Читать книгу Дыплом на царства - Аркадзь Ліцьвін - Страница 4

Частка I. Кур’ер Вялікага княства
На якую халеру Сапегам Лаўра?

Оглавление

Бражына міжвольна пабойваўся сустрэчы з усвяцкім старастам Янам Пятром Сапегам*. Ад яго нельга ўтойваць ані кроплі з прыгодаў ваяжу, ані слоўка з давераных звестак.

Славутаму ваяру сам вялікі гетман Ян Хадкевіч перадаваў войска на час адсутнасці. А колькі пераможных бітваў са шведамі прайшоў на чале гусарыі і казацкіх харугваў Вялікага Княства! Пад Кесяй, пад Кокенхаўзэнам, ля Ракібора, ля Дорпату і нарэшце пад Кірхольмам. Правае крыло войска Княства, сем соцень магутнай гусарыі пад яго началам у двух кідках звязалі непрыяцеля, з чатырох камендантаў трох страцілі ў бітве, але перамаглі. Чым не гетман?

І раптам, па чутках, воляю стрыечнага брата Льва Сапегі выдатны ваяр апынуўся ў царыка Дзьмітрыя. Але не быў аб'яўлены вываланцам, як Аляксандр Лісоўскі. А той, кажуць, таксама збег ад Хадкевіча да Дзмітрыя з падгавору вялікага канцлера літоўскага.

– У каго начаваў перад нападам? – Ян Сапега быў устрывожаны выкрыццём ганца праз непрыяцеля. – Можа лепш было ў лесе? – Нібы спраўджаны чалавек, – ганец і сам быў парушаны ў ранейшай пэўнасці. – Ад яснепана Андрэя. Марудзіць не мог, меў заданне, а час быў нанач, – патлумачыў вінавата. Суровы закон іх асяроддзя не варажыў літасці здрадніку, але вельмі лёгка было накінуць на чалавека падазрэнне, хоць бы і з падшэпту ворага. Несумненна адно: добра наладжаны, да драбніц знаёмы шлях трэба пакінуць дзеля іншага, менш знаёмага, таму напачатку больш небяспечнага.

– Што ж, тады іншая справа, – спачувальна прамовіў Сапега. – Але паспрабуй разважыць, як да такога дайшло. Ніхто, сам разумееш, лепш за цябе не разгадае. Аршанскі стараста Андрэй Сапега, родны брат вялікага канцлера Княства, наведваючы ў Смаленску знаёмцаў, кроку не мог ступіць без віжоў і няпрошаных праважатых. Але і сваіх людзей меў не толькі ў Смаленску. Доўгім ланцугом расцерушыў ад межаў Княства аж да самай Масквы, а мо' і далей. Самавітых і простых, праваслаўных і каталікоў, аселых і вандроўных. Гэтыя апошнія, гандляры, купцы, вандроўныя рамеснікі і кугляры—скамарохі, былі ў няспынным руху. Пан Андрэй клаў на гэта і ўласныя грошы, не заўсёды спадзеючыся на скарб. Ведаў – акупіцца і Княству і Сапегам. Менавіта дзякуючы гэтай густой сетцы, да рук вялікага канцлера Льва Сапегі і гетмана Радзівіла «Перуна»* бесперапынна ішлі звесткі пра сітуацыю на Масковіі, пра інтрыгі супраць Рэчы Паспалітай і асабліва яе ўсходняй часткі Вялікага Княства. – Сачыў хто за табою, суправаджаў?

Ганец адмоўна пахітаў галавою.

– Народу на дарогах паболела, бо каралеўскі двор асталяваўся ў Вільні, але сочкі не заўважыў.

Сапега задумаўся. Гняло ўсведамленне небяспечнай здрады.

– Магчыма наўмысна трымаліся здаля, – прамовіў па хвіліне, – каб паперы перанёс праз мяжу Княства. А шляхі маглі і ў Вільні выведаць. Але каб сцежку, каб з такой дакладнасцю?… Яснепан Андрэй Сапега вельмі хутка і шчыльна патрапіў замкнуць усходнюю мяжу на сваім адрэзку і моцна сердаваў, калі сетка, як вось зараз, недзе рвалася. Чыімі злымі намерамі? Бражына ўпарта вяртаўся да гэтага пытання і не знаходзіў адказу. Прыгадалася, як пан Андрэй сярдзіта скардзіўся яму, нібы просты ганец мог дапамагчы ў направе балючых хібаў.

