Читать книгу Дыплом на царства - Аркадзь Ліцьвін - Страница 24

Частка I. Кур’ер Вялікага княства
Ну што там з караванам?

Оглавление

– Ну што там з караванам?

Пытанне каменданта павярнула галовы трох астатніх, што ляжалі вакол нераспаленага вогнішча да маладзёна, абвешанага лукам у сайдаку і калчанам, поўным стрэл.

– З'ехалі, пане Жарскі, – стомлена адказаў хлопец.

Ён толькі што прадраўся скрозь густы ельнік, які абступаў невялічкую палянку, выбраную пад прытулак пяцёркі падарожных, якім не карцела лезці на вочы каму б то ні было.

– Абоз таксама?

– І абоз папоўз, – усё яшчэ раздражнёна адказаў маладзён. – Лежыцё тут панамі, а выведваць, як заўсёды лісоўцу!

– Хто ж лепш за пана Шашаніцкага з гэтым управіцца, – з'едліва азваўся невысокі, затое ладна скроены і моцна зшыты таварыш.

– Не падкусвай хлапца, Кузьма, – спыніў Барыс Жарскі. – Ён жа сапраўды праседзеў там з ранку адзін і не наракаў.

– Сам жа напрасіўся.

– Бо ведаў, што пан Кузьма Блід, заступіўшы на варту, праз гадзіну захрапе і з дарогі пачуюць, – адгрызнуўся лісовец.

– А з ім і нас прыхопяць! – пайшоў на выручку крыўдліваму лісоўцу больш паважны. – Прываліся тут, пане Шашаніцкі.

З ноткай зычлівай паблажлівасці, як то бывае ў старэйшых да маладых, паляпаў далоняй па засланай на лапніку папоне.

– Перахапі, чым багатыя, – паказаў на пачастунак, раскладзены на кавалку палатна. – Можа і падрамаць выпадзе.

Маладзён сцягнуў з плячэй сваё ўзбраенне і старанна схаваў у зрэбны мех. Павярнуўся да свайго недобразычліўца.

– Глядзі, не патрушчы, – папярэдзіў без вялікай павагі.

Апусціўся на прапанаванае месца і пацягнуўся за лустай хлеба і кавалкам мяса, падсмажанага відаць яшчэ на папярэднім бівакаванні.

– А што, услед не едзем? – запытаўся ў каменданта, пражаваўшы першы кавалак.

Барыс Жарскі акінуў вокам бівак, коней, увязаных да сасонкі.

– Адпачнем тут, – вырашыў нібыта толькі зараз. – Пакуль яны дапаўзуць, можам прыхапіць дзянёк ды адсапнуцца. Усё адно здагонім.

Пачутае паправіла гуморы ўсёй купе. Відаць добра здарожыліся папярэднімі днямі.

– Дык дарма цягаў з сабою свае прылады? – гэтым разам пажартаваць з лісоўца ўзяўся яшчэ адзін таварыш. – Толькі завада ў такім гушчары.

– А вось каб ты, Аніс, памкнуўся ўслед ды затрашчаў ламаччам, прышпіліў бы цябе за гарбуз да сасны дзеля цішыні. Бо яны і ўлежкі выпіраюць на два локці.

– Так ужо на два, – пакрыўдзіўся Аніс.

Уся грамада азвалася ўхвальным рогатам. Удабруханы Ціт з ласкі сваёй патлумачыў.

– Пры нагодзе пакажу вам, як можа прыслужыцца лук свайму гаспадару. Адаб’юся, збягу і не пакіну за сабою ні дыму ні гуку. Пісталет! – пагардліва пырхнуў лісовец. – Ну стрэліў міма! Пакуль наб’еш, я стралу за стралой!

– Гэта праўда, – пахваліў сусед па лежбішчу. – Можа яшчэ не раз давядзецца… Пан Блід захацеў прымасціцца зручней і незнарок крануў ваярскія прылады лісоўца.

– Асцярожней тут! – штурхануў яго Ціт. – Разваліўся, не раўнуючы, турэцкі еўнух у гарэме! Патрушчыш мне стрэлы, то я табе чэрап раструшчу! Звык да палаца ў два пакоі з улікам сеняў! – з’едліва выгукнуў лісовец.

