта перахапіў гэтыя лісты, то і самому князю—гетману, можна сустрэцца з царыкавым панам маладобрым. А непрыяцеляў пры такой пасадзе кожны чалавек прыдбае, не стараючыся. Лепш спадзявацца, што князь засвоіў пачутае і не зарызыкуе разгалошвання. Хоць бы дзеля ўласнае бяспекі, бо не давядзеш, што не з—за твайго нядбальства лісты да непрыяцеля трапілі.

Дыплом на царства

Подняться наверх