– Вось ізноў! У Смаленску поўна нашых, а праз Оршу аніводзін не ехаў! Як туды трапілі?

Ян Пётр патармасіў вус, пачмыхаў. Нібы разважаў, ці не варта павярнуць размову ў іншым накірунку.

– Кажаш, на чужым кані прыляцеў? Зух! Зух, але не праніклівы, – прыганіў зусім па айцоўску. – Ardor nimius laudis, празмерная прага славы?

Не кожны дзень тут, у Масковіі, трапляецца нагода выхаванцу Віленскай Акадэміі і студэнту Падуі ўжыць лаціны.

– Не вельмі, – паспрабаваў апраўдацца ганец, – ссек ім аднаго, бо што ж меў рабіць без каня!

Як большасць маладых не мог не пахваліцца спрытам у ваярскіх дачыненнях. І довад зайшоў адпаведны. Ян Пётр Сапега міжволі прыгадаў сваю зухвалую маладосць і прагу вайсковай славы. А пану Андрэю, каб не згубіць сваіх людзей у чалавечым мурашніку, патрэбны акурат такія маладыя спрытнюгі, гатовыя ў сядло днём і ноччу. Выпаданне каго—небудзь з ланцуга было стратай часу, грошай і руйнаваннем палітычных намераў. Не ўсе былі такія старанныя, як вось гэты Ігнат Бражына.

– Урэшце, яшчэ Цэзар падчас гальскай вайны прызначыў з кавалерыі exploratores, адмысловых выведнікаў. Чым жа мы горшыя? – падтрымаў Ян Пётр зухвалага ганца.

Бражына сарамліва ўсміхнуўся. – Я хутчэй speculatores, яснепане, – пахваліўся сціплымі ведамі. – З тых, што загады і рапарты ў Рым і з Рыму дастаўлялі. Як толькі казак ад яснепана Андрэя прыляцеў, загадалі імчаць тым жа шляхам. Магло і пачуцца неасцярожнае слова.

Міжволі вярнулася дакучлівая думка. – Пашанцавала. Non bis in idem, абы не здарылася тое самае другі раз, бо можаш і не выслізнуць, – паспачуваў Ян Сапега Не памыліўся яснепан Леў з гэтым маладзёнам. Закалоты з «ацалеўшым» царэвічам Дзьмітрыем прынеслі новыя клопаты і патрабавалі асаблівай пільнасці. Толькі дзякуючы ёй, трапіў ліцьвінам ліст зыгвульскага старасты Станіслава Стадніцкага*, сваяка Мнішхаў. Важны ліст высвеціў намер яшчэ таго першага Дзьмітрыя пасягнуць на пасад Рэчы Паспалітай. І не пустыя былі мары, бо меў прэтэндэнт немалыя шанцы і важкіх пратэктараў. Якраз пачаўся рокаш кракаўскага ваяводы Мікалая Зэбжыдоўскага* і падчашага літоўскага, кальвіна Януша Радзівіла*, 10 жніўня 1606 года пачаліся абрады сандамерскага з’езду шляхты. Пастанавілі завязаць антыкаралеўскую канфедэрацыю пад началам паноў ваяводы і падчашага, а на пачатак запатрабавалі прагнаць з Рэчы Паспалітай езуітаў. – А каб так, пане—браце, аслабаніць Найяснейшага пана ад кароны ды вялікакняскай шапкі, калі яны яму такія нялюбыя? – дапытваўся грэчкасей, далучыўшыся да вялікай палітыкі праз акцэс да павятовай канфедэрацыі.

– Чулася на мястэчку нібыта можныя змовіліся, каб кароль неадкладна з'ехаў да сваёй Швецыі змагацца за спадчынны трон, – рабіў свой уклад сусед, прагнучы выглядаць не менш палітычным. – А мы сабе таго царэвіча Дзьмітрыя прыспасобім. Кажуць, та—ле—ран—цыяй вызначаецца, то пасаваў бы нашым можным і шляхце быў бы паслухмяны.

Нечакана Дзмітрый стаў для Найяснейшага пана небяспечным супернікам. Была тая змова ці не была, але нейкі час цар Васіль Шуйскі і кароль Жыгімонт, кожны дбаючы пра сваё, дзеялі супраць Дзьмітрыя суладна.

