Читать книгу Дыплом на царства - Аркадзь Ліцьвін - Страница 3

Частка I. Кур’ер Вялікага княства
На Смаленск!

Оглавление

У кватэры вялікага гетмана Хадкевіча панавала незадаволенасць.

– Загнала “каморная рада” нашага гетмана ў кут. Не падабаецца ягонае меркаванне, што ўсходняя кампанія адцягвае сілы і грошы ад важнейшай вайны ў Інфлянтах.

Афіцэр несумненна падзяляў думку гетмана, як і горыч, што караля гэта не пераконвае.

– Не толькі “каморныя”, – запярэчыў калега. – Сапегі верх бяруць. Льва верх.

– Каб так было, то не апынулася б Княства ў сённяшнім становішчы, – запярэчыў таварыш. – Усё ж найперш паны рэгалісты з Кароны запраўляюць. Не так розумам моцныя, як пасадамі. Большасць прыбытковых і важных іхнія.

– І паспрабуй крані іх! За імі ж кароль, іх шмат і ўсе зацятыя як нямаведама хто!

– Хто б што ні казаў, лепш, калі вакол веры бойкі не чыняцца. А з Вазамі, падобна, нашай талеранцыі канец. Айцам—езуітам і хто там за імі, нашы звычкі ў веры, што шабляй па жываце. Як гэта мне адзін кальвін казаў? Ага! Контррэфармацыя! А навошта мне яна, калі не мець сваіх спрадвечных вольнасцяў?

– Згодзен з табою. Вось прыціснуць кальвінаў, то чаму не зацугляць і астатніх. Айцам езуітам “absolutum dominium” – найпершая мара. Вунь і нашага гетмана забрыталі, а быў жа кальвін.

Ян Караль Хадкевіч*, вялікі гетман Княства, хмурна выслухаў паведамленні ад'ютанта. Быў моцна незадаволены рашэннем так званай «каморнай рады», цеснага атачэння караля, пры гарачай падтрымцы каралевы Канстанцыі,* заняцца Масковіяй. Амаль увесь сэнат на таемным паседжанні паслухмяна ўхваліў каралеўскую авантуру.

– Яе міласць каралева больш дбае пра інтарэсы Святога Рымскага Цэсарства, сваёй роднай Аўстрыі, чым пра нашу шляхецкую дзяржаву.

Ад'ютант моўчкі даў зразумець, што падзяляе думку вайсковага міністра Вялікага Княства. – Затое архікнягіня стырыйская, цешча Найяснейшага пана, справамі Рэчы Паспалітай цікавіцца аж занадта, хоць яе не просяць, – выкідваў сваю горыч гетман. – Бач, не спяшаліся прасіць згоды Сойму, абавязковай на кожную ваенную выправу, што ўжо казаць пра маскоўскую!

– Не спадзяваліся атрымаць, яснепане, – прамовіў ротмістр Дуброва, – таму і не выходзілі з прапановай.

Спраўджаны не ў адной бітве паплечнік меў права на такое выказванне. Падзяляў меркаванне ці не самага набожнага з гетманаў наконт ваяўнічай каталіцкасці Яе Каралеўскай мосьці. – На Сойме ж і цвярозыя людзі послух маюць, – працягваў ротмістр. – Як жа лезці ў новую вайну, не скончыўшы папярэдняй. А тут яшчэ Сапегі спакушаюць Смаленшчынай і маскоўскай каронай на дадатак.

– Спачатку шапкай Манамаха, – хмурна ацаніў гетман учынкі сваіх непрыяцеляў.– Найяснейшаму пану найперш у галаве кароны ды паслугі Святому Прастолу.

Абодва гаравалі над стратай дасягнутага іхнімі стараннямі. У 1609 годзе вялікі гетман адбіў у шведаў Парнаву і Дыямент, нават на моры, дайце веры, нанёс ім нечаканую паразу. Шведы ўцягнуліся ў маскоўскую «смуту» і на думку гетмана быў шанец адабраць у іх Рэвель. Віленскі ваявода Радзівіл Сіротка*, як і гетман, аспрэчваў меркаванне, што можна запанаваць на Балтыцы, авалодаўшы Масковіяй.

