Читать книгу Дыплом на царства - Аркадзь Ліцьвін - Страница 11

Частка I. Кур’ер Вялікага княства
Заяц, маскавіты і воўк…

Оглавление

Заяц быў як падарунак нябёсаў. З ваколіцаў, дзе кішмя—кішэла войска, ужо даўно збегла ацалелая дзічына. А ў яго заставаўся ледзь не апошні сухар. Ужо каторы раз, пракраўшыся да якой вёсачкі, чуў талкаванне маскавітаў, лапатанне татараў ці гергетанне немцаў. Ад гэтых усіх калі і мецьмеш пачастунак у чэрава, то пераварыць не здолееш. А тут колькі фунтаў свежыны. Ён падняў зайца за заднія лапы. Капыта прыклалася бедаку акурат да галоўкі.

– Адразу і канец! – паспачуваў міжволі.

Нават прамармытаў нешта накшталт падзячнай малітвы. І толькі прывязваючы тушку да сядла, прыйшло ў галаву, што заяц ляцеў насустрач. Адразу гарачым полымем ахапіла насцярога:“Хто ж яго небараку, спудзіў? Ці не чалавек?” Дарога за якіх дзесяць сажняў ападала як бы ярам, між двух не надта высокіх, але крутых узгоркаў. Таму і вылецеў заяц насустрач, а не кінуўся ўбок. Узяў каня пад цуглі, але яшчэ вагаўся. Калі там, у яры, нехта ідзе насустрач, то адзіны шлях уцёкаў як у гэтага зайца. Ды і то, калі хопіць конскага спрыту, бо ўцякаць давядзецца на гару. Для кулі наўздагон гэта без розніцы. Яшчэ раз прыслухаўся і мог бы пабажыцца, што ў сасновы пошум дадаюцца нейкія нелясныя гукі. Усё ж лепш сыйсці з дарогі. Ухапіўся за луку сядла, каб скочыць на каня і позірк уткнуўся ў заечую тушку. Гэта вырашыла.

«Трэба пад’есці, пакуль не сапсавалася, – усправядлівіў сваю асцярожнасць – Не есці ж яго сырым.»

Праехаў назад, выбіраючы месца звярнуць у гушчар, каб і следу не пакінуць і каню не зацяжка. Добра схаваўшыся за хмызняком і елачкамі, прыслухаўся. Сумневу не было: знізу дарогаю ідуць людзі. Войска, абоз ці што іншае, адсюль не ўгадаеш. Саскочыў, заматаў повад да дрэўца і покрадкам, нібы кот, ставячы ногі ў высокай траве, пачаў скрадацца да дарогі. Спыніўся, каб мець магчымасць кінуцца назад, але і разгледзець хто ж там ідзе—едзе.

Не чакаў доўга. Члэпанне капытоў, пабразгванне жалеза, сцішаная гамана значнага гурту людзей, як гэта пры кожным паходзе войска, не пакідала сумневу. Некалькі дзесяткаў збройных няспешна ехалі конна, не турбуючыся ні пра якія дазоры. Ясна, што маскавіты. Неабсяжная краіна за спіною стварала пачуццё надзейнага тылу, недаступнага ворагу. Яшчэ не ўсе з іх звыклі да насцярожанасці, да таго, што непрыяцель можа выявіцца з кожнага боку. Здольныя ваяводы, кшталту Скопіна, разумелі, што гэта не так і таму маглі стаць супраць непрыяцеля як належыць і мець перамогу. Іншыя, вось як тут нейкі самаўпэўнены баярын крочыць і ў бараду не дзьме. Сапраўды, крыху адстаючы ад пярэдняй кавалькады, таксама конна выступала невялікая купа добра апранутых з прыбочнымі ўслед, як ён акрэсліў, баяраў. Выглядалі ваяўніча, перагукаліся весела, упэўнена. Услед за імі цяжкім поступам, пахіліўшыся наперад адольвала пад’ём пяхота.

“Вось гэта мог напароцца!” – падумаў ён, спрабуючы падлічыць збітых у гурму пехацінцаў. Можа немуштраванае апалчэнне, а можа афіцэры не назалялі людзям на цяжкой дарозе. Калі тупат і гамана войска аддаліліся і заціхлі, ганец прыслухаўся, ці не ідзе хто следам і, пераканаўшыся, што ўсё ціха, супакоіўся.

“Але ж і ўратаваў мяне зайчык! – прамовіў сам сабе, вяртаючыся да каня.

