Читать книгу Дыплом на царства - Аркадзь Ліцьвін - Страница 22

Частка I. Кур’ер Вялікага княства
Хто вораг і хто хаўруснік наўгародцам?

Оглавление

Яшчэ ад той пары, калі абаронца і спрыяльнік святой Русі ад часоў Кулікава поля святы Сергій, аб’явіўся Кузьму Мінічу Сухаруку з наказам разбудзіць спячых, Ніжні Ноўгарад цвёрда трымаў верхавенства ў супраціве захопнікам. Прападобны Сергій вуснамі свайго абранца загадаў збіраць казну, склікаць ратных людзей ды вызваляць Маскоўскае гасударства ад ворагаў.

Было тое, ці прымроілася не так можа богабойнаму, як патрыятычнаму і палітычна спрытнаму пасадскаму, але заклік ягоны, ды ўласны прыклад, падзейнічалі. Меў у веры сваёй несумненную перавагу над прыхаднямі з Рэчы Паспалітай, якія не надта ведалі, дзеля чаго апроч здабычы заявіліся на Масковію. Толькі нешматлікія і не моцныя розумам верылі ў наўруцэнне Масковіі, а тым больш Пэрсіі, якая, халера ведае, дзе хаваецца за гарамі, морамі, стэпамі.

Святое пакліканне дапамагло Казьму Мініну знайсці надзейнага паплечніка. Абодва прыйшліся да сэрцаў пасадскага люду і значнай часткі дваранства.

– Не кожны, стаўшы старастам, першым і добраахвотна паклаў бы перад народам сваю маёмасць, – з глыбокай пашанай прамовіў князь Дзьмітрый Пажарскі. – Тое, што пасадскі загадвае скарбам, аддзяляе грашовую справу ад ратнай, абодвум на карысць, з тым і ўсяму міру.

– Ды ўжо ж, – пагаджаліся ваяводы. – Зарудзкі раздаваў казну аднадумцам ды прыбочным, а ратнікі галадалі ды разбягаліся. А казна ж не з неба – гарады давалі! – Згуртуем гарады вакол Ніжняга – ратнікаў збяром, – пераконваў князь нерашучых. – Гвалтам ды рабункам разбэшчанага казацтва канец паложым. Пакуль з бліжэйшымі бедамі не разбяромся, марнаваць сілы на караля не варта. Ягоная шляхта і так доўга не вытрымае.

– У вясёлым жыцці замілаваныя, – з зайздрасцю прамовіў нехта з маладзейшых. – Балі, плясы, забавы…

– Ад шведа нам большай бяды чакаць, – князь вярнуў прысутных да галоўнага, – але і тут трэба з аглядкай.

Дзмітрый Пажарскі, не так знакаміты родам, як ваярскімі поспехамі і адданасцю сваёй зямлі, на ваяводу ніжагародзкага апалчэння быў абраны ўсім мірам. Хоць земскі вызвольны рух не надта аглядаўся на князёў царквы, патрыярх Гермаген горача падтрымаў абранніка сваімі казанямі.

А Жыгімонт усё яшчэ спадзяваўся на перамогу над Масковіяй і ўгаворваў дацкага караля Хрысціяна* не нападаць на Швецыю, каб атрымаць яе ў цэласці. Да таго ж, калі Хрысціян паслухаецца, Швецыя не забярэ свайго войска з Масковіі і аблегчыць Жыгімонту задачу.

А шведы і так даваліся ў знакі. Ля Вялікага Ноўгарада Дэлагардзі сабраў недабіткі наймітаў з—пад Клушына, захапіў і зрабаваў Ладагу, напаў на Арэшак, затым аблажыў Карэлу, абяцаную шведам Васілём Шуйскім. Ваявода Іван Пушкін, даведаўшыся пра падзенне цара Васіля, амаль паўгоду не аддаваў горад. Калі ў лютым 1611 году з двух тысяч абаронцаў прыдатных заставалася каля сотні, пачаў перамовы з Дэлагардзі, а 2 сакавіка пакінуў крэпасць на ганаровых умовах і сыйшоў у Арэшак. Здрадлівы Дэлагардзі даў адпачыць войску і напаў на Арэшак, але не ўсё кату масленка: замест здабычы на дзесяці вазах павёз трупы сваіх жаўнераў да Выбарга.