Сярдзіта высмаргнуў з—пад Бліда край зрэбнага меха.

– Глядзі, Ціт, язык накалю! – прыгразіў пан Кузьма без вялікай злосці. – І што ты так дрыжыш над сваімі цацкамі? – паддражніў Аніс Шаблюк. – Хіба спадзяешся прадаць каму для забавы з добрым прыбыткам? Пытанне гучала занадта паблажліва, каб заядлы лучнік мог змоўчаць.

– Ды знаўца за гэты лук усіх вашых пукалак смярдзючых не возьме!

– Ну а васпан, як я разумею, неаспрэчна з тых знаўцаў? Не быў бы то лісовец, каб не пахваліўся, – падкалоў пан Блід.

– А хоць бы і так! – зацята выкрыкнуў лісовец, але спахапіўся і прымоўк. – Ты хоць ведаеш, з чаго і як такая зброя робіцца?

Лісовец павёў дапытлівым поглядам па ўсіх чатырох. Можа і не спадзеючыся, трапіў у балючае месца. Прызнацца, што не ведаеш? І гэта пад той час, калі нават петыгорскія харугвы лукаў не пазбыліся, не кажучы пра казацкія? А лісоўцы, лічы тыя ж казакі, толькі з фанабэрыяй, без лука ані руш. Ды і на соймікі не адзін кунтушовы заяўляецца з сагайдакам пры поясе, каб не блыталі ваяра са звыклым грэчкасеем з карабэляй, што можа век похваў не пакідала.

– Не ўсё ж чалавеку ведаць, – памяркоўна прамовіў пан Касьян Яцэвіч. – Вось з пісталета я не горш іншых, але ж не павінен абавязкова знацца на вырабе жалеза. Ці ж не так? – ён у сваю чаргу поглядам запрашаў таварыства прызнаць слушнасць свайго меркавання.

Ротмістр старанна сачыў, каб штодзённая таварыская спрэчка раптам не перайшла ў сварку. Для шляхціца валоданне зброяй, як і меркаванне пра яе ўласцівасці, частка гонару. Лёгка зачапіць самалюбства.

– А ты, Ціт, расказаў бы пра сваю зброю, – пан Жарскі хітра прыжмурыў вочы, – а можа ты і сам ведаеш пра яе не больш, чым пан Касьян пра выраб жалеза?

– Ці хоць бы пахваліўся сваім скарбам, а то, колькі ездзім, хаваеш у мяху, як цыган крадзеную кабылу, – пад’ялдыкнуў пан Кузьма.

– Ды глядзіце, мне не шкода, – лісовец пацягнуў з меха лук у прыгожым сайдаку.

Паглядзець было на што. Лук пераходзіў з рук у рукі і вяртаўся да ўладальніка, а той з любасцю, то кранаючы сваю зброю ўсёй даланёю, то паказваючы пальцам, даваў тлумачэнні.

– Кажаце, не ведаю пра лук. Яшчэ як шмат ведаю, – пачаў стрымана, але ўсё больш захапляўся аповедам. – Вось нашы ці татарскія прыкладна на тры локці, ці крыху менш. У аснове дрэва: ціс, ясень, вяз, арэх. Але сапраўдны лук з некалькіх слаёў. З таго боку, што да лучніка, брушцом называецца, мацуецца на клей паласа з рогу, а з другога боку – сухажыллі звярыныя, таксама слоем. А потым усё абшываецца бяростай і крыецца лакам. Зірніце як шво далікатна пакладзена. А бяроста ж на шыццё чулая. Тут жа ўсё як на добрым боце. Ну і лак, зірніце, ані расколінкі! У мяне ён кармазынавы, а бывае розны, чорны, карычневы. Цеціва канапляная, ільняная, альбо нават з шоўку. Там дзе яна чапляецца добра мець накладачкі, медзяныя звычайна і прыемней для вока, калі аздоблены разьбою, як вось на маім.