Сабранае ламачча разгарэлася надзвычай хутка і ганец азіраўся за якой сухадрэвінай. Крокаў за дваццаць, бачылася нешта прыдатнае. Не сказаць каб тоўстае, затое ламацца будзе лёгка. Уваткнуў ражончыкі з заечынай так, каб не падгарэла, калі раптам хлыпне полымя, і пайшоў да сухой асіны. Выбіраючы, каб зручней падступіцца да лепшай галіны, раптам заўважыў, як шэрая постаць матлянулася ля вогнішча. Выхапіў пісталет.

– Стой, бо куля спыніць! – крыкнуў, імгненна адводзячы крэмень.

Чалавек зачапіўся за нейкую ламачыну і ледзь не паляцеў употырч, бо рукі меў занятыя і раўнавагу ледзь утрымаў. Спыніўся, не рызыкуючы ўцёкаў. Ганец, трымаючы зброю напагатове, падступіўся бліжэй і здзівіўся. Хлапчына ў лахманах, з тварам у шчацінні, прагна ўгрызаўся ў недапечаную заечыну нібы згаладнелы сабака. Уцякаць і не думаў, як не квапіўся кінуцца да каня, каб ухапіць хоць бы корд.

– Не спяшайся! – крыкнуў ганец. – Не заб’ю цябе раней, чым з’ясі.

Чалавек паслухаўся, нібы абяцанка яго заспакоіла.

– Недапечанае, – напомніў ганец. – Можа і зашкодзіць. Прыстаў да вуголля ды пацярпі.

Бядак, калі памыць—пагаліць, быў напэўна маладзейшы за самога ганца. Насцярожана паглядаў на ўзброенага, але відаць было якіх намаганняў каштуе, каб ізноў не ўпіцца зубамі ў здабычу. Апусціўся на кукішкі, прыладзіў ражончыкі бліжэй да гарачыні.

– Ты прысаджвайся ямчэй, – запрасіў ганец. – Сам хто будзеш?

– А вы, пане, ад ліцьвінаў? – з надзеяй запытаўся хлапец, замест каб адказваць. Ён падгроб нагою ламачча, што валялася паблізу і апусціўся на лоўжык, выцягнуўшы ногі ў стаптаных дашчэнту пасталах. Падкінуў паліва і вясёлыя языкі заскакалі над прыскам.

– Змёрз, галадаў, а піць так хочацца, што і пераначаваць недзе? – ганец спагадліва ўсміхнуўся госцю і пацягнуўся да торбы. – Я ад ліцьвінаў, а сам жа з чыіх? Пільным поглядам акінуў вопратку небаракі. Здавалася, зброі не мае, але пісталет лепш трымаць напагатове.

– Пагрызі пакуль. Зубы маеш? – кінуў яму сухар.

– Цэлыя, – першы раз паспрабаваў усміхнуцца хлапец. – Казак я, але таксама ліцьвін, таму і пазнаў свайго.

Цвёрды сухар захрумстаў на маладых зубах нібы яблычны мякіш. Не, не прыкідваецца, сапраўды галодны… – Не памятаю, калі і грыз такое смачнае!

Ганец сунуў пісталет падпаху, саскроб кару з дубца, завастрыў і пачаў нанізваць кавалкі мяса, адразаючы ад тушкі.

– На дваіх малавата будзе, – паказаў на тыя, што смажыліся. – Казак, кажаш? З Украйны?

Ні на момант не забываўся, што па дарозе толькі што пратэпала войска маскавітаў. Чаму не мела пусціць перад сабою падглядачаў? Маглі выбраць і ліцьвінаў і украінцаў. Розныя трапляліся лазутчыкі і па рознаму ад іх пазбаўляліся…А што з гэтым рабіць?…

Казак зусім па—хлапечаму адмоўна пакруціў галавою.

– Не—а! Я там яшчэ і не быў. З Меншчыны я. Таму ў Менскі курэнь цаляць буду, – пахваліўся як нечым выключным.

Ганец з цяжкасцю стрымаў усмешку. Калі не ўдае і не маніць, то хутчэй за ўсё беглы і казацтва яго скараспелае. Прыбіўся да нейкай сотні, пашкадавалі нябогу, прыгрэлі, а ў сутычцы заблудзіўся ці спалохаўся ды адбіўся.

– Адстаў ад сваіх? – ганец акінуў вымоўным поглядам лахманы казака, даючы зразумець, што мае іншае на думцы.

Хлопец не стаў выдумляць.

– З палону ўцёк, – каротка патлумачыў і дадаў як на апраўданне. – У мяне ж зброі не было, таму і паланілі. Але прабыў там нядоўга.

І ў адно і ў другое, не абавязкова, але можна было паверыць. Хто б ні быў, няхай думае, што яму вераць.