– Управіцца найперш трэба з Інфлянтамі, тады толькі пра Маскву думаць, – пераконваў уплывовы ўрадовец. – Дрэнна вакол нас, расце небяспека ад навакольных, а дома горшая нязгода. Нібы ў тым Карфагене пры абмеркаванні, ваяваць ці не ваяваць, як звычайна большая частка ўзяла верх над лепшай. Пайшлі ваяваць.

Слухачы разумелі, што часткі гэтыя не належалі да Сойму і нават да сэнату.

Усе прыхільнікі вольнасці, ад самага заможнага да апошняга грэчкасея, мелі ўстойлівае меркаванне: трэба з найбольшым шацункам да маестату запабягаць ваяўнічым памкненням манарха. Бліскучая перамога ў вайне, умацоўваючы каралеўскую ўладу, можа несці пагрозу вольнасцям, бо самы дабратлівы кароль імкнецца да абсалютнай улады.

Светлыя галовы між шляхты апроч гэтых простых высноў непакоіліся, што дзяржаўнае права, гонар Рэчы Паспалітай двух народаў, для караля і ягоных апантаных сяброў—езуітаў не больш як прылада выкарыстання абодвух народаў у патрэбным кірунку. На пачатку ХVІІ стагоддзя моладзь рвалася да ведаў, аднак давераныя цямноты і зацятыя ворагі шляхецкіх вольнасцяў езуіты пераймалі кіраванне навукай і асветай. Сквапна тлумілі і па свойму настаўлялі гэты парыў. Найперш і найважней для іх было заняволіць асобу, стлуміць вальналюбства.

Шмат ім клопатаў на Божым свеце: тут пратэстанты, там праваслаўе, недзе там мусульмане, і ўсім трэба несці святое каталіцкае збавенне. Не дзіва, што ў кароткі час контррэфармацыя пакрыўдзіла і ўзбурыла іншаверцаў па ўсёй Рэчы Паспалітай. Значная купа добра адукаваных езуітаў нават не вагалася настройваць сялян супраць паноў—пратэстантаў. Два галоўных надворных езуіты: Пётр Скарга* і Пакаш Голыньскі*, старанна кіруемыя сваім ордэнам, пільна назіралі за манархам. Не шкадавалі старанняў папскі нунцый і дыпламатыя Цэсарства. Не грэбавалі ўжываць заклікаў «залатой вольнасці», так блізкіх кожнаму, хто носіць у сэрцы кляйнод шляхецтва. Запанаваўшы над розумам караля, нахабна лезлі са сваёй пратэкцыяй пры раздачы пасад і прызначэнняў.

Толькі папулярысты, баронячы караля перад атакамі шляхецкай расперазанасці, адначасна адстойвалі вальналюбства перад інтрыгамі ваяўнічых клерыкалаў. Польны гетман Кароны Жулкеўскі, як амаль усе з гэтага згуртавання, не цешыўся каралеўскай ласкай. Вось і зараз адзначаў, што велічныя намеры і спадзяванні караля не падмацоўваліся належнай падрыхтоўкай. Размяняўшы сёмы дзесятак год, спрабаваў выкруціцца ад маскоўскай выправы, спасылаўся на нездароўе і неабходнасць абароны ад татараў. Пад ціскам караля саступіў з цяжкім сэрцам, але на Сойме нагадваў пра турэцкую, казацкую і шведскую пагрозы, пра пусты скарб, які не вытрымае яшчэ адной вайны. А нясплочанае войска з Інфлянтаў ужо завязала канфедэрацыю, заняло і пляндруе берасцейскую эканомію і наваколле.

Але тут жа заклікалі да помсты родзічы ахвяр маскоўскай разні з—за першага Самазванца, спакушалі вяртаннем Смаленска Леў Сапега і Аляксандр Корвін Гасеўскі*, марыўшыя пра тамтэйшыя абшары. Перад студзеньскім Соймам 1609 года амаль усе сэнатары пісьмова выказаліся за вайну. Абазнаныя ў радаводзе людзі засведчылі паслам, што Найяснейшы пан мае ўсе правы на трон Рурыкавічаў як нашчадак Юльяны Цвярской і Соф'і Гальшанскай. Годзе яму дбаць пра розных узурпатараў!

