Читать книгу Дыплом на царства - Аркадзь Ліцьвін - Страница 15

Частка I. Кур’ер Вялікага княства
Што за цар з разбітым войскам!

Оглавление

На Маскве сапраўды чакала бяда. Калі пасля Клушына цар застаўся без войска, разброд між дваранаў запанаваў небывалы. Князь Васіль Васільіч Галіцын, прыхільны прыхадням баярын Іван Нікіціч Салтыкоў, нястомны ўдзельнік кожнай змовы дваранін з Разані Захар Ляпуноў, Філарэт Раманаў, ці не галава ўсёй гурмы, не вагаліся.

– І як гэта мы раней не згледзелі, што гасудар—та наш ростам малы, і з твару брыдкі і рот як у жабы, ды і розумам невысока сягнуў. Царом—та яго вуліца акрычала! Гуляшчыя з—пад штандараў Дзьмітрыя за ім не пойдуць, ды і шляхта не падтрымае, – навыперадкі ўгаворвалі адзін аднаго, каб надаць бадзёрасці і рашучасці.

– Падслепаваты, то і паперу не прагледзіць!

Пракофій Ляпуноў раней за іншых адчуў змену настрою дваранаў і як заўжды ўзяўся за справу з імпэтам. Змена непапулярнай дынастыі здавалася яму найлепшым, калі не адзіным, выйсцем з прыкрай сітуацыі.

– І баярства гэтым срэбралюбцам сытае, – пераконваў сваіх хаўруснікаў, – спытайце Раманавых, Мсціслаўскіх, Галіцыных. Я зараз—жа ганцоў да князя Васілья Галіцына, ды брату Захарыю вестку! Абодва ў справах дзяржаўных кемяць і разанскіх дваранаў на падтрымку згуртуюць.

Ужо 17 ліпеня Іван Нікіціч Салтыкоў, Захар Ляпуноў з разанцамі, што атабарыліся на Маскве, збіралі натоўп на Краснай плошчы. Адно тое, што цар Васіль працягнуў тэрмін вышуку беглых з пяці да пятнаццаці год, хапала для нянавісці новаспечаных «казакоў».

– Далоў Васілья Шуйскага, гарбатага ды падслепаватага! Што за цар без войска! Беды незлічоныя наклікаў ён на Масковію. Гора нам мнагагрэшным, калі надалей пацерпім гэтага бессардэчнага ды сквапнага! Не слухаць старога Гермагена! З глузду з'ехаў!

– «…бывшему государю…Васілію Івановічу всеа Русі, – урачыста неслася ад Арбацкіх варотаў над натоўпам служылых і пасадзкіх людзей, – отказаті і на государеве дворе не быті і вперёд на государстве не сідеті!»

Гурма дваранаў і думных чыноў панесла ў Крэмль важнае рашэнне. Князь Варатынскі пакланіўся ўсё яшчэ цару Васілію.

– «Вся земля бьёт тебе челом: оставь своё государство раді междоўсобной брані, затем, что тебя не любят і служіть тебе не хотят.»

У вайсковым лагеры за Серпухоўскімі варотамі адчыніўся своеасаблівы Земскі сабор з удзелам думы, вышэйшага святарства і паўстаўшага, а дакладней, узбаламучанага люду. За тое, каб скінуць цара, выказаліся і Галіцыны, і Мсціслаўскі, і Філарэт Раманаў. Беднага Гермагена, які не падтрымаў змоўшчыкаў і спрабаваў дайсці да голасу, і слухаць не хацелі.

Баярын Іван Салтыкоў ды Захар Ляпуноў на чале з Філарэтам не доўга вэждаліся. Прагналі цара нібы хлапчука з прастолу да ўласнага дому.

– Не мець нам гасудара—бацюшкі лепшага за князь Васілья Галіцына! – заходзіліся крыкам ляпуноўскія разанцы на плошчах і вуліцах Масквы. – Знатнай крыві! Гедымінавіч!

Але баярская дума на чале з Фёдарам Мсціслаўскім не падтрымала княжых памкненняў. Раптам забыўшыся на Уладыслава, Філарэт Раманаў прапанаваў на трон свайго чатырнаццацігадовага сына Міхаіла. Гэтага і патрыярх Гермаген мог падтрымаць, бо свой, маскавіт ад дзеда—прадзеда, пляменнік апошняга законнага цара Фёдара… Але патрыярх усё яшчэ ўпрошваў упартых баяраў вярнуць старога цара.

– А пастрыгчы яго ў чарняцы і ўвесь сказ! – вырашылі змоўшчыкі. – І ніякага яму Ніжняга ва ўдзел, бо адтуль пачне свае козні.

– Ін быць па сяму! – прагучала пад зларадны рогат.