– І здалёк бяжыш?

– Не вельмі. Але па лесе кружляць давялося. Разы два зусім зблудзіў у цемені. Дзе ні кінуся – маскавіты, альбо шышы іхнія.

Хлопец крыху супакоіўся. Цяпло і ежа размарылі агаладалага і ён нібы адтаваў. Можа і бяспечней пачуўся пры ўзброеным, ды яшчэ сваім і нібы зычлівым.

– А маскавіты трымалі пры войску, у фартэцыі. Кухару падсабляць, дровы, вада. Дзякуючы той вадзе і ўцёк, – усміхнуўся ён на свой удалы чын. Варта падахвоціць роспытамі. Чым больш будзе гаварыць, тым лацвей прагаворыцца, калі за ім нешта цёмнае. Тады справа за кордам, бо стрэлу нельга сабе дазволіць.

– І як жа тое?

– Нібы і проста, – адказаў хлапец, але відаць было, што ахвотна ўспамінае сваю хітрасць. – Паехалі са стральцом па ваду. Я раз набраў, два, дзе глыбей. А пасля дно вядром зачапіў і паказваю – вада мутная, нешта там у струмені. Стралец падышоў зірнуць, прыгнуўся. Тут я яму вядро на галаву ды бегма! Пакуль крык, пакуль збегліся, бо і дровы секлі, то я ладна адскочыў.

Ганец ухвальна зірнуў на хлапца.

– Зух з цябе! Мог жа і стрэліць.

– Мог, – пагадзіўся “казак”. – Але я далёка не ўцякаў. На вялізную елку ўзляцеў і да цямна пераседзеў. Нават бачыў, як бегалі ды перакрыкваліся. – Смела разважыў, – пахваліў ганец. – Уцякаючы, ды пры слабых сілах, мог і не адчапіцца ад пагоні.

– Во! – узрадаваўся хлопец. – І я гэтак скеміў. А як сцемнілася, злез ды пашыбаваў гушчарамі абы найдалей. А дарожкамі аглядна прабіраўся. – Як дасведчаны ваяр дзеіў, – прызнаў ганец.

Відаць было, што пахвала сапраўднага ваяра, са зброяй і пры кані, прыйшлася хлопцу даспадобы. Чалавек адзін у лесе, а вокал хутчэй маскавіты, чым свае. Напэўна выведнік.

– Напіцца, то мог знайсці, а вось на зуб узяць… – паскардзіўся “казак”, – толькі ягадзіну якую, шчаўе. Нажа і таго не маю, што там пра агонь казаць.

Ганец здагадваўся, што першая радасць хлапца саступае трывозе, што ж далей. Хапала кемлівасці, што коннік напэўна з нейкім даручэннем, але ў які бок? Рашыўся не чакаць, калі сам пачуе. – Дазволіце, пане, да вас далучыцца, пакуль свае? – голас бедака ўздрыгнуў ад непрыхаванай роспачы.

Ганец прамаўчаў.

– Не думайце, я памоцным буду, – хлопец заспяшаўся запэўніць дабрадзея, а заадно і разжалобіць. – Цяжка аднаму, без зброі…

Ганец падумаў, як бы паставіліся да такой просьбы ягоныя начальнікі. Ды яшчэ ў час, калі кожны кожнаму вораг. Пешы коннаму не таварыш, так кажуць. Але лесам, па гушчарах, то невялікая розніца. Хлапец здагадаўся пра гэтыя ваганні.

– Я з вамі хоць бы і назад, абы ўдвох. Можа і зброю якую здабудзем. І адпачнеце, пакуль пасцерагу, – паспрабаваў спакусіць сваімі смешнымі паслугамі.

Ганец маўчаў, углядаючыся ў слабенькія струменьчыкі дыму. Хмыкнуў, ці здолее заснуць пад вартай прыблуднага хлапца. Тут табе і конь з рыштункам і зброя. Колькі іх, беглых, у казаках царыка. Узняў вочы на няпрошанага госця з нежаданымі паслугамі. З вачэй небаракі пазіраў такі страх застацца ізноў аднаму, цкаванай звярынай, што і ў загартаванага сэрца сціснулася. Ведаў, што значыць адзінота між ворагаў.

– Гэта як глянуць, але не бойся, – супакоіў хлапчыну. – Неганарова ліцьвіну свайго без дапамогі кінуць. Адно зразумей: да каня табе дастасоўвацца давядзецца часцей, чым яму да цябе.

Твар хлопца аж заззяў ўсмешкай.