– Але ж, мосюмпане, надзейныя людзі шапнулі, нібы таго царэвіча першым разам забілі з ведама а мо' і па загаду караля. Нібыта, Найяснейшы пан павінен неяк аддзячыць нам, ліцьвінам, за своечасовае папярэджанне, здабытае сапежанскімі хлапцамі. Толькі восенню, 7 кастрычніка, правадыры рокашу заключылі палюбоўнае пагадненне з каралём. Але канфедэрацыя рокашу не была распушчана, пагроза не мінавала, толькі адклалася. Так што забіць царэвіча і другі раз не дзіва, як і папярэдзіць пра такі намер. Ян Сапега прывёў стол у парадак, рыхтуючыся да прагляду лістоў.

– Пашанцавала то пашанцавала, але вашмосьць малайчына, – мармытаў нібы сам сабе. – Значыць, Міласцівы пан і вялікі канцлер маюць уяўленне, што тут адбываецца?

– Залежыць, як то ў лістах адлюстравана. Часам яснепан Леў бывае незадаволены, – даверліва адказаў ганец.

Сапега ўважліва зірнуў на маладзёна. Смела выказваецца, а напэўна дапускае, што лісты маглі быць і ад яго, Пятра Сапегі. А ганец падумаў, што сапраўды пашанцавала. Не першы ўжо раз і дай Божа, каб не апошні. Бо на шляхах ніхто яму апроч каня не спадарожнік і апроч зброі не абаронца.

Сапега пабарабаніў па сталу ручкай вялікага пісталета. Заслона на ўваходзе варухнулася.

– Што загадаеце, яснавяльможны пане? – маладзенькі хлапец пахіліўся ў паклоне.

– Прынясі чалавеку чаго пад'есці ды прыгледзь, каб заняліся канём, – прамовіў Сапега.

Калі хлопец, паставіўшы ежу перад ганцом, знік, Сапега павярнуўся да ганца.

– Дык зірнем, з чым прыбыў? – Сапега вырашыў, што дастаткова насцярожыў хлопца, як ні кажы, з самых здольных і надзейных. Леў яму давярае, як сабе, і ў каралеўскім атачэнні пасведчаныя яго цэняць. Не адзін з дазволу канцлера карыстаецца яго паслугамі. Ян Пётр Сапега пабежна праглядаў лісты, адкладваючы набок самае істотнае. Над адным пасміхаўся, над другім хмурнеў і нават злаваў. Адзін аркуш затрымаў яго ўвагу надоўга.

– Значыць Найяснейшы пан нарэшце вырушыў! – хмыкнуў сам сабе. – Alea jacta est, жэрабя кінута! Чуў тое—сёе. Я тут у сярэдзіне жніўня адскокваў да Цвяры ды да Калязіна. Усё са Скопіным—Шуйскім дужаемся, – кінуў да Бражыны. – Два дні тузаліся, кракталі, але вальнай бітвы так і не атрымалася. Трэба прызнаць, ён меў верх. Але аб'яднацца з войскам Шэрамецева Скопіну не даў. Вярнуўся, аж тут ты. Мабыць праясніцца ў мазгаўніцы.

Ганец ведаў, што ў адрозненне ад многіх ракашанаў, яснепан Ян ад пачатку чакаў выправы караля на Смаленск і Маскву, на чым быў у згодзе з панам Аляксандрам Збароўскім, караняжам, меўшым значны полк а з тым і немалы ўплыў.

Ганец зірнуў на ваяводу. Цяжка было ўгадаць, ухваляе ён каралеўскае рашэнне ці прыганьвае. Сапега заўважыў гэта прыгляданне.

– Вашмосьць не скеміў? – усміхнуўся Сапега. – Разумна чыніць Яго Каралеўская Мосьць. Periculum in mora, зацяжка пагражае небяспекай. Калі зараз не рушыць на Масковію, паслей будзе позна! Шведы захапілі Інфлянты па самую Дзьвіну. Добра хоць татары нам у сукурс з вясны не даюць спакою маскавітам. Я схіляю войска да перамоваў з Найяснейшым панам, хоць шмат каму, калі не большасці з уплывовых, каралеўскае ўмяшанне крыжуе асабістыя разлікі і прагненні. З гэтымі давядзецца не цырымоніцца. Раскол у войску Дзьмітрыя каралю на карысць, але важна не замарудзіць progressum ulteriorem belli, далейшы поступ вайны.

Кампанія, сапраўды, раскручвалася надзвычай марудна. Сойм адбыўся на пачатку 1609 года, а звесткі, якое войска будзе мець, гетман Жулкеўскі атрымаў толькі на Вялікім Тыдні. Кароль пажадаў прыняць удзел у паходзе, а выбраўся з Кракава аж 28 траўня.