Адзін Мнішах*, бацька «царыцы», не раіў здабываць Масквы, бо тым самым зруйнуецца кар'ера Марыны і абяцанкі абодвух Дзьмітрыяў. Засцерагала перад вайною і адмысловая дэпутацыя з Тушына. Каб супакоіць нязгодных, кароль універсалам ад 11сакавіка 1609 года абвясціў, што ідзе ваяваць не дзеля ўласнага інтарэсу, а дбаючы пра дабро Рэчы Паспалітай. Але ўсеагульнага запалу не дабіўся. Шляхта, асабліва некаталіцкая, хвалявалася, і ўхвалы аб вайне Сойм так і не прыняў, а шмат якія рэляцыйныя соймікі, асабліва ў Вялікім Княстве, выказалі незадавальненне, што кароль бярэ на карак другую вайну, замест пераможна скончыць першую, са шведамі.

…Вялікі канцлер літоўскі Леў Сапега, маючы пры боку дваццацігадовага старэйшага сына Яна, прывёў авангард войска Вялікага Княства да Смаленска акурат на дзень святога Міхала, а назаўтра з'явіўся польны гетман Кароны Станіслаў Жулкеўскі і адразу ж вырушыў на рэкагнасцыроўку. – Тыя тры мураваныя манастыры ад непрыяцеля вызвалены? – павярнуўся да афіцэраў. – Вось даліна між імі – самае адпаведнае месца на лагер. У напрамку горада выставіць пана Вайера* з ягонымі немцамі. Пяхоце самы занятак сцерагчы нас.

Ад'ютанты пасухмяна ківалі галовамі.

– Пан пуцкі стараста не будзе пярэчыць, – запэўніў адзін. – Месца зручнае, з якога боку ні глянь.

– Яшчэ б меў пярэчыць! – строга абсек гетман. – Маёй кватэрай будзе манастыр Найсвяцейшай Панны. А хто там? – махнуў гетман у напрамку Святой Троіцы.

– Яснепан Мікалай Дарагастайскі*, літоўскі маршалак. А вялікі канцлер Сапега ў Святым Спасе засяліўся.

– Гэта там? Не засядзіцца ён там, – хмыкнуў гетман. – Разы два дашлюць яму гарачы падарунак, пабяжыць шукаць зацішнага месца.

Не памыліўся стары ваяр: гарматы маскавітаў сапраўды выперлі канцлера з манастыра, толькі збудаваўшы двор у даліне над Дняпром, атрымаў спакой.

Абыход Сойму непакоіў гетмана, які заўсёды патрабаваў ад караля трымацца права ў ваенных задачах. Дастаткова абазнаны ў спружынах каралеўскага двара, Жулкеўскі ад пачатку падазраваў манарха ў спробе з дапамогай вайны здзейсніць свае дынастычныя мары і не зычыў сабе справаздачы перад раз'юшаным Соймам. Асабліва ў выпадку правалу выправы.

Яшчэ на папярэдніх нарадах у караля настойваў, што Смаленск не паддасца без барацьбы і з гэтага трэба зыходзіць у раскладзе кампаніі.

Кароль, з'явіўшыся пад Смаленскам праз пару дзён пасля гетмана, сабраў нараду.

– Людзей у месце, Міласцівы пане, тысячаў трыццаць, калі не сорак. – папярэджваў гетман, не зважаючы на незадаволеныя твары каралеўскага атачэння. – Прыкладам, у Варшаве жыхароў менш. Войска больш пяці тысяч пры стасямідзесяці гарматах.

Адразу ж пасыпаліся пярэчанні.

– Але ж смаленскі купец, паланёны панам Стадніцкім, казаў, што баяраў са стральцамі толькі паўтысячы!

– Астатнія тысяч дваццаць – простыя месцічы!

Што ж, крыкуны не афіцэры, не абсячэш вокрыкам. Адзін лек – не чуць і да пары не азывацца. Гетман, агледзеўшы смаленскія ўмацаванні, канчаткова пераканаўся ў слушнасці папярэдніх меркаванняў. Ваявода Міхаіл Шэін* спаліў прадмесці, пабудаваў дадатковыя земляныя фартыфікацыі, пасіліў артылерыю.