– Я, пане, у хадзе лёгкі, – запэўніў ён. – Калі што, то подбегам, за стрэмя трымаючыся. А калі ўжо зусім непярэліўкі, кінеце мяне ды ў галоп, – прапанаваў ахвярна.

– Несумненна кіну, – сувора пацвердзіў ганец. – Але, дзе лягчэй, за спіною ў мяне падсядзеш, – засмяяўся. – Здаецца нарэшце смажаніна наша гатова! Толькі жуй добра і не спяшайся. Пасля галадання не варта зашмат на вантробу класці. А зваць жа цябе як?

– Воўк я, – назваўся хлопец і дадаў, згледзеўшы нямое пытанне. – Раней то мяне іначай клікалі, але мушу прывыкаць да казацкага.

Відаць было, што казацкія звычаі засвойваў старанна і ў вялікім спеху. Можа і ваяўнічае імя сам сабе прызнаў, а магчыма і казацкая грамада пацешыла хлапца. Таварыскі, шчыры, падацца некуды. Вось і ўпрасіўся. Колькі іх там з Княства! А вайною ўсё прасцей.

– Воўк то воўк, – кіўнуў ганец. А я пан Бражына. Ну, паямо ды пачынаем збірацца, бо начаваць нам тут не выпадае, ды і час на тое ранні. Але перад тым пацікуем на дарозе.

А там ішоў рух. Вось прарыпелі яшчэ дзве фуры. Фурманы лена памахвалі пугамі, прыгорбіўшыся ад доўгага сядзення. Авангард абозу ўжо значна аддаліўся, а ганец з Ваўком не высоўваліся. Нарэшце, калі ў разрыве між вазамі паказалася пара вершнікаў, ганец загадаў.

– Выходзім! Гэта свае!

Яны рашуча выскачылі на ўзбочыну і скіраваліся да жаўнераў.

– Вітаю вашмосьцяў! – крыкнуў ганец, перш чым хто паспеў запытацца. – Мне б абознага.

– А ён там, наперадзе, – адказаў адзін, а другі пацікавіўся. – А сам хто будзеш?

– Знаёмец, – знайшоўся ганец і, як неўзабаве высветлілася, удала знайшоўся.

Меў некалі з абозным стычнасць ці размову. Няшмат таго было, але твары запомніліся.

– Куды цягнеш, вашмосьць? – запытаўся ганец.

– Пакуль на Вязьму. Гетман з войскам на пяты мне наступае, бо тут не аб’едзеш, – засмяяўся абозны. – Як мы разумеем, насустрач Шуйскаму, царову брату. А ты скуль прабіраешся?

– А я, лічы ад таго брата, – весела адказаў Бражына і пасуровеў. – Не туды ідзеце, браце.

– Як гэта? – устрывожыўся абозны.

Абоз у згаладнелым краі – лакомая здабыча, але той аслонай, што змог даць гетман, не адбіцца ад якога адчайнага раз’езду.

– Не спяшайся, – папрасіў ганец. – Знайдзі прычыну спыніць абоз, а мне дай каняку для хлапца, – паказаў на Ваўка. – Крыху пазней штурхні пасланца да гетмана пад якой—кольвек спасылкай. Убачыш, загадае змяніць напрамак.

Абозны ведаў, што ўсе гэтыя ганцы, кур’еры ды даручэнцы труцца каля галоўных кватэр і дзеля забавы лухту не мелюць. Нават у рэгімэнтароў ды гетманаў послух маюць заслужаны.

– Маскавіты не перад вамі, а там на поўнач, – патлумачыў Бражына. – На Белы цягнуць. А калі пакажуць вам які раз’езд, то для змылення вачэй.

Абозны прысвіснуў.

– Вось яно як! Можа стацца, што ўбачым маскавітаў за спіною! А ты пэўны?

– Як тое, што спаткаў цябе, а не твайго дзеда. Па ўсім выглядае, ім карціць пана Гасеўскага даканаць і абложнае войска вызваліць, каб гуртам на Жулкеўскага…Можа і з тылу…

Гасеўскі, абложаны маскавітамі, вырвацца сваімі сіламі не мог. А сілы тыя вельмі прыдаліся б гетману Жулкеўскаму. Адны даносілі, што перавага Шуйскага ў тры разы, іншыя казалі ў шэсць. У страха вочы вялікія, але заўсёды лепш падрыхтавацца супраць мацнейшага, чым спадзявацца на памылку выведнікаў. Абозны вырашыў.