А недасведчаны ў хітрыках дыпламатыі Пракофій Ляпуноў аніяк не мог вызваліцца ад чараў “сяброўскіх” зваротаў шведскага караля Карла IX да маскоўскіх і наўгародзкіх чыноў. Правадыр апалчэння натхняўся марнымі надзеямі і слаў ганца за ганцом у Ноўгарад. Патрабаваў дамовіцца, каб Дэлагардзі як найхутчэй ішоў на дапамогу супраць Жыгімонта.

Не дзіва, што наўгародцы разгубіліся: хто вораг а хто хаўруснік? Рэч Паспалітая займала Крэмль, магла кінуць войскі на Ноўгарад з Інфлянтаў, з—пад Смаленску, з самога Вялікага Княства, Масква сама прасіла дапамогі. Тым часам шведскі кароль прапануе наўгародцам мір, хаўрус і абарону супраць Рэчы Паспалітай. Але пяцітысячнае войска Дэлагардзі пасля ўсіх разбояў засела ў Іжорскім пагосце і не квапіцца ў паход, спасылаючыся на стан дарог. Разводдзе пасля зацяжной зімы сапраўды спрыяла падману.

Канец сакавіка 1611 года прынёс новы клопат: Івангорад громам гармат абвяшчаў чарговае цудоўнае ацаленне царэвіча Дзьмітрыя. Масква дзівілася: башку адсеклі, а ўсё жывы! Але новаспечаныя з беглых прыгонных казакі гатовы былі падтрымаць каго заўгодна, абы не накідваў ім ніякай улады.

Наўгародцы, якіх падганялі з Масквы і Стакгольму, у канцы красавіка заявіліся ў шведскі лагер “з поўнай формулай пагаднення”. Паслы дамагаліся пацверджання дамовы між Масковіяй і Швецыяй і аднаўлення сумесных ваенных дзеянняў супраць Рэчы Паспалітай. Як першы крок прасілі Дэлагардзі прагнаць былых тушынцаў з Івангорада і іншых крэпасцей. За плату наўгародскія ўлады – мітрапаліт Ісідор*, ваявода князь Адоеўскі*, дваране і ўсялякага чыну людзі – згаджаліся аддаць Карлу ІХ “за почесть” некалькі занеўскіх пагостаў. А несмяротны «царэвіч» па цяплу, 8 ліпеня, з’явіўся пад сценамі Пскова, але мусіў адступіць з падыходам атрада Горна. Шведы хацелі самі валодаць горадам, а не звязвацца з нейкім Мацюшкам.

Ляпуноў і тут не ўсведаміў пагрозы шведскай “дапамогі”! Паслаў да Дэлагардзі свайго надзейнага паплечніка ваяводу Васіля Бутурліна. Паранены пад Клушынам, нацярпеўся ў палоне, вярнуўшыся ў Маскву, быў арыштаваны Гасеўскім, але здолеў уцячы. Непарушны сын Масковіі рашуча адмаўляў пагадненне з Жыгімонтам, але залішне давяраў шведам і колішняму сябру па зброі Дэлагардзі.

Уладу ў ляпуноўскім апалчэнні ажыццяўляў Земскі сабор, часцей званы Саветам усёй зямлі, але галоўныя правадыры Пракофій Ляпуноў, князь Трубяцкой і атаман Зарудзкі паспрабавалі стварыць нейкае падабенства ўрада. Тройца ўвесь час спрачалася, як удасканаліць часовае кіраванне краінай.

– Ну вось, – Пракофій Ляпуноў абвёў вачыма сядзеўшых насупраць не то супольнікаў не то супернікаў, – Савет зямлі даверыў нашай тройцы ўладу, але з ёй жа і адказнасць.

– Што ж, Савету зямлі відней, – азваўся Дзьмітрый Трубяцкой, самы радавіты з прысутных, хоць атрымаў баярства ў Тушыне. – Мы людзі ратныя, павінны выконваць.