– Шэін будзе бараніцца старанна, не паддаўся на ўгаворы аршанскага старасты, – паблажліва ўсміхнуўся гетман. – Я думаю, Міласцівы пане, Андрэй Сапега* і сам не верыў, што ваявода паддасца. Жулкеўскі акінуў прысутных пахмурным поглядам. Стракаты склад нарады не варажыў сур'ёзнага падыходу. Вось вайскоўцы. Але сенатары, святары, прыбочныя караля, навошта яны тут, ад іх якая карысць? І ўсе такія рашучыя, ваяўнічыя, нібы здагадваюцца, што ім скажа стары Жулкеўскі і з чым яны не пагодзяцца. Гетман павёў вачыма паўзверх галоў. Здалося там, за і над прыгорбленымі і выпрастанымі постацямі лунае дух шчырых натхніцеляў выправы. Засталіся ў Вільні, але ж яны тут: папскі нунцый, Пётр Скарга, каралева Канстанцыя з ахмістрыняй яе двара немкай Уршуляй Генгер, пранырай не ў памер пасадзе. Гэта даносчыца Вены бянтэжыць дыпламатаў сваёй прысутнасцю на таемных размовах з каралём. І адсюль нехта дашле ёй даносы і данясенні.

– Толькі войска здолее пераканаць Шэіна, – уздыхнуў Жулкеўскі.– Але мне здаецца, іхмосьці з марнымі васьмю тысячамі кавалерыі і чатырма пяхоты спадзяюцца з налёту ўзяць такую фартэцыю? – Жулкеўскі звяртаўся наўпрост да караля, разумеючы адкуль ідзе ваяўнічае натхненне тых, хто ні з шабляй, ні з драбінай не пойдзе на сцены.

Шмат хто з прыбочных верыў гетману і пачынаў разумець, якую плату жаўнерскімі жыццямі давядзецца пакласці пад смаленскімі сценамі. Змоўклі і не квэкаюць раней такія гаваркія аўгуры. Зараз і перад катам не прызналіся б да сваёй балбатні, нібыта горад сам адчыніць брамы перад каралём. Затое, з тым жа запалам заклікаюць на штурм, бо перад войскам Найяснейшага пана ніхто не ўстоіць! Нездарма той ды другі з вайскоўцаў апускае вочы ў злосці і нерашучасці, але гетман не збіраўся слухаць глупствы людзей, няздольных адрозніць шпораў ад шораў. Горш, што сярод нядобразычліўцаў шчыруюць браты Патоцкія*: Ян, ваявода брацлаўскі ды генерал падольскай зямлі і Якуб, белакамянецкі стараста. Хоць і нападаюць на яго найзаядлей, злосці на іх не мае, бо ваяры. Іншая справа Сапегі, Вішнявецкія, Мнішхі ды Ражынскія, іхнія падпявалы.

– Але ж якой кавалерыі! – высокі голас з каралеўскай світы гучаў добра ўдаваным захапленнем і такім жа абурэннем. – Ці ж ёсць яшчэ дзе—небудзь падобная?

Мацей Лубеньскі, познаньскі канонік, каралеўскі сакратар і рэгент кароннай канцылярыі, не знаўся на вайсковых справах, затое кеміў у змаганні з іншаверцамі. І ведаў, чым дагадзіць манарху.

– Не веру, што пан гетман сумняецца ў ваяўнічасці і адвазе нашай славутай гусарыі? – заўзяты пратэктар езуітаў добра засвоіў іх рыторыку. – Гэта ж табе не венгерская пяхота, з—за няздарнасці якой не ўзялі горад з налёту!

Невысокая, шчуплая постаць старога ваяра здавалася выпраменьвае стрыманую злосць і пагарду да невукаў. Ён, які ніколі не хаваўся за спінамі іншых, павінен, з ласкі караля, цярпець бязглуздыя меркаванні людзей, калі і трымаўшых шаблю, то выключна дзеля партрэтавання. «Бач іх, ужо разабраліся ў прычынах першай няўдачы! І з кавалерыяй ім усё ясна: хвост не там, дзе грыва!»