– Наперадзе рэчка, спынімся тое—сёе на вазах падладзіць, – ціха прамовіў да ганца і клікнуў у бок аховы. – Скачы, Пракоп, хай ля вады спыняюцца. Як я разумею, – павярнуўся да ганца, – мой чалавек павінен вас не здагнаць але і не забавіцца?

– Слушна ўлавіў, – пахваліў ганец. – Мне паведаміць няшмат часу спатрэбіцца. Як хто, а гетман улёт схопіць, – упэўнена сказаў ён.

Да галоўных сіл было крок зрабіць. Сустрэты ў галаве калоны ад’ютант хутка пацягнуў іх да гетмана. Выслухаўшы таропкі даклад ад’ютанта праз расчыненыя дзверы карэты, гетман загадаў Бражыну: – Залазь сюды!

Ад’ютант падагнаў свайго каня наўзбоч, каб ніхто непажаданы не мог пачуць размовы. Выкласці дыспазіцыю, адказаць на пытанні гетмана шмат часу не заняло. Жулкеўскі распытаў пра тушынскага “вора”, пра ягонае войска, пра цара Васіля, пра Яна Пятра Сапегу і князя Ражынскага. Над нечым думаў, але з загадамі не спяшаўся. Махнуў ад’ютанту і праз другія дзверы нешта патлумачыў. Непадалёк карэты падляцеў малады ваяр і стаў нечага дабівацца ад стараватага паручніка. Той нецярпліва перапыніў пасланца і пад’ехаў да карэты.

– Што з абозам, яснепане?

Старшына здагадалася, што ганец прывёз нейкія весткі.

– Загадай чакаць, дзе спыніліся, – кінуў гетман, думаючы нешта сваё, важнейшае.

Падняў вочы на Бражыну.

– А скуль пэўнасць, што не памыляешся?

– Ад прыбочнага свайго даведаўся, яснавяльможны пане. Хлопец мне па дарозе трапіўся. Падчас апошніх дзён палону падслухаў размову афіцэраў.

– Але ж мог і падасланым быць? – у пытанні гетмана таіўся папрок у магчымай лёгкавернасці.

– Я рызыкнуў затрымацца з лістамі, яснепане, – павініўся ганец, пляснуўшы па торбе. – І ўдвох прыгледзеліся. Цягнуць, як хлопец і казаў, на Белы. Схапіць языка не рызыкнуў ізноў жа з—за гэтага, – паказаў на торбу. – Ды і маскавіты маглі б насцярожыцца і нешта памяняць.

Гетман ухвальна кіўнуў.

– Слушна разважыў, слушна.

Але адчувалася, нешта замінае яму прыняць канчатковае рашэнне. Не мог сказаць гэтаму маладому ліцьвіну з сумленным поглядам, што мае іншыя звесткі. Малады афіцэр з тушынскіх бывальцаў, але нібыта з каралеўскага атачэння, прынёс іншыя весткі. Да таго напярэдадні прачытаў у перахопленым лісце, пісаным па нямецку, нібыта тушынскі цар, напалоханы адступніцтвам шмат каго з прыхільнікаў і нават прыбочных, цішком уцёк да Калугі. Войска Шуйскага выправілася туды канчаткова разабрацца з тушынскім ворам, а сам цар Васіль уздыхнуў вальней і вышэй узняў штандар абароны праваслаўя, бо данеслі яму пра няўмольную варожасць караля Жыгімонта да царквы.

Ліст быў скіраваны да камандзіра наймітаў, што аблягалі Белы, з загадам скіравацца на Тушына, каб скончыць з тымі, хто яшчэ там заставаўся. А Белы ў аблозе ўтрымае і невялікая частка, што застанецца. І нічога ж не ўдакладніш, бо афіцэрык той, чые хлопцы так няўдала ўходалі ганца, акурат ад’ехаў да караля, пад Смаленск. Быў бы той ганец жывы, іншая была б сітуацыя.

На пастоі Жулкеўскі загадаў яшчэ раз паклікаць гэтага Бражыну. Ганец заўважыў, што ад яго ні на крок не адступаюць двое маладзёнаў. Вялі размовы, распытвалі пра тушынскія навіны, частавалі абедам, апавядалі што вясёлае ды цікавае, але ні на хвілю не пакідалі аднаго. Невядома, дзе дзелі іх з Ваўком коней, але запэўнілі, што дагледжаны і не згубяцца. На заўвагу, што пара б ехаць, зазначылі, што без гетманавага асабістага дазволу аніхто не можа адлучыцца ад войска.