Заўважыў, як пан Касьян узяў у рукі сайдак, які апынуўся акурат побач.

– Сайдак, яго яшчэ лубем завуць, – Ціт ахвотна перакінуў тлумачэнні на абцягнуты чырвоным аксамітам футарал. – Натуральна, павінен луку адпавядаць. Аксаміт, прыкладам чырвоны ці блакітны, шмат каму падабаецца, асабліва як золатам упрыгожаны. Але і юхт, апраўлены срэбрам, добра глядзіцца.

Пан Яцэвіч ухвальна зірнуў на маладога лучніка.

– Бачу, ты сапраўды кеміш, нібы сам іх вырабляў. Знаўца, нічога не скажу.

– Вырабляць не вырабляў, але бачыць і крыху дапамагаць пашчасціла, – лісовец усё ж не заўсёды азначае хвалько. – Ну і тлумачэнняў наслухаўся.

Не саступаў сайдаку і калчан, так бы мовіць неадлучны спадарожнік пекнай зброі. Старанна апрацаваныя ліповыя дошчачкі абцягнутыя пурпурным аксамітам, былі ўпрыгожаны залатой вышыўкай.

– На калчаны густы бываюць розныя. У майстроў таксама. Адзін вырабляе з аксаміту, іншы аддае перавагу скуры, на замшу выпраўленай. На ёй, бач, зручна завіясы ды выкрутасы выціскаць, накладкі з золата, срэбра ці хоць бы медзяныя прыстасоўваць. Тую ж вышыўку.

– І на колькі таго калчану хапае? – Аніс Шаблюк з пашанай пераняў сховак на стрэлы з рук ротмістра.

Лісовец зусім раздобрыўся. Непадробная цікавасць да лучнага рамяства і ўжытку зброі растапіла ягоную насцярожанасць.

– Мой, лічы, самы распаўсюджаны, на два тузіны стрэл. На сутычку ці нават бой павінна хапаць. Дрэва на стрэлы, з нашых, яліна, ясень. Часам састаўныя дуб маюць. Але іх не кожны майстар выштукуе, таму рэдкія і каштуюць.

Ціт спраўным рухам двума пальцамі асцярожна выцягнуў стралу і падаў Жарскаму.

– Вось, промень стралы так пядзі на чатыры, – легкім бегам рукі вымераў стрункае дрэўца ад вострага джала да аксамітнага пяра. – Пёры як у каго, арліныя, гусіныя, іншых птушак. Да грота крыху звужаецца, часам амаль незаўважна, пасярэдзіне таўсцейшыя, пры насадзе таксама звужаюцца. Там і чопік, насаду ўссаджваць. Натуральна ён танейшы, каб насада не выпіралася паза прамень і не збівала стралу, слізгаючы па луку. Насады з касьці робяць, з выцінанкамі для прыгажосьці, ну і равок пад цеціву, гэта ўжо для прыдатнасці.

Двое з чацвёркі, Кузьма Блід і Аніс Шаблюк не былі ваярамі ад першых год сталення. Завіруха з царыкамі пацягнула іх за лёгкай здабычай, а далей усё пакацілася паміма іх уласнай волі. Ротмістр Яцэвіч нават забаўляўся, назіраючы, як з абодвух злазіць дурная пыха, што жывілася ўяўнай перавагай над праставатым, а можа і хітраватым лісоўцам. Да гонару маладзёна варта было дадаць, што не паказваў па сабе задавальнення гэтай пераменай настрою таварыства.

– А як ён табе дастаўся? Дзе набыты?

– Не набыты, пане—браце, а здабыты! – цвёрда выправіў памылку пана Кузьмы бывалы лісовец. – Не на татарыне, уяві сабе, а на нейкім шведзе, калі гэта быў не які найміт. Яны ж розных бяруць. Адно не басурман, хрысціянская душа з выгляду. Паквапіўся на чужое і вось…Раней у мяне быў іншы, таннейшы.

Лук, нібы іначай убачаны, ізноў пайшоў наўкруга.