– Няўжо васпан бачыў, як гусарыя бярэ сцены ў конным шыхце? – з'едлівы тон гетман падмацаваў здзеклівым позіркам у напрамку палацавага стратэга. – Для неўсвядомленых, – ён надзяліў поглядам ледзь не ўсіх прысутных, – для неўсвядомленых спяшаюся давесці, што скакаць давялося б ледзь не на дзесяць сажняў, каб не зачапіцца капытамі. Рады буду, калі хто пакажа, як гэта робіцца хоць бы на бліжэйшым паркане.

У гурме вайскоўцаў пырхнулі стрыманым смехам. Горкім смехам, бо якраз падобныя знаўцы могуць паўплываць на каралеўскія рашэнні і сотні жаўнераў лягуць у безнадзейным штурме. Але паспрабуй іх пераканаць, што лепш абыйсціся без штурмаў! А слава і трыюмф?

– Як не перасягнуць сцен гусарам, так не парушыць іх нашым трыццаці гарматам, – абураны пазяханнем некаторых слухачоў, гетман узвысіў голас. – Барыс Гадуноў не прагадаў, даверыўшы ўзвядзенне сцен славутаму дойліду Фёдару Коню*. А той знаўся на рамястве. Тоўшча тры сажні, ды і маскавіты не будуць пазіраць бязчынна на нашы спробы. Не сумняюся, што здольны і мужны ваявода будзе бараніць горад ad еxtremum spiritum, да апошняга ўздыху. – Нездарма і пасланца з каралеўскім універсалам папярэдзіў, што ўтопіць за наступную прапанову паддацца, – нясмела падтрымаў гетмана нехта з разумнейшых.

Палкае пярэчанне славутага гетмана ўсё ж збіла неразумную пэўнасць. Па ўсім выглядала не адступаліся ад гетмана і вайскоўцы, на якіх каралю найбольш залежала.

– Але што ж нам раіць пан гетман? – незадаволена запытаў кароль, з—пад апушчаных павекаў азірнуўшы вайскоўцаў. «Маўчун», як паціху называлі Жыгімонта Трэцяга, ані на момант не забываўся, што ён манарх, але востра перажываў неадпаведнасць сапраўднасці свайго тытулу «з ласкі Божай». У вачах каранаваных калег панаваў, о ганьба, з ласкі сваіх жа падданых. Замкнуты ў сабе, пануры і неадкрыты, быў пазбаўлены рысаў, якія падабаліся шляхце. А рэлігійны фанатызм і неталеранцыя выклікалі нават агіду. Адсюль і ягонае стаўленне да шляхты ў надзеі, што возьме яе пад абцас. Асабліва, калі гэта выправа пойдзе па яго мыслі.

Здавалася, кароль загадае выступіць з дыскусіяй супраць польнага гетмана, якому толькі за ўпартасць не мяняў малую булаву на даўно заслужаную вялікую. Тут і пры малой з чалавекам клопат! Мабыць ізноў у выпадку вакансіі аджартуецца, што ён, кароль, сам вялікім гетманам.

Жулкеўскі быў гатовы і да гэтага. Адшукаў вачыма Льва Сапегу, аднаго з нешматлікіх, каго паважаў у гэтым зборы. Можа апанэнт і падтрымае нязвыклую і зусім нечаканую для караля прапанову. Сапега зразумеў маўклівую просьбу гетмана. Звычкай і спосабам вялікага канцлера было паглыбляць спрэчкі і нязгоды між каралём, ягоным атачэннем і апанэнтамі дзеля мэтаў Вялікага Княства і сваіх асабістых. Але тут трэба іначай. Адной рукою ў ладкі не пляснеш.

– Рачце, Міласцівы пане, разважыць мае заўвагі няспешна і ўдумліва, – ледзь не папрасіў караля вялікі канцлер Княства. – Непазбежныя страты падчас штурму моцна абцяжараць далейшае развіццё кампаніі. А наперадзе захоп Масквы і яе ўтрыманне. Перад тым, зазначу, разгром войска Шуйскіх і жаўнераў тушынскага царыка.

Жыгімонт, здалося, адагнаў наседлівую муху.

– Гэтага мы лёгка вернем пад нашу руку, – уставіў нецярпліва і змоўк, каб не пакрыўдзіць вялікага канцлера.