Калі Бражына з’явіўся ў шатры гетмана, там апроч самога Жулкеўскага было двое ад’ютантаў. Ізноў падрабязна распытаўшы, што і як адбывалася, гетман нібы мімабегам выказаўся наконт Калугі. Ганец і тут меў сваё меркаванне, падмацаванае думкамі Яна Пятра Сапегі. Заўважыў, што гэта апошняе мела вагу ў вачах гетмана. Відаць, ён і сам не бачыў патрэбы братам Шуйскім займацца ў першую чаргу Калугай, калі галоўную небяспеку нясе войска караля. Ведаюць і яго, Жулкеўскага, меркаванне пра першараднасць захопу сталіцы замест аблогі Смаленска. Не могуць пакінуць адкрытай дарогу на Маскву.

Ганец рашыўся напомніць гетману пра свой абавязак даставіць лісты ў час і па прызначэнню. Да таго ж нясе вусныя пераказы вялікаму канцлеру Сапегу, а той мажліва будзе дакладваць каралю. Гетман без вялікага зацікаўлення выслухаў лемантацыю Бражыны.

– Застанешся, вашмосьць пры мне, пакуль не дазволю ехаць. Пры нагодзе і мае лісты прыхопіш. Дам табе ўсправедлівенне, – паабяцаў строга.

Відавочна, не хацеў уразіць чалавека недаверам, але разумеў, што той толькі так і бачыць сваё затрыманне. Не мог прызнацца гетман, што мае зуб і на Міласцівага пана, які са жменькай войска выправіў на мацнейшага непрыяцеля, і на Льва Сапегу, ці не галоўнага вінаватага за непатрэбную вайну. Не здагадваліся сваім часам Радзівілы, каго выводзілі на дарогу да ўлады. Не кліента атрымалі, а таленавітага суперніка над Вялікім Княствам. Добра яшчэ, што скемілі пакінуць яму канцлерства, а не Вільню з ваяводствам. Гэты ліцьвін заўсёды знойдзе прыхільнікаў і дапне свайго. Самога караля з усімі дарадцамі вывеў у поле з тым сваім Статутам.

– Не глядзі, хлопча, як сказанец, – паўшчуваў гетман. – Абшукваць цябе не будзем, папер тваіх не кранем. Захаваем да ад’езду. Урэшце, мы ж нават не ведаем ці той ты, за каго падаешся.

– Як гэта! – усклікнуў абураны ганец. – У мяне ж тут знаёмцы ёсць! Ды і паперы!…

– Не палыхай, пане—браце, – строга спыніў яго Жулкеўскі. – Вось з’явіцца хто з—пад Смаленска, засведчыць тваю асобу, то і паедзеш. А пакуль заручы мне словам гонару, што не ўцячэш. Бо не трымаць жа пры табе «ахову”. Для больш сур’ёзных спраў патрэбны.

Ганец апусціў галаву. Гэта ж Бог ведае, калі і хто з’явіцца з тых, каму гетман паверыць.

– Даю слова гонару, – панура прамовіў ён і пайшоў услед за ад’ютантам перахапіць, што Бог паслаў.

Бог не шчодрыўся. Ад’ютант наліў у два вялікія кубкі нейкага асаблівага ўзвару, што па яго словах усялякую хваробу ад касцей адганяе. Бражына з усмешкай нагадаў, каб і сабе не шкадаваў, калі ўжо такі карысны. Разумеў, што такімі вось “лекамі” спрабуюць прыглушыць неадступнае пачуццё голаду, які панаваў у войску, што ішло па агалечанай краіне.

– А як было з тым нямецкім лістом? – пацікавіўся Бражына. – Гетман спасылаўся, але ж распытваць яго не выпадала.

– Ды проста, калі падумаць, – адказаў афіцэр. – Не раз і не два падобнае здаралася. Нейкі ліцьвінскі раз’езд аклікнуў вершніка на ўзлеску. Той нібыта не спяшаўся, а тут даў шпоры і ў галоп. Яны за ім. І тут нехта з гэтага значка як свісне, раз другі, трэці. Конь таго на дыбкі. Танцуе, круціцца, вершнік яго хвошча, шпорамі рэжа, а змусіць не можа. Тут стрэл, ну і звалілі.

Ад першых словаў засвітала падабенства з некалі бачаным.

– А конь нібыта таму свістуну колісь належаў, то і паслухаўся поклічу, – патлумачыў афіцэр.

– І дзе ж той значок? Ад’ехаў не дапытаны! – упэўнена прамовіў Бражына, стрымліваючы раздражненне.

– Так, – крыху здзіўлена адгукнуўся ад’ютант. – Нібыта спяшаліся да свайго рэгімэнту пад Смаленск.

– Разам з упартым канём, – сцвердзіў Бражына. – Спраўны такі сіўка!