– Можна падумаць, – нерваваўся гетман Жулкеўскі, – што дарадцы Міласцівага пана узорам рымлянаў чакалі, калі свяшчэнныя куры ахвочым кляваннем прадвесцяць поспех кампаніі!

Ад Льва Сапегі ведаў усвяцкі стараста, што размова караля з Жулкеўскім, калі спаткаліся пад Люблінам, ішла цяжка.

– Міласцівы Пане, рач узважыць, – настойліва прамаўляў польны гетман Кароны, – выправу пачынаем аж пад копы! Progressum ulteriorem belli, далейшы працяг вайны прыпадзе на неспрыяльны час.

І кароль разумеў, што гетман мае рацыю: сенакосная пара – пазнаваты час, калі ўспомніць, які шлях перад войскам. Але ж воля манарха… велічныя намеры… – Не час, пане, разважаць, калі войска выйшла ў поле, – папракнуў гетмана Жыгімонт, нібы гэта той вызначаў тэрміны. – Я зараз да Вільні. Льцьвінам да Смаленска бліжэй, ды і на мяжы войска маюць. Сам Леў Сапега ў Оршы чакае. Не здаецца мне, што Смаленск нам неадольным будзе.

Хто з трох гульцоў выйграе: маскоўскі цар Васіль Шуйскі, кароль Жыгімонт ІІІ, ці тушынскі царык, гетман Жулкеўскі не адказаў бы самому сабе. Невядома, чым скончыцца інтрыга, распачатая пасля таго, як тры гады таму ў Кракаве пасол першага Дзьмітрыя Іван Безабразаў* папракнуў Рэч Паспалітую за дапамогу ўсталявацца на маскоўскім пасадзе «чалавеку подламу і лёгкаму». Тады ж на таемнай нарадзе з сэнатарамі агалосіў прапанову замест уваскрэслага Дзьмітрыя пасадзіць царом каралевіча Уладыслава. Адным прапанова спадабалася, іншыя сумняваліся, ці варта гэта рабіць. Гетман Жулкеўскі стаяў за вунію накшталт Люблінскай і без збройнага ціску. Але ў траўні таго ж году «царэвіч» Дзьмітрый, нядоўга пацараваўшы, загінуў, і вось зараз, думай што хочаш, маем клопат з чарговым уваскрэслым, яшчэ падлейшым і брыдчэйшым.

Калі настойлівыя наляганні Міласцівага пана закончыліся загадам, Жулкеўскаму нічога не заставалася, як заняцца войскам. Праз Берасце і Слонім даехаў да Менска ўжо ў канцы лета, бо 25 жніўня. Караняжы і ліцьвіны адбылі шэраг нарад. Выявілася, што таму ды другому здаецца, ледзь кароль пяройдзе мяжу, прыхільныя яму баяры паклічуць Жыгімонта на дапамогу супраць Шуйскага, які захапіў і трымае ўладу несумленным чынам. Не стане перашкодаю і невялікі смаленскі гарнізон.

Ганец Ігнат Бражына таксама меў падставы дзівіцца. Кароль Жыгімонт ІІІ рушыў на Масковію не дзеля дапамогі тушынскаму цару. І пан усвяцкі стараста ўхваляе наступ, хоць далучыўся да царыка. Відаць, не так проста належыць прымаць ягоны ўдзел на баку Дзьмітрыя. Але што ганцу да ўсяго гэтага? – Можа і пачнецца які зрух, – даляцеў да яго голас Сапегі. – А то каторая пара сяджу тут, а дзеля чаго? Дзеля тых марных грошай, якіх у цара няма, а за гэтымі сценамі нібыта ёсць? Адно ведаю напэўна, бібліятэка там багатая. Не менш шасці соцен тысяч кніг ды рукапісаў, кажуць. Пану Льву напэўна прыдалася б, але не маёй ардзе. Толькі як яе ўратуеш? Сэрца баліць, як падумаю, што ўсё гэта растопчуць ды пусцяць з дымам, перш чым дабяжыш.

Ганец разумеў становішча вайскаводца. Калі ў каралеўскім войску няплатнасць магла давесці да бяды, то ў гэткім саматужным і пагатоў. Наваколле ўшчэнт падчысцілі. Па дарозе пераканаўся сам. Пуста, гола, голадна.