Цярпеў здольнага Сапегу, для якога ўсё жыццё спрэс барацьба за месца свайго роду, тым самым за ўладу. Няздольны пагадзіцца быць другім нават пасля караля, імкнецца быць першым калі не з тытулу, то па дзейнасці. Але хто мог бы сваім часам замяніць яго ў перамовах з хітрым Барысам Гадуновым? Вось і зараз не саступіць, не давёўшы сваёй рацыі. Напэўна пачне пераконваць, што сённяшнія памылкі лёгка абернуцца заўтрашнімі паразамі.

– Вернем нашых, Міласцівы пане, але за Дзьмітрыем нямала маскоўцаў і чужаземцаў, нашаму ўплыву непадуладных, – зазначыў Леў Сапега, ці не найлепш за ўсіх абазнаны ў справах падстаўнога царэвіча.

– Вось таму на іх пойдзе дасведчаны ваяр, – біскуп Вавжынец Гэмбіцкі*, толькі што менаваны вялікім каронным канцлерам, спыніў позірк на каралеўскім улюбёнцы Якубе Патоцкім.

Большасць міжволі прыгадала, што сваім часам не Патоцкія, а гетман Жулкеўскі нямала паспрыяў біскупу ў атрыманні высокіх пасад. І вось ніхто і нават сам гетман дасюль не ведае, дзе ж яго месца ў гэтым паходзе? Не хацеў бы кіраваць аблогай Смаленска, калі побач будзе кароль, прагны вайсковай славы. Але зараз трэба адвесці караля ад памылковых стратэгічных намераў.

– Раю, Міласцівы пане, – гетман вярнуў увагу сабраных да галоўнага, – Смаленск аблажыць малымі сіламі, а галоўнымі рушыць на Маскву, адагнаць царыка, дапамагчы баярам скінуць Шуйскага і дайсці да вуніі.

Лёгкая ўсмешка кранула вусны Льва Сапегі і ён ухвальна кіўнуў галавою, разумеючы, што на яго скіраваны позіркі шмат каго з караняжаў і ўсіх, хто тут з Княства. Нездарма ж ледзь не ў вочы называлі яго, Сапегу, стваральнікам інтрыгі з «царэвічам» Дзьмітрыем.

– І пайсці на Маскву не наўпроставым шляхам, – працягваў Жулкеўскі, задаволены хоць і слабой, але выразнай падтрымкай Сапегі, – а больш на поўдзень, праз Севершчыну.

– Пан гетман спадзяецца, што на Севершчыне схізматыкі самі вароты фартэцый паадчыняюць? – тон Гэмбіцкага не грашыў не тое што прыязнасцю, але звычайнай спагадай грэшніку ў ягоных памылках і блуканнях.

Не ўзлюбіўшы непрыяцеляў сваіх, парушальнік запаведзі атрымаў належнае. – Угадалі, ваша правялебнасць, не адчыняць, бо там няма фартэцый, а з тым і адпаведных варотаў, – прамовіў бязлітасны канцлер Княства. – Але вашай правялебнасці даравальна гэтага не ведаць, – з падкрэсленай ветлівасцю, падобнай да лёгкай кпіны, пакланіўся Сапега.

Гэмбіцкі набурмушыўся, прыціх і больш не вылазіў са сваімі меркаваннямі ў вайсковых справах.

Прапанаваны гетманам шлях захаваў бы не агалочанымі войскам будучыя набыткі роду Сапегаў на Смаленшчыне, таму цалкам адпавядаў вялікаму канцлеру. Але каралю не падабаўся ні ў якой меры. Нават далейшыя крокі ў выпадку перамогі кароль і гетман бачылі па рознаму.

Жулкеўскі, узлаваны каронным канцлерам Гембіцкім, рашыўся крануць найбольш далікатную струну дачыненняў з Масковіяй.

– На маю думку, Міласцівы пане, нам трэба з найбольшай пільнасцю сцерагчы, каб мы людзям маскоўскім як найлюдчэй ставіліся, – тонам парады прамовіў гетман. – Вельмі гэтаму паспрыяе, калі не будзе патрэбы ў цяжкіх аблогах і крывавых штурмах.