Ад’ютанту нешта засвітала. Здзіўлена зірнуў на ганца.

– Але ж ты іх не бачыў…Адкуль ведаеш?…Дык ты думаеш?…

– Ды вось думаю, каму ці чаму гетман паверыць? – Бражына кінуў на афіцэра дапытлівы позірк. – Таму, што я дакладваў, ці таму, што нейкі “немец” нібыта яму напісаў. Шмат што ад гэтага можа залежаць.

– Пане, – аклікнуў Воўк, – пара палуднаваць. Паказаў два кацялкі і запрашальна заўсміхаўся. Ганец памахаў рукою і скіраваўся да тоўстага бервяна, прызначанага верным казаком на сталовы пакой.

Воўк спагадліва паглядаў, як Бражына панура калупае абрыдлую кашу. Сам то пры конях каму дапаможа, то пры кухні пасмяецца, каб рамяство ў маскавітаў набытае не страціць. Ён і ўсюды, ён і нідзе. А пану Бражыну, чым забавіцца? Адно размовамі, ці лісты пісаць. Але каму, калі сірата як і Воўк?

– Не варта так маркоціцца, пане. Пажывеце тут, то хоць адпачнеце. Налёталіся ж пэўна за гады?

Ганец ведаў, што хлопец спачувае ўсім сэрцам. Для Ваўка пан Бражына чалавек сталы, самавіты, бо ўвесь час пры канцлерах ды гетманах. Быў яму ўдзячны, спазнаўшы стан дзічыны падчас гону. Перахапіў і холаду і голаду, пакуль прыбіўся да казакаў. Ды і там было па рознаму.

– Налётаўся, гэта праўда. Але ж не адлётаўся, – уздыхнуў Бражына. – Абавязак мой завезці—прывезці, і ўсё ў час. Спазненне можа тысячам непапраўна зашкодзіць. А тут кароль з канцлерам на захадзе, а гетман Жулкеўскі – на ўсход і мяне не адпусціць. Што я скажу пану канцлеру? Вось такая бяда, браце!

Нядаўні казак азірнуўся ва ўсе канцы і ціха запытаўся: – А можа нам уцячы ціхенька? – нядаўні ўласны досвед падкінуў Ваўку новую думку.

– Вядро на галаву ды ў кусты? – горка ўсміхнуўся ганец, адстаўляючы кацялок. – Але ж слова гонару…Ды паперы ў іх, а мне без лістоў нельга.

Воўк прыбраў кацялок, паклаў на яго месца скрутак, загорнуты ў анучку, які выцягнуў з—за пазухі. Запытаўся, як пра нешта звычайнае: – Без гэтых?

Бражына разгарнуў анучку і вырачыў вочы.

– Адкуль яны ў цябе? – ён нецярпліва перакідваў лісты, аглядаючы пячаткі.

Уздыхнуў з палёгкай – усе непарушаныя.

– З вашай торбы, пане, – адказаў Воўк. – Я на такія штукі майстар, каб ведалі.

– Што майстар, то бачу, але не магу даўмецца, калі змайстраваў, – прызнаўся ганец ушчыпліва.

Не ўяўляў, як паставяцца да здарэння гетманавы людзі, калі хопяцца прапажы. Воўк здагадаўся, чаго баіцца.

– Не бойцеся, пане. Яны ж абяцалі ў торбу не лезці, а там, як былі паперы, так і ляжаць. Толькі не вашы, а іхныя, так што ім ніякай страты, – гарэзліва ўсміхнуўся Воўк.

Бачыў, што Бражыну паліць цікавасць і не рашыўся цвеліцца звыш меры.

– Гэта як нашы сёдлы ў шацёр зносіў. Там іх торба з паперамі стаяла, а яны на мяне ні мур—мур! Ну і паклаў жмут, свае забраўшы.

Бражына міжволі ўсміхнуўся, пачуўшы гэта “свае”.

– Я, пане, бачыў, як вы непакоіцеся з—за торбы, то і пакарыстаўся. Ваша вам вярнуў, іхняе, хоць і ў вашай торбе, ім засталося. Ці ж не па сумленнасці?

Ганец не стрымаўся ад смеху. Усё ж лепш пачуваўся, маючы лісты пры сабе, чым на чужой ласцы. Свае то свае, але Леў Сапега з Жулкеўскім зусім не браты.

– Зух ты, хлопча! Не падумаў бы, – прызнаўся Бражына. – А ці не з тарбахватаў часам?

Воўк зірнуў ганцу ў вочы.