– Я чуў, яснепане, і ў вас завязалася канфедэрацыя? – рашыўся ганец на невясёлае пытанне.

Мусіў ведаць, што ў войску дзеецца, не толькі дзеля пазнейшых роспытаў, але і ўласнай бяспекі. Вельмі любіць канфедэрацкае начальства паказваць сваю часовую неабмежаваную ўладу на кім дасца. Лёгка трапіць між молатам і кавадлам са сваёй кур'ерскай торбай.

– Ёсць, – неахвотна адказаў Сапега. – Inter nos, між намі, самога цягнуць далучацца, але пакуль устрымліваюся.

– Можа, каб на Маскву ўсім войскам?… Unitis viribus, агульнымі сіламі?… – нясмела выказаўся Бражына.

Сапега дабратліва ўсміхнуўся на ганцову лаціну, пацёр лоб далоняй, нібы адганяючы прыкрыя думкі.

– Цяжка сказаць, ці хопіць на гэта сілы. Люд сплываецца, але ж ці можна яго лічыць войскам. Так і паседжваем: Скопіна раць – на Хадынскім полі, цар Васіль з дваром на Прэсне, а цар—царэвіч ад леташняга ў Тушыне, між Масквой і Сходняй, рэчкі такія. Адно, надзейна перакрылі шляхі. Не ўсе, нажаль. Мае – на поўнач і да Замаскоўя, Ражынскі – паўднёвыя і заходнія. Маскве засталася толькі каломенская. Па ёй пакуль ідуць абозы з разанскім хлебам, ну і людзей крыху. Але і там іх уласны разбой не дае жыцця. Сам пабачыш, бо і туды, кажаш, ёсць патрэба?

Ганец кіўнуў, уздыхнуў.

– І туды і тут.

Сапега кінуў пільны погляд на суразмоўніка.

– Ражынскаму лісты таксама вязеш?

Ганец добра ведаў пра несуладдзе двух правадыроў «царыкавага» войска.

– Шляхецкай крыві чалавек, але вельмі нешляхетнай мовы і ўчынкаў, – без лішніх цырымоній акрэсліў усвяцкі стараста. – Тлумачу, каб быў насцярожаны. Яшчэ невядома, ці здолее прачытаць што—кольвечы, – заўважыў з'едліва.

Не тое, каб сам быў супраць чаркі, але канкурэнт на ваярскай ніве, прылягаў да яе занадта і ў шкоду справе. Не паспеў князь Ражынскі апынуцца ля царыка ў красавіку 1608 года, вайсковае кола адразу ж аб'явіла ранейшага правадыра пана Мехавецкага* па—за законам, і акрыкнула гетманам яснавяльможнага пана Ражынскага. Прыпаў апошні Гедымінавіч да жаўнерскіх сэрцаў! Каб адразу праясніць сітуацыю, рыцарскае кола запатрабавала ад царыка выдаць усіх праціўнікаў новага гетмана. Калі царык заерапеніўся, нехта выгукнуў: «Хапай яго, нягодніка!» Добра што «царскі» канюшы Адам Вішнявецкі неяк здолеў улагодзіць закалот.

Услед за шляхтай у атачэнні царыка з'явіліся маскоўскія баяры. Ад пэўнага часу ўлада ў тушынскім гарадку няўхільна перацякала з рук «царскай» пары да тых, хто меў пад сабой войска. Князь Ражынскі быў у гэтым гроне бадай самы моцны на цвярозы голаў, але так здаралася ўсё радзей.

Сапега адсунуў паперы, не парушаючы іх раскладу. Прыціснуў вялікім пісталетам.

– А то яшчэ разляцяцца, – патлумачыў, усміхаючыся. – Бачу ледзь сядзіш, – спачувальна прамовіў ён, як толькі Бражына адсунуў посуд. Дасведчаны ваяр ведаў, калі сон больш ежы патрэбны. Устаў і падышоў да лёгкага полагу. Адкінуў фіранку і паказаў просты але зручны ложак.

– Вось, распранайся і кладзіся, – загадаў ён. – А я тым часам пачну адпісваць, калі суседзі не будуць замінаць.

Ён махнуў рукою некуды ўбок і як па знаку адтуль даляцеў стрэл невялікай гарматкі.