Леў Сапега ізноў ухвальна заківаў галавою, стараючыся, каб гэта заўважыў і сам кароль і як мага большая колькасць удзельнікаў. Былы праваслаўны, затым кальвін і вось зараз каталік, меў досыць розуму, каб падзяляць стаўленне гетмана да спраў вызнання. Маючы за жонку апантаную каталічку, добра ведаў, якую цану рэлігійных перамог гатовы сплаціць зацятыя каталікі. Але ж не гэта павінна стаць вынікам кампаніі. Як і Жулкеўскі, быў упэўнены, што другі бок, баярства, прыцягвае ўраўнанне ў правах падобна шляхце Рэчы Паспалітай. Калі да гэтага дадасца свабода праваслаўя, то ўсё разам стане добрай падставай для сумеснай барацьбы з туркамі і татарамі, а можа і са шведамі. У любым выпадку разрыў Масковіі са шведамі стаў бы дасягальным.

Гетман падыходзіў да заканчэння сваёй стратэгічнай прапановы.

– Абыход Смаленска і захоп Масквы пазбавіць далейшую абарону фартэцыі рацыі быту. А ў кожным разе ўсялякай падтрымкі. Яна мусіць паддацца. Хай сабе і на ганаровых умовах. А мы захаваем жаўнера для больш істотнай пагрозы.

Але Жыгімонт ІІІ быў настроены на агрэсіўную вайну і асабісты трыюмф. А які ж трыюмф, калі фартэцыя проста складзе зброю! Не толькі як вайсковы, але і рэлігійны змагар, абураўся такой будучыняй. Ці ж дарма за патрона экспедыцыі абраў Ігната Лаёлу, ды пад хваласпевы святароў прыспешваў Рым да кананізацыі езуіта? Таму прыхільнікаў вайны між клерыкаламі было аж занадта.

– Вось ён, ecclesia militans, касцёл ваюючы. Не проста ваяўнічы, сапраўды ваюючы! – ледзь не прастагнаў у душы Жулкеўскі.

Малады і нястомны супернік Гэмбіцкага падканцлер Кароны Фэлікс Крыскі* не мог упусціць нагоды бліснуць сваёй славутай элаквэнцыяй, знаўствам класікаў Рыма і Грэцыі.

– Алеж Святы Айцец Павел V абвясціў юбілей і адпушчэнне грахоў «дзеля шчаслівай перамогі Найяснейшага караля над схізматыкамі» не ў знак таго, што ваяры каталіцкай веры будуць паблажаць памянёным схізматыкам! – у святым абурэнні ўскінуў рукі «польскі Дэмасфэн».

І пайшоў разводзіцца пекнай лацінай над асаблівасцямі богабойнага ваярства і яго велічнай місіяй на бяскрэсных абшарах барбарскай Масковіі. Было б тое на Сойме, красамоўны сын Мазоўша меў бы падпахай Тацыта, але і так… Прамоўца кінуў палымяны позірк на мажлівых апанэнтаў і працягваў: – У ласцы сваёй нязмернай Папа блаславіў для «рыцара Касцёлу», нашага Найяснейшага пана, меч і капялюш, а ўшыр усёй Кароны і Вялікага Княства па загаду нунцыя ідуць урачыстыя набажэнствы. Хіба ж пашкадуем крыві дзеля высокай мэты?

Гетман даўно ведаў, што караля мала турбуе, якой і чыёй крывёю будзе сплочаны штурм. Царква Масковіі, яго высілкам падпарадкаваная Рыму, стане шчодрай платай за падтрымку Святога Прастола ў пазнейшым адваяванні шведскай кароны. Шмат хто з рэгалістаў спадзяваўся, што перамога згуртуе вакол манарха шляхту, звядзе на нішто супраціў, умацуе каралеўскую ўладу можа і на маскоўскі ўзор. І баярам не давядзецца ўжыць так жаданых вольнасцяў. А то, бач, гетман спрачаецца з манархам на роўных. Гэтага немагчыма ўявіць анідзе, апроч Рэчы Паспалітай абодвух народаў, пашкадуй, Божа, і Карону і Вялікае Княства!

Найяснейшы пан любіць быць пры войску, мае халодную галаву і цвёрдае сэрца, каб уласнай не дрыжачай рукою ўзняць рапіру. Вырашыў па свойму: «На Смаленск!»

Першым штурмам 25 верасня распачалася дваццацімесячная аблога Смаленска.

Дыплом на царства

Подняться наверх