– Абражаеце, пане, – прамовіў без ценю ўсмешкі і Бражына адчуў нестасоўнасць свайго жарту.

– Прабач, зрабі ласку. Сапраўды, неразумны жарт.

Воўк кіўнуў галавою.

– І вас зразумець можна. Колькі мы знаемся. Але праўду вам кажу, ані разу ў грэх не пакарыстаўся. А вось сабе на шкоду здарылася.

У голасе хлапца пачуўся глыбокі жаль.

– Што ж такое, калі дазволена запытацца?

– Чаму ж не дазволена? З—за панскага жарту ды майго ўмельства і ў казаках апынуўся.

Воўк памаўчаў, нібы вагаўся, ці расказваць, і патлумачыў: – Пан на паляванні загадаў у парахаўнічку прыяцелю дробнага пяску замест пораху насыпаць. Дасюль не ведаю, як тая парахаўнічка ў майго ж пана апынулася. Ну і не змог стрэліць у важны момант. А пасля вырашыў, што гэта мае штукі. – Звера ўпусціў?

– І звера ўпусціў і няшчасця ледзь пазбег, – кіўнуў хлопец. – Але замест сябе вінаваціць, на мне злосць спагнаць вырашыў. А я ж бяды не чакаў. Спадзяваўся, рука, чыя б ні была, адчуе, што з пяском парахаўнічка цяжэйшая.

Хлопец змоўк, даючы Бражыну час здагадацца, чаго пазбегнуў і якім чынам. Можа таксама дзякуючы сваім здольнасцям. Але дапытвацца Бражына не стаў.

– Вось яно як, – паспачуваў. – Ад тае пары, значыць, у беглых ходзіш?

Воўк кіўнуў без ценю вінаватасці, альбо страху. Апошняе ганец адчуў як давер.

– Разумна зрабіў, што ўцёк, – выразна акрэсліў Бражына.

– Кару мне разам прыдумалі такую, што альбо самому засіліцца, альбо ўцёкаў спрабаваць. Але не думайце, што я ненадзейны, – хвалюючыся, запэўніў Воўк. – Вы мяне ўратавалі, то я вам няўдзячнасцю ніколі не адплачу, – запэніў ён.

Ганец злавіў запытальны погляд хлопца і ўсміхнуўся.

– Веру, што надзейны з цябе таварыш. І пабег бы з табою, не вагаючыся. Але, бач, справа ўскладнілася.

– А што ж бо такое? – вырвалася ў Ваўка і ён злёгку пачырванеў. – Калі дазволена запытацца? – дадаў ён, выклікаўшы міжвольную ўсмешку ганца.

Бражына памаўчаў і рашыўся. Не бачыў іншага выйсця.

– Першае, заручыўся словам гонару не ўцякаць. А другое – пасылае мяне гетман у іншы бок, чым мне трэба, – патлумачыў ён.

Воўк ляпнуў сябе па калену.

– А я на што, пане?

Азірнуўся, ці няма каго паблізу, і ціха прамовіў: – Пане, маю цікавую думку, толькі не ведаю як да гэтага паставіцеся…

Ён тут жа змоўк, спалохаўшыся сваёй самаўпэўненасці. Бражына, яшчэ вагаўся, але гэта, сапраўды, было, мабыць, адзіна магчымае выйсце.

– Сотня мая разбітая, ці жывы яшчэ хто, ды і дзе іх шукаць, – згледзеўшы ваганне ганца, пачаў пераконваць Воўк.

– Кажыце, што і каму даручыць. Я пісьму вучаны, – патлумачыў з гонарам, – разам з панічамі. Толькі ўсе лісты запакуем ды сваю пячатку прыладзьце. Мой пан пярсцёнак прыціскаў. І ў вас пэўна ёсць.

– Ёсць, – засмяяўся Бражына. – Зробім, як кажаш. Дам табе лісцік да пана вялікага канцлера. На душы неяк адразу палягчэла. Хлопец кемны і знаходлівы. Можа і “штукі” яго ў нечым дапамогуць. Даруе вялікі канцлер, а можа і яшчэ аднаго ганца—выведніка прыдбае. Не ўсё, праўда, з хлопцам перакажаш, але, даведаўшыся, пан Леў вытрабуе свайго чалавека, тут ужо сумневу няма. А тым часам з Масковіі нешта новае здабудзецца. – Пайду, папрашу паперку на ліст, – паведаміў Бражына, – а ты рыхтуйся паціху. Бо і сядло ж трэба сцягнуць.

– Не турбуйцеся, пане, – супакоіў Воўк. – Сваім часам зробіцца.

Дыплом на царства

Подняться наверх