– Хлопцы забаўляюцца, – пацягнуўшыся ўсім целам, патлумачыў Сапега. – Прыладзілі фальканэт на адмысловую раму і атрымалася нібы мартырка. Пораху трэба няшмат, а ёсць мажлівасць нешта перакінуць суседу за сцяну, каб не драмаў. Так глядзіш на радасць Дзмітрыю палатку з магілай цара Барыса разваляць, – усміхнуўся Сапега.

На неўразумелы позірк Бражыны патлумачыў: – Пры Успенскай царкве пахаваны. Там жа і жонка ягоная і сын.

Грымнула нешта мацнейшае за фальканэт. – А гэта ўжо суседзі, – абыякава азваўся Сапега. – У святых айцоў і зелля шмат і ядраў хапае.

– Можа я дзе з якімі хлопцамі?… – засаромеўся ганец, падыходзячы да полагу.

– О, sancta spes, святая надзея! – строга перапыніў Сапега. – Першы раз у Масковіі? Павінен разумець, мне так спакайней. Не думай, што ніхто цябе не заўважыў.

– Ужо і не памятаю, калі спаў не па заечы, адным вокам, – прызнаўся ганец, сядаючы на зэдлік, каб сцягнуць боты.

Здавалася, вочы самі закрыюцца і ніякая сіла не прымусіць іх зірнуць на белы свет. Скінуў верхняе і з асалодаю выцягнуўся на пасланні. Як часта здараецца ў такіх выпадках, імгненна ў сон не абрынуў, але палёгка ўсяму целу прыйшла адразу. Нейкі час даляталі прыцішаныя размовы, нехта прыходзіў і выходзіў, раз—другі гаўкала мартырка. Але ўсё павольна і няўхільна адплывала, пачуццё бяспекі і ўтульнасці ахапіла ўсю істоту і спіхнула ў глыбокі, збаўчы сон. Толькі адзін прывід прыгадаўся пасля абуджэння. Нібы павеў адхінутай фіранкі ці бляск свечкі на імгненне вырваў з бяспамяцтва. Нібы лыпнуў вачыма як п'яны і ўбачыў над сабою незнаёмы твар. Адно вока шэрае, другое яснасіняе ўпіваліся ў соннага пільным поглядам. Пазналі ці запамяталі і адплылі ў сон.

Калі раніцой яго разбудзіў малады афіцэр, успомніўшы сонную з'яву, прыгледзеўся: вочы былі аднолькавыя. Падумаў, можа прыходзіў гаспадар ложка, які ад'ютант. Паснедаўшы, ізноў апынуўся перад Сапегам. Стараста сядзеў за сталом, трымаючы ў руках ладны пакунак.

– Лісты, як бачыш, гатовы. Сядай, пагутарым.

Памаўчаў, падумаў.

– Брату раскажы, што чуў ды бачыў, – прамовіў да ганца. – Што не напісана, таго і не перахопіш. Deus omen avertut, Божа, адвядзі бяду, але вызнанне, хоць і пад тартурамі, гэта ўсё ж не пэргамэнт з пячаткамі.

Ведаў гэта і ганец. Іншым разам мароз поўз па спіне, слухаючы, як у чарговага бедака, якога, па праўдзе ці памыляючыся, прымалі за шпега, дапытваліся пра тое, чаго ён і ведаць не мог. Відаць было, што пану старасту прыемна зваць вялікага канцлера братам зусім не таму, што абодва паны—браты.

– Няхай пан канцлер уплывае на караля. Я meo periculo, на свой страх і рызыку, раблю, што магу, але калі Сам пра гэта даведаецца ды заспее знянацку, лёс мой будзе марны. Тыя, што за Ражынскім, не паглядаюць на мяне ласкавым вокам. Не кажучы пра Зарудзкага. Ведаеш такога, – не запытаўся, сцвердзіў.

Ян Сапега выказаўся мякка. Вакол цара—царэвіча таўкліся неблагія ваяры і кожны са сваёй рацыяй дзейнасці. Тут і Ражынскі, «царскі» гетман, і Стадніцкі і Мехавецкі і ён, Сапега. І каменданцкая драбната кшталту Будзілы*, харужага з Мазыра, Міскевіча* ды Мікалая Мархоцкага*. І ў кожнага гетманская булава ў торбе.

– А зараз яшчэ і шведы – новы клопат, – падкрэсліў Сапега. – Ім не Дзьмітрый, не Шуйскі, ім землі і гарады Масковіі— спакуса. Ды нашаму каралю думкі пра шведскую карону з галавы выбіць. І на Крамлі пры нагодзе маюць каго пасадзіць. Так што трэба ўзважыць, хто мае рацыю: Жулкеўскі ці пан Леў. Але абодва, здаецца, разумеюць, што выбраліся на вайну нібы з Кракава да Лобзава, як піша пан Леў. Хоць не іх, праўду кажучы, віна ў тым, што не ў адпаведны час і так мала сілы.