Погляд Трубяцкога міжвольна затрымаўся на трэцім, Іване Зарудзкім. Баярын з бязродных казакоў – такога яшчэ на Маскве не здаралася! Але ж прызнаўшы баярскі чын Зарудзкага, Савет зямлі тым самым прызнаваў ягоных казакоў паўнапраўнымі ўдзельнікамі апалчэння. Маўчыць баярын Зарудзкі, але пра што думае? Чакай бяды ад ягонай вольніцы!

– Ачысціць Маскоўскае гаспадарства ад польскіх і літоўскіх людзей, адрадзіць дзяржаўнасць – вось наша першая і галоўная думка! – урачыста прамовіў Ляпуноў. – А другая – сабраць і хоць крыху вымуштраваць войска. Бо без войска пра першую думку можна і не ўзгадваць, – ушчыпліва зазначыў Трубяцкой. – І чаму дваранства адседжваецца па іменіях ды тлусцее? Лічу, хто да траўня не з'явіцца ў апалчэнне, павінен страціць зямельныя ўладанні.

Зарудзкі ласа аблізнуўся. Пагуляюць хлопцы на тым адбіранні дваранскай маёмасці.

– Ці не варта нам абмеркаваць свае ўзгодненыя прапановы на Сабор? – Ляпуноў стараўся не даводзіць да спрэчак. – Улада мы, то ад нас чакаюць нейкіх крокаў і прапаноў. Але ж, каб прылюдна выглядаць згодам, лепш дамовіцца загадзя.

– Разумна, – пагадзіўся Трубяцкой.

Зарудзкі, павагаўшыся, кіўнуў.

– Я думаю, мы павінны абяцаць свабоду ўсім казакам: з халопаў, з прыгонных, – выказаўся Ляпуноў. Зарудзкі ажывіўся, закоўзаў па лаве. Прыкідваў, як паднясе казакам, што думка належыць яму, клапатліваму атаману.

– Калі яны пойдуць у апалчэнне супраць баярскага ўраду і ворага, – удакладніў атаман.

Хто будзе ворагам для казацкай хмары, для «атаманні», як кажа пра іх патрыярх Гермаген, вырашаць таксама не гэтым дваранам ці баярам, а яму, прыроджанаму правадыру. Ляпуноў ведаў адзіны спосаб, як запабегнуць гэтым памкненням.

– Я думаю, мы згодам прымаем, што шапка Манамаха пасуе толькі ісцінна праваслаўнаму маскоўскаму чалавеку, а не ўчарашняму лацінніку? – Ляпуноў з прыязнай усмешкай зірнуў на супольнікаў па трыюмвірату. – Жулкеўскі на шчасце, нічога не дабіўся, спадзяюся і ў пана Сапегі не выгарыць.

– Несумненна, – сквапліва пацвердзіў Зарудзкі.– Люд сам гасудара вызначыць.

Адмаўляць абранне цара было б неразумна. Атаману, як і ягоным казакам, не па душы нават гэты земскі ўрад. І Ляпуноў і Трубяцкой ведалі, што Зарудзкі цішком з тымі, хто замест польскага ці шведскага каралевіча не супраць прыняць «ворёнка», што падрастае пад рукою, у Каломне. Калі “ворёнок” атрымае трон, каханак Марыны стане пры ім правіцелем. Тады і Ляпуноў і Трубяцкой будуць непатрэбны. І сын Зарудзкага ад першай жонкі пад рукою, даўно прыстроены ў двары Марыны. Прыдасца на таварыша «царэвічу».

Для Трубяцкога трэці па ліку «царэвіч», Мацюшка ці то Сідорка, хоць гаршчком яго назаві… можа таксама неблагая аказія? Але ж не выказвацца пра гэта тут і зараз. Вось ізноў аб'явіўся Ян Пётр Сапега. А што? Калі Трубяцкому не адмаўляюць баярства, то чаму Сапегу не нагадаць пра сваё «гетманства»? І адно і другое ад таго ж царыка, а калі ён жывы…Трэба прыглядацца, каб не апярэдзілі. За Мацюшкам войска не густа – прыме кожнага.

Першае апалчэнне з’явілася пад Масквой у сакавіку 1611 года, а ў красавіку Пракофій Ляпуноў, Зарудзкі і іншыя ваяводы правялі прысягу ў палках. Пайшло і дваранства ў абложны лагер пад Маскву.