– А можа і ў нашай справе прыдасца, – усклікнуў Аніс. – Але, калі тут няма патрэбнага, то які сэнс тырчэць! – уздыхнуў ён, вяртаючы ўсіх да агульнага клопату.

– Наконт сэнсу не скажу, а небяспека ёсць, – станоўчым голасам нагадаў незадаволены Кузьма. – Нездарма ж пан камендант увесь час кажа, каб не высоўваліся…, – ён з усмешкай зірнуў на Жарскага.

– А можа варта было паспрабаваць яшчэ там, пад Смаленскам? – з лёгкім папрокам прамовіў Касьян.

– Колькі разоў трэба тлумачыць, што не варта! – рашуча адрэзаў камендант. – Не выйшлі б жывымі з першай спробы.

Штораз усплывала гэта пытанне і за кожным разам камендант мусіў адолець не толькі сумненні падначаленых, але і свае ўласныя.

– Вось у Талачыне паспрабуем. Караван там разгасцюецца на пэўны час. Гетман Хадкевіч туды прыедзе.

Усе натапырылі вушы. Невядома ад каго, але камендант прыносіў весткі, якія кожным разам пацвярджаліся.

– А пакуль будзем ляжаць тут як барсукі? – нецярпліва запатрабаваў пан Блід.

– Калі стаміўся ляжаць, то ўстань ды пастой, – засмяяўся Жарскі.– Высветлілася, што і патрэбы спяшацца няма. Як толькі гетман адплыў… – Як гэта адплыў? – Ледзь не ў адзін голас усклікнулі Аніс і Ціт. – А мы?

– А вы хіба з ім дамаўляліся? – падкалоў іх камендант.

Гэтыя небаракі ўзялі сабе ў галаву, што патрэбнае мае ніхто іншы як сам Жулкеўскі.

– Жарты жартамі, пане Барыс, але ж мы тут дзеля чаго? – незадаволена прамовіў Касьян.

Ад’езд гетмана і для яго быў невытлумачальнай падзеяй.

– Няма ў гетмана дакументу, – з уздыхам адказаў Барыс. – Ды і не было… – А гэта дакладна? – усё яшчэ не верыў Касьян.

– Як найдакладней, – пацвердзіў пан Жарскі, разумеючы, што хопіць злаваць супольнікаў жартамі. – Усё высачана. Ведаеце ж як пры пярэбарах і зборах. Вы дарма ўверыліся, што дакумант мог вярнуцца да Жулкеўскага, – пачаў пераконваць камендант сваю грамадку. – Справа з усходнім суседам, Масковіяй, па закону падлягае вялікаму канцлеру Княства. Ён зараз і каралеўскай канцылярыяй кіруе. Так што і дакумант павінен быў трапіць да Льва Сапегі. Уся чацвёрка моўчкі перажоўвала навіну і гадала, што яна пацягне за сабою.

– Але ж ясна! Таму і мы за гэтым караванам? – весела ўсклікнуў лісовец, мабыць самы даверлівы, ахапіўшы грамаду запытальным поглядам.

– Лісоўцы заўсёды ўсё ведаюць?! – задзірыста запытаў Кузьма.

– Бо і ведаю! – упарта выгукнуў Ціт.

– Правільна ведаеш, – пахваліў камендант, задаволены шчырай адданасцю прынамсі аднаго паплечніка. – А што пачнем далей? – ён адказаў маладзёну вясёлым поглядам і ўсмешкай. – Яснепан Сапега поруч караля кіруецца да Вільні рыхтаваць Сойм. Адтуль да Варшавы. А пэўныя людзі падказваюць, што пан Леў Сапега мае ў абозе нешта нам патрэбнае. Апроч папер самых розных, здабычу, срэбра ды золата! Добра ведаў, што для ягоных памагатых жывы грош альбо золата, гэта не тое, што няпэўная абяцанка платы. На хвілю завагаўся.

– Тое ды другое з пачутага ды падгледжанага дае падставы меркаваць, што і дакумант едзе, – пераконваў грамаду Жарскі. – На Сойме можа аказацца для пана Сапегі вельмі памоцным. Пакажа цара паланёнага і Дыплом для каралевіча. Што яшчэ трэба, каб пераканаць паноў братоў не скнарыцца на працяг вайны?