Ганец зразумеў, што думка караля панам усвяцкім старастам не ўлічвалася з—за яе непрыдатнасці.

– Разгледзься там у Тушыне, прынюхайся. Мае хлопцы кажуць, нешта брыдкае выспявае. Маскоўскія баяры баяцца разні, калі тушынскія захопяць горад. Ну і тутэйшыя таго ж апасаюцца. Па сутнасці мы з палякамі абараняем баяраў ад чорнага люду. Баярства шэпчацца пра нашы вольнасці, а ў царстве вэрхал і замяшанне, бунты паўсюдна. Таму супраціў не можа быць значны. Але ж такую краіну ў цуглях слабым войскам Рэчы Паспалітай не ўтрымаеш. Баюся, не ўсе гэта разумеюць.

Ганец слухаў і разважаў, ці здолее разгледзецца за кароткі час, бо расседжвацца некалі. Лепш, калі не кінецца нікому ў вочы сваім з'яўленнем і ад'ездам. Нібы ўгадаўшы ягоныя думкі, Сапега адарваўся ад чарговага ліста і адкінуўся да сцяны.

– Наступным разам можаш мяне тут і не знайсці. Грошай, пане—браце, як не было так і няма, таму нават мае муштраваныя ў хамут б'юць, – уздыхнуў Сапега. – Так і глядзі, што за тым пойдуць, хто іх дасць, а цар, па ўсім выглядае, даць іх не можа. Толькі да сябе кліча.

– Але ж у манастыры нехта за вас застанецца?

Усмешка кранула вусны Сапегі. Маладзён баіцца пакрыўдзіць каменданта гусараў з—пад Кірхольма і паказвае, што верыць у захоп манастыра.

– Нікога тут не застанецца. Неўзабаве здымем аблогу. Думаю, старац Аўраамій Паліцын*, келар тутэйшы, шмат баек складзе, як ён мяне перамог, – засмяяўся Сапега і закончыў сур'ёзна. – Сілы малавата, каб на сцены па дурному лезці, а ў такім разе на якую халеру нам тая Лаўра? Надзею на трохбаковую вунію пан Леў страціў, то хоць землі рода вярнуць пастараемся. Яну Пятру падабалася, як трымаецца хлопец, сціпла, але з розумам у вачах, заслугоўвае пэўнай адкрытасці. Мае загад прыгледзецца, зразумець, што тут і дзеля чаго адбываецца. Не самахоць рашаецца на роспыты.

Ганец кіўнуў галавою. Сапега працягваў.

– Калі кароль іх дасць – яму паслужаць. Не думаю, што Міласцівы пан прагне ўбачыць маскоўскую шапку на шклоўскім валацугу.

Бражына ўсміхнуўся з разуменнем. Большай дакладнасці і не патрабавалася.

– А наконт вас, яснепане? Напамінаю, паважаючы, пытанне не ад мяне. Самі ведаеце, чыё.

Сапега кіўнуў, што прымае роспыт як належыць.

– Што ж, сам я – падданы караля, як і кожны шляхціц. Не выгнаннік жа, не сказанец. А quid non pro patria, чаго не зробіш для Айчыны?

Сапега ўсміхнуўся пры апошніх словах, а ганец падумаў, што не ўсё каралю было б зразумела ў хітрых кроках вялікага канцлера і ягонага кузэна. – А з войскам грошы ўсё вырашаць, – ён імгненне падумаў. – Ну і мае хітрыкі, канфедэрацыя ж, – напомніў.

Абодва памаўчалі. Ганец не рашаўся парушыць думкі старэйшага, а той разважаў над толькі што кранутымі справамі. Нарэшце Сапега азваўся.

– Не мне цябе асцерагаць, вашмосьць, – перайшоў да іншага, – але часцей азірайся!

Ганец быў рады новай плыні размовы.

– Вось жа хацеў прасіць яснепана ахову якую, ці хоць бы праважатага.

Сапега ўздыхнуў, памянтосіў чуб. Не пакінеш ганца Льва ахвярай лёсу.