А жаўнеры Сапегі, атрымаўшы чарговую абяцанку, пастанавілі служыць каралю і яшчэ на пачатку мая 1611 года вырушылі пад Маскву. Сам Ян Пётр злучыўся з імі пад Мажайскам і 17 чэрвеня стаў лагерам за мілю ад сталіцы.

– Значыць гетман Сапега да Масквы наблізіўся, але з тымі, хто нас трымае ў аблозе, ваяваць не збіраецца? – удакладніў паведамленне Аляксандр Гасеўскі, камендант крамлёўскага гарнізона. – Можа прымярае шапку Манамаха, таму і не хоча сварыцца з маскавітамі. Але ж мы патрабуем дапамогі.

Ганец не мог даць уцямнага адказу.

– Цяжка сказаць. Як бы там ні было, штурм Смаленска адбыўся. За радаю гетмана Жулкеўскага доўга адкладалі, але нарэшце ваявода Шэін здаўся Якубу Патоцкаму. Расклад сіл змяніўся і яснепан Сапега раіць гэтым кіравацца, – памяркоўна выказаўся Бражына. – Маскву гэта моцна прыбіла, – не без слабога адценню спагады зазначыў Гасеўскі. Меў свае паразы і разумеў чужую горыч. – Трох год да сотні нехапіла, як атрымалі Смаленск і вось страцілі. Нібыта сын—малалетак адвёў мужнага ваяводу ад намеру загінуць, баронячыся ў вежы?

– Кажуць так і было, – пацвердзіў Бражына. – Што тычыцца дапамогі, думаю яснепан Ян Пётр выканае загад па забеспячэнню вашага гарнізона.

А Ян Пётр Сапега вырушыў 14 ліпеня, заняў Братошын, Аляксандраўскую Слабаду, аблажыў Пераяслаўль Залескі, але роўна праз месяц стаў пад Масквой. Днём пазней здабыў Белы Горад.

Войска Сапегі моцна раззлавалася на Жыгімонта з—за адсутнасці абяцанага жолду, не вяло ніякіх ваенных дзеянняў, і ўрэшце пастанавіла кінуць службу пасля 15 верасня. Ізноў Ян Сапега быў не канкурэнт атаману Зарудзкаму, але атаман не зводзіў вока з суперніка.

– Як думаеш, што зараз пачне Ян Сапега? Мне ягоныя шашні з Захарам Ляпуновым ад пачатку не спадабаліся.

– Нічога добрага ў гэтым няма, – пагадзіўся Пляшчэеў. – Але тыя сувязі ні да чаго не прывялі. Ці не меў Ляпуноў на думцы зацягнуць Сапегу ў перамовы, каб стрымаць ягоны наступ.

– І такое магло быць, хоць той Ляпуноў ужо век не прызнаецца, – злосна прамовіў Зарудзкі. – Тут вось данеслі, што Сапега пайшоў на падмаскоўскія замкі па дамове з Гасеўскім. Відаць не перахітрыў яго Ляпуноў. Але дапамог сапежанскаму ганцу ўплішчыцца да Гасеўскага.

Злосна бліснуў вачыма некуды за вакно, дзе ладзілі нягодствы акаянныя ліцьвіны.

– Землякі ж усе трое, – хмыкнуў Пляшчэеў.– Вось і правіянту Гасеўскаму падкінулі.

– Ды і ганец той праныра якіх мала! – ледзь не плюнуў атаман. – Вельмі прыдаўся б мне да адной справы. – зірнуў з—пад ілба і падміргнуў.

– То загадай схапіць, – параіў Пляшчэеў.– Самраз, пакуль на воку. – падміргнуў у адказ.

Абодва памаўчалі, узважваючы новую дыспазіцыю. Выправа ўсвяцкага старасты магла азначаць, што частка маскоўскіх сіл пагоніцца за ім, а Сапега ізноў здабудзе так неабходны крамлёўскаму гарнізону правіянт. Лягчэй будзе дачакацца каралеўскай выручкі.

Але на Маскву кароль не пайшоў. Неўзабаве пасля заняцця Смаленска разам з Львом Сапегам выбраўся да Вільні рыхтаваць Сойм.

Дыплом на царства

Подняться наверх