Касьян адгукнуўся адразу ж. Тлумачэнні каменданта былі дарэчнымі, варта іх падтрымаць, каб не пайшла бязглуздая балбатня.

– Калі разважыць, то ні каралю, ні Сапегу няма сэнсу пакідаць яго недзе ў некага. Адкуль пэўнасць, што захаваецца? Справу ўсходняга накірунку Леў Сапега ніколі не саступіць караняжам. Але мусім управіцца, пакуль не дабраліся да Вільні, – ротмістр абвёў таварыства папераджальным позіркам. – За віленскія муры дацягнуцца будзе цяжэй, а то і немагчыма.

Камендант памаўчаў у чаканні яшчэ якога пярэчання. Цяжка ўгадаць, рады хлопцы ўслед за канцлерам бадзяцца па лесе, ці ахвотней вярнуліся б да атамана. Тут канешне вальней, але там бяспечней і нешта з рабунку перападае… – Ты як у крышталёвую кулю зазірнуў, – з падкрэсленай пахвалою зазначыў камендант. – Я думаю, кароль ужо раскайваецца, што адкінуў паперу. Патрабуючы сабе шапку Манамаха, лепш мець дыплом пад рукою, каб пры перамовах не блытаў ані прыхільнікаў караля, ані маскавітаў, што больш важна. Але ж Сапега не пагодзіцца, каб такія перамовы ішлі без яго. І Радзівілы заадно з ім.

– Так што паперу будуць сцерагчы не толькі ад нас, але і адзін перад адным! – уздыхнуў Кузьма.

– А там, дзе шмат варты, лягчэй за ўсё прапаўзці! – кінуў свае два грошы лісовец.

Грамада ўхваліла трапны жарт гучным рогатам. Аніс нават грукнуў Ціта ў шырокія плечы і хлопец заззяў шчаслівай усмешкай. Калі б таварыства магло зазірнуць не ў чароўную кулю, а ў галаву свайго каменданта, пабачыла б там процьму супярэчлівых думак і меркаванняў. Ведаў, што ў разуменні атамана Зарудзкага кража з кацылярыі вялікага канцлера мала рознілася ад рабунку якой жыдоўскай крамкі. Але давесці гэта пыхліваму новаспечанаму “баярыну” не змог бы сам пан Бог. Так што вялікай удзячнасці не чакай. Дык ці варта спрабаваць? Не ўдасца, такой бяды, а ўдасца, то будзе бачна, каму і за што аддаць той дыплом. Урэшце, разжыцца можна не толькі на той паперыне… Даручэнне давала яму асабіста вольную руку ў нечым важнейшым за прывідны пергамент. Важнейшым і для яго, незаможнага шляхціца, але ведаць пра гэта таварыству неабавязкова. Так што няхай хлопцы паменцяць языкамі, шкоды ад таго ніякай… – Мне здаецца, – Кузьма Блід рашыўся на смелую выснову, – вялікі канцлер, выбіраючыся, як ты кажаш, на Сойм, не пакіне канцылярыю, прыкладам у Смаленску, ці яшчэ недзе. Падчас Сойму ўсё павінна быць пад рукою і для караля і самому Льву Сапегу.

Жарскі з палёгкай уздыхнуў. Выказанае даволі слушнае меркаванне служыла натхненнем усёй грамадцы і не патрабавала шукаць довадаў памылковасці.

– Выключна трапная выснова! – нават залішне горача падхапіў камендант. – Таму і абоз начны і сумятня вялікая. Ахова, дзе не ўсе адзін аднаго пазнаюць. У такім вэрхале рознае здараецца. Так што Талачын вельмі зручны.

– А тут і мы! – не ўтрымаўся лісовец. – З лука шась!

– А ты ведаеш прымаўку? – прыжмурыўся Блід. – Іншы лучнік часта ў сваіх лучыць.

– Глядзі, каб я на тваіх клубах яе не пацвердзіў! – прыжмурыўся і Ціт пад агульны рогат.

Дыплом на царства

Подняться наверх