Хоць і трос рэдзенькай барадою выснажаны стары і крычаў, што нязгодны, 19 ліпеня князь Цюфякін прамовіў за раба Божага Васіля Шуйскага манаскія зарокі. Перакінуўся цар у “інока Варлаама”, і павезлі яго ў крытай каламажцы да Чудава манастыра пад стражу. А трох год не мінула як нібыта прамы нашчадак Аляксандра Неўскага ажаніўся з маладой княжною Мар'яй Бурносавай—Растоўскай, пра спадчынніка трону думаў. І што зараз? Няшмат сплыве часу і разам з братамі перададуць былога цара Васіля гетману Жулкеўскаму ў палон.

Выбары наступніка палічылі за лепшае адкласці, пакуль з’едуцца прадстаўнікі ўсёй зямлі. А на перыяд міжцарствія дума выбрала сямёра баяраў: Фёдар Мсціслаўскі, Іван Варатынскі, Васіль Галіцын, Іван Раманаў, Фёдар Шэрэмецеў, Андрэй Трубецкой і Барыс Лыкаў павінны былі кіраваць дзяржавай. Дваране, прыказныя людзі, казакі і чорны люд неадкладна ім прысягнулі. Заставалася як найхутчэй паведаміць гетману Жулкеўскаму, што яго чакаюць, а каралевіча хочуць на царства.

Не маючы сілы на захоп сталіцы, князь Дзьмітрый Трубяцкой з таварышамі абяцалі скінуць царыка, як толькі будзе пазбаўлены прастолу Васіль Шуйскі. А затым надыйдзе мір і выбары новага гасудара. Але раптам Трубяцкой са сваімі тушынцамі паведамілі паслам сабору, што скідваць царыка, як абяцалі, не збіраюцца, і прапанавалі адчыніць маскоўскія вароты “ісціннаму” гасудару Дзьмітрыю Іванавічу.

Сам царык, атрымаўшы вестку пра клушынскую бітву, балазе адбылася не так далёка, з трыма тысячамі казакаў адразу ж зняўся з лагера ля Данілава манастыра і праз два тыдні быў у ваколіцах Масквы. Ваяўнічы ліцьвін Ян Пётр Сапега ад імя царыка акурат вёў перамовы з каралём Жыгімонтам. Праз тры тыдні, здабыўшы па дарозе Бароўск, 26 ліпеня дайшоў пад Маскву і стаў лагерам на каломенскай дарозе. Даведаўшыся пра дэтранізацыю Васіля Шуйскага, назаўтра ж рушыў да сталіцы, дзе сустрэўся з двума прадстаўнікамі баярскай думы. Першым днём жніўня разам з войскам завязаў канфедэрацыю пры царыку з дадатковай пастановай, што ротмістры не адступяцца адзін ад аднаго, аж пакуль не атрымаюць платы. Але ўсе разумелі, што жолд найпэўней здабыць разам з Сапегам, чым без яго.

Жулкеўскаму спатрэбілася восем дзён, каб спешным маршам па старой Смаленскай дарозе прыйсці пад Мажайск. Пасля гасціннай сустрэчы жыхарамі і духавенствам, разумеючы небяспеку сутыкнуцца з царыкам, пагнаў войска, не зважаючы на пакуты параненых на траскіх вазах.

Апошняя надзея цара Васіля, некалькі тысяч татараў, наблізіліся да лагера царэвіча, нагналі страху ягонай галоце, але, дачуўшыся пра набліжэнне гетмана Жулкеўскага, зрабавалі, што здолелі, у тым ліку палонных, і сыйшлі на поўдзень. Дарога на Маскву адкрылася насцеж. Як адказ на заклік Жулкеўскага даверыцца каралю і каралевічу Уладыславу, 21 ліпеня да гетмана з’явілася пасольства баяраў і адразу пачаліся перамовы.

Баяры хацелі каралевіча Уладыслава, паспаліты люд – царыка. Баярская дума яшчэ пры Барысе Гадунове абмяркоўвала і адкідала прапановы вуніі Масковіі з Рэчай Паспалітай. Зараз спадзявалася з дапамогай вуніі вырашыць усе спрэчкі і клопаты Масковіі. Прызнаўшы каралевіча, баяры маглі атрымаць абарону не толькі ад непагляднага царыка, але і ад натоўпу, над якім страцілі ўладу. Каралеўская армія магла б навесці парадак у краіне. Адначасна спадзяваліся на большыя правы, уладу і асабістую абароненасць, чым пры царах.

І Леў Сапега разумеў, што перамога Жулкеўскага раптоўна памяняла папярэднія дыспазіцыі і намеры. Адкрытая дарога на Маскву пацвердзіла слушнасць колішніх прапаноў гетмана. Вялікі канцлер зычлівым позіркам акінуў пасланцоў з—пад Клушына. Як бы ні ставіцца да паводзін кожнага з іх у нядаўнім мінулым, зараз яны звестуны выключнага поспеху, які несумненна заважыць на ўсёй выправе. – Мы, яснавяльможны пане, вырашылі пагутарыць найперш з вамі, – прамовіў з лёгкім паклонам Адам Жулкеўскі*. – На сустрэчы з намі Найяснейшы пан несумненна даручыць прамаўляць вам.