– Сам разумееш, як у мяне з людзьмі, – заўважыў засмучэнне хлопца і паспяшаўся супакоіць. – Але дзесятак з маёй сотні возьмеш. Ну і паручнік, твой аднагодак, за праважатага. Можаш верыць яму, як мне. Калі мне верыш, вядома? – усміхнуўся амаль па сяброўску.

Ганец заківаў задаволены.

– Дзякую, яснепане. Бо тут не лес страшны, – заспяшаўся ён, баючыся здацца баязліўцам. – Па ўсёй ваколіцы войска, а дзе хто, не разбярэш.

Сапега адмахнуўся на ягонае апраўданне.

– І ўсе рабуюць! – падхапіў са смехам. – Я і сам часам не магу разведацца: дзе хто, хто за каго. Асабліва будзь, вашмосьць, асцярожны з маскоўскімі казакамі. Паперы ў непрызначаных руках – твой прысуд. – Ды ўжо ж, – пагадзіўся ганец. – Крыўдна было б зараз трапіць у пастку. Бо і назад трэба, – насмеліўся на жарт.

– Так, назад вельмі важна, – засмяяўся Сапега і пасур'ёзнеў. – Таму, пане-браце, старайся не папасціся. А ў Тушыне на царыцу не загледзься, калі спаткаеш.

Ізноў не то папярэджваў, не то пацвельваўся з колішняй сандамерскай ваевадзянкі. Не выключана, што ведаў яе ад часоў, калі тая і марыць не магла пра маскоўскі Крэмль.

Гэта ж лічы, год таму 23 ліпеня 1608 года, баючыся, што Жыгімонт на яго пойдзе, цар Васіль падпісаў з ім перамір'е на чатыры гады і 27 ліпеня адпусціў Марыну з бацькам дадому, у Рэч Паспалітую. Але 3 жніўня Ражынскі з Лісоўскім* скіравалі на перахоп моцны раз'езд Аляксандра Збароўскага. Не збіраліся выконваць той пункт дамовы Рэчы Паспалітай з Масковіяй, які абавязваў іх пакінуць лагер Дзьмітрыя, таму трэба было ўмацаваць «новага» цара. Напрыканцы самым жніўня здагналі Мнішхаў у Белай. У Царовым Займішчы раз'езд з'ехаўся з Янам Пятром Сапегам і разам павезлі царыцу з бацькам у абдымкі «цудам ацалелага» Дзьмітрыя. Усіх дзівіла, што царыца загадала паставіць шацёр у лагеры Сапегі ды выправіла ўсвяцкага старасту на перамовы з уратаваным мужам. Толькі пасля вяртання Яна Пятра скіравалася да Тушына.

Думкі Бражыны перапыніла з'яўленне маладога афіцэра. Наказ Сапегі быў кароткі.

– Вось табе анёл—ахоўнік, пане—браце. Паручнік Малей правядзе цябе пасля Тушына вакол Масквы, а там адлучышся, дзе табе будзе зручней, sine scitu et consensu, без ведама і згоды гэтага апекуна, – усміхнуўся ўсвяцкі стараста.

Павярнуўся да маладога паручніка.

– Пойдзеце ад поўначы, бо з поўдня і татары і лісоўцы могуць трапіцца.

Заўважыў здзіўленне ганца.

– Хто б ні хваліў гэту гайню, лепш з ёю не сустракацца. Ведаю іх intus et incute, навылёт!

Відаць не перахварэў пан Сапега здрады сваіх колішніх падначаленых. Менавіта адна з гусарскіх харугваў Яна Пятра Сапегі падчас вайны ў снежні 1604 года завязала канфедэрацыю пад дырэкцыяй Аляксандра Лісоўскага. – Вайна на ўсіх уплывае згубна, – працягваў Сапега. – Ваяр злуе на ўсё, што яму замінае дзейнічаць. У тым ліку на мірных жыхароў, што прыхоўваюць ежу і фураж, не даюць прытулку, лезуць са сваімі цярпеннямі. А хлопцы пана Лісоўскага ўзялі сабе за грунт ні на што не зважаць. Для іх існуе толькі ўласная рацыя. Так што, як кажуць: praemonitus – praemunitus, пярэджаны – узброены.

Звяртаючыся да абодвух напомніў: – Хлопцам няма патрэбы ведаць, хто ды куды. Змыльце вочы чым— небудзь, бо невядома, ці каторы не куплены. Ну, з Богам, пан Бражына! – шлэпнуў ганца па плячы.

Дыплом на царства

Подняться наверх