Вялікі канцлер прыязна ўсміхнуўся пляменніку пераможнага гетмана, акінуў ласкавым поглядам спраўныя постаці маладзёнаў.

– Як і належыць у дачыненнях Рэчы Паспалітай з Усходам, – прамовіў, не трацячы павагі ані на кроплю, хоць дачыненні з гэтай дэпутацыяй не былі для яго значнай падзеяй. – Прашу вашмосьцяў сядаць і пачувацца як найвальней. Сапраўды, варта абмеркаваць заўтрашнюю ўрачыстасць, каб не спляжыць у якой дробязі.

Вялікі канцлер ужо разважаў, як вызначыць бліскучую перамогу жменькі польнага гетмана пад Клушынам, калі кароль пад Смаленскам з усім астатнім войскам нічым не можа пахваліцца. Прыніжаць перамогу Жулкеўскага было б нязгодна ні з уласным гонарам канцлера ні са справядлівасцю. Хіба найлепш падаць яе як выкананне гетманам каралеўскай волі насуперак усім перашкодам і начаканасцям.

– Бліжэйшымі днямі і тут чакаецца зрух, – палічыў патрэбным паведаміць вялікі канцлер. – За тыдзень ці крыху больш спадзяемся казакаў і прыступім да штурму. Дасць Бог поспех, то і сям’ю наведаем, – усміхнуўся зусім па свойску.

Ведаў, што і маладых цягне дадому, якімі б зухамі ні былі. А дом той упрагнёны за якіх пару дзённых пралётаў добрым канём.

– Як я разумею, складзеце да ног караля адпаведныя трафеі? – напалову запытаўся напалову сцвердзіў Сапега.

– Немалыя і каштоўныя, яснепане, – адказаў Аляксандр Збароўскі. – Адна булава ваяводы Шуйскага варта подзіву. Шмат харугваў, а сорак маскавітаў прывітаюць караля і аддадуць пад яго руку немалое войска. Маскоўскае войска! – падкрэсліў палкоўнік.

Вясёлая ўсмешка асвяціла твар канцлера. Ухвальна пакруціў галавою.

– О! Гэта ўцешыць Найяснейшага пана! – запэўніў. – Разумна прыдумалі.

– Ад усяго таварыства, – з добра ўдаванай сціпласцю прамовіў трэці дэпутат Пятро Баркоўскі*.

– Усцешна, усцешна, – паківаў галавою Сапега. – Але напэўна маеце пераказаць нейкія зычэнні і пастулаты таварыства і самога пана гетмана? Варта іх разгледзець і мажліва прыцерці.

Паслы пераглянуліся, каму павесці рэй у такой далікатнай матэрыі.

– Ёсць некалькі істотных артыкулаў, – пачаў Аляксандр Збароўскі. – Ці не самы важны той, якім пан гетман просіць выправіць каралевіча як найхутчэй. Найлепей, каб здагнаў наша войска перад самай Масквою.

– Гэта будзе ці не найважнейшы з вашых артыкулаў і найцяжэйшы для караля, – зазначыў Сапега.

Палкоўнік, не зазіраючы ў суплічку, трыманую ў руцэ, выклаў наступны пункт.

– Не менш важна, каб кароль затрымаў усіх чужаземцаў, што паддаліся ў Клушыне і заплаціў ім. Дарэчы і нашым жаўнерам тое ж не пашкодзіла б, – уставіў Адам Жулкеўскі*.

– Зраблю ўсё магчымае, каб пераканаць Найяснейшага пана ў слушнасці выказанага вашмосьцямі, – паабяцаў Сапега.

Сам поўнасцю падзяляў гэтыя артыкулы ўлучна з выпраўленнем каралевіча.

– Належыць прыняць пад увагу нецярплівасць жаўнераў, – прыйшоў да голасу Адам Жулкеўскі. – Усё, што было магчыма зрабаваць, зрабавана, – усміхнуўся зухавата але горка. – Няма здабычы, якая магла б супакоіць… – Шукаць здабычу ўглыбі Масковіі можа і спакуса, але магло б стаць згубай, – уставіў Збароўскі. – Таму патрэбны грошы.

– Несумненна першай і галоўнай мэтай застаецца Масква, – прамовіў канцлер. – Расцярушваць войска па краіне, азначала б страціць яго. Хачу запэўніць у вашых асобах мужных жаўнераў з—пад Клушына, што будзе зроблена ўсё магчымае, каб задаволіць іх цалкам слушныя патрабаванні.

Дыплом на царства

Подняться наверх